БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Джэймс Джойс, Уліс

     АКРУГОВЫ КІРАЎНІК, ПРАВЯЛЕБНЫ ДЖОН КОНМІ, Т. І., зыйшоўшы па прыступках прэзьбітэрыі, схаваў плоскі га-дзіньнік назад ва ўнутраную кішэньку. Пяць да трэцяй. Добрая пара на шпацыр у Артэйн. Як жа завуць таго хлопца? Дыгнам, так. Vere dignum et justum est[1]. Трэба пабачыцца з братам Суо-нам. Ліст містэра Канінгама. Так. Зрабіць яму паслугу, калі можна. Добры католік, рэлігійны на практыцы: карысны ў да-брачынных акцыях.

      Аднаногі матрос, рухаючыся дапераду лянівымі потузамі сваіх мыліцаў, рыкнуў нешта няўцямнае. Перад манастыром сё-страў міласэрнасьці ён раптоўна спыніў потузы й працягнуў сваю фуражку па міласьціну да правялебнага Джона Конмі, Т. І. Айцец Конмі пабагаславіў яго ў сонечным бляску, ведаючы, што ў кашальку ў яго толькі адна срэбная крона.

      Айцец Конмі павярнуў на Маўнтджой-скуэр. Ягоныя думкі ненадоўга затрымаліся на жаўнерах і матросах, якія страцілі ногі пад гарматнымі ядрамі й дажывалі свой век у нейкім жа-брачым прытулку, ды на словах кардынала Ўолсі: Калі б я слу-жыў свайму Богу як служыў свайму каралю, Ён не пакінуў бы мяне на старасьць дзён. Ён ішоў пад ценістымі дрэвамі, лістота якіх міргала на сонцы, а насустрач яму набліжалася жонка мі-стэра Дэйвіда Шыхі, Ч. П.

      — Сапраўды добра. А вы, ойча?

      Айцец Конмі адчуваў сябе сапраўды цудоўна. Ён, пэўна, паедзе ў Бакстан на воды. А як там ейныя сыны, маюць посьпехі ў Бэльвэдэры? Праўда? Айцу Конмі было сапраўды прыемна гэ-та пачуць. А сам містэр Шыхі? Яшчэ ў Лёндане. Зразумела, парлямант яшчэ засядае. Якое прыгожае надвор’е, проста выда-тнае. Так, зусім магчыма, што айцец Бэрнард Воўн зноў высту-піць з казаньнямі. О так: велізарны посьпех. Сапраўды незвы-чайны чалавек.

      Айцец Конмі быў вельмі рады пабачыцца з жонкай містэра Дэйвіда Шыхі, Ч. П., якая мелася вельмі добра, і папрасіў пера-даць паклон містэру Дэйвіду Шыхі, Ч. П. Так, напэўна наве-даецца.

      — Да пабачэньня, місіс Шыхі.

      Айцец Конмі прыўзьняў свой цыліндар, разьвітваючыся, пе-рад нашыўным шклярусам ейнай мантыльі, які пабліскваў атра-мантавымі пералівамі на сонцы. І яшчэ раз заўсьміхаўся, ады-ходзячы. Ён ведаў, што зубы ў яго вычышчаныя пастай з паль-мавым алеем.

      Айцец Конмі йшоў і ўсьміхаўся, прыгадаўшы кплівыя вочы айца Бэрнарда Воўна й ягоны лёнданскі прастамоўны акцэнт.

      — Пілаце! Чаму ж ты не папёр увесь гэты зброд на скрут галавы?

      Але чалавек ён заўзяты, як ніяк. Сапраўды такі. І сапраўды прыносіў шмат карысьці на свой спосаб. Без сумліву. Ён казаў, што любіць Ірляндыю й ірляндцаў. З добрай сям’і, хто б мог па-думаць? Яны валійцы, здаецца?

      О, каб не забыцца. Ліст айцу-правінцыялу.

      Айцец Конмі запыніў трох школьнікаў на рагу Маўнтджой-скуэр. Так: яны былі з Бэльвэдэру. З падрыхтавальнай: Ага. А ў школе яны слухаюцца? О. Тады вельмі добра. А як цябе назы-ваюць? Джэк Сохэн. А цябе? Гер. Галахер. А гэнага маладога чалавека? Яго называюць Брані Лайнам. О, гэта вельмі пры-гожае ймя.

      Айцец Конмі, выняўшы з-за пазухі ліст, уручыў яго спада-рычу Брані Лайнаму й паказаў на чырвоную скрыначку-слупок на рагу Фіцгібан-стрыт.

      — Толькі глядзі, сябе самога ня вышлі ў скрынку, малы, — сказаў ён.

      Хлапчукі, шэсьцявочачы на Айца Конмі, засьмяяліся.

      — О, сэр!

      — Ну, пагляджу, ці ты ўмееш выслаць ліст, — сказаў Айцец Конмі.

      Спадарыч Брані Лайнам перабег цераз дарогу й сунуў ліст Айца Конмі да айца-правінцыяла ў зяпу яскравачырвонай па-штовай скрынкі. Айцец Конмі ўсьміхнуўся, кіўнуў, усьміхнуўся й рушыў усходнім бокам Маўнтджой-скуэр.

      Містэр Дэніс Дж. Маджыні, настаўнік танцаў і інш., у цылін-дры, у шэрасінім сурдуце з шаўковымі адваротамі, у белым галь-штуку, у вузкіх бэзавых нагавіцах і лякірованых вастраносых пантофлях, ідучы з паважным выглядам, з найвышэйшай пачці-васьцю збочыў на ўскрай ходніка, выпярэджваючы ледзі Мак-суэл на рагу Дыгнамс-корт.

      А гэта ня місіс МакГінэс?

      Місіс МакГінэс, самавітая, сівавалосая, пакланілася Айцу Конмі з суседняга ходніка, уздоўж якога плыла яе ўсьмешка. Айцец Конмі ўсьміхнуўся й адказаў на прывітаньне. Як яна ма-ецца?

      Якая знакамітая пастава. Ёсьць ў ёй нешта ад Марыі Сцюарт, каралевы шатляндцаў. І падумаць толькі, што яна тры-мала лямбард. На табе! З такой... як бы тут сказаць?.. з такой каралеўскай мінай.

      Айцец Конмі йшоў па Грэйт-Чарлз-стрыт, пазіраючы нале-ва, на замкнуты пратэстанцкі касьцёл. Вялебны Т. Р. Грын, ба-калаўр мастацтваў, будзе (D. V.[2]) выступаць з казаньнем. Ён у іх называецца бэнэфіцыятам, дабрадзейнікам. Пастанавіў надзя-ліць іх дабрадзействам казаньня. Але трэба быць спагадлівым. Неадольнае невуцтва. Паступалі паводле свае асьвечанасьці.

      Айцец Конмі павярнуў за рог і пайшоў па Паўночнай Акружной. Дзіўна, што няма трамвайнай лініі на так важнай магістралі. Безумоўна, павінна быць.

      Рычманд-стрыт перасекла гурма школьнікаў з торбамі за плячыма. Усе прыўзьнялі пакамячаныя шапкі. Айцец Конмі ко-лькі разоў ласкава ім паківаў. Хлопцы са школы хрысьціянскіх братоў.

      З правага боку да Айца Конмі даляцеў пах кадзідла. Касьцёл Сьвятога Язэпа, Портлэнд-роў. Для пярэстарак і дабрадзейніц. Айцец Конмі прыўзьняў капялюш перад Сьвятой Тайнай. Да-брадзейныя: але часамі таксама невыносныя.

      Каля дому Олдбара Айцу Конмі падумалася пра гэтага зруй-наванага магната. Цяпер тут нейкая кантора ці нешта такое.

      Айцец Конмі павярнуў на Паўночную Стрэнд-роўд, дзе яго прывітаў Уільям Галахер, які стаяў у дзьвярах свае крамы. Айцец Конмі прывітаў містэра Уільяма Галахера й пачуў пахі ад лустаў бэкану й аб’ёмістых кубаў масла. Ён мінуў тытунёвы кіёск Грогана, на які абапёрся шчыт з газэтнымі навінамі, паве-дамляючы пра страшэнную катастрофу ў Нью Ёрку. У Амэ-рыцы што ні глянь такія здарэньні. Якое няшчасьце паміраць людзям вось так, без падрыхтаваньня. Хоць яшчэ застаецца акт поўнага раскаяньня.

      Айцец Конмі мінуў тавэрну Дэніэла Бэргіна, каля вокнаў якой абаперліся на сьцяну два беспрацоўныя. Яны прывіталі яго й атрымалі прывітаньне у адказ.

      Айцец Конмі мінуў пахавальнае бюро Г. Дж. О’Ніла, дзе Корні Кэлэхер, пажоўваючы сухую былінку, рабіў падлік у кнізе прыбыткаў. Канстэбль, робячы абыход, прывітаў Айца Конмі, і Айцец Конмі прывітаў канстэбля. У вітрыне Юкстэтэра, гандля-ра сьвінінай, Айцец Конмі акінуў паглядам сьвіныя кілбасы, бе-лыя, чорныя й чырвоныя, згорнутыя ахайнымі маткамі.

      Пад дрэвамі Чарлвіл-мэл Айцец Конмі ўбачыў прычаленую тарфяную барку, каня з павіслаю мызай і лодачніка ў брудным саламяным капелюшы, які сядзеў пасярэдзіне баркі, курыў і гля-дзеў на галінку таполі над галавою. Абразок быў ідылічны, і Айцец Конмі задумаўся над празорлівасьцю Творцы, які зрабіў торф у балотах, каб людзі маглі яго выкопваць адтуль і прыво-зіць у гарады й вёскі для абаграваньня бедняковых хатаў.

      На мосьце Ньюкомэн правялебны Джон Конмі, Т. І. з ка-сьцёла сьвятога Францыска Ксавэрыя, што на Верхняй Гарды-нэр-стрыт, сеў у трамвай, які йшоў ад цэнтру.

      З трамваю, які йшоў да цэнтру, на мост Ньюкомэн зыйшоў вялебны Нікалас Дадлі, вікары касьцёла сьвятой Агаты, што на Паўночнай Уільям-стрыт.

      На мосьце Ньюкомэн Айцец Конмі сеў у трамвай, які йшоў ад цэнтру, бо не любіў хадзіць пехатою па расхлюпанай дарозе каля Мад-айлэнд.

      Айцец Конмі ўсеўся ў кутку вагону, дбайна засунуўшы сіні білецік у вочка аднае з сваіх тоўстых лайкавых пальчатак, а чатыры шылінгі, шасьціпэнсавік і пяць пэнсаў ссунуліся ў каша-лёк з далоні, абцягнутай другой тоўстай пальчаткай. Праяж-джаючы каля абвітага плюшчом касьцёла ён раздумваў аб тым, што кантралёр наогул зьяўляецца тады, калі чалавек неабачліва выкіне свой білет. Урачысты выгляд пасажыраў падаўся айцу Конмі празьмерным як на такое кароткае й таннае падарожжа. Айцец Конмі любіў бадзёрыя абставіны.

      Дзень быў суцішны. Джэнтльмэн у акулярах, які сядзеў насу-праць Айца Конмі, перастаў нешта тлумачыць і апусьціў зрок. Ягоная жонка, падумалася Айцу Конмі. Сьціпленькі позях рас-туліў вусны жонкі джэнтльмэна ў акулярах. Яна падняла ма-ленькі кулачок у пальчатцы, пазяхнула зноўку так сама даліка-тна, пастукваючы сябе па вуснах сваім маленькім кулачком, і ўсьміхнулася сьціпленька, салодзенька.

      Пах ейнай парфумы ў вагоне прыцягнуў увагу Айца Конмі. Ягоную ўвагу таксама прыцягнула, што няўклюдны мужчына па другі бок ад яе сядзіць на самым ускраі свайго сядзеньня.

      Айцец Конмі, стоячы каля алтара, зь цяжкасьцю трапіў го-стыяй у рот няўклюднага старога чалавека, у якога трэслася га-лава.

      Трамвай спыніўся на мосьце Энслі і ўжо рушаў зноў, калі якаясьці старая падхапілася зь месца да выхаду. Кандуктар ту-зануў за раменьчык званка, каб спыніць трамвай для яе. Яна выйшла з кашолкай і з кірмашовай пляцёнкай. Айцец Конмі бачыў, як кандуктар дапамагаў ёй зыйсьці з той кашолкай і пляцёнкай — яна ледзь не пераехала далей, чымсьці належыла за пэнса, і Айцу Конмі падумалася, што гэта будзе адна з тых добрых душаў, якім заўжды трэба паўтараць па два разы, багаслаўляю цябе, маё дзіця, што грахі ім адпушчаныя, маліся за мяне. Але ў іх гэтулькі турботы ў жыцьці, гэтулькі занятку, бе-дныя стварэньні.

      З афішаў Айцу Конмі ўсьміхнуўся сваімі тоўстымі мурынскімі губамі Юджын Стрэтан.

      Айцец Конмі падумаў пра душы чарнаскурых, карычнева-скурых і жаўтаскурых людзей, пра сваё казаньне аб сьвятым Пётры Клавэры, Т. І., аб афрыканскай місіі, аб распаўсюдж-ваньні праўдзівае веры й аб мільёнах чорных, карычневых і жоўтых душаў, што не пасьпелі прыняць хрышчэньня вадою, калі іхняя апошняя гадзіна падкралася злодзеем уночы. Высно-вы ў той кніжцы бэльгійскага езуіта, "Le nombre des élus"[3], пада-ліся айцу Конмі разумнымі. Гэта былі мільёны чалавечых душаў, створаных Богам на Свой вобраз і падабенства, якіх не абярнулі (D. V.) у праўдзівую веру. Але гэта былі Божыя душы, створаныя Богам. І Айцу Конмі падалося вартым жалю, што ўсе яны бу-дуць адкітутыя, як мякіна, калі можна так выказацца.

      На прыпынку Хоўт-роўд Айцец Конмі выйшаў і ў адказ на разьвітальны паклон кандуктара таксама яму пакланіўся.

      Малахайд-роўд была бязьлюдная. Падабаліся Айцу Конмі й сама вуліца, і яе назва. Радасны гул званоў у вясёлым Мала-хайдзе. Лорд Талбат дэ Малахайд, у простай лініі спадчынны лорд-адмірал Малахайду й прылеглых мораў. Потым прыйшоў заклік да зброі, і яна сталася нарачонай, жонкай і ўдавой у той самы дзень. Гэта былі старадаўнія дні, часіна верных вясёлых мястэчак, баронская старасьвеччына.

      Ідучы далей, Айцец Конмі падумаў пра сваю малую кніжку ”Баронская старасьвеччына” й пра кніжку, якую можна было б напісаць аб езуіцкіх прытулках і аб Мэры Рочфарт, дачцы лорда Моўлсварта, першай графіні Бэльвэдэр.

      Млявая ледзі, ужо немаладая, адзінока хадзіла па берагох возера Энэл, Мэры, першая графіня Бэльвэдэр, млява хадзіла ве-чарамі, і плюск выдры яе не трывожыў. Хто мог ведаць праўду? Не раўнівы лорд Бэльвэдэр, і не яе спавядальнік, калі толькі яна не ўчыніла блуду да канца, да ejaculatio seminis inter vas naturale mulieris[4], з братам свайго мужа? Яна, як усе жанчыны, выспаве-далася б адно напалову, калі б саграшыла не да канца. І ведалі б толькі Бог і яна, і ён, брат яе мужа.

      Айцец Конмі думаў пра тую нястрымную цялесную цягу, безь якое ня можа, аднак, прадаўжацца чалавечы род на зямлі, і пра шляхі Божыя, якія ня ёсьць нашы шляхі.

      Дон Джон Конмі йшоў, пераносячыся ў сівую мінуўшчыну. Ён быў там добры й паважаны. Ён хаваў у сваёй памяці тайны споведзі і ўсьміхаўся да ўсьмешлівых шляхотных абліччаў у салёнах з наваскаваным паркетам і з дасьпелымі гронкамі пла-доў па столі. І рукі нарачонага й нарачонай, шляхотнага са шляхотнай, злучаў Дон Джон Конмі.

      Дзень быў чароўны.

      Праз брамку на поле Айцу Конмі ўбычыліся градкі капусты, якая кланялася яму шырокім споднім лісьцем. Неба паказала яму чародку малых белых аблокаў, якія паволі плылі на ветры. Moutonner[5], кажуць французы. Свойскае й трапнае слова.

      Айцец Конмі, чытаючы малітоўнае правіла, назіраў за ча-родкай кучаравых аблокаў над Рэткофі. Палі Клонгаўзу калолі іржышчам ягоныя шчыкалаткі ў тонкіх шкарпэтках. Ён шпацы-раваў там вечарамі, чытаючы малітвы, і слухаў вокрыкі хло-пцаў, занятых сваімі гульнямі, маладыя вокрыкі сярод спакойна-га вечару. Ён быў іхнім рэктарам: кіраваў імі з лагодай.

      Айцец Конмі сьцягнуў пальчаткі й выняў малітоўнік з чыр-вонай аблямоўкай. Закладка са слонавай косьці ўказвала ба-чынку.

      Нона. Гэта трэба было прачытаць яшчэ да абеду. Але прый-шла ледзі Максуэл.

      Айцец Конмі прачытаў у думках Ойча наш і Авэ Марыя й перахрысьціўся. Deus in adiutorium[6].

      Ён ішоў у супакоі, нячутна чытаючы нону, ішоў і чытаў, па-куль не дайшоў да Рэш у Beati immaculati: Principium verborum tuorum veritas: in eternum omnia iudicia iustitić tuć[7].

      Зарумянелы малады чалавек выйшаў на сьцежку з прахону ў жываплоце, а за ім дзяўчына з паніклымі палявымі стакроткамі ў руцэ. Малады чалавек пасьпешліва прыўзьняў капялюш; дзяў-чына пасьпешліва нахілілася й пачала паволі зьнімаць зь лёгкай спадніцы прысталую сьцябліну.

      Айцец Конмі паважна пабагаславіў абаіх і перагарнуў тонкі лісток малітоўніка. Шын: Principes persecuti sunt me gratis: et a verbis tuis formidavit cor meum[8].

 

²

 

      Корні Кэлэхер закрыў доўгі гросбух і паглянуў цягучым вокам на сасновае века труны, якое вартавала ў кутку. Ён выпрастаўся, падыйшоў да яго й, пакруціўшы вакол восі, агле-дзеў паверхню й масянжовыя аздобы. Жуючы сухую былінку, ён паклаў века на падлогу й падыйшоў да дзьвярэй. Там ён на-сунуў капялюш, каб заценіць вочы, і абапёрся на вушак, ляніва паглядаючы на двор.

      Айцец Джон Конмі на мосьце Ньюкомэн увайшоў у трамвай на Долімаўнт.

      Корні Кэлэхер ссунуў свае велізарныя боты й глядзеў, у насу-нутым на лоб капелюшы, перажоўваючы сухую былінку.

      Канстэбль 57 С, на сваім абыходзе, запыніўся забавіць час.

      — Прыгожы дзень, містэр Кэлэхер.

      — Але, — азваўся Корні Кэлэхер.

      — Толькі духата вялікая, — сказаў канстэбль.

      Корні Кэлэхер цыркнуў дугою струменьчык травянога соку, а шчодрая белая рука кінула манэту з вакна на Эклс-стрыт.

      — Якія навінкі? — спытаўся ён.

      — Я бачыў вядомую нам асобу ўчора вечарам, — сказаў канстэбль, сьцішыўшы голас.

 

²

 

      Аднаногі матрос абчыкільгаў рог аптэкі МакКонэла, абый-шоў возік марозьніка Рабаёці й заскакаў па Эклс-стрыт. У бок Лэры О’Рорка, які стаяў безь пінжака ў сябе ў дзьвярах, ён не-прыхільна гыркнуў:

      За Англію...

      Гвалтоўнымі разгойданымі кідкамі ён мінуў Кэйты й Буды Дэдалаў, спыніўся й гыркнуў:

      дом і красу.

      Бледнаму, над’едзенаму згрызотай твару Дж. Дж. О’Молая сказалі, што містэр Лэмбэрт на складзе з наведнікам.

      Тоўстая дама запынілася, выняла мядзяк з свайго кашалька й кінула ў працягнутую да яе фуражку. Матрос прабурчаў па-дзяку, кісла глянуў на абыякавыя вокны й, зьвесіўшы галаву, зрабіў яшчэ чатыры разгойданыя скокі дапераду.

      Спыніўся й злосна гыркнуў:

      За Англію...

      Два басоногія вісусы, смокчучы доўгія палачкі люкрэцыі, прыпыніліся каля яго, разявіўшы на ягоную куксу жоўтасьліня-выя раты.

      Ён борздымі падскокамі пасунуўся дапераду, спыніўся, пад-няў галаву да вакна й рыкнуў глыбокім голасам:

      дом і красу.

      Вясёлае салодкае шчабятлівае пасьвістваньне за вакном пра-цягнулася яшчэ на адзін-два такты й замоўкла. Фіранку ў вакне адцягнулі ўбок. Картачка Кватэра бяз мэблі ссунулася з рамы і ўпала. Мільганула шчодрае аголенае й поўнае перадплечча, па-казалася, выцягнулася зь белай камбінацыі й тугіх шлеек. Жано-чая рука кінула манэту па-над пруткамі кратаў. Манэта ўпала на ходнік.

      Адзін зь вісусаў падбег, падняў яе й апусьціў у шапку мін-стрэля са словамі:

      — Наце, сэр.

 

²

 

      Кэйты й Буды Дэдалы ўваліліся празь дзьверы ў напоў-неную парай кухню.

      — Ты здала кніжкі? — спыталася Буды.

      Мэгі каля пліты двойчы штурхнула кіёчкам, умінаючы шэра-ватую масу пад бульклівымі мыльнымі бурбалкамі, і выцерла лоб.

      — За іх нічога не дадуць, — сказала яна.

      Айцец Конмі йшоў па палёх у Клонгаўзе, іржышча казытала яму шчыкалаткі ў тонкіх шкарпэтках.

      — А ты дзе спрабавала? — спыталася Буды.

      — У МакГінэс.

      Буды тупнула нагою й кінула на стол сваю торбу.

      — Каб ёй морда распухла! — выкрыкнула яна.

      Кэйты падыйшла да пліты й, скасавурыўшы вочы, зазірнула.

      — А ў гаршку што? — спыталася яна.

      — Кашулі, — сказала Мэгі.

      Буды злосна выкрыкнула:

      — Халера, зноў нічога паесьці?

      Кэйты, прыўзьняўшы покрыўку кацялка прыполам свае за-пэцканае спадніцы, спыталася:

      — А ў гэтым што?

      У адказ бухнуў цяжкі клуб пары.

      — Гарохавы суп, — сказала Мэгі.

      — Адкуль ты яго дастала? — спыталася Кэйты.

      — Сястра Мэры Патрык, — сказала Мэгі.

      Службовец пазваніў званочкам.

      — Дзынь!

      Буды села за стол і прагна загадала:

      — Давай яго сюды!

      Мэгі наліла жоўтага густога супу з кацялка ў талерку. Кэй-ты, усеўшыся насупроць Буды, спакойна сказала, на кончыку пальца падымаючы ў рот хлебныя крышкі:

      — Добра, што маем хоць гэта. А дзе Дылі?

      — Пайшла бацьку сустракаць, — адказала Мэгі.

      Буды, крышачы ў суп вялікія кавалкі хлеба, дадала:

      — Бацьку нашага, які не на нябёсах.

      Мэгі, наліваючы суп у талерку Кэйты, усклікнула:

      — Буды! Як табе ня сорам!

      Караблік, скамячаны лісток, Ілія надыходзіць, лёгка плыў уніз па Ліфі, пад Акружным мостам, сігаючы на быстрынях, там, дзе вада вірыла вакол успоркаў мосту, кіруючы на ўсход, міма суднаў і якарных ланцугоў, паміж старым докам Мытні й набярэжнай караля Джорджа.

 

²

 

      Бляндынка ў Торнтана высьцілала дно плеценага кошыка храбусткою папераю. Буяка Бойлан падаў ёй бутэльку, загор-нутую ў ружовую папяровую сурвэтку, і невялікі слоік.

      — Насамперш вось гэта, добра? — сказаў ён.

      — Так, сэр, — адказала бляндынка, — а садавіну зьверху.

      — Знакаміта, гэта будзе пераможны мяч, — сказаў Буяка Бойлан.

      Яна дбайна ўклала пузатыя грушкі, галоўкамі да хвосьцікаў, а паміж імі заірдзелыя сорамам сьпелыя пэрсікі.

      Буяка Бойлан у новых цёмнажарых ботах хадзіў сюды-туды па насычанай пахамі садавіны краме, падымаў плады, маладыя, сакавітыя, маршчыністыя й пульхныя чырвоныя памідоры, ню-хаў.

      H. E. L. Y. 'S., гуж людзей у белых цыліндрах, перасунуўся пе-рад імі паўз Тэнджэр-лэйн, павалокся да свае мэты.

      Ён раптоўна адвярнуўся ад кашолкі з трускаўкамі, выцягнуў з кішэні залаты гадзіньнік і паглядзеў на яго, адсунуўшы руку на даўжыню ланцужка.

      — А вы можаце паслаць іх трамваем? Зараз?

      Цёмнасьпінная фігура пад Аркадай Гандляроў перабірала кніжкі на латку вулічнага гандляра.

      — Безумоўна, сэр. Гэта ў горадзе?

      — О так, — адказаў Буяка Бойлан. — Дзесяць хвілін адсюль.

      Бляндынка падала яму картачку й аловак.

      — Калі ласка, запішэце адрас, сэр.

      Буяка Бойлан на прылаўку напісаў адрас і пасунуў картачку да яе.

      — Толькі пашлеце адразу, згода? — сказаў ён. — Гэта для хворага.

      — Так, сэр. Пашлю, сэр.

      Буяка Бойлен забразгацеў вясёлымі грашмі ў кішэні нага-віцаў.

      — Колькі я страціў? — запытаўся ён.

      Тонкія пальцы бляндынкі пералічылі плады.

      Буяка Бойлан заглянуў ёй у выраз блюзкі. Маладая пташка. Ён узяў чырвоны гвазьдзік з высокага шклянога флякону.

      — Пасуе мне? — запытаўся ён франтавата.

      Бляндынка скоса зірнула на яго, выпрасталася зь незалеж-ным выглядам, на ягоны крыху скасабочаны гальштук, зару-мянілася.

      — Так, сэр, — сказала яна.

      Зграбна пахіліўшыся, яна зноў пералічыла пузатыя грушкі й зарумянелыя пэрсікі.

      Буяка Бойлан заглянуў у выраз яе блюзкі яшчэ больш пры-хільна, трымаючы ў сваіх усьмешлівах зубох сьцябло чырвонай кветкі.

      — Можна сказаць слоўка ў ваш тэлефон, місі? — запытаўся ён шэльмавата.

 

²

     

      Ma![9] — сказаў Альмідана Артыфоні.

      Ён спаглядаў цераз Стывэнава плячо на гузакаваты чэрап Голдсміта.

      Паволі праехалі два вагоны з турыстамі, жанчыны сядзелі сьпераду, ухапіўшыся за поручні. Бледныя твары. Рукі мужчы-наў, ухапіўшыся, абдымалі жаночыя таліі. Яны глядзелі ад Тры-ніты на сьляпы, увесь у калёнах, партал Ірляндзкага банку, дзе гурвурвуркавалі галубы.

      Anch'io ho avuto di queste idee, — сказаў Альмідана Арты-фоні, — quand' ero giovine come Lei. Eppoi mi sono convinto che il mondo č una bestia. É peccato. Perchč la sua voce... sarebbe un cespite di rendita, via. Invece, Lei si sacrifica.

      Sacrificio incruento[10], — сказаў Стывэн, усьміхаючыся й лёгка пакалыхваючы сюды-туды трыманай пасярэдзіне ясянёвай палкай.

      Speriamo, — ветліва сказаў круглы й вусаты твар. — Ma, dia retta a me. Ci rifletta[11].

      Пад строгай каменнай даланёй Гратана, якая загадвала спыніцца, трамвай зь Інчыкару выгрузіў гурму жаўнераў з арке-стру Шатляндзкага полку.

      Ci refletterň, — адказаў Стывэн, прабягаючы вачыма ўніз па шырокай калашыне.

      Ma, sul serio, eh?[12] — сказаў Альмідана Артыфоні.

      Ягоная цяжкая рука моцна сьціснула руку Стывэна. Чалаве-чыя вочы. Хвілю якую яны ўважліва ўглядаліся, а потым ён ху-тка перабег да трамваю з Долкі.

      Eccolo, — сказаў Альмідана Артыфоні з прыязным сьпе-хам. — Venga a trovarmi e ci pensi. Addio, caro.

      Arrivederla, maestro, — сказаў Стывэн, прыпадымаючы ка-пялюш, калі выслабаніў руку. — E grazie.

      Di che? — сказаў Альмідана Артыфоні. — Scusi, eh? Tante belle cose![13]

      Альмідана Артыфоні, узьняўшы як сыгнал скручаныя ў тру-бку ноты, у сваіх шырокіх нагавіцах пусьціўся наўздагон за трамваем з Долкі. Дарэмна ён бег, дарэмна сыгналячы сярод сьціжмы голакаленных горцаў, якія праносілі сваё музычнае прычындальле праз браму Трыніты.

 

²

 

      Міс Дан схавала глыбока ў шуфляду ”Жанчыну ў белым”, узятую зь бібліятэкі на Кэйпл-стрыт, і ўкруціла ў сваю машынку квяцісты лісток паштовае паперы.

      Зашмат таямнічасьці ў гэтым. Кахае ён тую Мэрыян ці не? Трэба зьмяніць і ўзяць што-небудзь Мэры Сэсыл Хэй.

      Дыск сьлізгануў уніз па жалабку, хвілю пакалыхаўся, зьнеру-хомеў і падміргнуў ім: шэсьць.

      Міс Дан выстукала на клявіятуры:

      — 16 чэрвеня 1904.

      Пяць мужчынаў у белых цыліндрах і з рэклямнымі дошкамі прайшлі зьмейкай між рагом Моніпэні й пастамантам, на якім не стаяла статуя Вулфа Тона, завярнуліся, паказваючы H.E.L.Y. 'S., і пашкандыбалі назад, адкуль прыйшлі.

      Потым яна ўставіла зрок на вялікую афішу Марыі Кэндал, чароўнай субрэткі, і, млява адкінуўшыся, пачала крамзоліць у нататніку шаснаццаткі й вялікія эсы. Гарчычныя валасы й пад-ружаваныя шчокі. Ці ж яна прыгожая, га? Тое, як яна задзірае свой ашмотак сукенчыны. Цікава, ці ён сёньня прыйдзе на тан-цы. Калі б намовіць тую краўчыху, каб мне зрабіла плісаваную спаднічку, як у Сюзі Нэгл. Яны падаюць покатам. Шэнан і ўсе тузы зь яхт-клюбу вачэй зь яе ня зводзілі. Спадзяюся, ён не за-трымае мяне тут да сёмай.

      Тэлефон рэзка пазваніў у яе каля вуха.

      — Алё. Так, сэр. Не, сэр. Так, сэр. Пазваню ім па пятай. Толькі гэтыя два, сэр, у Бэлфаст і Лівэрпул. Добра, сэр. Дык я магу йсьці па шостай, калі вы ня вернецеся. Чвэрць па. Так, сэр. Дваццаць сем і шэсьць. Я яму скажу. Так: адзін, сем, шэсьць.

      Яна накрэмзала на канвэрце тры лічбы.

      — Містэр Бойлан! Алё! Сюды заходзіў і шукаў вас той джэнтльмэн са ”Спорту”, містэр Лэнэган, так. Сказаў, што а чацьвёртай будзе ў Ормандзе. Не, сэр. Так, сэр. Я пазваню ім па пятай.

 

²

 

      Два ружовыя твары адвярнуліся ў бляску маленькай паходні.

      — Хто там? — спытаўся Нэд Лэмбэрт. — Гэта Кроты?

      — Рынгабэла й Кросхэйвэн, — адазваўся голас чалавека, які намацвае прыступку.

      — Здароў, Джэк, гэта ты? — сказаў Нэд Лэмбэрт, прыві-тальна падымаючы сваю гнуткую рэйку пад міготкае скля-пеньне. — Хадзі сюды. Зважай на тыя прыступкі.

      Запалка ў паднятай руцэ сьвятара дагарэла доўгім лагодным полымем і ўпала. Яе апошняя іскрынка сканала ля іхніх ног; ахі-нула іх сьпёртае паветра.

      — Як цікава! — азваўся ў змроку голас са стараннай вы-мовай.

      — Так, сэр, — ажыўлена падхапіў Нэд Лэмбэрт. — Мы з вамі стаімо ў гістарычнай залі нарадаў абацтва сьвятой Марыі, дзе шаўковісты Томас аб’явіў бунт у 1534 годзе. Гэта самае гістарычнае месца ва ўсім Дубліне. О’Мэдэн Бэрк зьбіраецца ў бліжэйшы час нешта пра яго напісаць. Да вуніі тут разьмя-шчаўся стары Ірляндзкі Банк, і першая жыдоўская сьвятыня таксама тут была, пакуль яны не збудавалі сваю сынагогу на Адэлайд-роўд. Джэк, ты тут ніколі раней ня быў, што?

      — Не, Нэд.

      — Ён ехаў па Дэймс-уок, — сказаў голас са стараннай вы-мовай, — калі мне памяць ня хібіць. Палац Кілдараў стаяў на Томас-корт.

      — Так, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Дакладна так, сэр.

      — Калі вы будзеце мець ласку, — сказаў сьвятар, — то, ма-гчыма, наступным разам дазволіце мне...

      — Безумоўна, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Прыходзьце з фо-таапаратам, калі вам захочацца. Я загадаю, каб забралі гэтыя мяхі з вокнаў. Вы можаце здымаць адсюль, або адсюль.

      Ён хадзіў у слабым сьвятле, пастукваючы сваёй рэйкай па гурбах мяхоў са збожжам і па адкрытых мясцох на падлозе.

      З выцягнутага аблічча павісьлі над шахматнай дошкай ба-рада й позірк.

      — Я вам моцна абавязаны, містэр Лэмбэрт, — сказаў сьвя-тар. — Ня буду забіраць у вас дарагога часу...

      — Заўсёды рады вас тут бачыць, сэр, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Заходзьце, калі вам захочацца. Скажам, на наступным тыдні. Вам відаць?

      — Так, так. Да пабачэньня, містэр Лэмбэрт. Прыемна было пазнаёміцца з вамі.

      — Мне таксама, сэр, — адказаў Нэд Лэмбэрт.

      Ён правёў наведніка да выхаду й там шпурнуў сваю рэйку між калёнаў. Разам з Дж. Дж. О’Молаем яны бязь сьпеху прай-шлі ў абацтва сьвятой Марыі, дзе вазакі загружалі на фургоны мяхі з альгаробай і пальмавай мукою для О’Конара, Уэксфард.

      Ён стаў прачытаць візытоўку, якую трымаў у руцэ.

      — Правялебны Х’ю К. Лаў, Рэткофі. Цяперашні адрас: Сэнт-Майклс, Солінс. Мілы малады чалавек. Ён мне сказаў, што піша кніжку пра Фіцджэралдаў. Добра падкаваны ў гісторыі, дальбо.

      Дзяўчына паволі зьнімала са спадніцы прысталую сьцябліну.

      — А я падумаў, што вы плянуеце новую порахавую змову, — сказаў Дж. Дж. О’Молай.

      Нэд Лэмбэрт хруснуў пальцамі.

      — Божа! — усклікнуў ён. — Я забыўся расказаць яму пра герцага Кілдарскага, пасьля таго як той падпаліў катэдральны сабор у Кэшле. Ведаеш гэтую гісторыю? Халерна мне прыкра, што я гэта зрабіў, кажа ён, але прысягаюся перад Богам, я думаў, што архіяпіскап быў у сярэдзіне. Хоць яму магло б не спада-бацца. Што? Божа, усё роўна яму раскажу. Гэта быў вялікі гер-цаг, Фіцджэралд Мор. Усе яны мелі гарачыя галовы, тыя Джэ-ралдайны.

      Коні, каля якіх ён праходзіў, нэрвова турзануліся ў папу-шчанай вупражы. Ён ляпнуў па стракатым клубе, што ўздры-гваў блізу яго, і крыкнуў:

      — Но-о, сынок!

      Павярнуўшыся да Дж. Дж. О’Молая, ён запытаўся:

      — Ну, Джэк, што там? Які клопат? Пачакай хвілінку. Тры-майся.

      Разявіўшы рот й моцна адхіліўшы ўзад галаву, ён зьнеру-хомеў, а потым гучна чыхнуў.

      — Ап-чхі! — сказаў ён. — А каб цябе!

      — Гэта пыл ад мяхоў, — ветліва заўважыў Дж. Дж. О’Мо-лай.

      — Не, — выдыхнуў Нэд Лембэрт, — гэта я падхапіў... ха-лодная ноч паза... каб цябе ліха... ноч пазаўчора... і там шалела такая пройма...

      Ён падрыхтаваў хустачку для падыходу...

      — Я быў... сёньня ранкам... бедны малы... як жа яго звалі... Ап-чхі!.. Матухна нябесная!

 

²

 

      Том Рочфард узяў верхні дыск са стосіку, які прыціскаў да свае вішнёвае камізэлькі.

      — Бачыце? — сказаў ён. — Дапусьцім, цяпер шосты нумар. Кладу сюды, гляньце. Нумар, Які Йдзе Цяпер.

      Ён усунуў для іх дыск у левую шчыліну. Дыск сьлізгануў уніз па жалабку, хвілю якую пакалыхаўся й зьнерухомеў, падмір-гнуўшы ім: шэсьць.

      Юрысты колішніх часоў, напышлівыя, у аратарскіх позах, сузіралі, як Рычы Гулдынг прайшоў з падаткавай управы ў цы-вільны суд з папкай Гулдынга, Коліса і Ўорда, і чулі, як ад адміральцейскага аддзяленьня каралеўскага суда да апэляцый-нага суда прашамацела падстараватая асоба жаночагу полу зь недаверлівай усьмешкай сваіх устаўных зубоў і ў чорнай шаў-ковай спадніцы прасторнага памеру.

      — Бачыце? — сказаў ён. — Гляньце, апошні, што я ўсунуў, ляжыць там зьверху: Нумары, Якія Закончыліся. Ціск. Рычаг, бачыце?

      Ён паказаў ім стосік дыскаў, што нарастаў з правага боку.

      — Спрытна прыдумана, — сказаў Насаты Флін, шмыгаючы носам. — Значыць, хто спазьніўся, можа пабачыць, які цяпер ну-мар і якія ўжо закончыліся.

      — Бачыце? — сказаў Том Рочфард.

      Ён усунуў дыск для сябе: і назіраў, як ён сасьлізгвае, калы-шацца, падміргвае, запыняецца: чатыры. Нумар, Які Йдзе Ця-пер.

      — Я зь ім зараз пабачуся ў ”Ормандзе” — сказаў Лэнэхан, — і закіну яму слоўка. За добры ўчынак ліхім ня плоцяць.

      — Зрабі так, — сказаў Том Рочфард. — Скажы яму, што я буяню ад нецярплівасьці...

      — А я йду спаць, — рэзка перабіў ім МакКой. — Калі вы абодва пачынаеце...

      Насаты Флін нахіліўся над рычагом, пасопваючы.

      — Але як яно тут дзейнічае, Томі? — спытаўся ён.

      — Траляля, — сказаў Лэнэхан. — Бывайце пакуль што.

      Ён пайшоў за МакКоем цераз малюсенькі квадрацік Кэм-птан-корту.

      — Ён герой, — сказаў ён папросту.

      — Я ведаю, — азваўся МакКой. — Ты гэта пра канал.

      — Канал? — сказаў Лэнэхан. — Ды гэта было ў лазе.

      Яны мінулі мюзык-хол Дэна Лаўры, дзе з афішы ўсьміхалася ім размаляванай усьмешкай Марыя Кэндал, чароўная субрэтка.

      Ідучы ходнікам Сайкмор-стрыт каля мюзык-холу ”Эмпайр”, Лэнэхан распавёў МакКою, як было з цэлай справай. Адзін з тых лазаў быў нібы халерная газавая труба, і той бедачына завяз у ім, ужо напалову затхнуўшыся ад каналізацыйнага духу. А Том Рочфард адразу, як стаяў у сваіх букмэйкерскіх строях, так і спусьціўся, толькі абвязаўшыся вяроўкай. І хай я скрозь зямлю правалюся, яму нейк удалося абкруціць вяроўкай таго бедачыну, і абодвух выцягнулі наверх.

      — Геройскі ўчынак, — сказаў ён.

      Перад ”Дэльфінам” яны спыніліся й прапусьцілі карэтку ху-ткай дапамогі, якая галёпам памчалася па Джэрвіс-стрыт.

      — Сюды, — сказаў ён, кіруючы направа. — Загляну да Лай-нама пабачыць уступныя стаўкі на Булаву. Колькі там будзе на тваім залатым з ланцужком?

      МакКой зіркнуў у змрочную кантору Маркуса Тэрцыюса Мозэса, потым на гадзіньнік О’Ніла.

      — Па трэцяй, — сказаў ён. — А хто джакей?

      — О. Мэдэн, — адказаў Лэнэхан. — А кабылка як агонь.

      Стоячы на Тэмпл-бар, МакКой далікатна сьпіхнуў наском бананавую скурку з ходніка ў канаву. Хто-небудзь будзе вяр-тацца ў поцемках пад мухай, пакаўзьнецца й скруціць шыю.

      Брама рэзыдэнцыі адчынілася, даючы праезд кавалькадзе віцэ-караля.

      — Адзін да аднаго, — сказаў Лэнэхан, вярнуўшыся. — Я та-мака наткнуўся на Бэнтама Лаенса, ён ставіў на нейкую халер-ную клячу, што яму хтосьці нараіў, аніякага шанцу. Сюдою.

      Яны падняліся па прыступках і прайшлі пад Аркадай Ган-дляроў. Цёмнасьпінная фігура перабірала кніжкі на латку вулі-чнага гандляра.

      — А вунь і ён, — паказаў Лэнэхан.

      — Цікава, што ён купляе, — сказаў МакКой, азіраючыся.

      — ”Леапольда, альбо Блюм у крапіве”, — сказаў Лэнэхан.