|
ЛЕТНІ ВЕЧАР ПАЧАЎ АГАРТАЦЬ СЬВЕТ СВАІМІ таемнымі
абдымкамі. Далёка на захадзе сонца хілілася да сну, і апошні прамень як жа
хуткалётнага дня ласкава марудзіў, разьвітваючыся з морам і пляжам, з гордым
узвышшам старога Хоўту, што спакон вякоў сьцеражэ воды заліву, і са скаламі
ўздоўж Сэндымаўнцкага берагу, пакрытымі морскімі водарасьцямі, і, наастатак,
хоць ня зь меншай увагай, са сьціплым касьцёлам, адкуль шапатлівым
струменьчыкам плылі малітвы да тае, якая прачыстым сваім зьзяньнем, як вечны
маяк, сьвеціць кіданаму у штормах чалавечаму сэрцу, — да Марыі, Морскай
Дзяньніцы
Тры сяброўкі сядзелі на надбярэжных
скалах, радуючыся вечароваму краявіду й морскаму ветрыку, які нёс ім прыемную,
яшчэ ня надта золкую сьвежасьць. Разоў ужо колькі заходзілі яны сюды, у свой
улюбёны закутак, каб утульна пагаманіць ускрай мігатлівых хваляў і справы свае
дзявочыя абмеркаваць, — Сісі Кэфры й Эда Бордман зь дзіцяткам у возіку, а зь
імі Томі й Джэкі Кэфры, два кучаравыя малышы ў матроскіх касьцюмчыках і
матроскіх шапачках, на якіх стаяў надпіс К. Я. В. ”Бэлайл”. Бо Томі й Джэкі
былі блізьнюкамі, большменш чатырох гадоў ад народзін, часамі дужа
надакучлівымі й распушчанымі, але пры ўсім гэтым мілымі малечамі зь вясёлымі сьветлымі
тварыкамі й заваблівымі паводзінамі. Яны поркаліся ў пяску са сваімі лапаткамі
й вядзерцамі, будуючы замкі дзіцячым звычаем, або гулялі вялікім каляровым
мячом, і шчасьцю іхняму не было канцакраю. А Эда Бордман тым часам калыхала ў
возіку пульхнашчокую малютку, і той малады джэнтльмэн ажно пыркаў ад
задаволенасьці. Яму было ўсяго адзінаццаць месяцаў і дзевяць дзён, зусім яшчэ
крышка, але ўжо пачынаў дудукаць першыя дзіцячыя словы. Сісі Кэфры пахілілася
над ім, каб паказытаць складкі на ягоным пульхным пузіку й малюпасенькую ямачку
ў падбародку.
— А ну, дзіцятка, — прамовіла Сісі
Кэфры, — скажы голасна: я хачу глыток вады.
І дзіцятка ўторыла ёй:
— Ая аю ію ады.
Сісі Кэфры прыхінула да сябе крышынку,
таму што яна страх як любіла дзіцянятак, і як жа цярплівая была, калі малеча
хварэла: Томі Кэфры занішто ня прыняў бы свае рыцыны, калі б Сісі Кэфры не
ўхапіла яго за нос і не паабяцала яму акрайца аржанага хлеба з салодкай
патакай. Якую ж моц угавору мела ў сабе гэтае дзяўчо! Але й малютка быў чыстым
золаткам, сапраўдным анёлкам у новым сьлінячку. А й Сісі Кэфры не была з
гатунку папсаваных прыгажуняў, як тая Флора МакФлімсі. Шчырае сэрцайка білася ў
ейных грудзях, усьмешка вечна гасьцявала ў цыганскіх вачох, а жартаўлівае слова
на вуснах, падобных на сьпелыя вішні; дзяўчо акружаў неадольны поваб. І Эда
Бордман засьмяялася разам зь ёю, пачуўшы дзівамову свайго малога браціка.
Але тут два кавалеры, юны Томі й юны
Джэкі наладзілі між сабою лёгкую спрэчку. Хлопцы — заўсёды хлопцы, і нашы блізьнюкі
зусім не былі выняткам з гэтага незварушнага правіла. Яблыкам нязгоды стаў
адзін замак, які збудаваў юны Томі, а юны Джэкі, маючы на ўвазе, што лепшае —
вораг добрага, памкнуўся ўнесьці ў яго архітэктурнае ўдасканаленьне ў выглядзе
парадных дзьвярэй, такіх як у вежы Мартэла. Томі быў упарты, але й Джэкі
аказаўся моцнай натурай, і, верны старой прымаўцы, што дом ірляндца — ягоная
цьвярдыня, ён кінуўся на зьнелюбелага суперніка з такой заўзятасьцю, што
няўдалы захопнік быў умомант разгромлены, а зь ім — як ні шкада! — сам прадмет
спору, замак. Ці ж трэба тут дадаваць, што выкрыкі пераможанага Томі не
пазьбеглі чуйнай увагі сябровак?
— Томі, зараз жа хадзі сюды! — строгім
голасам паклікала сястра. — Хутка сюды! А ты, Джэкі, як табе ня сорам, навошта
ты пакаціў Томі ў брудны пясок, бедачыну. Чакай жа, я табе дам бобу.
Томі, з вачанятамі заімглелымі ад
непралітых сьлёзаў, прыйшоў на ейны кліч, таму што слова старэйшай сястры было
законам для блізьнятаў. Пасьля тае сумнае прыгоды выгляд у яго быў жаласьлівы.
Матроска й штонікі былі ў яго скрозь у пяску, але Сісі здаўна была
неперавышанай у мастацтве палагоджваньня дробных жыцьцёвых нягодаў, і неўзабаве
на ягоным ахайным касьцюмчыку нельга было згледзець ні адной пяшчынкі. Аднак
блакітныя вачаняты ўсё яшчэ поўніліся гарачымі сьлязьмі, гатовымі праліцца ў
кожны момант, таму яна сцалавала зь іх крыўдачку й паківала пальцам нядобраму
Джэкі, і сказала, хай толькі яго схопіць, дык ён пабачыць, і паглядзела на яго
з папрокам.
— Абрыдлы неслух
Джэкі! — усклікнула яна.
Потым прыхінула да сябе малога марахода
й стала яго ласкава задобрываць:
— Як цябе завуць, мой пане? Сыр у сьмятане?
— Скажы нам, — умяшалася Эда Бордман, —
каго ты больш за ўсіх кахаеш? Ты Сісі больш за ўсіх кахаеш?
— Не—а, — прамовіў Томі празь сьлёзы.
— Тады, значыць, Эду? — пацікавілася Сісі.
— Не—а, — адказваў Томі.
— А я ведаю, — без асаблівай
здаволенасьці гадала Эда Бордман, хітравата косячы сваімі блізарукімі вачыма. —
Ведаю, каго Томі больш за ўсіх кахае, ён Герту кахае.
— Не—а, — сказаў Томі, яўна гатовы ўдарыць у плач.
Але Сісі зоркім мацярынскім чуцьцём
хутка адгадала, што тут ня ладзілася, і шапнула Эдзе, каб тая адвяла яго за
возік, дзе джэнтльмэн ня ўбачыць, і прыгледзела, каб ён не замачыў свае новыя
жарыя боцікі.
Але кім была Герта?
Герта МакДаўэл сядзела непадалёку сваіх
сябровак і, заглыбленая ў роздумы, глядзела кудысьці ў далеч. Нат самай буйнай
фантазіі цяжка было б намаляваць болей завабную праяву ірляндзкай дзявоцкасьці.
Усе знаёмыя ў адзін голас прызнавалі яе прыгажуняй, хоць і адзначалі часамі,
што яна пайшла болей у Гілтрапаў, чымсьці ў МакДаўэлаў. Фігура ў яе была
зграбнатонкая, магчыма, што нават крохкая, хоць таблеткі з жалезам, якія яна
стала апошнім часам прымаць, шмат ёй паправілі (у адрозьненьне ад пігулак Удавы
Ўэлч), паменшваючы тыя выцёкі, што здараліся раней, і здымаючы пачуцьцё
стамлёнасьці. Васковая бледнасьць яе аблічча была амаль незямная ў той чысьціні
слонавай косьці, а вусны ў сваёй антычнай дасканаласьці прыводзілі на згадку
ружавую покаўку й лук Купідона. Яе рукі са шчуплымі пальцамі былі як з
алебастру, прарэзанага сінімі жылкамі, і такой белі, якую толькі маглі прыдаць
лімонны сок і Крэм Каралевы, хоць злосным нагаворам было тое, быццам яна
накладала нанач лайкавыя пальчаткі й мыла малаком ногі. Аднойчы Бэрта Сапл
навыдумляла гэтага пра яе Эдзе Бордман, наўмысна нахлусіла, таму што ў той час
была з Гертай на нажох (безумоўна, і ў нашых сардэчных сябровак часчасам
прыдараюцца маленькія звадкі, як і ва ўсіх сьмяротнікаў) і яшчэ яна ёй сказала
каб тая ні за што на сьвеце ня выгаварылася хто ёй сказаў бо йначай яна ніколі
зь ёю ня будзе размаўляць. Ды не. Кожнаму па заслугах. У Герты была прыроджаная
вытанчанасьць, нейкая млявая hauteur, нават нешта каралеўскае, у чым не пакідалі ніякага
сумліву далікатныя лініі ейных рук і ступня з высокім пад’ёмам. І калі б толькі
добры лёс дазволіў ёй нарадзіцца ў шляхотнай сям’і й атрымаць даброты
рафінаванага ўзгадаваньня й адукацыі, Герта МакДаўэл лёгка магла б паставіцца
ўпоравень зь любой дамай ва ўсёй краіне і ўбачыць сябе ў густоўных строях, з
дыядэмай на чале, і процьма высакародных прыхільнікаў рупліва спаборнічала б за
гонар апынуцца ля яе ступняў. Можа быць, менавіта яно, магчымае й
нязьдзейсненае каханьне, і было прычынай, што яе мяккія абрысы набывалі часам
нейкі напружаны выраз, поўны таемнага значэньня, і яе дзівосныя вочы смужыліся
чароўнаю тугою, перад якой усе карыліся. Адкуль такая чаравальная моц у жаночых
вачох? У Герты яны зьзялі найблакітным ірляндзкім блакітам, адцененыя
праменнымі вейкамі й цёмнымі выразнымі бровамі. Быў час, што тыя бровы не былі
так спакусьлівашаўковістыя. Гэта мадам Вэра Вэраеты з старонак свайго Куточка
Красы ў ”Навінах Прынцэсы” ўпершыню дала ёй параду паспрабаваць фарбку для
броваў, якая надае вашым вачом той загадкавы выгляд, так павабны ў каралеваў
моды, і Гэрта ніколі таго не пашкадавала. Потым там яшчэ быў навуковы сродак як
перастаць чырванець і як стаць высокай павялічце ваш рост і ваш тварык прыгожы
але што з вашым носікам? Гэтае апошняе прыдалося б місіс Дыгнам, у яе такі
пляскач. Але вянком для хвалы Герты былі яе пышныя валасы. Цёмнакаштанавыя, ад
прыроды лёгка хвалістыя. Яна падстрыгла іх якраз сёньня ранкам, з увагі на
маладзік, і яны мірыядамі раскошных пасмачак атачалі яе гожую галоўку. Заадно
яна падрэзала й пазногці, у чацьвер на багацьце. І цяпер, калі ад Эдзіных слоў
яе шчокі засьвяціліся румянцам, далікатным і лёгкім, як пялёсткі ружы, яна была
такая панадная ў сваёй мілай дзявочай сарамяжлівасьці, што, можна ўпэўнена
заявіць, ва ўсёй апекаванай Богам краіне Ірляндыі ёй не знайшлося б роўнай.
Хвілінку якую яна яшчэ сядзела моўчкі,
апусьціўшы засмучоныя вочы. Яна зьбіралася адказаць, але штосьці стрымала словы
на самым кончыку языка. Ахвота хіліла яе адазвацца, але годнасьць прымушала
змаўчаць. Гожыя вусны зьлегку выпучыліся, але тут яна падняла вочы й
расьсьмяялася вясёлым сьмехам, сьвежым, як травеньскі сьвітанак. Яна добра
ведала, каму ж бы ведаць лепш, чаму гэтая касавокая Эда так сказала: бо ён
ахалодаў да яе толькі на выгляд, а ў сапраўднасьці гэта было так, калі
закаханыя спрачаюцца. Як заўсёды, камусьці было не да носа, што хлопец, які мае
ровар, безупынна езьдзіць туды й назад у Гэрты пад вокнамі. Але цяпер бацька
сказаў яму сядзець дома й налягчы на прадметы, каб атрымаць узнагароду на
экзаменах, а потым, пасьля школы, ён хацеў паступіць у каледж Трыніты вучыцца
на лекара, як і ягоны брат У. І. Уайлі, які выступаў на унівэрсытэцкіх
раваровых гонках. Магчыма, ён няшмат дбаў пра тое, што яна адчувала, пра той
шчымлівы боль і пустку, якія часамі праціналі ейнае сэрца навылёт. Але ён яшчэ
быў малады й, мабыць, з часам мог бы навучыцца яе кахаць. Ён быў з
пратэстанцкай сям’і, а Герта, вядома, ведала, Хто йшоў першым, а за Ім
Бласлаўлёная Дзева, і далей Сьвяты Язэп. А ў яго была несумненна прыстойная
пастава, прыгожы нос, і прытым ён быў сапраўдным джэнтльмэнам у кожнай цалі,
ужо сам абрыс галавы выдаваў нешта нязвыклае, яна заўсёды распазнала б, і
асабліва відаць ззаду, калі ён бяз шапкі, і прытым ён так спрытна, не
трымаючыся за руль, паварочваў сваім роварам каля ліхтарнага слупа, і ягоныя
дарагія цыгарэты так прыемна пахлі, а звыш таго яны адно аднаму пасавалі
ростам, дык вось чаму Эда Бордман думала, што яна такая ўжо спрытная, таму што
перад яе мізэрным садочкам ён і не зьбіраўся езьдзіць.
Герта была апранутая проста, але зь
беспамылковым густам вернападданых Пані Моды, бо няясна прадчувала, што сёньня
можа прыдарыцца шанц сустрэць яго. Спраўная блюзка колеру электрык, якую яна
сама пафарбавала патэнтаваным фарбавальнікам (калі ”Дамскі Кругагляд”
прадказаў, што электрык неўзабаве ўвойдзе ў моду), з эфэктоўным вузкім выразам
да выемкі й з кішэнькай на хустачку (але хустачка псавала б лінію, і Герта
заўсёды там трымала ватку, напахнёную яе ўлюбёнай парфумай), і цёмнасіняя
спадніца з разрэзам даўжынёю ў тры чвэрці цудоўна падкрэсьлівалі яе гнуткую
зграбную фігурку. На ёй быў какетлівы капялюшык з чорнай саломкі шырокага заплёту,
кантрастна абрамлены спадысподу жаўтляваблакітнай сінельлю, а збоку аздоблены
кукардкай таго ж колеру. На гэтую сінель яна палявала ў мінулы аўторак ледзь не
паўдня, пакуль наастатак не знайшла на летнім распродажы ў Клэры дакладна тое,
што трэба, сплёт пасьпеў у крамцы ўжо трохі прыбрудзіцца, але на выгляд зусім
не відаць, па два шылінгі адзін пэнс за локаць. Потым яна прыладзіла ўсё гэта
сваімі рукамі, і колькі было радасьці, калі яна прымерыла яго і ўсьміхнулася
цудоўнаму адбіцьцю, якое ахвяравала ёй люстра! І, нацягнуўшы яго на вялікі
кубак, каб ня страціў формы, яна ўжо ведала, што некаторым знаёмым асобам
давядзецца спусьціць са свае пыхі. Яе пантофлікі былі апошняй навінкай моды
(Эда Бордман страшна фанабэрылася, што ў яе зусім petite, але такой
ножкі, як у Гэрты, пяцёркі, у яе не было і ня будзе, колькі сьвет патрывае), з
наскамі з натуральнай скуры, і з элегантнай спражкай на высока выгнутым
пад’ёме. Яе спаднічка адкрывала абточаныя шчыкалаткі дасканалых прапорцый, а
зграбныя лыткі, абцягнутыя тонкімі панчохамі з ушчыльненымі пяткамі й шырокімі
закладкамі для падвязак, былі відаць столькі якраз, колькі й належыла. Што да
сподняга, дык Герта клапацілася пра яго больш за ўсё, і ці хтонебудзь з тых,
хто зьведаў трымклівасьць надзеяў і боязяў салодкай сямнаццатай вясны (хоць
сваю сямнаццатую Герта ўжо разьвітала дарэшты), знойдзе ў сваім сэрцы папрок
для яе? У яе былі чатыры шыкоўныя камплекты з надзвычайнай мярэжнай абшыўкай,
кожны з трох частак плюс начная кашуля, і пры кожным стужкі іншага колеру,
ружовага, блакітнага, лілёвага й салатнага, і калі яны вярталіся дадому з
пральні, яна сама іх падсушвала й падсіньвала й прасавала ў яе была такая цэгла
пад прас таму што яна тым прачкам не давярала бо бачыла колькі рэчаў яны
марнуюць. Яна апранула сіняе на шчасьце, пестуючы безнадзейную надзею, гэта быў
яе колер, і прытым колер шчасьлівы для нарачонай, калі на ёй ёсьць штосьці
сіняе, бо ў той дзень калі яна апранула зялёнае дык выйшла на няшчасьце бо
бацька прымусіў яго сядзець дома займацца дзеля тае ўзнагароды і таму што яна
падумала можа быць сёньня ён усёткі выйдзе бо калі яна апраналася яна ледзь не
надзела тыя старыя навыварат а гэта якраз на шчасьце й на сустрэчу закаханых
калі ты надзенеш навыварат або калі стужкі разьвяжуцца значыць ён пра цябе
падумаў адно каб дзень ня быў пятніцай.
Ды аднак жа! Аднак жа! Тая напружанасьць
у ейных рысах! Як быццам іх разьядае неадступны смутак. Усю яе душу відаць у
ейных вачох, і, здаецца, яна аддала б усё на сьвеце, каб апынуцца цяпер у
інтымнай утульнасьці свайго пакойчыку й, даўшы волю сьлёзам, папусьціць
зацугляным пачуцьцям і добра выплакацца. Але каб не занадта, таму што яна
зразумела перад люстрам як трэба плакаць прыгожа. І люстра сказала, ты, Герта,
павабная. Кволае вечаровае сьвятло праліваецца на яе тварык, невыказна сумны й
задумёны. Дарэмна тужыць Герта МакДаўэл. Так, яна з самога пачатку ведала, што
яе мары пра замужжа ня збудуцца, і не зазвоняць вясельныя званы для місіс Рэгі
Ўайлі, К. Т. Д. (таму што місіс Уайлі будзе тая, зь якою ажэніцца старэйшы
брат), і ў сьвецкай хроніцы ня зьяўляцца радкі пра тое, што місіс Гертруда
Ўайлі была ў раскошным туалеце шэрага адценьня з дарагой футравай аправай зь
сіняга ліса. Ён замалады, каб зразумець. Ён наўрад ці здольны верыць у
каханьне, гэта жаночая доля. Таго даўняга вечару, на забаве ў Стора (ён яшчэ
тады хадзіў у кароткіх штоніках), калі яны апынуліся самі, ён крадком абняў яе
талію, і яна ўся пабялела як крэйда. Дзіўна асіплым голасам ён назваў яе
малюткай і хутка, мімалётам, пацалаваў (яе першы пацалунак!), але выйшла толькі
ў сам кончык носа, і сьпешліва выйшаў з пакою, кінуўшы нейкую заўвагу наконт
асьвяжальных напояў. Нейкі запальчывец! Сіла характару ніколі не была моцным
бокам Рэгі Ўайлі, а той, хто запаланіў бы й скарыў Герту МакДаўэл, безумоўна,
павінен быць сапраўдным мужчынам. Але чакаць, усё чакаць, пакуль папросяць твае
рукі, а тут якраз год быў высакосны, які, глядзі, неўзабаве мінецца. Не, яе
ідэал каханага — не чароўны прынц, які ўскладае ля ейных ступняў цудоўны й
рэдкі дарунак свайго каханьня, але хутчэй мужчына загартаваны, непарушны й
моцны, якому не пашчасьціла сустрэць свой ідэал, можа быць, ягоныя скроні
прыпарушыла сівізна, і ён зразумеў бы яе, укрыў бы ў сваіх апякунчых абдымках,
прыцягнуў бы яе да сябе ўсёй сілай сваёй глыбока страснай натуры й зьліўся б зь
ёю ў несканчона доўгім пацалунку. Гэта было б нешта нябеснае. Вось пра каго яна
мроіць ў гэты лагодны летні вечар. Усім сваім сэрцам яна прагне стаць ягонай
адзінай, зашлюбёнай яму на долю й нядолю, на нямогласьць і на здароўе, пакуль
не разлучыць нас сьмерць, ад сёньня да скону дзён.
І калі Эда Бордман была з малым Томі за
возікам, яна раздумвала пра тое, ці прыйдзе той дзень, калі яна зможа назваць
сябе ягонай будучай жоначкай. А тады ўжо хай яны пляткараць пра яе ажно да
зьнямогі, і Бэрта Сапл, і Эда, якая так зласьлівіць, таму што ёй у лістападзе
стукне ўжо дваццаць два. Яна б клапацілася пра яго, стварыла б яму ўсе магчымыя
выгоды, бо Герта была пажаноцку мудрая й ведала, што кожны мужчына любіць хатнюю
ўтульнасьць. Яе аладкі, парумянелыя да залацістакарычневай барвы, і пудынг
каралевы Анны, на смак і пах як сьвежая сьмятана, выклікалі шумныя пахвалы,
таму што ў яе была лёгкая рука запальваць агонь, значыць, засыпаеш тонкую муку
з сухімі дрожджамі й круціш ўвесь час у адзін бок, потым малако й цукар й добра
ўзьбітыя бялкі хоць калі даходзіла да ежы ёй было няёмка пры людзях і думала як
шкада што нельга харчавацца чымсьці паэтычным фіялкамі або ружамі ды яна б
прыгожа абставіла іхнюю гасьцёўню там былі б усялякія карціны гравюры й
фатаграфія сабачкі Гарыоўна дзядулі Гілтрапа ён быў амаль як чалавек здавалася
б возьме й загаворыць і на фатэлях узорыстыя паркалёвыя чахлы й срэбны тостар
якія бываюць у багатых дамох яна бачыла такі на распродажы ў Клэры. Ён будзе
высокі, шыракаплечы (яна заўсёды марыла, каб муж быў высокі), зь белазубай
усьмешкай пад прыгожа прыстрыжанымі вусамі, і яны паедуць на кантынэнт, каб там
правесьці свой мядовы месяц (тры хмяльныя тыдні!), а пасьля, калі яны
абсталююць сабе ўтульнае гнязьдзечка, гэткі малюткі мілюткі домік, дык кожнае
раніцы будуць сьнедаць супольна, гэта будзе просты, але беззаганна пададзены
сьняданак, і толькі яны самі абое, і выходзячы на службу ён моцна абніме сваю
мілую жоначку й на хвіліну загляне ў тонь яе вачэй.
Эда Бордман спыталася ў Томі Кэфры, ці
ён ужо ўсё зрабіў, ён сказаў так, тады яна зашпіліла яму штонікі й сказала, каб
ён бег гуляць з Джэкі, толькі хай яны абодва будуць цяпер слухмянымі й ня
б’юцца. Але Томі сказаў, што хоча мячык, а Эда адказала нельга, мячыкам
забаўляецца маленькі й калі ў яго забраць, зараз пачнуцца гучнасьпевы, але Томі
сказаў не, гэта ягоны мячык, і ён хоча свой мячык, і тупнуў ножкай. Гляньце на
яго! Ну й характар! Так, ён ужо быў мужчынам, гэты малюткі Томі, ледзь вылезшы
зь пялёнак. Але Эда адказала яму не, не дый не, і няхай ён перастане, і сказала
Сісі, каб тая яму не ўступала.
— А ты мне не сястра, — сказаў неслух
Томі. — Я хачу мой мячык.
І тут Сісі Кэфры сказала малечы Бордману
лянь сюды, лянь на мой пальчык, а сама хуткім рухам выхапіла мяч і пакаціла яго
па пяску, і Томі, дабіўшыся перамогі, кінуўся за ім з усіх ног.
— Усё дзеля спакойнага жыцьця, — засьмяялася Сісі.
І яна паказытала крышынцы пульхныя
шчочкі, каб ён хутчэй забыўся, і давай зь ім гуляць у сарокаварона кашку варыла,
таму дала, і таму дала, і таму дала, а самаму маленькаму нічога не пакінула й
пырр паляцела. Але тут Эда пеканула яе асою, што вось так ён і заўсёды чвэрыць,
бо ўсе яму патураюць.
— Вось яшчэ пабачыце, — паабяцала яна, —
я яму яшчэ сыпану ў адно месца, не скажу тут якое.
— У пупудупу, — весела расьсьмяялася Сісі.
Герта МакДаўэл апусьціла галаву й густа
пачырванела, падумаўшы, што Сісі ўжывае недапушчальныя паненцы выразы, якія яна
сама не ўжыла б ні за што на сьвеце, лепш бы згарэла ад сораму, а Эда Бордман
сказала, што той джэнтльмэн поблізу напэўна ўсё чуў. Але Сіс гэта не кранула ні
на ёту.
— Ну й хай сабе! — усклікнула яна,
дзёрзка трасянуўшы галоўкай і гарэзьліва зморшчыўшы носік. — Можна заадно й яму
па тым самым месцы, у мяне гэта хутка.
Шалёная Сіс з мурынскімі кудзеркамі.
Часам зь ёю нарагочасься да ўмору. Прыкладам, скажа, ты папі гарбаты, а я сады
з вокам, або калі намалюе чырвоным на сваіх пазногцях, на адным збанок, на
другім мужчынскую фізіяномію, усе лопаюць, або калі ёй захочацца ў адно месца,
яна кажа, мне трэба нанесьці візыт міс Сцыс. Вось такая яна, Сцысі. Вой, а ці ж
можна забыць той вечар, калі яна надзела на сябе бацькавы гарнітур і капялюх,
падмалявала паленым коркам вусы й з цыгарэткай пайшла шпацыраваць па Трайтанвілроўд!
У жартах ніхто ёй не дакажа. Але пры ўсім гэтым — сама шчырасьць, адно з самых
мужных і верных сэрцаў, якія Бог стварыў, нічога з тых двухаблічных
стварэньняў, што занадта далікатныя для чыстасардэчнасьці.
І тут у паветры загучалі сьпевы й
арганны гімн. Гэта дзейсьніліся ружанец, казаньне й пасьвячэньне Сьвятых Дароў
у прытулку цьвярозасьці для мужчынаў, якім кіраваў місыянэр, правялебны Джон
Х’юз, Т. І. Яны там сабраліся супольна, не зважаючы на розьніцы грамадзкага
стану (і гэта было надзвычай павучальнае гледзішча), у той сьціплай сьвятыні на
беразе хваляў, вынесеныя бурамі гэтага сьвету, і прыпадалі да ступняў
Прачыстай, чыталі малітву Божай Маці Лярэцкай, благаючы ейнага заступніцтва
тымі спрадвечнымі, так знаёмымі словамі, сьвятая Марыя, сьвятая й прачыстая
дзева. Якім жа смуткам адгукаліся тыя малітвы ў вушах Герты! Калі б толькі яе
бацька вырваўся з кіпцюроў зялёнага зьмея, з дапамогай урачыстага абяцаньня або
тых парашкоў, пра якія пісалі ў ”Пірсанс Уіклі”, што яны вылечваюць ад п’янага
насланьня, яна б езьдзіла цяпер уласнай карэтай, ня горш за кожную іншую. Яна
паўтарала сабе гэта разпораз і без упыну, седзячы ў глыбокім задуменьні ля
прыгаслага камінка, не запальваючы лямпы, бо не цярпела двайнога сьвятла, або
мройна раздумваючы цэлымі гадзінамі, спаглядаючы з ваконца на тое, як дождж
цубаніць у паржавелы бак на сьмецьце. Але той гідкі вывар, што зруйнаваў такое
мноства дамоў і сем’яў, кінуў цень і на яе дзіцячыя гады. На жаль, ёй нават
давялося быць сьведкай буянства, чыненага ад нестрыманасьці, і бачыць, як яе
ўласны бацька, апантаны загубнымі парамі, зусім забываў сябе, бо Герта цьвёрда
ведала адно: калі мужчына кранае жанчыну сваёй рукой іначай, чымсьці з дабрынёй
і лагодай, ён варты званьня самага нізкага нягодніка.
Галасы працягвалі сьпевы мальбы да Дзевы
ўсёмагутнай, да Дзевы міласэрнай. А Герта, ахінутая сваімі думамі, амаль ня
бачыла й ня чула ні сваіх сябровак, ні гульлівых хлапчанят, ні джэнтльмэна, які
зьявіўся з боку Сэндымаўнт Грын, — Сісі сказала, што ён падобны на бацьку, — і
шпацыраваў уздоўж берагу. На людзях яго наагул ня ўбачыш пад хмяльком, але ўсё
ж ён ёй не падабаўся як бацька, можа, таму, што быў застары, або яшчэ чамусьці,
або з увагі на гэты твар (тут яўна быў выпадак доктара Фэла), ці на той
прышчаты бугрысты нос, ці на тыя палінялыя вусы, ужо пабялелыя пад носам. Бедны
бацька! Пры ўсіх ягоных заганах яна любіла, калі ён сьпяваў ”Скажы мне, Мэры,
як здабыць тваё сэрца” і ”Мая хатка й каханьне ля Рашэль” і на вячэру былі
тушаныя малюскі й салатка пад маянэзам і калі ён сьпяваў ”Месяц узышоў на неба”
зь містэрам Дыгнамам, які так раптоўна памёр і быў пахаваны, памілуй, Госпадзе,
ягоную душу, ад удару. Гэта было ў дзень нараджэньня мамы, Чарлі быў дома на
вакацыях, і Том, і містэр Дыгнам з жонкай, і Пэтсі й Фрэды Дыгнам, і яны ўсе
разам сфатаграфаваліся. Нікому і ў галаву не прыйшло, што канец такі блізкі. А
цяпер ён спачывае ў магіле. А мама сказала хай гэта будзе яму папярэджаньнем да
канца ягоных дзён а ён нават на паховіны ня мог пайсьці праз сваю падагру й яна
мусіла схадзіць у горад прынесьці яму з працы лісты і ўзоры лінолеуму Кэтсбі,
мастацкі малюнак, варты нават у палацах, ніколі ня сходзіцца, і ў доме заўсёды
весела й сьветла.
Герта была не дачка, а сапраўдны скарб,
быццам другая маці ў сям’і, быццам анёлахоўнік, залатое сэрцайка. Калі ў маці
прыходзілі тыя жахотныя мігрэні, ажно галаву расколвала, хто ж як ня Герта
заўсёды націраў ёй лоб мэнтолавай палачкай, хоць ёй і не падабалася, што маці
нюхае табаку, і гэта было адноаднюткае, ад чаго ў іх узьнікалі спрэчкі, нюхаць
табаку. Усе выхвальвалі яе пад нябёсы за ветлівыя адносіны да іншых. Менавіта
Герта заўсёды адключала газ нанач, і Герта павесіла на сьценцы ў адным месцы,
дзе яна не забывалася пасыпаць хлёркай кожныя два тыдні, каляндар з абразком
”Ідылічныя дні”, што ім падараваў містэр Тані, цукернік. На тым абразку малады
джэнтльмэн, апрануты пад тадышнюю моду, у дзівотным капелюшы, ахвяроўваў сваёй
даме сэрца букет кветак праз ваконныя краты, з галянтнай манэрай тае колішняе
часіны. Адразу відаць, што за гэтым нейкая гісторыя. І як прыгожа зладжаныя
колеры! Яна ў белым з аблеглай мяккай тканіны, у далікатнай позе, а кавалер у
строі шакаляднага колеру, арыстакрат да апошняе рысачкі. Часта, заходзячы туды
дзеля вядомай прычыны, яна задумліва спаглядала на іх і, падкасаўшы рукавы,
краналася ўласных рук, белых і мяккіх, як у той, і раздумвала пра тую часіну
таму што яна адшукала ў слоўніку вымаўленьня Ўокэра які застаўся ад дзядулі
Гілтрапа што значыць ідылічны.
Блізьнюкі цяпер гулялі самым братэрскім
і вартым пахвалы чынам, да таго часу, калі юны Джэкі, які й на самай справе быў
неўгамонны шалапут, ад гэтага нікуды не ўцячэш, знарокам ударыў мяч нагой з
усяе моцы ў кірунку аброслых водарасьцямі скалаў. Ясная справа, што бедны Томі
адразу выказаў гарачае абурэньне, але, на шчасьце, джэнтльмэн у чорным, які
сядзеў там у самоце, адважна кінуўся на ратунак і перахапіў мяч. Абодва
супернікі зь вялікім гамам запатрабавалі сваю ўлюбёную цацку назад, і, каб
пазьбегчы далейшых ускладненьняў, Сісі Кэфры зьвярнулася да таго джэнтльмэна,
кіньце яго мне, калі ласка. Джэнтльмэн прыцэліўся мячом раз і другі й пусьціў
яго па пяску ў кірунку Сісі, але ён адкаціўся па спадзе й запыніўся ля малой
калюжыны пры скале, якраз пад спадніцай Герты. Блізьнюкі зноўку ўсчалі гоман, і
Сісі папрасіла таўхануць яго да іх, хай сабе за яго змагаюцца, дык Герта адвяла
ножку, хоць ёй жадалася, каб той дурнаваты мячык ня скочваўся да яе, і спрабавала
ўдарыць па ім, але схібіла, і Эда зь Сісі расьсьмяяліся.
— Раз ня выйшла, паспрабуй другі, — сказала Эда Бордман.
Герта ўсьміхнулася ў знак згоды й
прыкусіла губку. Яе шчокі пацягнуліся далікатным ружам, але яна пастанавіла ім
паказаць і таму падцягнула трохі спаднічку, няшмат, але так, каб ня вадзіла, і,
добра прыцэліўшыся, шпарка смальнула мяч, так што ён адляцеў далёкадалёка, а
абодва блізьнюкі далі цягу за ім уніз па гальцы. Вядома, гэта была чыстая
зайздрасьць, адно каб зьвярнуць увагу джэнтльмэна, які назіраў наводдаль. Яна
адчула, як хлынуў гарачы румянец і палыхнуў на ейных шчоках, а гэта заўжды быў
сыгнал трывогі ў Герты МакДаўэл. Дагэтуль яны абмяняліся паглядамі чыста
выпадковага характару, але цяпер яна рызыкнула паглядзець даўжэй зпад свайго
новага капялюшыка, і той твар, што стрэў яе позірк у летнім сутоньні, падаўся
ёй бледным і дзіўна напружаным, з адбіткам самоты, яшчэ ніколі ёю ня бачанай.
Праз адчыненыя вокны касьцёла выплывалі
кадзільныя духмянасьці, і разам зь імі духмяныя ймёны тае, што была зачатая бяз
плямы першароднага грэху, судзіна духоўная, маліся за нас, судзіна дастойная,
маліся за нас, судзіна невымоўнай набожнасьці, маліся за нас, о таемная ружа. І
былі там нядоляй прыгнечаныя сэрцы, і гаротнікі, што гарбеюць дзеля хлеба
надзённага, і шматлікія, што блудзілі ды ў аблуду ўвайшлі, і вочы іхнія
абмываліся вільгацьцю скрухі, але разам з тым і ясьнелі надзеяй, бо паведаў ім
правялебны айцец Х’юз тое, што сказаў Бэрнард, вялікі сьвяты, у сваёй славутай
мальбе да Марыі: Прачыстая Дзева ўладу заступніцтва трымае, і не чувана
спрадвеку ніколі, каб яна пакінула бяз долі тых, што ейнай магутнай абароны
благалі.
Блізьнюкі зноўку бестурботна
гарэзьнічалі, бо ж прыкрасьці дзяцінства так мімалётныя, як летнія дожджыкі.
Сісі забаўляла малютку Бордмана, ажно той кігікаў ад уцехі, пляскаючы ў дзіцячыя
далонькі ў паветры. Куку! усклікала яна зза будкі возіка, а Эда пыталася, а
куды ж дзелася наша Сісі, і тады яна раптам выстаўляла галаву й гукала: га!, а
той маленькі чалавечак, кажу вам, увесь лекацеў ад захапленьня. А потым яна
стала прасіць яго: скажы тата.
— Скажы тата, малютка. Скажы та та та та та та та.
І малютка стараўся як мог, бо ўсе
казалі, што дзіцянё дужа разумнае было, як на свае адзінаццаць месяцаў, і такое
вялізьненькае, здаровенькае, такі каханюткі камячок, і ўсе без ваганьня
прызнавалі, што вырасьце зь яго нехта значны.
— Ая я я ая.
Сісі выцерла яму роцік сьлінячком і
хацела яго пасадзіць пасапраўднаму, і каб гаварыў та та та, але як толькі яна
яго расшпіліла, так і войкнула, сьвяты Дыянізі, ён жа мокры да нітачкі, трэба
хутчэй перавярнуць пад ім падвойны пледзік другім бокам. Вядома ж, ягоная
немаўлячая вялікасьць упарцілася як магла супроць гэтых туалетных працэдураў,
што й давяла да агульнага ведама:
— Уааа куаааакуааа уаааа.
І дзьве вялікія круглыя чароўныя
сьлязіны пакаціліся долу па ягоных шчочках. Дарма было супакойваць яго, ну чаго
ты, чаго ты, малютка, ці гаварыць яму пра гаўгаў або пырпыр, але Сіс,
вынаходлівая як заўжды, сунула яму ў роцік бутэлечку з соскай, і малады паганін
неўзабаўку суняўся.
Герта маліла вышэйшую сілу, каб яны
хутчэй забралі дахаты сваё пісклівае дзіцятка, ня дзейнічала б на нэрвы,
зрэшты, і гадзіна была ўжо позьняя, а разам зь ім і тую блізьнячую бахурню. Яна
спазірала ў морскую далеч. Від нагадваў ёй абразкі, якія вулічны мастак маляваў
каляровымі крэйдамі на ходніку, як шкада, што яны там застануцца і ўсе
сатруцца, вечар, плывуць аблокі, і маяк Бэйлі на Хоўце, а ты вось слухаеш
музыку й даносіцца пах кадзідла, што яны паляць у касьцёле, духмяны струмень. І
калі яна так сузірала, сэрцайка ейнае зайшлося трапятаньнем. Так, гэта на яе
менавіта ён глядзеў, і ў позірку ягоным было неразгаданае значэньне. Ягоныя
вочы апякалі яе, як быццам хацелі пранізаць яе навылёт, прачытаць тайну ейнай
душы. Яны былі цудоўныя, тыя вочы, незвычайна вымоўныя, але ці можна было
даверыцца ім? Людзі бываюць такія дзівотныя. Яна адразу зразумела, што ён
чужаземец, у яго былі цёмныя вочы й бледнае разумнае аблічча, жывая фатаграфія
Марціна Харві, моднага актора, калі б ня тыя вусы, але яны ёй заўсёды
падабаліся, бо яна не звар’яцела ад тэатру, як Уіні Рыпінгам, якая нават
прапанавала, каб яны абедзьве аднолькава апраналіся, таму што так у п’есе, але
зь яе месца нельга было ўгледзець, які ў яго нос, арліны ці, можа, зьлёгку retroussé. Ён быў у жалобе, гэта яна таксама адразу заўважыла, і
на ягоным твары была адлюстраваная аповесьць смутку й пакуты. Яна б аддала ўсё
на сьвеце, каб толькі дазнацца, якая была дзеля гэтага прычына. Ягоны пагляд
быў такі пільны, неадрыўны, і ён бачыў, як яна ўдарыла па мячу, так што,
мабыць, мог згледзець і бліскучыя сталёвыя спражкі на пантофліках, калі яна
будзе ў задумёнасьці пакалыхваць імі вось так, наскамі ўніз. Яна была
задаволеная, што прадчуваньне падказала ёй апрануць гэтыя празрыстыя панчохі,
тады быў подум, што ёй можа сустрэцца Рэгі Ўайлі, але цяпер усё гэта ўжо ў
мінулым. Перад ёю быў той, пра каго яна гэтулькі марыла. Толькі ён цяпер меў
значэньне, і радасьць была на яе абліччы, таму што яна інстынктыўна адчувала,
што ён і ёсьць той яе непаўторны. Усім сваім дзявоцкажаноцкім сэрцам яна
імкнулася да яго, да нарачонага сваіх мрояў, бо ў адно імгненьне яна зразумела,
што гэта якраз ён. І калі ён пакутаваў, калі перад іншымі ня быў так грэшны, як
іншыя перад ім, і калі б нават, калі б нават ён сам быў грэшнікам, злым
чалавекам, гэта яе не спыніла б. Калі нават ён пратэстант або мэтадыст, яна
лёгка яго перахрысьціць, калі толькі ён шчыра яе пакахае. Бываюць раны, якія
выгаіць можа толькі бальзам сэрца. Яна была сапраўднай жанчынай, не такой, як
цяперашнія ветрагоньніцы бязь сьледу жаноцкасьці, якіх ён ведаў да гэтага часу,
як тыя раварысткі, у якіх усё напаказ, чаго ў іх няма, і яна горача прагнула даведацца
ўсяго, прабачыць усё, калі б толькі здолела яго закахаць у сябе, прымусіць яго
забыцца пра мінулае. І тады, мажліва, ён далікатна абняў бы яе й, як сапраўдны
мужчына, моцна прытуліў бы да сябе яе гнуткае цела, і кахаў бы яе дзеля яе
самой, сваё адзінае дзяўчо.
Прыстанішча грэшнікаў. Суцяшальніца
засмучоных. Ora pro nobis. Слушна сказана было, што той, хто моліцца да яе зь верай і настойлівасьцю, ніколі ня будзе пакінуты або адрынуты; і слушна называюць яе прыстанішчам і прытулкам гаротных, бо ў яе самое сэрца пранізалі сем бедаў. Герта жыва ўяўляла сабе ўсю сцэну ў касьцёле, расьсьветленыя вітражы ў вокнах, сьвечкі, кветкі й блакітныя харугвы брацтва Багаслаўлёнай Дзевы, а пры алтары айцец Конрай дапамагае каноніку О’Ханлану, прыносіць і адносіць розныя рэчы, апусьціўшы вочы долу. Ён выглядаў амаль як сьвяты, і ў ягонай спавядальні заўсёды было так ціха й чыста й цемнавата, і рукі ў яго зусім як белы воск, а калі б яна калінебудзь стала дамініканскай сястрой у тым іхнім белым убраньні, то, можа, ён прыходзіў бы ў манастыр на навэну сьвятога Дамініка. Таго разу, калі яна сказала яму на споведзі, што ў яе тое, і пачырванелася па самыя вушы са страху, што ён гляне на яе, ён ёй сказаў, каб яна не турбавалася, гэта быў папросту голас прыроды, і ўсе мы падуладныя законам прыроды ў нашым зямным жыцьці й няма ў тым аніякага грэху бо гэта паходзіць ад жаночай натуры ўстаноўленай Богам так ён сказаў і нават наша Багаслаўлёная Дзева сказала арханёлу Габрыелю хай тое будзе са мною паводле Твайго Слова. Ён быў такі добры, такі набожны, што яна частачаста думала й абдумвала, ці не зрабіць яму падарунак, покрыўку на імбрычак, абшытую рушам, з вышытым квяцістым узорам, або гадзіньнік, хоць гадзіньнік у іх быў, яна яго бачыла на камінкавай паліцы, белазалацісты з канарэйкай, якая выскоквае са свае маленькае хаткі абвясьціць гадзіну, гэта было тады, калі яна зайшла наконт кветак дзеля саракагадзіннага пакланеньня, бо ж нялёгка выбраць падарунак, можа, альбом з каляровымі відамі Дубліну або яшчэ нейкіх іншых мясьцінаў.
Тыя невыносныя вісусыблізьнюкі зноў усчалі сварку, Джэкі шпурнуў мяч у бок мора, і яны абодва памчалі за ім. Малыя малпяняты, надакучылі як горкая рэдзька. Хтосьці павінен прыглянуць
за імі й добра іх адлупцаваць, каб ведалі сваё месца, абодва. А Сісі й Эда
пачалі крычаць за імі, каб яны вярталіся, бо збаяліся, што нахлыне прыліў і яны
патопяцца.
— Джэкі! Томі!
А дзе там! І ў галаву таго ня бралі!
Тады Сісі заявіла, што ўзяла іх з сабою самы апошні раз. Яна падхапілася й, аклікаючы
іх далей, кінулася бегма па схіле, прабягаючы каля яго, адкідваючы валасы,
колерам яны былі ніштаватыя, калі б толькі даўжэйшыя, але што б яна ў іх ні
ўцірала, ня будзем тут таго называць, яны ні трохі не расьлі, бо такія ўжо
былі, так што ёй засталося адно махнуць рукой на іх ды плюнуць. Яна бегла, пабусьлінаму
цупаючы нагамі, ажно дзіва брала, як ёй спадніца ня лопала ў тым месцы, дзе
звужвалася, зухаватая й порсткая штука была зь яе, з тае Сісі Кэфры, калі
толькі згледзела зручную нагоду пафарсіць, а бегаць то яна ўмела, таму й ляцела
вось так, каб ён мог убачыць, як задзіраецца падол яе ніжняй спадніцы й
агаляюцца як мага ейныя касьцістыя хадулі. Было б вельмі дарэчы, калі б яна
выпадкованаўмысна чапіла нешта тымі высознымі гнутымі францускімі абцасамі, усё
хоча выглядаць вышэйшай, ды акуратна грымнула на зямлю. Tableau! Вось быў бы чароўны абразок, мужчына мог бы паўзірацца.
Каралева анёлаў, каралева патрыярхаў,
каралева прарокаў і ўсіх сьвятых, каралева найсьвяцейшага ружанца, маліліся
яны, а потым айцец Конрай перадаў кадзільніцу каноніку О’Ханлану, і той,
паклаўшы туды кадзідла, акадзіў Сьвятыя Дары, а Сісі Кэфры схапіла блізьнюкоў і
ажно ёй рукі сьвярбелі, каб надаваць ім гарачых пстрычак па вушах, але яна не
зрабіла таго, падумаўшы, што, можа, ён глядзіць, толькі тут яна дужа памылялася,
бо Герта, нават не пазіраючы, бачыла, што ён ня зводзіў вачэй зь яе, а потым
канонік О’Ханлан аддаў кадзільніцу назад айцу Конраю й стаў на калені,
спаглядаючы ўгору на Сьвятыя Дары, і хор засьпяваў Tantum ergo, а яна пачала пакалыхваць нагою ў такт музыкі, што
ўзносілася й ападала, тантумэр госа крамэн тум. Тры шылінгі й адзінаццаць
пэнсаў яна дала за гэтыя панчохі ў Спэрава на Джорджстрыт, у аўторак, не, у
панядзелак перад Вялікаднем, і не было ў іх ніякага брак
|