БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Джэймс Джойс, Уліс

      БРОНЗА ЛЯ ЗОЛАТА ПАЧУЛІ КАПЫТАЖАЛЕЗА СТА-лязвон нахабнбн бнбнбн.

      Кавалачкі, абкусваючы кавалачкі з закарэлага пазногця, ка-валачкі. Гідкае! І золата парумянела больш.

      Сіплую ноту выдзьмухнуў.

      Выдзьмухнуў. Сумотны Блюм у

      Залатая карона валасоў.

      Раздрыганая ружа на атласных грудзях у атласе, ружа Ка-стыліі.

      Трэлямі, трэлямі: Ідалёрэс.

      Гляньце! А хто там у... гляньцезолата?

      Дзынь спагадліва бронзе прыдзвынкнуў.

      І кліч, чысты, доўгі, вібруе. Даўжэй замірае кліч.

      Покліч. Мяккае слова. Але глянь! Цьмянеюць ясны зоры. О, ружа! Ноты прашчабяталі адказ. Кастылія. Прамень сьвітаньня.

      Бразгат бразгат брычкі бразгатлівай.

      Манэта дзынкнула. Гадзіньнік загудзеў.

      Прызнаньне. Sonnez. Не магу. Падвязка адцягнутая. Расстац-ца з табой. Лясь. La cloche! Сьцягно лясь. Прызнаньне. Цёплае. Каханая, бывай!

      Бразь. Блю.

      Крышыліся глухія акорды. Калі каханьне загарыць. Вайна! Вайна! Барабанная перапонка.

      Ветразь! Хусьціна  павявае па-над хвалямі.

      Прапала. Дрозд жаліў. Усё цяпер прапала.

      Рог. Стаўрог.

      Калі ўбачыў першы раз. На жаль!

      Поўны шпор. Поўны пульс.

      Цвыркоча. Ах, панада! Прынджвае.

      Марта! Вярніся!

      Плясьплясь. Плісьплясь. Плясюплясь.

      Добрыбожа ніко ліўцэл ымжыць.

      Глухі лысы Пэт прынёс бювар нож забраў.

      Начны кліч пад месячным сьвятлом: даль: даль.

      Мне так сумна. P. S. Так самотна блюмую.

      Слухайце!

      Рагаты й віты халодны морскірог. Табе ўстаў? Кожная й ад-на адной, плёскат і бязгучны рык.

      Пэрлы: калі яна. Рапсодыі Ліста. Сссык.

      Вы не?

      Не — не, не — ня верыла — Лідлід. Певень курку кукарэку квок.

      Чорныя.

      Ніжнія актавы. Давай, Бэн, давай.

      Трэба несьці есьці. Хі-хі. Несьці табе хі.

      Але пачакай!

      Панурыя ў цёмным нутры зямлі. Груды руды.

      Naminedamine. Усе прапалі. Усе палі ў бітве.

      Тонкія, трапятлівыя завіткі папарацевых валасоў, яе дзяво-чых.

      Амін. Зь лютым скрыгатам зубоў.

      Туды. Сюды, туды. Халодны кол тырчаў.

      Бронзалідыя ля Майнызалатой.

      Каля бронзы, каля золата, у акіянсказялёным цені. Блюм. Стары Блюм.

      У дзьверы грук-грук, стук-стук, кукарэку квок.

      Малецеся за яго! Малецеся, добрыя людзі!

      Вузлаватыя пальцы шчоўкалі.

      Вялікі Бэнабэн. Вялікі Бэнбэн.

      Апошнюю ружу Кастыліі лета пакінуў блюм мне так сумна адзінока.

      Пу-і! Малы вецярок прыкнуў пры-ы-ы.

      Шчырыя людзі. Лід Кэр Каў Дэ і Дол. Во-во. Як вы. Узьні-муць свой дзынь і дзонь.

      Ффф! Оо!

      Дзе бронза зблізу? Дзе золата здалёк? Дзе капыты?

      Рррпр. Браа. Баррааа.

      Дык тады, не раней, як тады. Мая эппррытапффф. Будзе на-прпффіс.

      Кончыў.

      Пачынай!

      Бронза ля золата, галоўка міс Дус ля галоўкі міс Кэнэдзі, па-над фіранкай бару ў Ормандзе, слухалі, як праносяцца віцэ-каралеўскія капыты, звонкая сталь.

      — Гэта яна? — спыталася міс Кэнэдзі.

      Міс Дус адказала так, сядзіць са сваім, пэрлава-шэрая й eau de Nil[1].

      — Дасканалы кантраст, — сказала міс Кэнэдзі.

      Зьнячэўку пажвавеўшы, міс Дус усклікнула з запалам:

      — Глянь на таго ў цыліндры!

      — Каторага? Дзе? — адгукнулася золата яшчэ большым за-палам.

      — У другой карэце, — сказалі вільготныя вусны міс Дус, блі-снуўшы ўсьмешкай на сонцы. — Глядзіць сюды. Пусьці, я па-гляджу.

      Яна бронзавым імпэтам махнула ў другі куток і расплюснула твар на шкле ў імглістым арэоле ад яе прысьпешанага дыханьня.

      Вільготныя вусны працвыркалі:

      — Аглянуўся. Забіты.

      Засьмяялася:

      — О сьлёзы! Ці ж не страшэнныя ідыёты тыя мужчыны?

      Са смуткам.

      Міс Кэнэдзі смутна пахаджала, вышмыгнуўшы з зыркага сьвятла й заплятаючы павіслую пасмачку валасоў за вушкам. Смутна пахаджаючы, ужо не залатая, яна закручвала заплятала пасмачку. Смутна заплятала вышмыгнулую залатую пасмачку за закругленым вушкам.

      — А ўся забава дык толькі для іх, — смутна сказала.

      Мужчына.

      Блюхто йшоў каля люлек Мулэнга, пестуючы на грудзях слодыч грэху, каля антыкварыяту Ўайна, пестуючы ў памяці салодкія грэшныя словы, каля цьмянага й пагнутага сталовага срэбра Кэрала, дзеля Рауля.

      Калідорнік да іх, іх у бары, да бармэнак падыйшоў. Для іх, што яму не надавалі ўвагі, ён грукнуў на стойку тацу з бра-згатлівай парцалянай. І

      — Вось ваша гарбата, — сказаў.

      Міс Кэнэдзі манэрна пераставіла тацу ніжэй на пераверну-тую скрыню ад мінэральнай вады, здалёк ад вачэй, на дол.

      — А тамака што? — зычна спытаўся безманэрны калідорнік.

      — Здагадайся, — адрэзала міс Дус, пакідаючы свой назіраль-ны пункт.

      — Твой beau[2], га?

      Высакамерная бронза мовіла яму:

      — Я на цябе паскарджуся місіс дэ Мэсі, калі яшчэ раз пачую такое нахабнае грубіянства.

      — Нахабн бнбнбн, — хмыкнуў дзёрзкі лыч, як ён ішоў, калі яна пужала, адкуль прыйшоў.

      Блюм.

      Нахмарыўшыся над сваёй кветкай, міс Дус сказала:

      — Невыносны малады шчанюк. Калі ён ня будзе сябе паво-дзіць, я яму вушы надзяру.

      Дамападобная ў дасканалым кантрасьце.

      — Ня зьвяртай увагі, — параіла міс Кэнэдзі.

      Яна наліла гарбаты ў кубачак, потым назад у гарбатнік з кубачка. Яны схаваліся за рыфам стойкі, чакаючы на паднож-ках, перагорнутых скрынях, пакуль гарбата нацягне. Яны па-праўлялі блюзкі, абедзьве з чорнага атласу, ярд два шылінгі дзевяць, пакуль гарбата нацягне, і два шылінгі сем.

      Так, бронза зблізу за золатам здалёк чулі сталь зблізу, звон капытоў здалёк, чулі сталькапытоў, звонкапытоў, звонкасталь.

      — Ці я й сапраўды страшна загарэла?

      Міс Бронза адблюзіла шыю.

      — Не, — адказала міс Кэнэдзі. — Карычневай зробіцца па-сьля. А ты спрабавала борную зь ляўравішнёвай вадой?

      Міс Дус прыўстала, паглядзела на сваю скуру збоку ў бара-вым люстры з пазалотаю літар, у якой мігцелі келіхі рэйнскага й бургундзкага з ракавінай пасярэдзіне.

      — А потым застаецца на руках, — сказала яна.

      — Дык паспрабуй гліцэрынам, — параіла міс Кэнэдзі.

      Разьвітаўшы сваю шыю й свае рукі, міс Дус

      — Ад гэтых сродкаў адно высыпка сыплецца, — адмовіла, зноў села. — Я прасіла таго старога сыча ў Бойда даць мне што-небудзь для скуры.

      Міс Кэнэдзі, наліваючы нацягнулую гарбату, з грымасай узмалілася:

      — Ах, літасьці прашу, не ўпамінай мне пра яго!

      — Не, пачакай, я табе раскажу, — папрасіла міс Дус.

      Даліўшы салодкую гарбату малаком, міс Кэнэдзі вушкі за-туліла пальчыкамі.

      — Не, ня трэба! — усклікнула.

      — Я нічога ня чую! — даўсклікнула.

      А Блюм?

      Міс Дус буркнула голасам старога сыча:

      — Вам для чаго? пытае ён.

      Міс Кэнэдзі адтуліла вушкі, каб чуць, каб гаварыць: але зноў сказала, зноў узмалілася:

      — Не кажы мне пра яго, я не стрываю! Гідкі стары хрэн! Той вечар на канцэрце ў Эншэнт.

      Гідліва глынула глыток настою, гарачага напою, глыток, глынула салодкай гарбаты.

      — Так выглядаў, — сказала міс Дус, скасабочыўшы брон-завую галоўку й растапырыўшы ноздры. — Хмык! Хмык!

      Пранізьлівы піск сьмеху вырваўся з горла міс Кэнэдзі. Міс Дус хрумкала й хмыкала праз ноздры, якія дрыгалі нахабнбн як лыч у понюхах.

      — Ой! — піскнуўшы, піскнула міс Кэнэдзі. — Ты памятаеш, якія ў яго лупатыя вочы?

      Міс Дус дасугучніла гулкабронзавым сьмехам, выкры-кваючы:

      — Каб ён нас не сурочыў!

      Блючые цёмныя вочы прачыталі ймя Арона Фігзбэра. А ча-му мне заўсёды думаецца Фігазьбір? Відаць, ад зьбіраньня фігаў. А Праспэр Лярэ гэта гугеноцкае прозьвішча. Цёмныя вочы мі-стэра Блюма блукалі па бласлаўлёных багародзіцах у вітрыне Басі. Блакітны плашч, белы пад сподам, прыйдзеце да мяне. Ве-раць, што яна бог: або багіня. Тыя сёньняшнія. Не ўдалося раз-гледзець. Той маладзён адазваўся. Студэнт. Пасьля з сынам Дэ-дала. Пэўна, гэта Маліган. Зусім прыглядныя дзевы. Вось гэта й прыцягвае тых распусьнікаў: яе беласьць.

      Ягоныя вочы блукалі далей. Слодыч грэху. Салодкая тая слодыч.

      Грэху.

      Зайшоўшыся залівістым хіхатам, маладыя золатабронзавыя галасы зьлілі Дус і Кэнэдзі, каб не сурочыў. Адхіліўшы маладыя галоўкі, бронзавае хіхізолата, каб прывольна ліўся той сьмех, папіскваючы, не сурочыў, знакі адна адной даючы, высокія кол-кія ноты.

      Ах, задыхаюцца, уздыхаюць. Уздыхаючы, ах, паміраючы, ве-сялосьць заміраюць.

      Міс Кэнэдзі зноў паднесла кубак да вуснаў, пацягнула глы-ток і хіха-хіхікнула. Міс Дус, зноў нахіліўшыся над тацай, зноў зморшчыла нос і пачала варочаць вачмі. Зноў Хіхікэнэдзі, нахі-ліўшы карону сьветлых валасоў, паказала нахілены чарапа-шыны грэбэнь над каркам, пырснула з рота гарбатай, захлі-снуўшыся гарбатаю й сьмехам, кашляла захлістам, попіскам:

      — О, тлустыя вочкі! Уяві сабе замужжа з такім! — пішчала. — Зь ягонай ніцай бародкай!

      Дус адказала поўным цудоўным віскам, сапраўдным віскам сапраўднай жанчыны, захапленьня, радасьці, абурэньня.

      — Замужам за тлустым носам! — віскнула яна.

      Востра, глыбокім сьмехам, раз бронзай, раз золатам, яны падбівалі адна адну да хіхікаў за хіхікамі, перазвонным чарга-ваньнем, бронза-золата, золата-бронза, востра-глыбока, сьмех за сьмехам. І яшчэ сьмехам. Тлусты, я ведаю. Зьняможаныя, за-дыханыя, на стойку паклалі раздрыганыя галоўкі, заплеценую карону каля гладкабліскучай укладкі. Парумянелыя (О!), засапе-лыя, успацелыя, (О!), задыханыя.

      Замужам за Блюмам, за тлустаморскімблюмам.

      — Сьвятыя ў нябёсах! — уздыхнула міс Дус над сваёй раз-дрыганай ружай. — Лепш бы мне так не сьмяяцца. Я ўся ўма-крэла.

      — О, міс Дус! — сыкнула міс Кэнэдзі. — Вы гідкае ства-рэньне!

      І парумянела яшчэ больш (вы гідкае!), больш залаціста.

      Каля канторы Кантуэла брыў Тлустыблюм, каля дзеваў Чэ-пі, зыркіх ад фарбы. У Нанэці бацька гандляваў гэтым таварам, абіваў парогі, як я. Рэлігія аплочваецца. Трэба пабачыцца зь ім наконт абвесткі Клютча. Найперш пад’есьці. Хочацца. Яшчэ не. Яна сказала, а чацьвёртай. Час ідзе бяз спыну. Стрэлкі круцяц-ца. Далей. Дзе пад’есьці? Кларэнс, Дэльфін. Давай. Дзеля Рауля. Пад’есьці. Калі б выцягнуў пяць гінэяў за тыя абвесткі. Фіялета-вую шаўковую камбінацыю. Яшчэ не. Слодыч грэху.

      Румянец адступаўся, усё адступаўся, залаціста пабледлы.

      Нядбалым крокам у іхні бар зайшоў Дэдал. Кавалачкі, абку-сваючы кавалачкі закарэлага пазногця на вялікім пальцы. Кава-лачкі. Нядбалым крокам.

      — О, вітаем вас зь вяртаньнем, міс Дус.

      Патрымаў яе руку. Добра адпачыла?

      — Першаклясна.

      Ён выказаў спадзяваньне, што надвор’е ў Растрэвары было прыгожае.

      — Дзівоснае, — сказала яна. — Гляньце, што я зь сябе зра-біла. Цэлымі днямі ляжала на пляжы.

      Бронзавая беласьць.

      — Гэта было дужа жорстка, — сказаў ёй містэр Дэдал, ла-скава паціснуўшы яе руку, — спакушаць бедных прастачкоў-му-жычкоў.

      Атласная міс Дус адусунула руку.

      — А ну вас, — сказала яна. — Вось вы першы прастак, я так і паверыла.

      Ён быў.

      — Ды не, ведаеце, я й ёсьць прастак, — раздумваў ён. — У калысцы выгляд у мяне быў так прастадушны, што мяне й ахры-сьцілі прастаком Сайманам.

      — Вы, пэўна, былі анёлкам, — прагучаў адказ міс Дус. — А што вам лекар прапісаў на сёньня?

      — Ды ведаеце, — раздумваў ён, — гэта на ваш густ. Калі вам ня клопат, я б папрасіў чыстай вады й паўкілішка віскі.

      Бразгат.

      — З найвялікшай ахвотай, — пагадзілася міс Дус.

      Найвялікшай зграбнотай да залачонага люстра з вырабамі Кантрэла й Кокрэйна яна павярнулася. Зграбна адмерала пор-цыю залатога віскі з крышталёвага графіна. З-пад крыса свайго сурдута містэр Дэдал выцягнуў капшук і люльку. Ахвотна аб-слугоўвае. Ён выдзьмухнуў праз дудку мундштука дзьве сіплыя люльканоты.

      — Божа мой, — раздумваў ён, — я ўжо колькі разоў зьбі-раўся ў горы Моўрн. Там павінна быць вельмі асьвяжальнае па-ветра. Але, як кажуць, доўга зьбіраўся, лепей дабраўся. Так, так.

      Так. Ён запіхнуў пасмачкі валасоў, яе дзявочых, яе русалчы-ных, у цыбук. Кавалачкі. Пасмачкі. Раздумваючы. Нема.

      Ніхто нічога не сказаў. Так.

      Міс Дус весела працірала келіх, напяваючы:

      О, Ідалёрэс, каралева ўсходніх мораў!

      — А містэр Лідуэл сёньня заходзіў?

      Зайшоў Лэнэхан. Разгледзеўся вакол сябе Лэнэхан. Містэр Блюм дасягнуў мосту Эсэкс. Так, містэр Блюм перайшоў мост Таксэкс. Трэба напісаць Марце. Купіць паперы. У Дэйлі. Там ветлівая дзяўчына. Блюм. Стары Блюм. Сумотны Блюм у кра-піве.

      — Ён заходзіў у абед, — сказала міс Дус.

      Лэнэхан падыйшоў.

      — Ці не шукаў мяне містэр Бойлан?

      Ён спытаўся. Яна адказала:

      — Міс Кэнэдзі, сюды не заходзіў містэр Бойлен, калі я была наверсе?

      Яна спыталася. Голас міс Кэнэдзі адказаў, з узьнятым ку-бкам гарбаты, са зрокам на бачынцы:

      — Не, не заходзіў.

      Зрок міс Кэнэдзі, чутнай, але нябачнай, працягваў чытаць. Лэнэхан закругліў свой круглы корпус наўкруг клёша, які на-крываў сандвічы.

      — Гляньце! А хто там у куточку?

      Не ўшанаваны ейным паглядам, ён стараўся далей. Каб зва-жала на кропкі. Чытала толькі чорнае: круглае — гэта о, з за-крутасамі — эс.

      Бразгат брычкі бразгат.

      Дзявочазалатая чытала й не паглянула. Не зьвяртай увагі. Яна не зьвяртала, а ён стаў мурлыкаць ёй байку:

      — Аднаго рразу ліса стррэла бусла. І гаворра яму: пррашу, засунь дзюбу мне ў горрла й выцягні костку.

      Надарма мурлыкаў. Міс Дус адвярнулася да свае гарбаты, што стаяла пад бокам.

      Ён цмок, у бок:

      — Цаму я такі бедны?! Цаму нясцасны?!

      Ён прывітаў містэра Дэдалу й атрымаў ківок.

      — Прывітаньне ад славутага сына славутаму бацьку.

      — Хто б гэта мог быць? — спытаўся містэр Дэдал.

      Лэнэган распасьцёр зьдзіўленыя рукі. Як, хто?

      — Хто б гэта мог быць? — спытаўся ён. — І вы пытаецеся? Стывэн, наш малады бард.

      Суха.

      Містэр Дэдал, славуты змагар, адклаў сваю суха напханую люльку.

      — Разумею, — сказаў ён. — Спачатку да мяне не дайшло. Я чуў, што ён прабывае ў вельмі адборнай кампаніі. Вы яго бачылі апошнім часам?

      Бачыў.

      — Не далей як сягоньня мы асушылі зь ім келіх нэктару, — сказаў Лэнэхан. — У Муні en ville і ў Муні sur mer[3]. За натугі свае музы ён дастаў кучу гатоўкі.

      Ён усьміхнуўся вуснам бронзы, абмытым у гарбаце, заслуха-ным вуснам і вачом.

      Élite Эрыну лавіла кожнае слова зь ягоных вуснаў. Ву-чоны муж Х’ю МакХ’ю, найзнакамітшы пісака й выдавец у Ду-бліне, і той дзяцюк-пясьняр з глухога падмоклага Захаду, што вядомы ўсім пад салодкасьпеўным найменьнем О’Мэдэна Бэрка.

      Пасьля паўзы містэр Дэдал падняў свой грог і

      — Гэта мусіла быць надзвычай займальнае, — прамовіў ён. — Разумею.

      Ён разумею. Ён выпіў. З вачыма на далёкіх сумотных горах. Адставіў кілішак.

      Ён паглядзеў на дзьверы ў салён.

      — Я бачу, вы пераставілі піяніна.

      — Сёньня прыходзіў настройшчык, — адказала міс Дус, — каб настроіць яго для рэстараннай праграмы, і я яшчэ ніколі ў жыцьці ня чула так дасканалай ігры.

      — Сапраўды?

      — Ці ж няпраўда, міс Кэнэдзі? Сапраўды клясычная, ведаеце. А ён жа сьляпы, бедачына. Яму, пэўна, і дваццаці не было.

      — Сапраўды? — паўтарыў містэр Дэдал.

      Ён выпіў і адыйшоўся ў бок.

      — Так шкада было глядзець на ягоны твар, — паспачувала міс Дус.

      Каб ты праваліўся, сукін ты сын.

      Ейнай спагадзе сумна прыдзвынкнуў званочак. Да дзьвярэй абедзеннай залі падыйшоў лысы Пэт, падыйшоў заклапочаны Пэт, падыйшоў Пэт, ормандзкі афіцыянт. Піва абедніку. Піва не зь вялікай ахвотай яна падала.

      Лэнэхан цярпліва чакаў нецярплівага Бойлана, чакаў бра-згату брычкі буянага хлопца.

      Прыўзьняўшы века, ён (хто?) глянуў у труну (труну?), на касыя патройныя (піяніна!) струны. Ён крануўся (той самы, хто ласкава кранаўся ейнай рукі) тройкі клявішаў, мякка пэдалю-ючы, каб пабачыць, як высоўваецца тоўсты фэтр, і пачуць, як ападаюць зафутраныя малаточкі.

      Два лісты крэмавай вяленевай паперы на запас два канвэрты калі я працаваў ва Ўіздама Хілі мудры Блюм у Дэйлі Генры Флаўэр купіў. Дык ты нешчасьлівы ў сямейным жыцьці? Кветку мне дзеля суцяшэньня а шпілька абрывае каха. Штосьці абазна-чае, у мове кве. Гэта была стакротка? Абазначае нявіннасьць. Паважаная дзяўчына спаткацца пасьля імшы. Дужа вельмі дзя-кую. Мудры Блюм згледзеў на дзьвярах плякат, русалка калы-шацца на гожых хвалях. Курэце русалку, самыя лёгкія папяро-сы. Струменныя валасы: адрынутае каханьне. Дзеля нейкага мужчыны. Дзеля Рауля. Ён глянуў і ўбачыў здалёк на мосьце Эсэкс вясёлы капялюш на брычцы. Так і ёсьць. Трэці раз. Зьбег акалічнасьцяў.

      Пабразгваючы на пружыністых гумах, брычка павярнула з мосту на Орманд-кі. За ім. Рызыкнуць. Хутка. А чацьвёртай. Ужо неўзабаве. Выходзь.

      — З вас два пэнсы, сэр, — асьмелілася нагадаць прадаў-шчыца.

      — Ага... Я й забыўся... Прабачце...

      І чатыры.

      А чацьвёртай яна. Чароўна яна ўсьміхнулася Блюкамуяму. Блю ўсьмі й ху вый. Бачэньня. Думаеш ты ў яе адзіны пруток у драбіне? Яна так кожнаму. Дзеля мужчынаў.

      У дрымотнай цішы золата пахілялася над бачынкай.

      З салёну данёсься кліч, працягла заміраў. Гэта быў камэртон настройшчыка, тады ім забыты, цяпер тым адкрыты. Зноў кліч. Цяпер той узяў, цяпер ён вібраваў. Чуеце? Ён вібраваў, чыста, чысьцей, мякка, мякчэй, брынклівымі вілачкамі. Даўжэй замі-раў кліч.

      Пэт заплаціў за туга закаркаваную бутэльку для абедніка: і па-над тацай, шклянкай, тугакоркавай бутэлькай, лысы й за-клапочаны, пакуль ісьці, ён ціха пашаптаў разам зь міс Дус.

      На небе гаснуць ясны зоры...

      Безгалоса з глыбіні сьпявала песьня, сьпеўна:

      ...прамень сьвітаньня бліснуў.

      Чародка птушыных нотаў, пад чулымі пальцамі, прашчабя-тала звонкі адказ. Звонкія ноты, зіхоткія, зьлітыя гарманічныя акорды, заклікалі голас апець тугу роснага сьвітаньня, мала-досьці, каханкаў расстаньня, сьвітаньня жыцьця й каханьня.

      Раса мігціць, як...

      Вусны Лэнэхана над стойкай выпусьцілі нізкі поклічны сьвіст.

      — Ды пагляньце сюды, — сказаў ён, — ружа Кастыліі.

      Бразнула брычка на бруку й запынілася.

      Яна ўстала й кніжку закрыла, ружа Кастыліі. Маркотна са-мотная, мройна ўстала.

      — Яна сама ўпала ці яе піхнулі? — спытаўся ён.

      Яна адказала, безуважна:

      — Хто не пытае, той ня чуе маны.

      Як дама, дамападобная.

      Буякі Бойлана спраўныя цёмнажарыя чаравікі зарыпелі на падлозе бару, па якой ён крочыў. Так, золата зблізу каля бронзы здалёк. Лэнэхан пачуў і пазнаў і прывітаў яго:

      — Надыходзіць пераможны герой.

      Між брычкай і вакном, тайком, праходзіў Блюм, неперамо-жаны герой. Заўважыць можа. Сядзеньне, на якім сядзеў: цёплае. Чорны кот тайком ішоў да папкі Рычы Гулдынга, паднятай прывітальна ў паветры.

      І нам з табою...

      — Я ведаў, што ты будзеш тут, — сказаў Буяка Бойлан.

      Перад бялявай міс Кэнэдзі ён крануў бераг свайго перако-шанага саламюха. Яна адсьміхнулася яму. Але сястрыца бронза пераўсьміхнула яе, выставіўшы дзеля яго свае пышнейшыя вала-сы, грудзі й ружу.

      Бойлан замовіў напоі.

      — Чаго душа жадае? Кухаль горкага? Кухаль горкага, калі ласка, і глогавы джын. Яшчэ не было тэлеграмы?

      Яшчэ не. А чацьвёртай ён. Усе сказалі а чацьвёртай.

      Чырвоныя вушыскі й кадык Каўлі ў дзьвярах шэрыфавага бюро. Пазьбегчы. Трапіўся Гулдынг. Што ён робіць у Орман-дзе? Брычка чакае. Пачакаць.

      Прывітаньне. Куды кіруеце? Перакусіць? І я таксама. Сюды. Куды, у Орманд? Найлепшае месца ў Дубліне. Сапраўды? Рэ-старан. Ціха пасядзець. Глядзі, каб цябе ня ўбачыў. Думаю, і я прысяду з вамі. Хадзем. Рычы вёў. Блюм ішоў за папкай. Абед варты князя.

      Міс Дус сягнула да графіна, атласная ручка высягнулася, блюзка на грудзях зараз лопне, так высока.

      — О! О! —  пасопваўЛэнэхан пры кожным яе новым высягу. — О!

      Але яна дасягнула здабычы й зь лікаваньнем апусьціла на дол.

      — Чаму б вам не падрасьці, міс? — спытаўся Буяка Бойлан.

      Бронзавая, наліваючы з графіна густы салодкі лікер для яго-ных вуснаў, назіраючы за цягучым цурком (кветка ў яго на пін-жаку: ад каго?), салодкім галаском працягнула:

      — Пакуначак малы, але тавар дарагі.

      Інакш кажучы яна. Гладка наліла лянівасалодкага глогу.

      — Ваша здароўе, — сказаў Бойлан.

      Ён кінуў на стойку вялікую манэту. Манэта дзынкнула.

      — Стой, — сказаў Лэнэхан, — я таксама...

      — За ваша, — далучыўся ён, падымаючы ўсьпенены эль.

      — Булава выйграе, не разьбегшыся як сьлед, — запэўніў ён.

      — Я таксама трохі адпусьціў, — сказаў Бойлан, падмір-гнуўшы й хліснуўшы. — Не за сябе, праўда. Аднаму майму сябру зажадалася.

      Лэнеган папіваў і пасьміхаўся да перахіленага кухля зь півам і да вуснаў міс Дус, растуленых, што шапталі песьню акіяну, якую раней напявалі. Ідалёрэс. Усходнія моры.

      Гадзіньнік зашыпеў. Міс Кэнэдзі прайшла каля іх (кветка, ці-кава, ад каго?), адносячы тацу з кубкамі. Гадзіньнік загудзеў.

      Міс Дус узяла манэту Бойлана, адважна націснула ручку ка-сы. Каса грукнула. Гадзіньнік прагудзеў. Прыгожая эгіпцянка спакушала, калі ў касе перабірала, падпяваючы й рэшту выбі-раючы. Глядзі на захад. Прагудзеў. Для мяне.

      — Каторая гадзіна? — запытаўся Бойлан. — Чацьвёртая?

      На гадзіньніку.

      Лэнэхан, галоднымі вочкамі сочачы за яе падпяваньнем, грудным хваляваньнем, тузануў Бойлана за рукаў.

      — Давай паслухаем біцьцё гадзінаў, — сказаў ён.

      Папка Гулдынга, Коліса і Ўорда вяла за сабой Блюма ў кра-піву, паміж уквечаных столікаў. Бязмэтна, з узбуджанай мэтана-кіраванасьцю, пад спадарожным паглядам лысага Пэта, ён на-кіраваўся да століка каля дзьвярэй. Будзь бліжэй. А чацьвёртай. Ці ён забыўся? Магчыма, нейкі хітрык? Не прыйсьці: зава-стрыць апэтыт. Я б так ня змог. Пачакай, пачакай. Пэт, назі-раючы, чакаў.

      Іскрысты бронзавы блакіт акінуў паглядам нябеснаблакі-тныя вочы й гальштук Блакі Бойлана.

      — Давайце, — націскаў Ленэхан. — Нікога няма. А ён ніколі ня чуў.

      ...кранецца тых ніваў у сьне.

      Высока, высокая нота, бледла ў вышыні, чыстая.

      Бронзадус, пашаптаўшыся з ружай, што панікла й зноў узьнікла, дапытвала кветку й вочы Буякі Бойлана.

      — Просім, просім.

      Ён упрашаў яе па-над паўторамі прызнаньня:

      Я не магу з табой расстацца...

      — Потым, — сарамяжліва паабяцала міс Дус.

      — Не, цяпер! — не сунімаўся Лэнэхан. — Sonnezlacloche![4] О, зрабеце! Нікога ж няма.

      Яна разгледзелася на бакі. Хутка. Міс Кэн не пачуе. Раптоў-на нахілілася. Два распаленыя твары назіралі ейны нахіл.

      Дрогкія акорды зьбіліся з мэлёдыі, зноў знайшлі, згубілі та-нальнасьць, губілі й знаходзілі, спатыкаючыся.

      — Давайце! Ну! Sonnez!

      Нахіліўшыся, яна падняла падол спаднічкі за калена. Пама-рудзіла. Яшчэ падражніла іх, нагнутая, напнутая, з свавольнымі вачмі.

      Sonnez!

      Лясь! Нечакана адцягнула й пусьціла тугую элястычную падвязку, цёпла ляскнулую па лясклівым жаночым цёплапанчо-шным сьцягне.

      La cloche! — выкрыкнуў усьцешаны Лэнэхан. — Сама на-вучылася! Гэта табе не пацяруха.

      Яна высакамерна здурусьміхнулася (сьлёзы! ці ж не ідыёты?), але, шмыгнуўшы да сьвятла, усьміхнулася Бойлану ціхмяна.

      — Вы — увасабленьне вульгарнасьці, — сказала яна, шмы-гнуўшы.

      Бойлен глядзеў, глядзеў. Кілішак свой падняўшы да поўных губ, асушыў ён маленькі кілішак, высмактаўшы да апошняй гу-сталіпкія фіялетавыя кроплі. Зачараваны ягоны пагляд право-дзіў яе галоўку, што сунулася паўз бар да люстраў, у залачонай арцы якіх мігцелі шклянкі для элю, рэйнскага й бургундзкага, і рагатая ракавіна; у люстрах там адлюстраваная, яе бронза зьлі-лася з бронзай яшчэ больш сонечнай.

      Так, бронза зусім зблізку.

      ...каханая, бывай!

      — Я йду, — сказаў Бойлан зь нецярплівасьцю.

      Ён рэзка адставіў кілішак, схапіў рэшту.

      — Пачакай крышынку, — папрасіў Лэнэган, дапіваючы сьпехам. — Я хачу табе сказаць. Том Рочфард...

      — Не буянь мне галавы, — кінуў Буяка Бойлан, выходзячы.

      Лэнэхан каўтнуў на адыход.

      — Рог табе ўстаў, ці што? — спытаўся ён. — Чакай. Я так-сама йду.

      Ён рушыў за сьпешным парыпваньнем чаравікаў, але ля па-рога спрытна адступіўся, вітаючы дзьве фігуры, грузную й ка-шчавую.

      — Як маецеся, містэр Долард?

      — Га? Так маюся, як маюся! — адказаў расьсеяны бас Бэна Доларда, на хвілю пакідаючы нядолю Айца Каўлі. — Зь ім табе ня будзе ніякага клопату, Боб. Олф Бэрган пагаворыць з даўгя-лам. Гэтым разам мы таму Юду Іскарыёту напхаем асьцюкоў за шыю.

      Цераз салён прайшоў містэр Дэдал, уздыхаючы й расьціра-ючы пальцам павеку.

      — Го-го, яшчэ як! — радасна затрубіў Бэн Долард. — Сай-ман, засьпявай нам што-небудзь. Мы тут чулі піяніна.

      Лысы Пэт, заклапочаны афіцыянт, чакаў, пакуль закажуць напоі, віскі для Рычы. А Блюму? Трэба падумаць . Каб ня бегаў лішні раз. У яго мазалі. Ужо чацьвёртая. Як горача ў чорным. Безумоўна, і нэрвы крыху. Праламляе (ці як?) цяпло. Трэба паду-маць. Сідр. Так, бутэльку сідру.

      — А то чаму? — азваўся містэр Дэдал. — Я толькі сабе брынкаў, чалавеча.

      — Давай, давай, — прасіў Бэн Долард. — Згіньце, цёмныя турботы. Хадзем, Боб.

      Трухам ён, Долард, у мешкаватых нагавіцах, паперадзе іх (трымайце вунь гэтага ў: ну, паспрабуйце) рушыў у салён. Ён плюхнуў сябе, Доларда, на ўслон. Пакручаныя пальцы плюхну-ліся на клявішы. Плюхнуўшыся, раптоўна замерлі.

      Лысы Пэт стрэў у дзьвярах залатую, якая безгарбатна вярта-лася. Заклапочаны, ён жадаў віскі і сідр. Бронзавая назірала з-пад вакна, бронза здалёк.

      Бразнуўшы, брычка пакаціла.

      Блюм пачуў брынк, ціхі зык. Ад’ехаў. Слабой сутаргай дыху ён дыхнуў на нямыя блакітныя кветкі. Бразнула. Ад’ехаў. Бра-знуў. Слухай.

      — Пра каханьне й вайну, Бэн, — сказаў містэр Дэдал. — Як у добрую старую часіну.

      Мужныя вочы міс Дус, незаўважанай, адвярнуліся ад фі-ранкі, асьлепленыя бляскам. Ад’ехаў. Задумёная (хто ведае?), асьлепленая (бляск), яна апусьціла штору, адпусьціўшы шнурок. Задумёна напусьціла (чаму ён так хутка ад’ехаў, калі я?) на сваю бронзу над барам, дзе лысы стаяў побач сястрыцы залатой, недасканалы кантраст, кантраст недасканала антыдасканалы, ціхі халодны засмужаны морсказялёны апоўзлы глыбокі цень, eau de Nil.

      — Таго вечару бедачына Гудвін падыгрываў на піяніна, — нагадаў ім Айцец Каўлі. — Але яны не зусім зыйшліся ў мерка-ваньнях.

      Не зусім.

      — Наладзілі двухгалосы дыспут, — сказаў містэр Дэдал. — Яму тады сам чорт ня даў бы рады. На старога часам находзіла, калі сабе крыху падвыпіў.

      — Божа, а памятаеце, як я? — азваўся Бэн пузаты Долард, адвярнуўшыся ад пакаранай клявіятуры. — У мяне тады не бы-ло шлюбнага строю.

      Зарагаталі ўсе трое. У яго не было строю. Зарагатала ўсё трыё. Не было шлюбнага строю.

      — Але тады пад руку трапіўся наш сябра Блюм, — сказаў мі-стэр Дэдал. — А дарэчы, дзе мая люлька?

      Ён пабрыў да стойкі бару па згубленую мэлядычную люльку. Лысы Пэт прынёс напоі Рычы й Польдзі. Айцец Каўлі зноў за-сьмяяўся.

      — Здаецца, Бэн, гэта я выбавіў цябе зь бяды.

      — Гэта ты, — прызнаў Бэн Долард. — Я й цяпер памятаю тыя вузкія порткі. Табе прыйшла бліскучая думка, Боб.

      Айцец Каўлі пачырванеў па самыя краёчкі сваіх бліскучых барвовых вушэй. Ён выбавіў зь бя. Вуз пор. Блісдум.

      — Я ведаў, што ў яго было з постам, — сказаў ён. — Ягоная жонка ў суботы падыгрывала на піяніна ў кавярні за мізэрны грош, і хто ж мне падказаў, што яна таксама займаецца й тымі рэчамі. Прыгадваеце? Мы абшукалі ўсю Холіс-стрыт, пакуль прадавець у К’ю ня даў нам адрас. Прыгадваеце?

      Бэн прыгадаў, і ягонае шырокае аблічча зьдзівілася.

      — Божа мой, у яе там былі ўсялякія раскошныя опэрныя строі й іншыя рэчы.

      Містэр Дэдал прыплёўся назад зь люлькай у руцэ.

      — У стылі Мэрыян-скуэр. Бальныя сукні, Божа мой, і двор-скія сукні. І ён не схацеў узяць ні граша. Га? Безьліч якіхсьці ка-пелюшоў, балеро, панталёнаў. Га?

      — Во-во, — кіўнуў містэр Дэдал. — Місіс Мэрыян Блюм ма-гла пазычыць строй любога выгляду.

      Па набярэжных бразгацела брычка. Буяка Бойлан разваліў-ся на спружыністых гумах.

      Пячонка з бэконам. Біфштэкс і ныркі ў цесьце. Добра, сэр. Добра, Пэт.

      Місіс Мэрыян. Мне там усіх коз. Пах прыгарэлага Поль дэ Кока. Такое мілагучнае ймя ў.

      — А як яе дзявочае прозьвішча? Дародная дзеўка. Мэрыян...

      — Туіды.

      — Так. Яна яшчэ жыве?

      — І брыкаецца.

      — Яна была дачкою...

      — Дачкою палка.

      — Так, дальбог. Я памятаю таго старога тамбурмажора.

      Містэр Дэдал чыркнуў, пацягнуў, прыкурыў, выдыхнуў ду-хмяны клуб.

      — Яна ірляндка? Сапраўды, не скажу. Ты ня ведаеш, Сай-ман?

      За клубам сутарга, клуб, моцны, духмяны, патрэскваньне.

      — Шчочны мускул... Што?.. Крышку заржавеў... О, яна... Мая ірляндзкая Молі, О.

      Ён пыхнуў едкім густым залпам.

      — З Гібралтарскай скалы... напрасткі.

      Яны тужылі ў цені акіянскай глыбіні, золата ля піўное пом-пы, бронза ля мараскіну, абедзьве ў задуменьні, Майна Кэнэдзі, Лісмор-тэрэс 4, Драмкондра, зь Ідалёрэс, каралевай, Далёрэс, маўклівай.

      Пэт падаў на непрыкрытых талерках. Леапольд парэзаў пя-чонку на скрылёчкі. Як ужо згадвалася, ён упадабаў сабе ў ежы нутраныя органы, арэхападобныя пупы, смажаную ікру траскі, між тым як Рычы Гулдынг, Коліс і Ўорд еў біфштэкс і нырку, то біфштэкс, то нырку, запечаныя кавалачкі еў ён еў Блюм яны елі.

      Блюм з Гулдынгам, павянчаныя цішынёй, елі. Абеды вартыя князёў.

      Па Бэйчлэрс-уок Буяка Бойлан бразгаціць, скок-бразь, на тугіх гумах кавалер, там бляск, там сквар, глянец кабылы, дробны трух, ляскае пуга па бакох: на цёплым месцы разваліўся, увесь нецярплівасьць ды сьмелы запал. Рог. Табе? Рог. Табе? Стаў стаў рог.

      Перакрываючы іхнія галасы, заглушаючы грымотныя акор-ды, Долард рушыў у басатаку:

      Калі ў душы каханьне загарыць...

      Раскаты Бэндушыбэнджаміна дакаціліся да дрыготкіх, стра-саных каханьнем, шыбінаў столі.

      — Вайна! Вайна! — крыкнуў Айцец Каўлі. — Ты ваяр!

      — Анягож, — засьмяяўся Бэн Ваяр. — Я думаў пра твайго гаспадара. Каханьне й грошы.

      Ён перастаў. Велізарнай барадой, велізарнай галавой, пахі-таў над ягоным велізарным промахам.

      — Чалавеча, ты не адной разарваў бы барабанную перапон-ку, — прамовіў містэр Дэдал праз водар дыму, — гэткім сваім ворганам.

      Зайшоўшыся барадатым буйным сьмехам, Бэн Долард трось-ся над клявіятурай. Ён разарваў бы.

      — Не ўпамінаючы ўжо пра другую перапонку, — дадаў Ай-цец Каўлі. — На паўголасу, Бэн. Amoroso ma non troppo[5]. Дайце мне.

      Міс Кэнэдзі падала двум джэнтльмэнам па кухлі халоднага портэру. Кінула заўвагу. Сапраўды, пагадзіўся першы джэнтль-мэн, надвор’е прыгожае. Яны пілі халодны портэр. Ці яна ня ведае, куды выбраўся лорд-намесьнік? Чулі сталь капытоў, звон капытоў, звон. Не, яна не магла сказаць. Але павінна быць у газэце. О, няхай не турбуецца. Ніякай турботы. Разгарнуўшы ”Індэпэндэнт”, яна захвалявала, шукаючы, лорд-намесьнік, сва-ёй каронай, лёгка калыханай, лорд-наме. Зашмат турботы, ска-заў першы джэнтльмэн. О не, ні трохі. А як ён пры гэтым пагля-дзеў. Лорд-намесьнік. Золата ля бронзы чулі жалеза сталь.

 

                            ...................    каханьне загарыць,

                              Ня дбаю я, што заўтра будзе дзень.