|
Новая Эўропа перад новым мурам
Тадэвуш Анджэй Альшаньскi
Выходзячы з сумысьля падкрэсьленай пастаноўкi пытаньня, яго аўтар уважае традыцыю Рэчы Паспалiтай за пазытыўную, а яе так цi iнакш зразуметую спадчыну — за актуальную. Аднак нельга не заўважыць, што ў гэтым пытаньнi залучаны непаразуменьнi — гэта, вiдавочна, апрыёрны погляд, якi можа аказацца слушным, а можа i не. Паглядзiм. Таму, па-першае, колькi ўвагаў наконт уступу. «Пазытыўнасьць» або «нэгатыўнасьць» якой-колечы традыцыi залежыць не ад своеасаблiвасьцi гэтай традыцыi, а ад сьветагляду ацэньваючага. Дзеля гэтага кожнае гiстарычнае дазнаньне ў кожным часе ёсьць ня толькi годным, але й вартым аналiзу, таму што калi ня кожнаму пакаленьню, дык кожнай эпосе даводзiцца будаваць уласны вобраз мiнуўшчыны, якую мы заўсёды спасьцерагаем праз прызму ўласнага часу i, хутчэй за ўсё, iнакш абачыць яе ня можам. Зь iншага боку, аднак, такiя аналiзы не павiнны быць «пiльнымi» — гiстарыяграфiя i, асаблiва, гiстарыязофiя ня любяць пасьпеху. Урэшце, пастаўленае пытаньне было сфармулявана як прадстаўнiча-палiтычнае — i такога падыходу да яго мы будзем датрымлiвацца i надалей.
Рэч Паспалiтая колькiх нацыяў?
Па-другое i найважнейшае: нiколi не iснавала нiчога такога, як Рэч Паспалiтая многiх нацыяў. Гэтая фармулёўка ёсьць праявай аснаватворнага непаразуменьня i, адначасова, — крынiцай iлюзорнай надзеi, залучанай у разгляданым пытаньнi. Iснавала адно Рэч Паспалiтая Дзьвюх Нацыяў (nationes): польскай i лiтоўскай, г.зн. кароннай шляхты i лiтоўскай, грамадзянаў двух гаспадарстваў, што складалi Рэч Паспалiтую, незалежна ад iх нацыянальнасьцi (gens). Першая была польскай або рускай (украiнскай) нацыянальнасьцi, другая — галоўна рускай (беларускай), апрача iх была яшчэ пруская i iнфлянцкая шляхта, галоўна нямецкай нацыянальнасьцi. Паколькi ні мяшчане, ні сяляне да нацыi (natio) не належалi i не зьяўлялiся грамадзянамi, iх нацыянальнасьць ня мела значэньня, бо яны не былi «прыроджанымi». Падобным парадкам ня меў значэньня факт, што шляхецкi стан утварала шмат нацыянальнасьцяў (мы назвалi тут толькi галоўныя), у чым, зрэшты, Рэч Паспалiтая не была ў тым часе выняткам. Якраз таму якое-колечы вяртаньне да iдэi Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў сёньня немагчымае, незалежна ад таго, як ацэньваць гэтую iдэю i яе рэалiзацыю. Бо яе падставай была iдэя палiтычнай i этнiчнай нацыi (natio). Слыннае gente Ruthenus, natione Polonus не азначае, насуперак сёньняшнiм тлумачэньням, «паляк рускага паходжаньня», але «польскi грамадзянiн рускай нацыянальнасьцi». Гэтая iдэя дзяржаўнай нацыi, абапёртай на прававой аснове, а не этнiчнай, дагэтуль захавалася ў Заходняй Эўропе (Францыя, Гiшпанiя), але ў нашай частцы кантынэнту яна належыць да незваротнай мiнуўшчыны: тут паняцьце нацыянальнай прыналежнасьцi аддзялiлася ад дзяржаўнай прыналежнасьцi. Няшмат тут зьмянiла — як вядома — i ўзьнiкненьне этнiчна «чыстых»дзяржаваў. У вынiку i сужыцьцё этнiчных нацыяў ды арганiзуючых яго дзяржаваў мусiць абапiрацца на iншыя прынцыпы, чымся сужыцьцё дзяржаўных нацыяў. Таму вiдавочна, што тое, да чаго мы найбольш прывязаны ў традыцыi даўнай Польшчы, найбольш неактуальна падчас пералому XX i XXI стагодзьдзяў. Iснуюць, тым ня менш, iншыя элемэнты спадчыны даўнай Польшчы, вартыя сёньня ўвагi, да чаго мы неўзабаве зьвернемся.
Межы Эўропы
Калi гавораць аб Эўрапейскiх Супольнасьцях (бо аб «Супольнасьцi» гаварыць усё яшчэ не выпадае) i «далучэньнi» да яе краiн Цэнтральнай Эўропы, то падаецца, што нават у выпадку Польшчы гэтае «далучэньне» абапёртае хутчэй на мiтах i «багабойлiвых зычэньнях», чымся на цьвярозай ацэнцы наяўнай сытуацыi. Важнейшае, аднак, тое, што мы вельмi рэдка задумваемся над тым, што працэс задзiночаньня Эўропы разам з тэхнiчна-эканамiчнымi аспэктамi мае iдэйны i геапалiтычны аспэкт, якi абапiраецца на акрэсьленай канцэпцыi Эўропы. А ня ведаючы гэтага, мы нярэдка разглядаем Эўрапейскiя Супольнасьцi як штось адметнае ад таго, чым яны ў сапраўднасьцi ёсьць.
Iдэйным фундамэнтам Эўрапейскiх Супольнасьцяў ёсьць iдэя «Сьвятой Рымскай iмпэрыi» ў спрошчанай i зрацыяналiзаванай, асьветнiцка-пазытывiстычнай вэрсii. Да аснаватворных перакананьняў, што яго ўтвараюць, належыць культ мiнуўшчыны, а таксама касмапалiтызм, якi над вартасьцямi «племенi» ўзьнiмае «агульначалавечы», надзвычай пры гэтым элiтарны iдэал (я здаю сабе справу, што фармулюю тут грубыя спрашчэньнi, але толькi так можна сьцiсла й ясна выкласьцi заблытаныя справы). Iмпульс дзьвюх войнаў умацаваў на Захадзе гэты iдэал, узбагацiўшы яго пацыфiзмам, асновай адукацыi на дзесяцiгодзьдзi сталася перакананьне, што прычынай усяго лiха ёсьць «нацыяналiзм» (у заходнiм, аб’ектывуючым значэньнi, як любая прыхiльнасьць да нацыi, цi то этнiчнай, цi дзяржаўнай), а крытэрам культурнага разьвiцьця — адкрытае, талерантнае стаўленьне да «iншых».
Я ня меруся тут крытыкаваць тыя цi iншыя элемэнты гэтай iдэалёгii, бальшыня якiх у памяркоўнай форме здаецца слушнай, а ў крайнай — памылковай. Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што мы маем дачыненьнi з уласна iдэалёгiяй, добра сфармуляванай, хаця й слаба сфармалiзаванай. З iдэалёгiяй, вынiковасьць якой як выхавацелкi нацыяў аказалася невялiкай: падзеi апошнiх месяцаў яшчэ раз пацьвярджаюць гэта.
Што да геаграфiчна-палiтычных падставаў Супольнасьцяў, дык невыпадкова, што iх асяродак твораць Францыя, Нямеччына й Iталiя, краiны, якiя напрыканцы першага тысячагодзьдзя стварылi першую «Задзiночаную Эўропу» — iмпэрыю Карла Вялiкага. Таму Эўрапейскiя Супольнасьцi ёсьць спробай задзiночаньня не Эўропы, а таго, што ў Парыжы, Рыме, Лёндане або Боне ўважаецца за Эўропу: ад Атлянтыкi да Одры, Вены й Трыеста...Ну можа яшчэ да Бугу, можа да Дуброўнiка. Не далей.
Далей знаходзiцца barbaricum, натуральная сфэра ўплываў Расii, гаспадарства ўжо пазаэўрапейскага. Так разглядае справу Захад, i нават найвялiкшая прапагандысцкая кампанiя гэтага ня зьменiць — тут дзеюць стэрэатыпы, якiм шмат стагодзьдзяў. Эўропа — гэта, па сутнасьцi, не геаграфiчнае паняцьце, але геапалiтычнае, а ейныя ўсходнiя межы былi й бадай застаюцца прадметам спрэчак. З геаграфiчнага пункту гледжаньня можна — хоць не без дыскусii — пагадзiцца, што гэта Ўрал, аднак з геапалiтычнага i нават этнiчнага пункту гледжаньня гэта яўны нонсэнс, дарма што гэтую тэзу паўтаралi такiя знакамiтыя палiтыкi, як дэ Голь. Эўропа канчаецца цi дзесь у мiжрэччы Дняпра i Волгi (паблiзу межаў Украiны й Беларусi), цi сягае да Ахоцкага мора. У гэтым другiм выпадку, аднак, паняцьце Эўропы трацiць усякi ўцямны сэнс.
Вольныя з вольнымi
Што згэтуль для нас вынiкае, i як гэта закранае тэму даўнай Рэчы Паспалiтай? А тое, што калi — насуперак усiм дэклямацыям — Эўрапейскiя Супольнасьцi не адважацца дапяць да Дняпра, то пэўная форма рэгiянальнай арганiзацыi краiн Усходняй Эўропы (бо тэрмiн «Цэнтральная Эўропа» абапёрты на залiчэньнi да Эўропы якраз Расii), i перадусiм мiжморскiх краiн уздоўж восi Шчэцiн-Марыупаль i Талiн-Адэса, ня толькi патрэбная, але й неабходная. Бо ўжо ўборзьдзе мы будзем знаходзiцца памiж двума сусьветнымi гаспадарствамi: задзiночанай Эўропай i адроджанай Расiяй. У адваротным выпадку Польшча станецца памежнай ускраiнай Эўропы, а нашы ўсходнiя суседзi — сатэлiтамi Расii.
Такi зьвяз, грунтам для якога можа быць адно ўзаемадзеяньне Польшчы i Ўкраiны, безь якога нiчога сэнсоўнага тут ня можа ўдацца, быў бы вяртаньнем да геапалiтычнай (але — толькi геапалiтычнай!) iдэi i ролi шляхотнай Рэчы Паспалiтай. Iдэi, бо яна ахапiла б галоўна тую тэрыторыю, што ўваходзiла ў склад манархii Ягайлавічаў, ролi — бо ўзьнiк бы новы дзейнiк сiлы й раўнавагi ў нашай частцы сьвету, якога не стае з таго часу, калi Расiя апанавала Ўкраiну i Iнфлянты. Толькi гэта актуальнае са спадчыны Рэчы Паспалiтай (незалежна ад дыскусii аб актуальнасьцi тых цi iншых структурных разважаньняў): iдэя супольнай палiтычнай арганiзацыi дзяржаваў, разьмешчаных памiж Расiяй, Турэччынай i Аўстрыяй (сёньня — Расiяй i Нямеччынай), iдэя арганiзацыi палiтычнага прасьцягу ня шляхам заваёваў, але дзякуючы пактам i пагадненьням «вольных з вольнымi, роўных з роўнымi, шляхотных са шляхотнымi», бо варта не забывацца на iснаваньне ў палiтыцы маральных вартасьцяў. Толькi так — i адно так.
Гаворка, безумоўна, не iдзе пра зьвяз, фэдэрацыю або нават канфэдэрацыю — гэта тыя тэрмiны, на якiя нашы ўсходнiя суседзi яшчэ дзесяцiгодзьдзямi будуць рэагаваць з алергiяй. Новая лучнасьць дзяржаваў, разьмешчаных памiж Балтыкай, Карпатамi i Чорным морам, можа быць адно добраахвотным саюзам, зь ясна акрэсьленымi межамi забавязаньняў, а таксама трывалым гаспадарчым паразуменьнем, што схiляла да выбудовы ў аглядным — i не занадта кароткiм — часе паўнакроўнага зьвязу, а пасьля — i супольнага эканамiчнага абсягу паводле ўзораў, пададзеных Рымскай дамовай (але не Маастрыхтам, якi выклiкаў узрушэньне нават у тых нацыяў, якім не выпадае асьцерагацца наконт сваёй сувэрэннасьцi).
Але найгоршае, што можа зьдзеецца ўва Ўсходняй Эўропе, гэта хуткае прыняцьцё Польшчы ў Эўрапейскiя Супольнасьцi, i нават больш — прыняцьцё ў iх толькi Польшчы. Гэта было б фатальна для Польшчы. Бо такi акт стварыў бы на нашай усходняй мяжы новы мур ды раз i назаўсёды перакрэсьлiў бы шанцы «ўвойсьця ў Эўропу» Ўкраiны й Беларусi. Пакiнутыя самiм сабе, яны хутка будуць падпарадкаваныя, калi ня проста паглынутыя Расiяй, якая ўнутрана адродзiцца значна хутчэй за iх, дзякуючы як сваiм рэсурсам сыравiны, так i безразважлiваму захапленьню Расiяй колаў, што твораць грамадзкую думку Захаду. А тады наша краiна iзноў можа стаць полем бiтвы.
Ня будзем ашукваць сябе — мiр ня дадзены нам раз i назаўсёды.
Перастанем iлгаць сабе — заходняму сьвету не патрэбныя нi мы, нi латышы, нi нават чэхi й вугорцы. Заходнi сьвет мае досыць клопату з самiм сабой, i нас у найлепшым выпадку можа ўжываць як iнструмэнт для вырашэньня ўласных праблемаў. I ўжо гэта робiць. Нашы праблемы мы павiнны вырашаць самi, маючы на ўвазе нашы ўласныя, а ня iншыя iнтарэсы. I хоць мы ня можам быць упэўненыя, цi прадухiлiць узьнiкненьне ўсходнеэўрапейскага блёку пагражаючыя нам небясьпекi — адмова ад такога блёку не пазбавiць нас ад iх.
Так, насамрэч, пасьля Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў засталося толькi адно: iдэя, што дзякуючы сабе, а ня дзякуючы апiрышчу на ўсходзе або захадзе, на поўначы або поўднi мы можам быць i заставацца вольнымi. I заставацца сабой.
Тэкст перакладзены паводле:
Czas Kultury, № 1 (43), 1993.
Тадэвуш Анджэй Альшаньскi — польскі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнаўца, чалец рэдакцыі альманаху «Plaj. Almanach karpacki». Аўтар шматлікіх публікацыяў у польскім друку на гуманітарныя тэмы, пры гэтым спэцыялізуецца на гісторыі Прыкарпацьця і ўкраінска-польскіх дачыненьняў першай палавіны XX стагодзьдзя («O Nikiforze (krótka biografia malarza i esej na temat jego twórczości)», «Wojna polsko-ukraińska w Bieszczadach XI.1918-V.1919», «Geneza Łemków — teorie iwątpliwości», «Łemkowie na Ukrainie i Towarzystwo “Łemkowszczyzna”», «Szlachta zagrodowa na Podkarpaciu», «I wojna światowa w Karpatach» (1985), «Szlakiem żydowskich zabytków Podkarpacia», «Historia Rusi Halickiej i Karpackiej»). Напісаў і выдаў манаграфію «Bieszczady 1918–19» (1984).
|