БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Польская анархія, Павал Ясеніца

Цана таталітарызму



У пачатку 1963 году Wydawnіctwo Lіterackіe падарыла нам кніжку Станіслава Васілеўскага "Ганебныя працэсы. Малюнкі з судовых кронікаў веку Асветы". Назва цалкам адпавядае зместу, але прадмову аўтар закончыў аптымістычна: "Гэты том гутарак не дадае гонару XVІІІ стагоддзю. Адна акалічнасць усё ж лагодзіць справу: на другі том матэр'ялу не хапіла б".

Я ў гэтым зусім ня ўпэўнены. Васілеўскі саграшыў супраць логікі: разам з апісаннем жудаснае гуманьскае разні, у якой былі вінаватыя ўкраінскія падданыя Рэчы Паспалітае, абавязкова трэ' было ўзгадаць пра адказнасць натхняльнікаў - г. зн. расейцаў. Перадусім жа - паказаць, як выглядала помста. Зацікаўленым рэкамендую выдатныя "Падольскія апавяданні" Юліяна Валашыноўскага, апавяданне "Ненуфары". Пераказваць змест я ня буду, каб не псаваць мастацкі твор. Аўтар смела казаў праўду, але ня ймкнуўся да сенсацыйнасці. Хачу дадаць толькі, што жудаснае пакаранне Гонты было толькі фрагментам помсты, выкананай з агіднаю жорсткасцю. Гайдамакі ў Гумані паводзіліся як злачынцы, але па-рознаму выглядае маральная адказнасць прымітыўнага казацтва і дзяржаўных жаўнераў ды чыноўнікаў. Ня будзем казаць сабе кампліментаў і пераконваць, што не хапае матэр'ялаў на другі том "Працэсаў".

Для сённяшніх развагаў цікавыя две "гутаркі" Васілеўскага: "Злачынства жонкі віленскага ваяводы", дзе гаворыцца пра тое, як жонка Пане Каханку, жывучы ў сепарацыі, загадала забіць шляхціца Чашэйку, а пасля з'ехала ў Аўстрыю, бо ў Польшчы ёй пагражаў суд, і "Спаленне чараўніцаў у Дорухаве", якая знаёміць нас з апошняю экзекуцыяй гэтага тыпу ў Рэчы Паспалітай. Тая адбылася ў 1775 годзе, выразна прыспешыўшы распачаты раней рух: ужо ў папярэднім годзе ваявода Сулкоўскі і падкаморы Гуроўскі рашуча пратэставалі супраць гэткіх акцый. Дорухаў усхваляваў грамадскую думку і паставіў пытанне надзвычай востра. У 1776 годзе кароль Станіслаў Аўгуст запатрабаваў адмены катаванняў, а кашталян бецкі Войцех Ключэўскі - скасавання кары смерці за чары. Сойм адзінагалосна ўхваліў абедзве прапановы. Больш нельга было ў Польшчы караць смерцю ведзьмаў і ўжываць катаванні ў крымінальных працэсах.

У гэты ж час, інфармуе Зыгмунт Глогер, у пратэстанцкай Швецыі у вёсцы Мора за адзін раз спалілі былі семдзесят дзве жанчыны і пятнаццаць дзяўчат. Прысуд вынесла каралеўская камісія. Ахвяры абвінавачваліся ў чараванні. У 1770 годзе ангельскі парламент ўхваліў пастанову, што жанчынаў, "якія ашукваюць мужчынаў штучнымі звабамі, караць тою ж караю, што ўжываецца супроць чараў".

Не памылюся, калі скажу, што Дорухаў у пэўным сэнсе пераўзыходзіць пастанову ангельскага парламенту і прысуд камісіі шведскага караля - ён атрымаў куды большы, вельмі спецыфічны розгалас. Шмат хто чуў пра пакутную смерць ахвяраў, але мала хто - пра рэакцыю сойма і караля.

А цяпер зусім канкрэтнае пытанне: калі і дзе на сённяшняй тэрыторыі Польшчы апошні раз спалілі на вогншічы чалавека? Дакладны адказ: 21 жніўня 1811 году ў Рэшлі, які належаў тады да прускага каралеўства.

Пра справу Барбары Здунк з дому Урбан, плебейкі з-пад Бартошыцаў, мы можам падрабязна прачытаць у цікавай кніжцы Ўладыслава Аградзінскага "У цені самотных вежаў". Раздзел, прысвечаны гэтаму здарэнню, мае назву "Полымя і цемра". Падзеі адбываюцца ў канцы напалеонаўскага перыяду. Прускае каралеўства, што вельмі ганарылася сваёю еўрапейскасцю, падлягала на той час імператару французаў, які не аднойчы бываў у Прусіі, але такіх спраў, як рэшэльская, несумненна, не ўхваляў.

Падрабязнасці знойдзем у Аградзіньскага, які даследаваў падзею па крыніцах. Паводле яго, разумова няздольную Барбару Здунк абвінавацілі ў падпале Рэшля. У вязніцы яна знаходзілася чатыры гады, прычым наглядчыкі скарысталі абставіны, стварыўшы ў турме аднаасобны, але прыбытковы публічны дом. Прысуд вынес гарадскі суд, зацвердзіла кёнігсберская Палата Справядлівасці, а канчатковую моц яму надало рашэнне самога Фрыдэрыка Вільгельма ІІІ (слынная каралева Луіза на той час ужо памерла). Міністр юстыцыі дадаў выканаўчае распараджэнне: перад тым, як падпаліць вогнішча, кат павінен быў непрыкметна задушыць ахвяру. Прысуд і загад міністра былі выкананыя.

Міністр выклікае пэўную сімпатыю, але ён апынаецца ў сумніўнай кампаніі. Гішпанская інквізіцыя таксама ўмела паліць на вогнішчах свежазадушаныя трупы. Спачатку "гарота", пасля - полымя. І ў сярэднявеччы няшмат было аматараў паліць людзей жыўцом. Гэтую кару захоўвалі для ўпартых рэцэдывістаў-ерэтыкаў. Гэтак было ў Францыі ў XVІІ стагоддзі, у пару палявання на ведзьмы, калі на сумленні некаторых суддзяў было па сотні асуджаных і дзесяткі тых, хто абраў для сябе самагубства. Кат спачатку душыў жанчыну, прывязаную да слупа, а пасля спальваў. Так рабілі не заўсёды, але часта. Міністр Фрыдэрыка Вільгельма ІІІ ня зрабіў нічога новага, ягоная вялікадушнасць - ад Таркемады.

Свет ня ведае пра Барбару Здунк. Было б іначай, калі б яе асудзіў польскі суд. Але гэтага не магло здарыцца! Апошнія прадстаўнікі польскае ўлады ў Рэшлі і рэшце Варміі, біскупы Станіслаў Адам Грабоўскі і Ігнацы Красіцкі, за трыццаць год не зацвердзілі аніводнага смяротнага прысуду. Полымя пад Барбараю Здунк запалала праз сорак год пасля таго, як Вармію захапіла Прусія. Немагчыма скінуць адказнасць на польскія традыцыі.

Папярэдні раздзел не пакінуў, маю надзею, сумненняў наконт майго погляду на контррэфармацыю. Пад ейным уплывам польская шляхта адкінула польскую гісторыю, шматвяковыя пястаўскія і ягелонскія традыцыі меры і асцярожнасці ў справах рэлігіі. Калі нехта заўпарціцца давесці, што яна адпрэчыла толькі сваю індыферэнтнасць, я ня стану спрачацца. Індыферэнтнасць - выдатная якасць, яна зусім не выключае ідэйнасці. Індыферэнтны чалавек ня будзе нікога не забіваць і пераследваць за веру. Калі б нехта мог загарантаваць гэта паўсюдна, на зямлі быў бы рай.

Трэба аднак вызначыць глыбіню падзення. На які ўзровень адкінула Рэч Паспалітую контррэфармацыя?

Сумнавядомы "Молат ведзьмаў", напісаны двума немцамі і выдадзены ў Кёльне ў XV стагоддзі, быў перакладзены на польскую мову толькі ў 1614 годзе. Зрабіў гэта Станіслаў Замбкевіч, сакратар князя Астроскага, які перайшоў у каталіцтва. У прадмове ён скардзіўся, што ў Польшчы чары не караюцца, людзі ня хочуць у іх верыць, а калі вераць, то не пераследуюць. Зрэшты, даты гавораць самі за сябе.

11 красавіка 1669 году куяўскі біскуп Фларыян Чартарыскі падпісаў у Смардзэве рэскрыпт, якім пад пагрозаю праклёну забараняў перавышэнні ўлады, напрыклад, катаванне бяз доказаў віны на падставе аднаго толькі абвінавачання, паўторнае катаванне тых, хто адмовіўся ад папярэдніх паказанняў, падказванне імёнаў мяркуемых саўдзельнікаў і гэтак далей. Біскуп загадвае караць грахі, "але не таемныя, якія цяжка давесці, толькі яўныя, напрыклад, забойствы, рабункі, ашуканства і гвалт… чужаложства, прыгнёт бедных, п'янства, нешанаванне святаў." Па меркаванні знаўцаў, цыркуляр біскупа Чартарыскага на стагоддзе апярэдзіў еўрапейскае заканадаўства.

5 траўня 1703 году Аўгуст ІІ задаволіў просьбу Станіслава Шэмбека, воляю выпадку таксама куяўскага біскупа, і выдаў загад, паводле якога гарадскія і вясковыя суды пазбаўляліся права разгляду скаргаў на чары. Першыя - пад пагрозаю штрафу ў тысячу дукатаў, другія - смерці. Нажаль, у тагачаснай Польшчы ніхто ўжо не сачыў за выкананнем дэкрэтаў.

У XVІІІ стагоддзі жыў гвардыян бернардынаў, ксёнз Серафін Гамальскі, мешчанін па паходжанні. Ён меў выдатную адукацыю (вучыўся ў Рыме) і шмат зрабіў для развіцця нацыянальнае архіўнае справы. Месца ў гісторыі культуры яму забяспечыла кніга "Неабходныя духоўныя перасцярогі суддзям, следчым і абвінаваўцам чараўніц", выдадзеная праз дзевяць год пасля ягонай смерці, у 1742 годзе. Ксёнз Гамальскі рашуча выказаўся супраць даручэнню такіх спраў людзям цёмным ды супраць бяссэнсоўных катаванняў, бо нават калі абвінавачаны вытрымае, менавіта гэта суд палічыць чарамі. Адпаведным органам можа лічыцца толькі трыбунал біскупаў. У Рэчы Паспалітай пераследам чараўніцаў і чараўнікоў займаліся мясцовыя суды, поўныя непісьменных людзей.

Серафін Гамальскі быў занадта аптымітычны: замежныя прыклады сведчаць, што адукаваныя людзі былі ня лепшыя за польскіх прасцякоў, нават нашмат горшыя.

Вера ў чары ёсць хваробаю розуму, што ахапіла Еўропу ў XVІ і XVІІ стагоддзях, а скончылася толькі ў XVІІІ. У гэтай справе Рэч Паспалітая не была выключэннем, але ёй было далёка і ад першых месцаў, і ад апошніх. Францускі гісторык Філіп Эрланжэ трапна зазначыў, што ў XVІІ стагоддзі сярэдні еўрапеец практычна забыўся пра мяжу паміж хрысціянскім дагматам пра існаванне сатаны і вераю ў чары…" А ў ІX стагоддзі "Canon epіscopі" сцвярджаў, што робіцца паганцам той, хто верыць у паветраныя падарожжы жанчын, спакушаных д'яблам. У XІІ стагоддзі папа Аляксандр ІV забараняў пераследаваць за занятак магіяй, калі ўяўленні мага ня былі выразнаю ерассю і дзейнасць абмяжоўвалася выкананнем рытуалаў.

У 1605 годзе адзін тэолаг сцвярджаў: няма сумневу, што чараўніцы ня могуць нашкодзіць прадстаўнікам юстыцыі. Менавіта такія пастулаты развязваюць рукі фанатыкам. Іншы вучоны канонік выкладаў, што чараўнік "які поўніцца сатанічнаю субстанцыяй, якая ёсць легкаю і мае схільнасць узнімацца накшталт агню, мусіць быць лягчэйшым, чым чэсны чалавек нармальнае вагі". Абвінавачаных узважвалі, выкарыстоўвалі іншыя выпрабаванні. Чараўнікі і чараўніцы "мусяць быць лягчэй вады, чыстае субстанцыі, што брыдзіцца нячыстым, і ў выніку выштурхоўвае сатанінскі бруд". Як бачым, вядомыя ў Польшчы метады выпрабавання вадою былі абгрунтаваны навукова.

Можна сказаць, што ў Польшчы агульнаеўрапейскае вар'яцтва прысутнічала ў аслабленай і прымітыўнай форме. Далёка нам было да сапраўднае вытанчанасці.

Цяпер час разгледзець сферу, у якой мы, не асягнуўшы дна, упалі надзвычай глыбока, бо з самых вяршыняў. Даты і факты я ўзяў з працы Ўладыслава Канапчыньскага "Пра старую і новую польскую нецярпімасць", якая паўстала Ў 1918 годзе.

Трэба адзначыць, што зыходным пунктам мусіць лічыцца згадка пра варшаўскую канфедэрацыю 1573 году, якая стала на абарону свабоды сумлення і рэлігійнага міру, ды згадка пра гэткія выпадкі, як вызваленне Ў 1584 годзе друкара аднаго з найсмялейшых ерэтычных трактатаў.

У 1632 годзе забараняюць будаваць новыя зборы ў каралеўскіх гарадах. Праз шэсць год арыян выганяюць з Ракава. У час шведскага "патопу", калі пасля часовага развалу дзяржавы пачаўся агульнанародны ўздым супраць захопнікаў, пратэстантам, што ўзялі бок Караля Адальфа, даводзіцца цяжка. Адбываюццца масавыя забойствы ў Лешне і Новым Сончу. У 1658 годзе сойм ухваляе выгнанне арыянаў. Праз дзесяць год з'яўляецца закон пра кару за апастазію: цяпер ужо нельга пераходзіць з каталіцтва ў іншую канфесію. 1689 год – справа Лышчыньскага, якога судзілі за атэізм і пакаралі смерцю, а цела спалілі. У 1718 годзе з палаты дэпутатаў выдалілі апошняга іншаверцу, кальвініста Пятроўскага. Шкадавання варты толькі прынцып, а не асоба выдаленага - Пятроўскі быў агентам царскага пасла Даўгарукага.

1724 год - слынная "торуньская справа": пратэстанты, справакаваныя вучнямі, напалі на езуіцкі калегіюм і знішчылі яго. Суд прысудзіў да смерці бурмістра Роснера і дзевяць іншых асобаў. Прысуд быў выкананы, што выклікала вялізарнае абурэнне ў Еўропе. Паўстала пагроза сумеснай інтэрвенцыі дзяржаў-лідэраў з удзелам Англіі. Дадамо, што жорсткага прысуду дамагаўся Аўгуст ІІ. Ён сам даваў адпаведныя інструкцыі суддзям. Гэты польскі манарх імкнуўся кампрамітаваць Польшчу, каб лягчэй выканаць змену дзяржаўнага ладу ў абсалютысцкм кірунку. Рэформа не адбылася, кампрамітацыя - засталася, і не абы якая.

Ад 1733 году ніводзін іншаверца ня можа быць сенатарам Рэчы Паспалітае, дэпутутам або дзяржаўным чыноўнікам.

Канстытуцыя 3 мая 1791 году вызначыла каталіцтва "нацыянальнай паноўнай рэлігіяй". Захавала забарону адыходу ад каталіцкае веры, але абвясціла "роўнасць усіх абрадаў і свабоду рэлігіі".

А цяпер зробім кароткі агляд некаторых законаў і дэкрэтаў іншых еўрапейскіх краін.

У 1571 годзе Англія выгнала ўсіх каталіцкіх ксянзоў. Забарона публічных набажэнставаў і закладання школаў у гэтых умовах выглядаюь лагічна. Тое самае зрабіла на сваёй тэрыторыі Галандыя, пазбавіўшы каталікоў усіх грамадзянскіх правоў. Каталіцкія шлюбы набывалі прававую моц толькі пасля таго, як іх дадаткова бласлаўляў пратэстанцкі святар. Швецыя ў 1595 годзе прысудзіла да выгнання ўсіх іншаверцаў-нелютэранаў. (Выкананне гэтае пастановы часам выглядала так, што езуітаў, якія прабіраліся ў краіну, выдалялі бяз усякае для іх шкоды, а шведа, які даваў ім прытулак, каралі смерцю.) У 1649-1650 гадах Олівер Кромвель выразаў за два разы амаль пяць тысяч каталікоў-ірландцаў. У 1731 годзе зальцбурскі архібіскуп "выдаліў бяз усякае віны болей за дваццаць тысяч евангелістаў".

Яшчэ больш пераканаўча выглядае адваротны працэс. Швецыя пусціць да сябе кальвіністаў толькі ў 1741 годзе. Праз сорак год будзе абвешчаная талеранцыя да каталікоў, якая не дасць ім пасіўнага выбарчага права і дазволу займаць дзяржаўныя пасады. Англія абвесціць пра талерантнасць да каталікоў у 1779 годзе, і дасць ім роўныя правы ў 1829 годзе. У 1814 годзе Данія пагадзілася на свабоду веравызнання для габрэяў, а ў 1849 годзе - для каталікоў.

Канстытуцыя 3 мая і ў гэтых пытаннях не стварае падставаў для сораму, але не адменіць таго, што Польшча здаўна лічыцца выключна неталерантнаю краінаю. Гэткае думкі трымаюцца ў краінах, што былі нашмат меней ліберальнымі. Нават царская Расея, дзе толькі з 1907 году ўрад страціў права вызначаць веру дзяцей у мяшаных сем'ях ды скончыў убіваць праваслаўе нагайкаю, павучала нас.

У ўзятым ад Уладыслава Канапчыньскага параўнанні нічога няма пра Францыю. Сам прафесар выказаўся пра яе асцярожна, толькі ў агульным плане. Запоўнім гэты прагал. Не зважаючы на тое, што адбывалася пасля адмены нанцкага эдыкту, засяродзімся на справах, што мелі месца ў самы век Асветы, узяўшы дадзеныя з кнігі Жана Эгрэ "La pre-revolutіon franceіs (1787-1788)", выдадзенай у 1962 годзе.

11 траўня 1785 года Ля Файет накіраваў ліст да Дж. Вашынгтона, у якім чытаем: "Пратэстанты ў Францыі знаходзяцца пад жудасным прыгнётам. Хаця яўнага пераследу няма, іхні лёс залежыць ад капрызу караля, каралевы, суду або міністра. Шлюбы іхнія з'яўляюцца несапраўднымі, тастаманты не маюць юрыдычнае сілы, дзеці лічацца байструкамі. Я жадаю змяніць гэткае становішча."

Частковую рэформу здолеў ажыццявіць міністр Ламэні дэ Брыен. Ягоныя матывы былі чыста ўтылітарнымі: меліся спадзяванні, што закон пра верацярпімасць заахвоціць да вяртання тых, хто збег з Францыі пасля адмены нанцкага эдыкту і зараз сваёй працай, ведамі і капіталам уздымаў дабрабыт суседніх краінаў. Другое, трэ' было тэрмінова стабілізаваць становішча збеглых з Галандыі. Каралеўскі ўрад раней мяшаўся ў нутраныя справы гэтае краіны і меў там шмат прыхільнікаў. Калі падтрыманы Прусіяй намеснік перамог у грамадзянскай вайне, Францыя адмовілася ад узброенай інтэрвенцыі. Трэ' было цяпер дапамагчы людзям, якія паверылі Францыі але, знайшоўшы прытулак на ейнай тэрыторыі аўтаматычна - як пратэстанты - страцілі ўсе грамадзянскія правы, а часам нават магчымасць зарабляць сабе на жыццё. Праект эдыкту, "што дытычыць тых, хто ня вызнае веры каталіцкае" выклікаў быў кароткі палітычны крызіс, пры гэтым апаненты мелі падтрымку значнае часткі грамадства. Мадам дэ Сталь сцвярджала, што "можа ці не палова Францыі гразне пакуль у цемры забабонаў". Большасць жыхароў Парыжа была супраць закона пра верацярпімасць.

Новы закон захаваў манаполію свабоды культу для каталіцызму. Пратэстанты не маглі займаць пасады ў органах юстыцыі і адукацыі. Было аднак спынена дзеянне законаў, паводле якіх толькі каталікам дазваляліся пэўныя прафесіі і рамёствы. Іншаверчыя акты народзінаў, шлюбаў і смерцяў прызнаваліся юрыдычна правамоцнымі. Пахаванні павінны былі адбывацца сціпла і на асобных могілках.

Францыя пагадзілася з існаваннем іншаверцаў на сваёй тэрыторыі, надала дысідэнтам грамадзянскія правы і адмовіла ў свабодзе культу. На эдыкце стаіць дата: 29 студзеня 1788 году. Ён паўстаў за год перад выбухам Вялікай рэвалюцыі і быў апошнім словам Старога Рэжыму ў галіне свабоды веры. Ісці далей без праліцця крыві Францыя, як выявілася, была ня ў стане.

З гэтага супастаўлення ёсць толькі адна, відавочна слушная, выснова. У пераследах за веру Рэч Паспалітая не паставіла аніводнага рэкорду. Адкуль жа з'явілася меркаванне пра яе, як пра майстра, які ня мае сабе роўных у гэтай справе?

Noblesse oblіge. Не апраўдаўшы спадзяванняў Еўропы, мы перасталі быць высунутым наперад бастыёнам свабоды. Калі ў 1573 годе француз быў запрошаны на Вавель, шляхта не абмежавалася патрабаваннем гарантый свабодзе думкі ў Польшчы, палічыўшы сваім маральным абавязкам патрабаваць талерантнасці ў адносінах да французкіх пратэстантаў. Яна дазволіла сабе мяшацца ў нутраныя справы чужое краіны і атрымала частковую перамогу. Карл ІX пагадзіўся на"польскія патсулаты" (postulata polonica). Адбылося змякчэнне палітыкі ў адносінах да гугенотаў. Карл вельмі хацеў пазбавіцца ненавіснага брата, і дзеля гэтага гатовы быў шмат чаго абяцаць. Ён мусіў, аднак, лічыцца з уражаннем, выкліканым вышэй апісанаю сцэнаю ў саборы Нотр-Дам. У вырашальную хвіліну біскуп Канарскі запратэставаў супраць прысягі на параграфе, што гарантаваў верацярпімасць. Аднак свецкія чальцы пасольства цвёрда выказаліся ў абарону закону Рэчы Паспалітае і дамагліся свайго. Генрых Валуа прысягнуў - і на гэта глядзелі французы праз год і адзін месяц пасля ночы св. Баўтарамея.

Вяртаючыся да тэорыі фактаў, што адбыліся, я мушу сцвердзіць вялікую ролю прыкладу ў гісторыі. Зразумела, гаворка перш за ўсё пра дрэнны прыклад. Калі гітлераўцы пачалі забіваць жыдоў, у іх знайшліся паслядоўнікі сярод супраціўнікаў: тыя людзі, якія раней абмяжоўваліся лозунгам прымусовае эміграцыі. Трэ' толькі знайсці нядобры шлях і пайсці па ім самому… Кожны сам адказны за свае ўчынкі, але настаўнікі - заўсёды саўдзельнікі і нясуць сваю частку адказнасці. Гэтак жа і папярэднікі, ставаральнікі прэцэдэнтаў. У сусветнай гісторыі шмат раздзелаў пра людабойства. Асуджаючы, заўсёды трэба высветліць, хто на гэты раз наноў адкрыў старую тэорыю, што мэта асвячае сродкі. Гэта ён пусціў заразу сярод хаўруснікаў і непрыяцеляў. Палітычныя бар'еры ня стрымліваюць маральных эпідэміяў.

Добры прыклад толькі зрэдку цешыцца значным поспехам, але час ад часу дзейнічае ў больш працяглай перспектыве, на доўгай хвалі гісторыі.

Магутным матывуючым чыннікам для чалавека ёсць звычайная інфармацыя. Вельмі важна ведаць, што дзесьці, далёка ці бліска, мо' за сёмым морам, але пад тым самым сонцам, - існуе воля, няма тыраніі. Такая інфармацыя ёсць бомбай, якая ў спрыяльных акалічнасцях можа выбухнуць. У XVІ стагоддзі еўрапейскія мысьляры любілі прысвячаць свае кнігі Каралю Польшчы і Вялікаму Князю Літвы Жыгімонту Аўгусту. Ня вунія і ня Грунвальд разславілі нашу дваістую краіну, але свабода, што панавала ў дзяржаве апошняга Ягелона. Контррэфармацыя пазбавіла нас права звацца П'емонтам свабоды сумлення. Людзям, якія марылі пра гэта, ня трэ' было больш глядзець у бок Віслы і Нёмана. Яны адварочваліся расчараваныя. Наш стан малодшага брата ў культуры сталі зноў лічыць грахом.

Падчас "патопу" пратэстанты дрэнна паводзіліся ў адносінах да дзяржавы, дзе ім жылося ўсё ж не найгоршым чынам. Ян Амос Каменскі працаваў і вучыў у Лешне, хаця род Лешчыньскіх выракся ўжо быў іншаверства і вярнуўся да каталіцызму. З'ехаўшы з Польшчы, знакаміты педагог ачарніў яе звыш усякае мяжы. Дысідэнты з дзіўнаю ўпартасцю трымаліся шведаў і іншых ворагаў Рэчы Паспалітае. Патлумачыць гэта можна не столькі памерам крыўды, колькі глыбінёю расчаравання. Іншаверства ў нас пераследавалася менш, чым ў іншых краінах, але знікала свабода, якой ня было нідзе. Рэч Паспалітая больш не забяспечвала поўную свабоду сумлення. Контррэфармацыя выкінула яе з еўрапейскага авангарду, і пра гэта нельга забывацца ані на хвіліну. У людзей забралі бясцэнны скарб, і ня можа быць апраўданнем, што пасля іх прыціскалі не так ужо і моцна. Мы ня стымалі слова.

У Францыі Людовік XІV адклікаў эдыкт пра верацярпімасць Генрыха ІV (выдадзены на чвэрць стагоддзя пазней нашае варшаўскае канфедэрацыі і нашмат менш шчодры. Не дазвалялася, напрыклад, свабода культу ў Парыжы.) Але "кароль-сонца" быў наймагутнейшым валадаром на кантыненце. А ў Рэчы Паспалітай справы пайшлі гэткім чынам, які грамадская думка ніколі й нікому не прабачыць. Талерантнасць чэзла, а краіна рабілася менш і менш страшнаю для суседзяў. Калі б арыянаў выгнала манархія, якая толькі што захапіла і знішчыла два-тры, ну хаця б адзін, суседні народ, то Еўропа прыкрыла б і вочы, і вушы. Нават пратэстанцкія амбасадары захоўваліся б ветліва, вельмі ветліва! Нажаль, у 1658 годзе ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітае дымілася пасля нядаўніх пажараў. Вайна, якая паставіла пад пытанне само існаванне краіны, яшчэ ня скончылася. Праз некалькі дзесяцігоддзяў судовае забойства ў Торуні дазволіла сабе прыніжаная краіна, практычна залежная ад цара, страшэнна слабая. Гэткую дзёрзкасць трыбунал сусветнае грамадскае думкі карае без міласэрнасці. Прысуд выносіцца на падставе закону гісторыі, сфармуляваным у прыказцы "на пахілае дрэва ўсе козы скачуць".

У свой час нямецкі магістр пужаў Еўропу князем Вітаўтам, які меў нібыта намер напаіць каня з Рэйну. На самай справе ані Вітаў, ані Ягайла пра гэта ані не марылі, але страх перад імі мацаваў павагу, якою карысталася іхняя дзяржава. Папа Пій ІІ ня вельмі любіў палякаў. Пасмейваўся з іх, маўляў, валавіну півам запіваюць. Тым больш здзіўляюць ягоныя амаль паэтычныя выразы захаплення перад пасольствам караля Казіміра Ягелоньчыка. Відавочна, Святы Айцец загадзя настроіся на адпаведны тон. Ён паважаў гэтае пасольства раней чым ўбачыў. У пачатку XVІІ стагоддзя пасля Кірхгольму і Клушына, нават у Англіі з'явілія засцярогі перад празмерным, як лічылася, ростам магутнасці велізарнае Рэчы Паспалітае. 1648 год жорстка сарваў заслону ілюзій. Хмяльніцкі, разбіў ушчэнт гетманаў, цар захапіў і спаліў Вільню, Карл Густаў апанаваў Познань, Варшаву і Кракаў.

Пачынаючы з другое паловы XVІІ стагоддзя меркаванне Еўропы пра Польшчу радыкальна змяняецца. Нас абвінавачваюць у жорсткасці і злачынствах, у якіх іншыя відавочна нас пераўзыходзілі. Адной з асноўных прычынаў гэтага была выяўленая слабасць Польшчы і Літвы.

Але адбываліся й іншыя працэсы.

Чаму сусветная грамадская думка амаль што забылася пра жудасную несправядлівасць і дзікунства французкіх законаў XVІІІ стагоддзя? Чаму здаецца фантастыкаю, што ў Францыі нейкі там Генрык Дамброўскі ня змог бы стаць афіцэрам, бо не давёў бы шляхецтва ў трох пакаленнях? А таму, што французкае паскудства Вальтэр плячыма закрыў. З якое прычыны ніхто не заўважае вогнішча Барбары Здунк, падпаленага ў жніўні 1815 году па прысудзе прускага суду і міністра? Бо людзі аддаюць перавагу бляску з магілы Іманіуіла Канта: ад Рэшля да Кенігсбергу зусім бліска.

Гэтак званая палітычная і жыццёвая цвярозасць часам нагадвае слепату. Хворыя на яе людзі не заўважаюць відавочнага - таго менавіта, што гуманістыка мае велізарную моц. Яна можа здабываць вышыні, наогул недаступныя для дзяржаўных дзеячоў, генералаў і тэхнакратаў. Таго, хто стварае і раздае культурныя каштоўнасці, цэняць усе. Такому народу лягчэй прабачаюць, ахвотней дапамагаюць, цяжэй пагаджаюцца з ягонаю крыўдаю.

Таталітарызм контррэфармацыі выкінуў палякаў з кола тых, хто ствараў і раздаваў гуманістычныя каштоўнасці, зрабіўшы гэткім чынам шкоду, якую нічым нельга кампенсаваць. Напрыканцы XVІІІ стагоддзя мы ажылі духам. У нас з'явіліся выдатныя творцы. Напрыклад, Красіцкі - выдатны паэта, Калантаю ў іншай краіне паставілі б дзесяткі помнікаў, як і Трэмбецкаму. У XІX стагоддзі мы далі свету геніяльных пісьменнікаў. Але вяртанне на страчаныя пазіцыя выявілася немагчымым. Свет прызвычаіўся лічыць, што ў надвіслянска-наднёманскім краі нічога вартага ўвагі не з'яўляецца. Калі бяз Польшчы можна абысціся ў культуры, то можна і на палітычнай карце.

Прызвычаіўшыся да ролі бедных родзічаў, мы забыліся, кім мы былі раней. У XVІ стагоддзі інтэлектуальная эліта кантыненту мела звычку да польскага таварыства і ўдзелу. Уладыслаў Лазінскі прыгадвае шэраг выдатных аўтараў, якія захапляюцца Польшчай і пяюць ёй хваласпевы. Абмяжуемся першым у гэтым спісе: Эразм Ратэрдамскі відавочна хапіў цераз край, калі сцвярджаў, што Рэч Паспалітая найлепшая ва ўсім. Не так важна, наколькі ён памыляўся. Ён пісаў, а прыхільнікі верылі слову мэтра. Нагадаю шчэ адзін забыты факт: вядомы крык: "Розумы абуджаюцца, жыць будзе добра!" вырваўся ў нямецкага гуманіста пад уплывам знаёмства з кнігаю Мацея з Мехава. "Трактат пра дзьве Сарматыі" быў сенсацыяй, ён сапраўды паспрыяў карыснаму пераўладкаванню мазгоў, і меў у XVІ стагоддзі адзінаццаць выданняў, ня лічачы перакладаў. Аўтар пісаў, што як маракі караля Гішпаніі пашырылі веды пра Захад, гэтак слуга польскага манарха распавядзе пра Ўсход.

Адзінаццаць выданняў! Старонкі сярэднявечных кніг былі пакрытыя рэдкім шрыфтам. Ініцыялы рабілі дужымі, месца не шкадавалі, звяртаючы ўвагу толькі на кошт пергаменту. Старонка рэнесанснае кнігі запоўнена шчыльна, бо друкам. Кожная старонка – старанна выразаная драўляная дошка. Адзінаццаь выданняў, ня лічачы перакладаў!

Азіраючы а польскую навуковую прозу і мыслярства, Еўропа XVІ стагоддзя ў першую заўважала чаргу дзве высокія гары і адну вельмі высокую: Андрэй Фрыч Маджэўскі, Мацей з Мехава і Мікалай Капернік. Трох творцаў такога ўзроўню зусім дастаткова для прызнання краіны, якая толькі ў папярэднім стагоддзі пераадолела натуральнае спазненне. А нас жа ніхто ня змушае абмяжоўвацца толькі гэтымі прозвішчамі ды галінамі.

Яніцкі, Кшыцкі. Дантышэк, па паходжанні немец, лічыў сябе палякам. Усе памятаюць Каханоўскага і Рэя, забываюцца на Лаўра Гасьліцкага і ягоную вядомую ў Еўропе і пераследаваную ў Англіі тэорыю пра адказнасць ўлады. Толькі спецыялісты памятаюць сёння Станіслава Ілоўскага, які па-піянерску папрацаваў колісь у Парыжы, першым пераклаўшы на лаціну некаторых грэцкіх класікаў і распачаўшы серыю працаў на тэмы метадалогіі гісторыі. Ён вучыў сваіх і чужых трымацца праўды, сцерагчыся красамоўства, маралізатарства і суб'ектывізму. Але хто ў Парыжы быў для яго свой, хто - чужы? Ён жыў сярод французкіх гуманістаў, сябраваў з суайчыннікамі, якія прыяжджалі на берагі Сены. Калі ў 1557 годзе ён выдаў у Базэлі пераклад твора Дэметрыя з Фалерону, здарылася нечаканасць: адначасова ў Падуі выйшаў іншы пераклад, зроблены нейкім Францішкам Маслоўскім. Палякі грунтоўна атабарыліся ў рэнесанснай Еўропе. Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый запісалася ў еўрапейскую сям'ю.

Славу тады зараблялі рознымі спосабамі. Пры Жыгімонце Аўгусце бурмістрам Пазнані быў Каспар Госкі, родам з Мазовіі. Доктар медыцыны, ён ніяк ня вызначыўся ў гэтай галіне. Гэтаксама ягоныя астралагічныя прагнозы за дваццаць год не звярнулі на сябе ўвагі. У прагнозе на 1571 год Госкі прадказаў перамогу над туркамі і трыюмф Крыжа. 7 кастрычніка хрысціяне перамаглі пад Лепанта, і познанскі астролаг адразу стаў найславуцейшым чалавекам іn unіverso. 15 лістапада ён атрымаў тытул "мужа дужа заслужанага перад сенатам і народам Венецыі", годнасць патрыцыя і трыста дукатаў пажыццёвае рэнты ў год. У Падуі, дзе ён вучыўся ў універсітэце, паставілі ягоную статую.

Норма, еўрапейская норма у кожнай справе - ад Маджэўскага да Госкага. Мікалай Капернік - гэта ўжо значна вышэй за норму.

Мала гаварыць толькі пра творцаў. Вось стары знаёмы па "Агнём і мячом", абаронца Збаража Андрэй Фірлей. Гэта пра яго казаў Заглоба: "Па шасці пальцаў у яго, кальвіна, на рукох і на нагох, то і хадзіць яму зручней". У аповесці Фірлей стары. У маладосці ён вучыўся ў Гейдэльбергу ды іншых установах і гарадах Еўропы, у тым ліку ў Шчэціне, выдаў у Базэлі тры лацінскія працы. У Жэневу ён прыехаў перад самай смерцю Тэадора дэ Бэза, з якім паспеў пазнаёміцца. Прамова на пахаванні наступніка і біёграфа Кальвіна была прысвечана двум маладым братам Фірлеям. Яны былі вялікія вяльможы, паны з паноў. У XVІ стагоддзі ніхто ня дзівіўся, калі сярэдняе заможнасці шляхцюк з Малапольшчы ведаў Еўропу, пратэстанцкіх знакамітых дзеячоў, атрымоўваў у сябе ў вёсцы працы замежных аўтараў з іхнімі прысвячэннямі. У выданні збору твораў Маджэўскага базэльскі паэта змясціў верш у гонар польскага мысьляра, што таксама было звычайнай справай.

Рэфармацыя не пашкодзіла рэпутацыі Рэчы Паспалітае. Зусім наадварот, яна ўцягнула ейных жыхароў у кола людзей бунтоўных, незадаволеных застоем. Удзел у гэтакіх рухах ёсць свайго роду маральным пасведчаннем: культурныя народы цэняць вольную думку.

Польскі род Любянецкіх мае значныя заслугі ў літаратуры, астраноміі, скульптуры. Любянецкія асягнулі гэткіх поспехаў, перасяліўшыся ў 1661 годзе ў Галандыю. Для непаслухмяных (род быў арыянскі) месца ў Рэчы Паспалітай больш не засталося.

Контррэфармацыя суцішыла ідэалагічную віхуру, прынесла парадак. Шыман Старавольскі, пра якога знаўца піша, што ён "гонар польскае навукі перад замежжам трымаў найвыдатней", выдаў нешта накшталт слоўніка польскіх аўтараў. Першае выданне з'явілася ў Франкфурце ў 1625 годзе, другое - праз два гады ў Венецыі. У гэтай кніжцы спачатку ідуць аўтары духоўныя, потым свецкія, у чарговасці, вызначанай паводле займанай пасады. Мікалая Рэя няма зусім. Знік. Выпарыўся. Стаў "неасобаю". Кажучы звычайнымі словамі - выкрэслены. Для ерэтыка не засталося месца ў польскай літаратуры.

Каханоўскага - так, выдавалі, але адцэнзураванага. Што гаварыць пра ўдзел у культурным жыцці Еўропы, калі дома ў асноўным пачалі пісаць у шуфляду. Паслухаем Аляксандра Брукнэра: "Няма другога такога выпадку ў свеце, каб у час квітнеючага вольнага друку трэ' звяртацца, як у сярэднявеччы, да рукапісаў. Тыя ж, хаця й сведчаць пра час і пра юдзей, ня ўплывалі на іх, схаваныя ў патаемных месцах. Усё жывое пісала. Друкаваліся ж мала, і збольшага недарэкі. Усё мудрае, вялікае, прыгожае асуджана было ў схоў, адкуль яго выцягнулі толькі XІX і XX стагоддзі."

Выцягнулі - але толькі польскія XІX і XX стагоддзі, бо еўрапейскія нават Міцкевіча ня вельмі ўзялі да ўвагі, гэтак прызвычаіліся абмінаць усё польскае. Пачытаем далей Аляксандра Брукнера, як ён расказвае пра унікальныя з'явы: "Якая розніца паміж Вацлавам Патоцкім у друку і ў рукапісах! "Пералік гербаў" - бясконцая нудота у гусце паноў-браці з іхняй колейнотаманіяй. "Аргеніда" - кавалкамі. "Пабор" - аскетыка і нічога болей. Затое ў рукапісах - выдатная "Хацімская вайна", вяршыня гістарычнае эпікі. "Садок жартаў" - жывое люстэрка, калейдаскоп шляхецкага жыцця на Падгор'і. "Маралія" - гнанімічная і сатырычная паэзія высокае пробы. А яшчэ - трэны, навэлы, пастаралі і г.д. Толькі калі сталі вядомыя рукапісы, перад намі паўстала постаць забытага паэты, сведкі свайго часу. Гэта самы яскравы, але не адзіны выпадак."

Вацлаў Патоцкі спачатку быў арыянінам, і калі б не змяніў веравызнання, мусіў бы з'ехаць. Так ці іначай, ягоная творчасць прапала для той эпохі, калі ён жыў. Атрымала жыццё адразу як гісторыя. Але ж Патоцкі, пан, меў магчымасць пісаць "сабе і музам", то бо' ў шуфляду. Жах задумацца пра лёс тых, хто ня меў раскошы вольнага часу. Колькі кандыдатаў на Маджэўскіх не атрымала аніводнага шансу?

Контррэфармацыя атрымала ў Рэчы Паспалітай татальную перамогу. Пад выдатным кіраўніцтвам яна здабыла шэрагі душаў і адпаведным чынам накіравала розумы. У другой палове XVІІ стагоддзя пагрозай стала ня толькі духоўная цэнзура. Яе ўжо моцна падмацавала "грамадская" - меркаванне ачмурэлых масаў, натоўпу з мазгамі на адзін капыл, людзей, адвучаных шанаваць свабоду творчае думкі. Адзінадушша было катастрофаю. У хуткім часе гэта павінна было адбіцца і на палітыцы.

Часта можна прачытаць, што ў XVІІ стагоддзі іншаверныя дзяржавы стварылі супраць Польшчы нешта накшталт супольнага фронту з цэнтрам у Лондане. Гэта не зусім дакладна. Рэч Паспалітая ня мела тае вагі, каб выклікаць стварэнне такое кааліцыі. У той час адбываўся агульнаеўрапейскі канфлікт паміж двума ўніверсалісцкімі канцэпцыямі - пратэстанцкаю і каталіцкаю. Польшча і Літва апынуліся на рымскім баку.

Духоўнымі кіраўнікамі супраціўнага боку былі не абы якія людзі. Усеагульны пратэстантызм быў любімаю ідэяй Яна Амоса Каменскага, які не з кан'юнктурных, але з ідэйных меркаванняў узяў бок Карла Густава шведскага. Гэтай жа мэце служыў Джон Мільтан. Сярод палітыкаў першым быў Густаў Адальф, якога знаўцы завуць адным з найвялікшых ваяроў у гісторыі. Змаганне з Рэччу Паспалітай было для яго чымсьці большым, чым барацьба за тытул "караля готаў, шведаў і вандалаў" ды за Інфлянты. Жыгімонт, як ужо гаварылася, быў ваяром каталіцызму таксама служыў універсальнай ідэі. Пасля Густава Адальфа булава правадыра сусветнага пратэстантызму перайшла да Олівера Кромвеля.

Французкі гісторык Эміль Леанард, які вывучаў гэта пытанне, піша, што Кромвель вельмі рэдка падпісваў дамовы, у якіх не было артыкулаў на карысць іншаверных груповак. Ён заўсёды быў гатовы выступаць у абарону сваіх духоўных братоў - без уліку іхняе нацыянальнае і дзяржаўнае прыналежнасці. Паводле думкі Мільтана, ён выключаў з хрысціянскае супольнасці адных толькі каталікоў. Планы стварэння міжнароднае пратэстанцкае рады ўсё ж не ажыццявіліся: меншыя краіны баяліся перавагі Брытаніі.

Цяжка тут вызначыць, які з бакоў быў больш карысны для Рэчы Паспалітай. Пэўна, што ў ліхую гадзіну ёй прыдалася б добрая рэпутацыя і практыка верацярпімасці часоў Жыгімонта Аўгуста. Калі б у нас надалей трывалі звычаі Залатога Веку, было б цяжэй заклікаць да крыжовага паходу супраць азвярэлых папістаў, тупагаловых фанатыкаў. Ідэалагічны таталітарызм скінуў Рэч Паспалітую з пазіцыі, зручнай ў усіх адносінах.

XVІІІ стагоддзе - суцэльная катастррофа. Юрыдычныя абмежаванні для некаталікоў далі выдатныя аргументы захопнікам. Становішча пагоршыла тое, што Фрыдэрык Вільгельм прускі, наш смяртэльны зацвярдзелы вораг, вызначаўся верацярпімасцю. Гэтага адмовіць нельга: мы страцілі козыр, супраціўнік яго прыдбаў. Трэ' паспачуваць тым, хто не зважае на козыры гэтага тыпу. Гэтыя людзі не надаюцца на ролю мысьляроў, а 'шчэ меней - на палітыкаў.

Контррэфармацыя сапраўды суцішыла польскую ідэалагічную віхуру, вылечыўшы краіну ад вальнадумства. У выніку наша інтэлектуальная эліта знікла з еўрапейскага рынку. Спярша яна была асуджаная на маўчанне, потым - натуральным чынам зчэзла на доўгі час. Не было больш здабыткаў, які робяць гонар у вачах усяго свету, выкупляючы палітычныя правіны. Таму свет даволі лёгка пагадзіўся з фактам забойства народу, які ня толькі падняўся быў з заняпаду, але й захварэў на ліхаманку рэфарматарства. Гэты народ, абцяжарвалі грахі папярэдняга перыяду. Заўсёды лічыцца найперш тое, свяжэйшае. Могуць забыцца і даўнія заслугі, і найвялікшыя ахвяры.

Таталітарызм каштаваў нас празмерна дорага.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія