БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне

Агонія камунізму

Зьбігнеў Бжазіньскі

Фэномэн камунізму мае рысы гістарычнай драмы. Народжаны зь нецярплівага ідэалізму, які адкідаў несправядлівасьць ранейшага ладу, камунізм жадаў лепшага, больш гуманнага грамадзтва — але спарадзіў масавы прыгнёт. Ён быў адлюстраваньнем аптымістычнай веры ў сілу розуму, здольную пабудаваць дасканалае грамадзтва. Ён мабілізаваў наймагутнейшыя пачуцьці — чалавекалюбства і нянавісьць да прыгнёту — у імя маральна абгрунтаванай грамадзкай мэханікі. Ён заваяваў некаторыя сусьветна ведамыя розумы і некаторыя найбольш ідэйныя сэрцы — і нягледзячы на гэта прывёў да некаторых найгоршых злачынстваў гэтага, роўна як і якога-колечы іншага стагодзьдзя.

Апрача гэтага, камунізм рэпрэзэнтаваў няўдалую спробу поўнай рацыяналізацыі грамадзкага жыцьця. Ён меркаваў, што пісьменнае, палітычна сьведамае грамадзтва можа пачаць кантраляваць грамадзкае разьвіцьцё, накіроўваючы соцыяэканамічныя ператварэньні да наперад закладзеных мэтаў. Гісторыя тады была б ужо не спантанным, у вялікай меры выпадковым працэсам, а снадзівам калектыўнага інтэлекту і маральных мэтаў чалавецтва. Такім чынам, камунізм жадаў шляхам арганізаваных захадаў гарманійна спалучыць палітычны рацыяналізм з грамадзкай маральнасьцю.

Аднак на практыцы празьмерная вера ў чалавечы розум, схільнасьць, свомая зацятым змаганьням за ўладу, ператвараць дыскусійныя гістарычныя ацэнкі ў дагматычныя аксыёмы, лёгчыня, зь якой маральная крыўда выраджаецца ў перакананую ў сваёй апраўданасьці палітычную нянавісьць, і, асабліва, ленінскае спалучэньне марксізму з адсталай аўтакратычнай традыцыяй Расіі — усё гэта адмяніла марксізм у снадзіва палітычнага прыгнёту, выяўна супярэчнага зь ягонымі собскімі маральнымі матывацыямі.

Разьдзел 21
Усеабсяжны крызыс

Камунізм знаходзіцца сёньня ў стане ўсеабсяжнага крызысу, як у сэнсе ідэалёгіі, так і сыстэмы. Памеры гэтага крызысу із значнай відавочнасьцю можна ўбачыць у сьвятле пяцёх важных працэсаў:

1. У вачох камуністых на ўсім сьвеце савецкі досьвед — ужо не прадмет культу — з гэтага моманту павінен не пераймацца, а адмаўляцца. Такім парадкам, камунізм цяпер ня мае практычнага ўзору, якому маглі б насьледаваць іншыя.
2. У Савецкім Саюзе невырашальная дылема камуністычнага ладу замыкаецца ў тым, што эканамічнае разьвіцьцё магчымае толькі за кошт палітычнай стабільнасьці, тымчасам як палітычную стабільнасьць можна ўтрымаць адно коштам эканамічнага заняпаду.
3. Ува Ўсходняй Эўропе згубнай заганай камунізму ёсьць партыйная манаполія на ўладу, прычыны якой замыкаюцца ў савецкім дамінаваньні. Сёньня, калі мінулася сорак гадоў пасьля навязваньня камунізму, элімінацыя як чужога, так і партыйнага дамінаваньня паўсюль разглядаецца як абавязковая папярэдняя ўмова грамадзкага адраджэньня.
4. У Кітаі ідэалягічная дыфузія камунізму будзе цаной эканамічных посьпехаў. Сучасны Кітай, мабыць, увойдзе ў дваццаць першае стагодзьдзе яшчэ пад уладай камунізму, але гэта будзе не камуністычны Кітай.
5. Эра маналітнага камуністычнага руху ў сьвеце, пабудаванага на супольным веравызнаньні, адышла ў невараць. У сярэдзіне восемдзясятых гадоў наступіў канец ідэі руху камуністычных партый, аб’яднаных дактрынай і дзейнасьцю.

Разам узятае, усё гэта ня толькі азначае паўсюдны крызыс камунізму, але й вястуе ягоны заняпад як уплывовай, палітычнай і ідэалягічнай сілы ў сучасным сьвеце. Гэты крызыс знаходзіць цяпер выяўленьне ўва ўзрастаючых грамадзкіх узрушэньнях, спрычыненых благім станам эканомікі ў камуністычных дзяржавах, а таксама ў страце даверу да самой дактрыны камуністычнымі ўладнымі элітамі. У камуністычных краінах пагляд, што сацыялізм рэпрэзэнтуе нейкі больш дасканалы грамадзкі лад, або стаў ужо зусім дыскрэдытаваным, або трактуецца з усё большым скептыцызмам. Апрача гэтага, сусьветны камунізм ня можа ўжо прапанаваць такой грамадзкай мадэлі, якая б паслужыла арыенцірам на будучыню.

Клясычная марксісцка-ленінская дэфініцыя «ўсеабсяжнага крызысу капіталізму» — які, як заявіў Крэмль у 1961 годзе, ужо распачаўся — дасканала пасуе да цяперашняй сытуацыі камунізму. Калі ў гэтую заяву ўставіць слова «камунізм» або нейкую згадку аб Савецкім Саюзе ў месца «імпэрыялізму» ці «капіталізму», а тэрмін «рынкавая дэмакратыя» заміж «сацыялізму», паўстане жудасна верная карціна сучаснага камунізму:

Камунізм у цяперашняй стадыі разьвіцьця ёсьць савецкім імпэрыялізмам на этапе яго заняпаду і банкруцтва. Немінучы працэс раскладаньня ахінуў камунізм зь верху і да нізу, улучна зь ягонай палітыкай і ідэалёгіяй...

Усеабсяжны крызыс камунізму знаходзіць выражэньне ў наступных фактах: несупынны адыход новых краін ад савецкай мадэлі; аслабленьне пазыцый камуністычных краін у эканамічным спаборніцтве з разьвітымі краінамі рынкавай эканомікі; распад савецкага блёку; паглыбленьне супярэчнасьці паміж камунізмам ды разьвіцьцём дзяржаўна-манапалісцкага сацыялізму, з аднаго боку, і ўзрастаньнем мілітарызму, з другога; узрастаючая нутраная дэстабілізацыя і раскладаньне камуністычнай эканомікі, выяўныя ўва ўсё большай няздольнасьці камунізму да поўнага выкарыстаньня вытворчых сілаў — нізкі тэмп росту вытворчасьці, цыклічныя крызысы, пастойная няздатнасьць поўнага выкарыстаньня прадукцыйных сілаў, хранічная няпоўная занятасьць; беспрэцэдэнтнае ўзрастаньне палітычнай рэакцыі на ўсіх франтох; устанаўленьне ў пэўных камуністычных краінах тыраніі асобных кіраўнікоў і глыбокі крызыс камуністычнай палітыкі і ідэалёгіі.

Калі гэтая дэфініцыя, апранутая ў марксісцкую ідэалёгію, ляпідарна характарызуе ўсеабсяжны крызыс камунізму, то, аднак, памеры і ступень гэтага крызысу розныя для розных краін. Прыведзеная табліца зьмяшчае прыблізную — і, прызнацца, абапёртую на суб’ектыўных ацэнках — ацэнку ступені крызысу ў паасобных камуністычных краінах. Для камунізму палітычны посьпех раўняецца дзейснаму кантролю, і чым менш трэба прымусу, каб накінуць і ўтрымаць поўны кантроль, тым большы гэты посьпех. Дзеля гэтага, нават калі ня ўсе з гэтых крытэраў маюць аднолькавае значэньне, высокая колькасьць пунктаў азначае, што не ўдалося пабудаваць дзейсна функцыянуючую ленінскую палітычную структуру, надаць новую форму грамадзтву і стварыць прадукцыйную эканоміку з цэнтральным плянаваньнем.

Зь пятнаццацёх ацэненых рэжымаў ніводзін не атрымаў хаця б набліжанага да дасканалага рэйтынгу, які б азначаў квітнеючую ленінскую сыстэму, якая карыстаецца шчырым падтрыманьнем народу. Толькі чатыры мелі менш, чымся дзесяць пунктаў, што паказвае, што яны не знаходзяцца ў стане крызысу. Аднак пяць атрымалі 20 ці больш пунктаў, а гэта азначае стан спаважнага крызысу. Больш таго, з гэтай узглядна «больш удалай» чацьверкі найважнейшая краіна, Кітай, здолела пазьбегчы крызысу ў сапраўднасьці дзякуючы дыфузіі свайго камунізму на вельмі шырокім фронце. Гэта дазволіла рэжыму даць грамадзтву пэўную матывацыю, прышчапіць яму троху аптымізму — але коштам адмовы ад некаторых цэнтральных догматаў камуністычнай дактрыны. Засталыя тры рэжымы — Усходняя Нямеччына, Баўгарыя і Паўночая Карэя — выявілі большую дзейснасьць, як у абсягу ўтрыманьня рэпрэсійнай сыстэмы, так і ў абсягу кіраваньня дзяржаўнай эканомікай. Яны таксама сустрэлі меншы супраціў з боку грамадзтва ў працэсе камуністычнай перабудоўлі. Усе іншыя камуністычныя рэжымы знаходзяцца на розных стадыях крызысу. Іхныя спробы стварыць новую сыстэму ня толькі не далі ў выніку наватарскай, прадукцыйнай эканомікі, але і прывялі да росту грамадзкага, а ў некаторых выпадках і палітычнага незадавальненьня.

Такім чынам, з увагі на паглыбленьне паўсюднага крызысу камунізму неабходна сфармуляваць канчальны дыягназ ягоных гістарычных дасягненьняў і прагноз пэрспэктываў на наступнае стагодзьдзе.

Разьдзел 22
Гістарычны балянс

Паўсюдны крызыс камунізму быў запраграмаваны бедным балянсам ягоных дасягненьняў. Тое, што спачатна ў ім прыцягвала, у значнай меры вынікала з факту, што на пачатку дваццатага стагодзьдзя чысьленыя спасярод існых тады сыстэмаў — нават дэмакратычныя — не рэагавалі як сьлед на нягоды і несправядлівасьці раньнекапіталістычнай фазы індустрыялізацыі. Аднак таксама факт, што ніводны камуністычны рэжым не пераняў улады ў выніку свабодна выражанай волі народу. Ніводная кіраўнічая камуністычная эліта — нават пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў улады — ня выявіла жаданьня здабыць палітычны мандат, дазволіўшы народу свабодна выказацца, ці хоча ён і надалей камунізму. Гэтае нежаданьне паддаць камунізм тэсту дэмакратыі часткова ёсьць вынікам маніхейскага, самазванскага мэсіянскага пачуцьця, якое зрабілася элемэнтам дактрыны марксізму-ленінізму і часткова выплывае з усьведамленьня таго, што камунізм ува ўладзе не ўзумеў задаволіць грамадзкіх памкненьняў да матэрыяльнага дабрабыту і асабістага шчасьця. Дасюль не чутно пра годныя ўвагі ўцёкі ў камуністычныя краіны людзей, якіх бы прыцягваў тамашні стыль жыцьця, тымчасам як жаданьне разьвітацца з камунізмам навідавоку як у выпадку семдзесятгодняй савецкай сыстэмы, так і саракагодняй сыстэмы ў Польшчы і пятнаццацьгодняй у Віетнаме.

Апрыч гэтага, гістарычныя дасягненьні камунізму як сыстэмы арганізацыі грамадзтва крылі ў сабе хваравітую дыспрапорцыю паміж безьліччу чалавечых ахвяраў, якія панёс народ, і некаторымі бесьпярэчнымі соцыяэканамічнымі выгадамі, якія былі дасягнутыя дзякуючы гэтаму. Прыраўнаньне камуністычных і некамуністычных краін на падобным этапе соцыяэканамічнага разьвіцьця — напрыклад, Усходняй Нямеччыны і Чэхаславаччыны з Заходняй Нямеччынай, Польшчы з Гішпаніяй, Вугоршчыны і Югаславіі з Аўстрыяй і Італіяй, а таксама Кітаю зь Індыяй — паказвае, што ў ісьце ніводны камуністычны рэжым ня здолеў палепшыць сваю пазыцыю што да свайго адпаведніка ў пляне валавага нацыянальнага прадукту, канкурэнцыі на сусьветных рынках ці, наапошку, узроўню жыцьця ў краіне. Адно Кітай дасяг перавагі над Індыяй, якая сама была ахвярай надзвычай бюракратычнай і quasi-сацыялістычнай сыстэмы, дый толькі пасьля таго, як Пэкін пачаў свой адыход ад марксісцка-ленінскай артадоксіі. Савецкі Саюз апыніўся ня толькі за Злучанымі Штатамі, але і за Японіяй. Паміж 1960 і 1968 гг. Японія, маючы менш як палавіну насельніцтва Савецкага Саюзу, зраўналася зь ім у пляне валавага нацыянальнага даходу, дарма што спачатна адставала ад яго больш як у тры разы.

Адсталасьць камуністычнай эканомікі выяўляецца яшчэ больш, калі ход ідзе аб канкурэнтназдольнасьці ў сусьветным маштабе. У 1985 г., калі агульная сума абаротаў Злучаных Штатаў і Японіі на сусьветных рынках склала адпаведна 576 і 308 мільярдаў даляраў, савецкі эквівалент склаў 66 мільярдаў. У дадатак гандлёвы профіль Масквы нагадваў краіны Трэцяга сьвету. Амаль тры чвэрткі яе экспарту прыпадала на здабываючую прамысловасьць, прычым нафта і газ склалі 49%, золата — 18%, драўніна — 4%, дыямэнты — 2%. На камуністычныя краіны — якія засяляе збольшага адна траціна насельніцтва земнай апукі — прыпадае толькі 10% cуcьветнага экспарту, адно 3% тэхналягічных інавацыяў і рыхтык 1% дапамогі для разьвіваных краін. Уся Ўсходняя Эўропа экспартуе менш машынаў для прамыслова разьвітых дэмакратычных краінаў, чымся Сынгапур.

Нягодны балянс камунізму знаходзіць сваё адлюстраваньне ўва ўзроўні жыцьця людзей. Праз сарок гадоў пасьля другой сусьветнай вайны савецкі ўрад рэглямэнтуе і надалей продаж мяса, а апошнімі часамі стаў рэглямэнтаваць продаж цукру. Паводле савецкага тыднёвіка «Неделя» (нумар ад 27 чэрвеня — 7 ліпеня 1988 году) жыхаром Сьвярдлоўску, а таксама сьвярдлоўскага раёну выдалі «сьветла-жоўтыя харчовыя карткі. У кожным мікрараёне ёсьць асоба, упаўнаважаная для іх раздачы. Каля 800 грамаў каўбасы на месяц... 400 грамаў масла. Таксама 2 кілі мяса на год — на майскія і кастрычніцкія сьвяты. У некаторыя дні нельга нават дастаць ні макароны, ні крупаў». «Пакуль, — дадае «Неделя», — валей не гаварыць з гэтымі людзьмі аб перестройке».

З афіцыйнай савецкай статыстыкі, адкрытай у эру гласности, вынікае, што каля 40% усяго насельніцтва і 79% паджылых людзей жыве ў беднасьці. Як піша савецкая аўтарка Н.М. Рымашэўская, толькі адна траціна савецкіх дамовых гаспадарак мае гарачую ваду, а адна траціна ня мае нават халоднай вады. «Известия» ад 26 сьнежня 1986 году паведамілі, што сям’я з чатырох чалавек некваліфікаванага рабочага, як правіла, больш як восем год мусіць жыць у адным пакоі памерам два з палавінай на паўмэтра, перш як атрымае лепшае жытло. Таму ня будзе перабольшаньнем сказаць, што бедныя на Захадзе жывуць на такім жа самым матэрыяльным узроўні, што і сярэдняя кляса ў Савецкім Саюзе.

Статыстыка прыватных аўтамабіляў — у сучасным сьвеце гэта дакладны паказьнік даступнасьці спажывецкага патэнцыялу — сьведчыць пра тое ж самае. Заходнія краіны амаль дасягнулі насычэньня рынку ў гэтай галіне. У 1983 годзе адзін аўтамабіль прыпадаў на 1,8 жыхара Амэрыкі; гэты паказьнік склаў 4,4 для Японіі, 2,5 для Нямеччыны і 2,8 для Італіі, але толькі адзін аўтамабіль на 14,2 прыпадаў у Савецкім Саюзе, пры паказьніках 5,8 у Чэхаславаччыне і 10,8 у Польшчы. Няма дзіва, што ў пераліку на душу насельніцтва чорныя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы маюць больш прыватных аўтамабіляў, чымся грамадзяне Савецкага Саюзу.

Усе гэтыя няўдачы ў галіне эканомікі выклікаюць усё больш сур’ёзны экалягічны крызыс у камуністычных дзяржавах. Ува Ўсходняй Эўропе сытуацыя выглядае вылучна драматычна для вялікай часткі тэрыторыі Польшчы і некаторых часткаў Усходняй Нямеччыны і Чэхаславаччыны. У Савецкім Саюзе ўсе прамысловыя раёны ўвогуле вельмі забруджаныя, прычым экалягічная сытуацыя, як выглядае, надзвычай небясьпечная ў Арменіі, дзе высокатаксычныя прамысловыя адыходы, як правіла, зьліваюцца ў рэкі. Усе камуністычныя дзяржавы, зь іх навязьлівай ідэяй паскоранай індустрыялізацыі, ідуць на недаравальныя парушэньні ў гэтай галіне, ня робячы нават найбольш прымітыўных захадаў з мэтай абароны асяродзьдзя і зь вялікім спазьненьнем рэагуючы на паглыбленьне крызысу. Пагаршэньне экалягічных варункаў і вельмі благая сыстэма аховы здароўя прыводзяць да ашаламляльнага росту сьмяротнасьці ўва ўсіх узроставых групах і ўва ўсіх краінах савецкага блёку. Хлопчык, які нарадзіўся сёньня ў Савецкім Саюзе, паводле параўнальных дасьледаваньняў Ніка Эбэргардта з гарвардзкага Цэнтру дэмаграфічных дасьледаваньняў, пражыве менш, чымся хлопчык, які нарадзіўся ў Мэксыцы.

Нічога з гэтага, што было сказана вышэй, не запярэчвае факту, што камуністычныя дзяржавы зрабілі вялікі крок наперад перадусім у разьвіцьці цяжкой прамысловасьці, а таксама — асабліва ў спачатную фазу камуністычнага кіраваньня — у абсягу сацыяльнай абароны насельніцтва і асьветы. Аднак гэты прагрэс быў дасягнуты проста ашаламляльным коштам чалавечых ахвяраў. Ува ўсёй гісторыі чалавецтва ніводны экспэрымэнт у галіне перабудовы грамадзтва не абыходзіўся такім коштам, а таксама ня быў такім раскідонлівым — калі браць пад увагу лёс чалавека, як сутыкненьне з камунізмам у дваццатым стагодзьдзі. Ніхто ня ў стане дакладна падлічыць усе гэтыя выдаткі, паколькі гэтыя рэжымы зьдзяйсьнялі фізычныя рэпрэсіі ў абставінах сакрэтнасьці, а таксама таму, што зьвязаныя з гэтым псыхалягічныя і культурныя страты не паддаюцца колькаснай ацэнцы. Аднак можна хаця б прыблізна ацаніць катэгорыі чалавечых пакутаў, якія былі прычыненыя марксісцка-ленінскімі рэжымамі ў працэсе камуністычнага ператварэньня грамадзтва. Выкрыцьцё даўнейшых злачынстваў, якое адбываецца сёньня ў Савецкім Саюзе і ў Кітаі — якое дадало новыя дадзеныя аб ахвярах камуністычнага экспэрымэнту ў галіне грамадзкай інжынэрыі — палягчае гэтае заданьне і пераконвае ў высновах зь яго нават заходніх скептыкаў.

Да чалавечых ахвяраў прыводзілі:

1. Рэпрэсіі без суду й сьледзтва ў працэсе заваёвы ўлады. Ня лічачы забітых у рэвалюцыйных сутыкненьнях і грамадзянскіх войнах, можна дапусьціць, што такія экзэкуцыі каштавалі жыцьця прынамсі мільёну чалавек у Савецкім Саюзе, некалькім мільёнам чалавек у Кітаі, каля 100000 ува Ўсходняй Эўропе і прынамсі 150000 у Віетнаме.
2. Рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў і чальцоў руху супраціву пасьля заваёвы ўлады. Гэткія забойствы доўжыліся зазвычай колькі гадоў, калі камуністы ўзмацнялі сваю ўладу над краінай. Прыблізныя ацэнкі схіляюць пазначыць гэтыя лічбы на тым жа ўзроўні, што і ў першай катэгорыі — ураджай сьмерці ў колькасьці каля 5 мільёнаў для першых дзьвюх катэгорыяў.
3. Выгубленьне людзей, што належаць да розных грамадзкіх групаў, якія лічацца патэнцыйна варожымі, не зважаючы на сапраўдную пазыцыю ахвяраў. Гэтыя групы, як правіла, абыймалі былых афіцэраў, дзяржаўных урадоўцаў, арыстакратаў, абшарнікаў, духавенства і капіталістаў. Некаторых забівалі, іншых зьмяшчалі ў працоўным лягеры, дзе бальшыня гінула. Хаця ацэнкі гэтай катэгорыі могуць вельмі адрозьнівацца, апублікаваныя апошнім часам савецкія, усходнеэўрапейскія і кітайскія дадзеныя паказваюць, што колькасьць ахвяраў была вельмі высокая, ня меншая, безумоўна, ад 3 да 5 мільёнаў.
4. Ліквідацыя прыватнай уласнасьці ў сялян. Тыповым для гэтай катэгорыі было фізычнае выгубленьне клясы кулакоў у Савецкім Саюзе ў выніку рэпрэсіяў і зьняволеньня ў працоўных лягерох. Дзеля таго што колькасьць савецкіх і кітайскіх ахвяраў сягала колькіх мільёнаў, а ў Віетнаме і Паўночнай Карэі колькіх сотняў тысяч, колькасьць палеглых у гэтай катэгорыі трэба ацэньваць мінімум у 10 мільёнаў чалавек.
5. Ахвяры масавых дэпартацыяў і прымусовых перасяленьняў. Гэтая палітыка, якая адыгрывала такую вялікую ролю падчас кампаніі калектывізацыі ў Савецкім Саюзе, ува Ўсходняй Эўропе і асабліва ў Кітаі падчас барацьбы зь зямельнымі ўласьнікамі і пры заснаваньні камунаў у пэрыяд Вялікага Скачка, прывяла да голаду, эпідэміяў і іншых нягодаў. Якія-любя ацэнкі павінны таксама браць пад увагу савецкую палітыку дэпартацыі асобаў з падазроных нерасійскіх нацыяў — латышоў, летувісаў, эстонцаў з балтыцкіх рэспублік, палякаў з заходніх абшараў Савецкага Саюзу, татараў з Крыму і іншых, у аддаленыя рэгіёны Сібіру. Самыя сьвежыя савецкія ацэнкі вызначаюць колькасьць ахвяраў ад 7 да 10 мільёнаў толькі ў Савецкім Саюзе, але калі гаворка заходзіць пра Кітай, некаторыя ацэнкі гавораць аб 27 мільёнах. Асьцярожны, але пры гэтым страшны падрахунак дае ў суме як найменш 30 мільёнаў ахвяраў.
6. Рэпрэсіі або зьняволеньне ў працоўныя лягеры камуністаў, якія палі ахвярай чыстак. У Савецкім Саюзе колькасьць камуністаў, зьняволеных падчас барацьбы за ўладу і розных чыстак, а пасьля расстраляных у 1936–1938 гадох, можна сьмела ацаніць пад мільён. Ува Ўсходняй Эўропе напрыканцы саракавых гадоў і на пачатку пяцьдзясятых былі забітыя і зьняволеныя дзясяткі тысяч камуністаў. У Кітаі — асабліва падчас культурнай рэвалюцыі — такі ж самы лёс напаткаў колькі мільёнаў чалавек.
7. Фізычныя і псыхічныя насьледкі працяглага зьняволеньня і прымусовай працы. У савецкія часы амністыі ў сярэдзіне пяцьдзясятых гадоў прынесьлі вызваленьне некалькім мільёнам чалавек, якія ў пэўных выпадках праседзелі ў турме дваццаць гадоў у надзвычай цяжкіх умовах. Падобныя амністыі былі абвешчаныя ў Эўропе пасьля выкрыцьця Сталіна Хрушчовым у 1956 годзе і ў Кітаі пасьля заканчэньня культурнай рэвалюцыі на пачатку семдзясятых.
8. Перасьлед сем’яў ахвяраў рэжыму. У Савецкім Саюзе сем’і людзей, якія траплялі ў першыя шэсьць катэгорыяў, станавіліся ахвярай розных перасьледаў — ад дыскрымінацыі пры атрыманьні жылплошчы і працы і да дэпартацыяў, зьняволеньня і пакараньня сьмерцю.
9. Прасякаючая ўсё грамадзтва атмасфэра страху ды пачуцьцё індывідуальнай і палітычнай ізаляцыі. На працягу значнай часткі пэрыяду перабудовы грамадзтва, ажыцьцяўлянага пры дапамозе гвалту, цэлыя сацыяльныя групы — натуральна, не рабочыя і бяднейшыя сяляне — былі асуджаныя на праявы ідэалягічнай варажнечы з боку бюракратыі.

Гэтыя сацыяльныя страты — а яны абыймаюць як найменш 50 мільёнаў чалавечых жыцьцяў — сьведчаць, безумоўна, аб самым легкадумным і марнатраўным у гісторыі экспэрымэнце ў галіне грамадзкай інжынэрыі. Калі ўзяць пад увагу сучасную схільнасьць камуністычных рэжымаў да прызнаньняў, што ў мінулым яны цярпелі паразы з прычыны «памылак і недахопаў» і што неабходныя значныя зьмены ў іх палітыцы, чалавечая трагедыя становіцца яшчэ большай. Іншымі словамі, савецкія, кітайскія і некаторыя ўсходнеэўрапейскія кіраўнікі прызналі, што ранейшыя камуністычныя ініцыятывы былі непрадуктыўныя ў соцыяэканамічным сэнсе, ня кажучы ўжо аб тым, што яны былі агідныя маральна.

Такім чынам, вялікае фіяска камунізму пацягнула за сабой у скандэнсаванай форме марнаваньне і зьніштажэньне грамадзкіх здольнасьцяў і талентаў, а таксама штучнае стрымліваньне аўтэнтычнага палітычнага жыцьця ў грамадзтве; надзвычай высокія чалавечыя ахвяры наўзамен за сапраўды дасягнутыя эканамічныя посьпехі і ў выніку памяншэньне прадукцыйнасьці з прычыны празьмернай цэнтралізацыі ў маштабе дзяржавы; паступовае пагаршэньне бюракратычнай сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня, якая спачатку зьяўлялася галоўным здабыткам камуністычнага рэжыму; і, нарэшце, стрымліваньне дзякуючы дагматычным абмежаваньням разьвіцьця навукі і мастацтва.

Гэтае гістарычнае фіяска, сёньня ўжо адкрыта прызнанае тымі камуністычнымі кіраўнікамі, якія выступаюць за рэформы, мае глыбейшае карэньне, чымся «памылкі і недахопы», на якія зазвычай наракаюць. Яно вынікае з апэратыўных, інстытуцыянальных і філязофскіх недахопаў камуністычнага экспэрымэнту. Шчыра кажучы, яно ўкарэнена глыбака ў існасьці практыкі марксізму-ленінізму.

На апэратыўным узроўні марксісцка-ленінскі стыль прыняцьця рашэньняў прывёў да ўзьнікненьня проста паранаідальнай атмасфэры і да ўсё больш частага выкарыстаньня сілы як мэтаду вырашэньня грамадзкіх і палітычных праблемаў. Усе найбольш значныя камуністычныя кіраўнікі — Ленін, Сталін, Мао ці іх пасьлядоўнікі ўва Ўсходняй Эўропе і Трэцім Сьвеце — паводзілі сябе так, быццам былі змоўнікамі ўва ўладзе, жрацамі тайнай сэкты, сходкі якіх трэба хаваць ад варожага абкружэньня. Заслона сакрэтнасьці захінала іх пачынаньні, іх асобы, нават іх сем’і. Але адначасна, паколькі яны лічылі сябе абдоранымі незраўнанай ведай аб гісторыі чалавецтва і тым самым упаўнаважанымі вызначаць будучы лёс чалавецтва ў выпадку патрэбы нават пры дапамозе сілы, яны з глыбокім недаверам ставіліся да кожнага, хто не падзяляў іх адмысловага спосабу бачаньня. Дырэктыва «хто ня з намі, той супраць нас» стварыла стыль паводзінаў, які інтэрпрэтаваў крытыку як варожасьць, перашкоды як сабатаж, іншыя погляды як здраду. У такім кантэксьце любая карэкцыя палітычнай лініі магла адбыцца адно пасьля катастрафічных паразаў.

Інстытуцыянальныя недахопы яшчэ ўзмацнілі гэтую дэфармацыю стылю паводзінаў. Камуністычны стыль працы абумовіў узьнікненьне палітычных сыстэмаў, якія не валодалі засьцерагальнымі мэханізмамі. Сыгналы аб збоях, як правіла, даходзілі да кіраўніцтва са спазьненьнем; дэзынфармацыя зь месцаў далятала да вярхоў хутчэй; страх не дазваляў займаць сумленную пазыцыю. Кіраўнік сутаргава трымаўся ўлады датуль, дакуль гэта яму дазваляў фізычны і палітычны стан, а замена яго іншым была зазвычай вынікам працяглага палітычнага канфлікту, які даводзіў да крайнасьці згаданыя вышэй маніхейскія тэндэнцыі. Адсутнасьць адпаведных мэханізмаў замены кіраўнікоў, якія кепска выконвалі свае абавязкі, прыводзіла да таго, што фактычна ажыцьцяўленьне ўлады, а не эфэктыўнасьць або неэфэктыўнасьць палітычнай лініі, станавілася зарукай працяглага знаходжаньня пры ўладзе.

Яшчэ больш істотнымі былі філязофскія карані фіяска. У канцавым рахунку марксісцка-ленінская палітыка выходзіла з прынцыпова памылковага разуменьня гісторыі і фатальна няправільнага разуменьня чалавечай прыроды. Таму фіяска камунізму, у рэшце рэшт, мае інтэлектуальны характар. Ён ня ўзяў пад увагу найважнейшых чалавечых памкненьняў: да свабоды індывіда, да права самавыражэньня ў мастацтве і духовай сфэры, і, больш за тое, — у эпоху асьветы і сродкаў масавай камунікацыі — да права палітычнага выбару. Ён недаацаніў арганічную ўзаемасувязь паміж эканамічнай эфэктыўнасьцю і наватарствам, з аднаго боку, і індывідуальным імкненьнем да асабістага дабрабыту, з другога. Такім чынам, камунізм задушыў усё творчае ў грамадзтве, насуперак таму, што рэклямаваў сябе як найбольш творчы і наватарскі грамадзкі лад.

Гэтае інтэлектуальнае фіяска камунізму цяжарам вісіць над камунізмам і ў міжнародным маштабе. Марксізм-ленінізм не прадказаў і не зразумеў асноўных тэндэнцыяў, якія фармавалі міжнародную сытуацыю ў дваццатым стагодзьдзі. Ён недаацаніў ролю этнічнасьці і нацыяналізму, у выніку чаго міжкамуністычныя нацыянальныя канфлікты аказаліся неспадзяваным шокам. Гэтыя канфлікты павялічвала, у сваю чаргу, вынікаючая зь іх тэндэнцыя асобных камуністычных партыяў да ўзаемных абвінавачаньняў у дактрынальнай ерасі. Так было ў выпадку ідэалягічна дэструкцыйнага савецка-югаслаўскага і савецка-кітайскага канфлікту. Камунізм таксама няправільна разумеў прыцягальную сілу рэлігіі і таму быў не падрыхтаваны да супраціву рыма-каталікоў у Польшчы ці да адраджэньня ісламу ў самім Савецкім Саюзе. І апошняя, хоць і ня менш важная рэч: тэхнатронная рэвалюцыя, якая нагэтулькі трансфармавала саму сутнасьць падзелу ўлады і грамадзкай структуры ў разьвітых капіталістычных краінах, засьпела камунізм у фазе зацятай адданасьці састарэлым канцэпцыям, узьніклым на ранейшых этапах прамысловай рэвалюцыі.

Усе гэтыя апэратыўныя, інстытуцыянальныя і філязофскія фактары разам абумовілі палітычную лінію, якая ў рэшце рэшт мусіць прывесьці ня толькі да крызысу камунізму, але і павялічыць няпэўнасьць што да ягонае будучыні.

Разьдзел 23
Пэрспэктывы на будучыню

У 2017 годзе, калі мінула сто гадоў пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі, рыштаваньні пакрываюць маўзалей Леніна на ранейшай Краснай плошчы, перайменаванай цяпер у Плошчу свабоды. Гэтыя рыштаваньні прыхоўваюць перабудову маўзалею ўва ўезд у падземную стаянку, прызначаную для турысцкіх натоўпаў, што наведваюць стала дзейную выстаўку ў Крамлі «Сто змарнаваных гадоў — пяцьдзясят мільёнаў змарнаваных жыцьцяў».

Гэты тэкст не настолькі неймаверны, як гэта падаецца на першы погляд. У сутнасьці прыдуманая навіна з Масквы 2017 году праўдападобная амаль у такой жа ступені, як і погляд, што цяперашняя сыстэма датрывае да гэтага часу бяз значных пераменаў і што ў стагодзьдзе бальшавіцкай рэвалюцыі яшчэ адзін кіраўнік будзе зычыць савецкім народам посьпехаў, адначасна звальваючы віну на сваіх папярэднікаў — у ліку якіх апыніцца і Гарбачоў, а таксама Брэжнеў і Сталін — за так і не пераадоленыя цяжкасьці.

Гарбачоў даў выхад сілам, дзеля якіх разрыў гістарычнай кантынуальнасьці стаецца больш праўдападобным, чымся кантынуальнасьць. Усе разважаньні наконт будучыні камунізму ў Савецкім Саюзе залежаць таму ад адказу на адно пытаньне: палітыка Гарбачова ёсьць сьведчаньнем аднаўленьня або разбурэньня камунізму? Нягледзячы на ўсю рыторыку Гарбачова на тэмы жыцьцёвасьці камунізму адказ на гэтае пытаньне хінецца хутчэй на карысьць разбурэньня, чымся аднаўленьня. Калі яго перестройка і выклікала дагэтуль якія-небудзь яўныя зьмены, то яны палягаюць у адыходзе ад догматаў марксізму-ленінізму як у тэорыі, так і на практыцы. Ува ўсходняй Эўропе і ў Кітаі, дзе, безумоўна, рэформы больш пасьлядоўныя і больш прагматычныя, гэтая тэндэнцыя яшчэ больш яўная.

Агульная тэндэнцыя ў лягеры сучаснага камунізму, у тым ліку і ў Савецкім Саюзе, выяўляецца ў адыходзе ад усяго, што некалі лічылася істотным. У абсягу эканомікі ідэя дзяржаўнай уласнасьці ці калектыўнай у сельскай гаспадарцы, у сэктары паслугаў і нават прамысловасьці адкідаецца як лішні баляст або ў большай ці меншай ступені асуджаецца. Аб’ектам атакаў ёсьць таксама цэнтральнае плянаваньне і вызначэньне цэнаў, прычым адбываецца нясьмелы зрух у кірунку рынкавых мэханізмаў. У абсягу палітыкі слабне поўны камуністычны кантроль за сродкамі інфармацыі. Ідэалягічная індактрынацыя саступае месца ідэалягічнаму адмежаваньню ад «чужых» уплываў. Дамінаваньне адзінай партыі ў палітычным дыялёгу з грамадзтвам усё больш атакуецца ў некалькіх камуністычных дзяржавах. Недатыкальным у прынцыпе застаецца толькі манаполія камуністаў на вяршэнства палітычнай улады.

Больш за тое, камуністычную ідэалёгію дыскрэдытуе ня толькі практыка, але й самі камуністычныя кіраўнікі. Займаючыся нечым накшалт гістарычнага strip-tease’у, яны адрываюць — зьдзіраюць зь сябе, калі так можна выразіцца — чарговыя слаі сваёй уласнай дактрынальнай мінуўшчыны. Верныя ленінцы пачынаюць, безумоўна, задумвацца, што засталося з усёй спадчыны, калі чуюць, што дваццаць гадоў брэжнявізму былі эрай стагнацыі і карупцыі; калі даведваюцца, што Хрушчоў, раней абвінавачаны за сваё дзесяцігодзьдзе «недарэчных праектаў», у сапраўднасьці быў прадвесьнікам перестройки; калі яны зьяўляюцца сьведкамі выкрываньня дваццаціпяцігодзьдзя сталінізму як часу «яўных злачынстваў» і калі некаторыя зь іх шэптам гавораць, што рэвізіянізм Гарбачова азначае пачатак фактычнай адмовы ад ленінізму. Аналягічна ў Кітаі мааізм, некалі незачэпная сьвятыня, стаецца цяпер аб’ектам крытычнай рэвізіі, тым часам як ува Ўсходняй Эўропе да бальшыні былых камуністычных кіраўнікоў пасьмяротна высунута абвінавачаньне ў сталінізьме. Усё гэта зьдзірае зь цела марксізм-ленінізм-сталінізм да голых касьцей марксізму улучна — марксізм XIX стагодзьдзя ня можа, відавочна, даць патрэбных парадаў для пераадоленьня праблемаў сьвету на парозе дваццаць першага стагодзьдзя.

Такім чынам, камунізм знаходзіцца ў гістарычнай трансфармацыі. Ці гэтая трансфармацыя прынясе больш эфэктыўны ў эканамічным сэнсе і больш плюралістычны ў палітычным сэнсе лад? Адказ на гэта гучыць іначай у залежнасьці ад краіны. Калі гаворка йдзе пра Савецкі Саюз, то скептыцызм тут будзе вельмі дарэчы. Дужа няпэўнымі выглядаюць магчымасьці таго, што пачынаньні Гарбачова прывядуць у выніку да заснаванай на канкурэнцыі і інтэграванай у сусьветны рынак эканомікі і палітычнага ладу, пры якім людзі будуць кіраваць сабой самі пры ненавязьлівай апецы абыякавай да ўсяго камуністычнай партыі. Антыдэмакратычная ленінская спадчына, шматнацыянальны характар дзяржавы і глыбока засвоеныя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі — усё гэта разам аслабляе падаўкосьць грамадзтва да эфэктыўнага перайманьня палітычнай і адміністрацыйнай адказнасьці і тым самым робіць немагчымым гэткага роду хаду падзеяў.

Пасьпяховае ўвядзеньне плюралізму ў Савецкім Саюзе менш імавернае, чымся чатыры іншыя магчымасьці. Першая — гэта працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які будзе доўжыцца без хоць нейкага вырашэньня колькі дзясяткаў гадоў і пэрыядычна перапыняцца выбухамі грамадзкай незадаволенасьці сярод масаў гарадзкога насельніцтва, усё больш расчараваных у матэрыяльных умовах жыцьця, асабліва сярод палітычна больш непакорных нярускіх народаў. Другой магчымасьцю ёсьць чарговы застой: зь цягам часу сумятня нарэшце сьцішыцца, а цэнтралістычныя традыцыі расійскай мінуўшчыны зноў возьмуць верх. У пэўны момант гэта магло б прывесьці да трэцяй магчымасьці, дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненага войскам і КДБ (пры гэтым магчымая заўчасная сьмерць Гарбачова) і апраўданага перад грамадзкай думкай эмацыйным зваротам да вялікарускага нацыяналізму. Чацьвертая магчымасьць — на гэтай стадыі значна менш імаверная — палягае ў канчальным ператварэньні працяглага крызысу ў поўнае і адназначнае выкрыцьцё камуністычнага рэжыму, што прывяло б да рэалізацыі таго прыдуманага сцэнару, які быў назначаны на пачатку разьдзелу. Гэтая апошняя магчымасьць магла б выклікаць распад Савецкага Саюзу як адзінай дзяржавы, што немінуча прывяло б да праліцьця крыві ў выніку буйнамаштабных нацыянальных і этнічных канфліктаў.

Найбольш імаверная магчымасьць — працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які ў рэшце рэшт мог бы перайсьці ў чарговы пэрыяд застою, — яшчэ больш паглыбіла б усеагульны крызыс камунізму, спрычынілася б да ўзрастаньня адрозьненьняў паміж камуністычнымі дзяржавамі і паскорыла б працэс ідэалягічнага раскладаньня. Яна немінуча павялічвала б напружанасьць у міжнацыянальных дачыненьнях у самім Савецкім Саюзе, узмацняючы сэпаратысцкія тэндэнцыі. Так ці іначай, распальваючы грамадзкія жарсьці ў кантэксьце ідэалягічнага вакууму, выкліканага дыскрэдытацыяй афіцыйнай дактрыны, Гарбачоў стварыў умовы ня толькі для адраджэньня вялікарускага нацыяналізму, але перадусім для ўзмацненьня нярускіх нацыяналізмаў. У выніку Гарбачоў міжволі паставіў на парадак дня магчымасьць дэмантажу Савецкага Саюзу ў дадзены момант.

Чым даўжэй працягнецца перестройка, тым больш будуць узмацняцца нацыянальныя памкненьні не-расійцаў. Гэта толькі пытаньне часу — можа, нават адносна нядоўгага — калі нацыянальныя рухі, якія выступаюць за перадачу ўладных паўнамоцтваў ад Масквы сталіцам асобных рэспублік, ператворацца ў змагароў за поўны нацыянальны сувэрэнітэт. Гэта ўжо назіраецца ў нядаўна прылучаных рэспубліках Эстоніі, Латвіі і Летуве, тое самае пачынае назірацца ў самабытных рэлігійна і культурна краінах — Арменіі, Азэрбайджане і Грузіі. У недалёкай будучыні гэта можа назірацца ня толькі там, дзе пераважае іслам (у Таджыкістане, Туркменіі, Узбэкістане і Казахстане), але таксама — і гэта з пункту гледжаньня Масквы нясе нечуваную пагрозу — у славянскай Украіне і, нарэшце, у Беларусі (нягледзячы на яе далёкасяжную русіфікацыю). Зь іх Украіна — са сваім вялікім насельніцтвам і багатымі натуральнымі рэсурсамі — уяўляе сабой патэнцыйна найбольш сур’ёзную пагрозу для самога існаваньня Савецкага Саюзу. Таму цалкам верагодна, што ў першыя дзесяцігодзьдзі дваццаць першага стагодзьдзя найбольшым рэгіёнам на сьвеце, які будзе разьдзірацца сур’ёзнымі нацыянальнымі канфліктамі, стане Савецкі Саюз, — і гэта азначала б канчальную перамогу нацыяналізму над камунізмам.

Адзіным канструктыўным вырашэньнем пастаянна ўзрастаючай дэзынтэграцыі савецкіх народаў, якое адпавядае афіцыйна прагалошаным мэтам перестройки — г.зн. эканамічнай дэцэнтралізацыі і палітычнаму плюралізму — ёсьць не прымусовае вяртаньне да імпэрскага Савецкага Саюзу, а пабудова сапраўднай Савецкай Канфэдэрацыі. Аднак сапраўды добраахвотная канфэдэрацыя можа ўжо ня быць магчымай на практыцы дзякуючы абуджаным памкненьням не-расійцаў. Апрача гэтага, так ці йначай, перадача Масквой рэальнай улады, як у сфэры эканомікі, так і ў палітыцы, азначала б на практыцы канец маскоўскай імпэрыі — а такая пэрспэктыва, безумоўна, не падабаецца вялікарусам.

Вайскова-паліцыйны пераварот, пакліканы пакласьці канец працягламу крызысу і вярнуць дамінуючую пазыцыю цэнтру, таксама выклікаў заняпад камунізму ў сусьветным маштабе, або нават яго паскорыў. У сучасных умовах моцна рытуалізаванай ідэалёгіі і ўсё сьмялейшых нярускіх нацыяналізмаў перавароту з мэтай вяртаньня эфэктыўнай цэнтральнай улады давялося б шукаць палітычнай легітымацыі ў вялікарускім нацыяналізьме. Гэта магло б даць цэнтру масавую сацыяльную базу, патрэбную для згумленьня нярускіх нацыяналізмаў. Аднак выклікае сумлеў тое, каб — безь вяртаньня да сталінскіх мэтадаў — можна было такія нацыяналізмы поўніцай выкараніць. Нацыяналістычныя жарсьці вызваліліся з скрыні Пандоры. У эру нацыяналізму ўжо нельга замкнуць яе шчыльней.

У той самы час гласность ужо дала імпульс да крайніх, радыкальных праяваў вялікарускага нацыяналізму. Некаторыя зь іх мяжуюць зь яўным шавінізмам. «Память», надзвычай актыўнае грамадзкае аб’яднаньне, выкарыстоўвае факт, што паступовая кампрамэтацыя афіцыйнай ідэалёгіі стварыла вакуум, які нацыяналізм можа зь лёгкасьцю запоўніць. У выніку «Память» закранула за жывое вялікарусаў, якія ўсё больш абураюцца шкодамі, нанесенымі на працягу семдзесяцёх год іх нацыянальнай спадчыне камунізмам (што «Память» прыпісвае сіянісцкім і масонскім уплывам), а таксама ўсё больш баяцца, што працяглы крызыс можа паскорыць распад іх імпэрыі.

Хаця надпіс з кветак перад савецкім памежным пунктам на чыгуначнай лініі з Хэльсынак у Ленінград і надалей абвяшчае аптымістычны лёзунг «Мы жывем у эпоху, у якой усе шляхі вядуць да камунізму», любы варыянт будучай долі Савецкага Саюзу прадказвае адыход ад камунізму. Посьпех перестройки выклікаў істотнае размываньне практыкі камунізму. Падаўжэньне крызысу было б адзнакай, што сыстэма няздольная да перадачы ўлады больш дынамічнаму і аўтаномнаму грамадзтву на справе. Чарговы застой азначаў бы, што камунізм ня можа творча разьвівацца. Рэпрэсіўны пераварот, заснаваны на нацыяналізьме і ідэлёгіі, скампрамэтаваў бы Савецкі Саюз на міжнароднай арэне, а яго распад быў бы роўны гістарычнай паразе. Такім чынам, у няпэўнай будучыні Савецкага Саюзу крыецца грамадзка-палітычная дынаміка, несумяшчальная з прэстыжам камунізму і яго пэрспэктывамі ў глябальным маштабе.

Палітычныя і сацыяльныя зьмены ўва Ўсходняй Эўропе таксама ўзмоцняць, безумоўна, агульны крызыс камунізму. Гэтыя зьмены будуць рознымі ў розных дзяржавах, а іх рухальнай сілай будзе як нацыяналізм, так і новае пачуцьцё наднацыянальнай салідарнасьці. Гэты першы мог бы паглыбіць традыцыйныя канфлікты — напрыклад, вугорска-румынскую спрэчку аб Трансыльваніі — а імаверным вынікам гэтага другога была б замена дагэтуль яшчэ ня зьніклых рэштак камуністычнага інтэрнацыяналізму ўзрастаючай прыцягальнай сілай Эўропы, якая аб’ядноўваецца ўсё хутчэй. У меру таго, як Заходняя Эўропа будзе крочыць да больш аўтэнтычнага, арганічнага эканамічнага адзінства, і як усьлед за эканамічным аб’яднаньнем узьнікне палітычнае, гістарычнае і культурнае адзінства, прыцягальнасьць Эўропы для ўсходнеэўрапейскіх краін узрасьце яшчэ больш. Паступовае аб’яднаньне Эўропы будзе ствараць драматычны — магнэтычны — кантраст з Савецкім Саюзам, незалежна ад таго, будзе ён у стане хваляваньняў ці застою.

Такім чынам, як аб’яднальная ідэя і ўзор грамадзкага разьвіцьця камунізм ужо страціў сваё значэньне для Ўсходняй Эўропы. Ён перастаў быць інтэлектуальна прыцягальны як ідэя. Як узор ён дыскрэдытаваны нават сярод уладных элітаў. Гэтта насоўваюцца два істотныя пытаньні. Па-першае, як будзе адбывацца працэс дэмантажу існых камуністычных інстытуцыяў? Па-другое, ці прывядзе ён да ладу, роднаснага заходнім дэмакратыям, ці да нацыяналістычных дыктатураў?

Карціна, відаць, будзе вельмі неаднароднай. Амаль усе ўсходнеэўрапейскія дзяржавы будуць імкнуцца да больш цесных сувязяў з Заходняй Эўропай, прычым рэй у гэтым будуць весьці і надалей Вугоршчына і Польшча. Таксама выглядае праўдападобна, што гэтыя дзьве краіны захаваюць свой статус лідэраў у дэмантажы інстытуцыяў, накінутых Савецкім Саюзам. У абедзьвюх краінах узьнікненьне самастойнай грамадзянскай супольнасьці, якая здолее супрацьстаяць эфэктыўнаму кантролю камуністаў, будзе і надалей звужаць абсяг самадыі палітычнай улады і паскорыць аднаўленьне аўтэнтычнага палітычнага жыцьця. Таму абедзьве яны могуць дасягчы, перш як іншыя дзяржавы Ўсходняй Эўропы, прынцыповай памежнай лініі паміж абарончым, адступаючым, усё больш талерантным, аднак і надалей — у сэнсе палітычнай улады — манапалістычным камунізмам і аўтэнтычнай плюралістычнай дэмакратыяй і сапраўднай свабодай палітычнага выбару.

Пераступіць гэтую лінію будзе цяжка. Ніводны камуністычны рэжым ня здолеў мірна дагэтуль перайсьці гэтую нябачную мяжу. Вугоршчына — гэта найлепшы кандыдат да такога спакойнага пераходу. Яна невялікая і геапалітычна ня так істотная для Саветаў, а гэта, у сваю чаргу, азначае меншую імавернасьць таго, каб Масква наважылася на нейкае разбуральнае ўварваньне ў нутраное разьвіцьцё гэтай краіны. Яе палітычная эліта больш мудрая і пачуваецца троху больш бясьпечна, чымся ў Польшчы. Усё гэта магло б абумовіць паступовае ператварэньне ўзьнікаючай грамадзянскай супольнасьці ў Вугоршчыне ў палітычнае грамадзтва з выразна плюралістычнымі рысамі. У Польшчы, дарма што грамадзтва выяўляе там свае правы на палітычную свабоду з большай сілай, чымся ў Вугоршчыне, пэрспэктывы такога спакойнага пераходу такія ж імаверныя. Ужо само ўзмацненьне польскіх нацыянальных памкненьняў, а таксама аснавасяжная слабасьць камуністычнай улады дазваляе прыпушчаць, што пэўная фаза крызысу можа непарыўна суправаджаць агонію камунізму — хаця шмат што, відавочна, залежыць ад ціхай згоды Саветаў на гэты працэс.

Зь іншымі краінамі карціна можа быць больш складанай. Усходняя Нямеччына стала Прусіяй камунізму, дысцыплінаванай, не пазбаўленай матывацыі, прадуктыўнай. Такой яна можа заставацца досыць доўга, асабліва таму, што Заходняя Нямеччына шчодра прычыняецца да яе дабрабыту. Але іх посьпех будзе хутчэй абумоўлены самабытнай нацыянальнай і культурнай традыцыяй, чымся камунізмам як такім. Чэхаславаччына, напэўна, пойдзе за вугорска-польскім узорам, ліквідуючы інстытуцыі савецкага паходжаньня і навязваючы цясьнейшыя кантакты з Эўропай. Любыя працяглыя нутраныя закалоты ў Савецкім Саюзе выклікаюць ажыўленьне эмоцыяў, якія некалі далі штуршок Праскай Вясьне, запачаткоўваючы такім чынам новы пэрыяд палітычнага разьвіцьця. Румынія і Баўгарыя, напэўна, акажуцца аўтсайдэрамі, хаця і першая, і другая будуць ува ўсё большай ступені апэляваць да нацыяналістычных пасылаў пры вызначэньні сваёй нутраной палітыкі.

Характар савецкай рэакцыі на палітычныя перамены ўва Ўсходняй Эўропе сур’ёзна паўплывае на тэмпы і дыяпазон зьменаў у самім Савецкім Саюзе. Савецкі Саюз, які талерантна ставіцца да зьменаў ува Ўсходняй Эўропе, — гэта, найбольш верагодна, Савецкі Саюз, ублытаны ў доўгія, можа нават ілюзорныя, але напэўна бурлівыя пошукі сваёй уласнай перестройкі. Савецкі Саюз, які спрабуе сілай запыніць перамены ўва Ўсходняй Эўропе, можа быць Савецкім Саюзам, які прафануе і гамуе свае рэформы. Ня выключана, што фактычны канец гарбачоўскай перестройки можа аказацца цаной, якую давядзецца заплаціць за захаваньне нутраной імпэрыі. І ў выпадку актыўных захадаў для прылучэньня да большай Эўропы, і ў выпадку ўціску з боку Савецкага Саюзу Ўсходняя Эўропа будзе падрываць міжнародны прэстыж камунізму.

Адно ў Кітаі цяперашняе разьвіцьцё сытуацыі прадказвае аднаўленьне жыцьцёвай сілы камунізму. Але нават там справа ў рэшце рэшт можа аказацца не адназначнай. Як мы ўжо згадвалі, кітайскі рэжым мае большыя шанцы на посьпех, чымся на паразу пры сваіх цяперашніх намаганьнях, накіраваных на хуткае ўключэньне Кітаю ў квітнеючы рэгіён узьбярэжжа Ціхага Акіяну. Але гэтага ён дасягне дзякуючы палітычнай тактыцы, якая будзе мець усё менш супольнага з дактрынай марксізму-ленінізму і ўсё больш з эканамічна пасьпяховай палітыкай некаторых некамуністычных суседзяў Кітаю, якая прадугледжвае перанос націску на замежны гандаль як заруку разьвіцьця краіны. Гэты гандлёвы і тым самым неклясычны камунізм можа дасягаць высокіх паказьнікаў разьвіцьця, але на досыць нізкім узроўні ідэалягічнай артадоксіі. Любыя эканамічныя посьпехі Кітаю будуць аргумэнтам на карысьць далейшага адыходу ад дактрыны і паслужаць прыкладам іншым камуністычным дзяржавам, такім, як Віетнам або Паўночная Карэя — што яшчэ больш аслабіць вернасьць гэтай дактрыне.

З гэтага не вынікае, што няўдачы ў рэалізацыі кітайскіх эканамічных плянаў нейкім чынам ажывілі і зноў легітымізавалі б ідэалёгію. Наадварот, любая параза гэткага роду была б, безумоўна, ацэненая бальшынёй кітайцаў як чарговы довад, што эфэктыўныя вынікі ў эканоміцы немагчымыя пры квазікамуністычнай сыстэме і іх можна дасягчы адно дзякуючы поўнаму адыходу ад усіх традыцыйных марксісцка-ленінскіх абмежаваньняў палітычнай свабоды. Таму зь цягам часу палітычны вымер ператварэньняў будзе, відаць, адыгрываць усё большую ролю. Кітай амаль немінуча асуджаны на ўзрастаньне палітычнай напружанасьці.

У сутнасьці нельга ўявіць сабе доўгатрывалага разьвіцьця эканамічнага плюралізму безь зьяўленьня ў Кітаі грамадзянскай супольнасьці, якая ў рэшце рэшт пачне зьдзяйсьняць свае палітычныя заданьні. Гэта можа прывесьці да працяглай, патэнцыйна нават выбуханебясьпечнай канфрантацыі. Такім чынам, у пэўны момант эканамічны посьпех Кітаю мог бы стаць каталізатарам палітычнага крызысу, які, у сваю чаргу, нават паставіць пад пагрозу гэты посьпех. Кіраўнікі Кітаю ня могуць бясконца не лічыцца з фактам, што ў рэшце рэшт не існуе прамежкавага вязьма паміж цэнтралізаваным камунізмам і дэцэнтралізаваным, аўтаномным грамадзтвам.

Апрача існуючых камуністычных рэжымаў магчымасьці пашырэньня камунізму, ці то шляхам рэвалюцыі, ці то дзякуючы выбарам, падаюцца вельмі абмежаванымі. Разам з раздрабленьнем марксісцка-ленінскай ідэалёгіі ўзрастае магчымасьць таго, што рухаючай сілай рэвалюцыйнай дзейнасьці, асабліва ў Трэцім Сьвеце, будуць перадусім лякальныя пытаньні і дактрынальныя гібрыды, якія будуць аб’ядноўваць пэўныя элемэнты марксізму-ленінізму з больш лякалізаванымі крыніцамі ўзьдзеяньня на эмоцыі і інтэлекты. Зьзяючы шлях у Пэру і тэалёгія вызваленьня ў Лацінскай Амэрыцы даюць прыклады такога прыстасаваньня. Такія формы — асабліва прасякнутыя нейкім рэлігійным зьместам — могуць даць аб сабе знаць у тых частках сьвету, у якіх адчай і фрустрацыя прыводзяць да палітычных актаў гвалту.

Пэўныя элемэнты марксізму зь неабходнасьці будуць часткай усіх рудымэнтарных дактрын гвалтоўнай і прымусовай рэвалюцыі, а таксама хуткай перабудовы грамадзтва. Марксісцкі погляд на гісторыю — гэта частка інтэлектуальнай спадчыны нашага сьвету, і кожны радыкальны правадыр прысвойвае сабе, знарок або несьвядома, пэўныя марксісцкія ідэі ў сваім рэвалюцыйным маніфэсьце. Але гэтыя элемэнты ўжо ня будуць інтэгральнай сукупнасьцю, якая мусіць быць прынятай in toto. Марксізм-ленінізм страціў сваю гістарычную легітымацыю як усеабдымны догмат.

Больш за тое, нават у шэрагах камуністаў зьяўляецца выразная схільнасьць да пэўнага філязафічнага экумэнізму, што трошку нагадвае тое, што апошнімі часамі дзеецца ў рэлігійных арганізацыях. Добры прыклад такога «рэлятывізму» ў мысьленьні — узрастаючая тэндэнцыя савецкіх камэнтатараў да прызнаньня таго, што пабудова камунізму ў Савецкім Саюзе выклікала ідэалягічныя скрыўленьні, якія пазбаўляюць савецкі досьвед якой-колечы абавязковай для ўсіх сілы. Інтэлектуальны прагматызм і сынкрэтызм — гэта, можа, ахвотна прыманая прыкмета большай талерантнасьці, але ўвадначас гэта сыгнал узрастаючай дактрынальнай — або рэлігійнай — індыфэрэнтнасьці. Такая індыфэрэнтнасьць — першая фаза паступовага адмаўленьня ад найбольш істотных вераньняў. Яна немінуча цягне за сабой пераход ад абсалютызму да рэлятывізму, ад догматаў да звычных паглядаў. Гэты пераход і ёсьць агоніяй камунізму.

Разьдзел 24
Посткамунізм

Апошнім часам узьнікла новая зьява — посткамунізм. Дарма што дваццатае стагодзьдзе ня стала эрай перамогі камунізму, яно, аднак, было стагодзьдзем, у якім дамінавалі яго выклікі. Гэтыя выклікі хутка губляюць сілу, у меру таго як зьнікае сам камунізм. Гэта парадокс будучыні, што «перамога» камунізму ўсё часьцей вымяраецца яго здольнасьцю пераходу да большай эканамічнай свабоды і адмаўленьня ад беспасярэдняга кантролю над палітычным жыцьцём грамадзтва.

Такім чынам, посткамунізм будзе ладам, у якім адміраньне камунізму зойдзе так далёка, што ні марксісцкая тэорыя, ні ранейшая практыка камунізму ня будуць мець вялікага — ці ўвогуле ніякага ўплыву на далейшую палітыку дзяржавы. Посткамунізм стане папросту сыстэмай, пры якой людзі, якія самі дэкляруюць сябе як «камуністаў», ня ставяцца да камуністычнай дактрыны як да вызначальнага арыенціру грамадзкай палітыкі: ні тыя, хто абвяшчае, што яна санкцыянуе іх уладу, тымчасам як яна прыводзіць да стагнацыі ладу; ні тыя, хто сьцьвярджае, што ўжываюць яе на практыцы, тымчасам як з посьпехам прафануюць яе сутнасны зьмест; ні, нарэшце, тыя, хто яе адмаўляе, не баючыся ўжо рабіць гэта яўна. Можна сказаць, што Савецкі Саюз, Кітай і Ўсходняя Эўропа ў рознай ступені набліжаюцца да такой посткамуністычнай фазы.

Адбываны цяпер гістарычны працэс станаўленьня посткамунізму стаўляе ўпаасобку два прынцыповыя пытаньні:

1. Ці адыход ад марксісцка-ленінскіх дыктатураў паступова прывядзе да плюралістычнай дэмакратыі, ці ўсё ж да нейкай формы нацыяналістычнага аўтарытарызму?
2. Што будзе прызнана палітычнай і інтэлектуальнай спадчынай камунізму XX стагодзьдзя?

У сутнасьці праблема посткамуністычнай эвалюцыі, напэўна, стане інтэлектуальна найцікавейшым і палітычна цэнтральным пытаньнем узглядам таго, што мы сёньня называем камуністычным сьветам. Паводле бадай усіх прагнозаў, у найбліжэйшыя некалькі дзясяткаў гадоў гэта стане галоўнай дылемай гэтага сьвету, што будзе выклікаць ня толькі аналітычныя, але і практычныя праблемы. Абстрагуючыся ад чыстага прагназаваньня, гэтая дылема вымагае заходняй стратэгіі, разважліва сплянаванай з мэтай павелічэньня магчымасьцяў пераходу ад посткамунізму да дэмакратыі.

Агулам кажучы, у выніку фіяска камунізму камуністычныя рэжымы маюць перад сабой дзьве фундамэнтальныя, доўгатрывалыя альтэрнатывы. Першая — гэта ператварэньне ў грамадзтвы, у якіх усё больш і больш пашыраецца плюралізм. Гэта сьпярша запатрабавала б стварэньня зьмешаных, у розных прапорцыях, дзяржаўна-прыватных эканамічных сэктараў, легітымізаваных усё больш выразна сацыял-дэмакратычнай фразэалёгіяй, што дало б у некаторых выпадках выходны пункт для падтрыманага масамі звароту да збольшага рынкавай сыстэмы. Альтэрнатывай ёсьць стагнацыя ў існуючых інстытуцыянальных структурах, зь людзьмі ўва ўладзе, загрузлых у маргінальных справах, але захоўваючых дыктатарскую ўладу дзякуючы вайскова-палітычнай кааліцыі, якая ўва ўсё большай ступені робіць стаўку на нацыяналізм — а не рытуалізаваную ідэалёгію — як на галоўную крыніцу палітычнай легітымацыі. У абодвух выпадках дадатковае, але цесна зьвязанае з гэтым пытаньне гучыць так: ці рух у адным ці другім кірунку будзе мець эвалюцыйны характар, ці ўсё ж пацягне за сабой нейкія бурлівыя ўзрушэньні?

Выходзячы з дагэтулешняга досьведу, гісторыя не прадказвае вельмі пасьпяховай рэалізацыі першай альтэрнатывы. Стан рэчаў уяўляецца зусім інакш, чымся ў выпадку фашысцкіх рэжымаў у Гішпаніі і Партугаліі: яны пайшлі на эвалюцыйныя зьмены, дазваляючы ўзьнікаць аўтаномным аазысам грамадзкай і эканамічнай дзейнасьці, якія ў крытычны момант маглі ператварыцца ў плюралістычныя крыніцы палітычнай дзейнасьці. Аднак рэжымы тыпу савецкага стварылі таталітарную мадэль сацыяльнай арганізацыі, якая выключала гэткага роду патэнцыйны палітычны плюралізм. Нават ува ўзглядна нетаталітарнай Югаславіі манапалісцкая традыцыя камунізму — асабліва выразная ў ленінізьме — супрацьдзейнічала ўзьнікненьню альтэрнатыўных крыніцаў палітычнага кіраўніцтва і дагэтуль блякуе паступовае ператварэньне краіны ў нешта набліжанае да сацыял-дэмакратыі.

Апрача гэтага, як мы ўжо згадвалі, разам з размываньнем ідэалёгіі камуністычныя эліты ўсюды падлягаюць спакусе ўзмацненьня і зацьвярджэньня сваёй улады дзякуючы ўсё больш выразным апэляцыям да нацыяналізму. Гэта ўжо назіраецца ў камуністычнай Польшчы, дзе на партыйную ўладу накладзена вайсковая ўлада. Тое ж самае дзеецца, можа, троху менш выразна, у Савецкім Саюзе, але гэтая тэндэнцыя, напэўна, будзе набіраць сілу разам з узрастаючым ідэалягічным расчараваньнем. Моцны нацыяналізм чуецца, без сумлеву, у прамовах кітайскіх кіраўнікоў. Хаця гэта можа падарваць далейшую жыцьцёвасьць камуністычнай дактрыны, аднак распальваньне нацыяналізму, безумоўна, дадае сілы аўтарытарным імпульсам. Яно ўзмацняе тыя інстытуцыі ўлады, якія могуць найбольш эфэктыўна выкарыстаць нацыяналістычныя сымбалі для дыктатарскага рэжыму, гамуючы тым самым разьвіцьцё дэмакратыі.

Было б памылкай, аднак, цалкам выключаць, што постакамунізм пойдзе ў больш дэмакратычным кірунку. У некаторых камуністычных краінах грамадзкая самаэманцыпацыя, якая прыводзіць да ўзьнікненьня грамадзянскай супольнасьці, што суіснуе з палітычным ладам, а ня цалкам падкантрольная яму, стварыла магчымасьць паступовага ператварэньня ў больш аўтэнтычныя формы плюралізму. Асабліва важнае значэньне мае ўзьдзеяньне новых сродкаў масавай інфармацыі, паколькі яны парушаюць камуністычную манаполію ў палітычным дыялёгу грамадзтва, а таксама даюць магчымасьць артыкуляваць альтэрнатыўныя палітычныя пагляды.

Табліца на наступнай старонцы ня толькі паказвае меркаваныя стадыі адыходу ад камунізму, але й пазначае некаторыя сумляваньні што да патэнцыйнага парадку палітычных зьменаў у існуючых рэжымах. Як даводзіць дагэтулешні аналіз, крытычнай і разам з тым, магчыма, неабходнай стадыяй такога адыходу ёсьць другая фаза, зь якой можна эвалюцыянаваць у чатырох альтэрнатыўных кірунках. Як ужо было сказана, найбольш імавернай падаецца эвалюцыя ў кірунку трэцяй фазы — посткамуністычнага аўтарытарызму — зь менш праўдападобнымі опцыямі фрагмэнтацыі, спробаў вяртаньня да таталітарнай фазы або беспасярэдняга пераходу да плюралістычнай дэмакратыі.

Так ці іначай, пры гэтым працэсе зьменаў страта камуністычнай уладай манаполіі на сродкі масавай інфармацыі — гэта ключ да разбурэньня камуністычнага плюралізму. Ува ўмовах камунізму і ўпаасобку яго інтэнсіўнай і манапалісцкай індактрынацыі адбываецца наступны працэс: узьнікае ідэалягічна адчужаная маса, якая жадае прысвоіць сабе альтэрнатыўную інфармацыю і з гэтай мэтай прагна кідаецца на новыя тэхнікі сродкаў інфармацыі — замежныя радыёперадачы, відэакасэты, падпольную прэсу — каб сфармаваць іншы, хоць і няясна палітычны сьветагляд. Няўдачы ў эканамічнай галіне падштурхоўваюць палітычна заангажаваных інтэлектуалаў да ператварэньня гэтага сьветагляду ў патрабаваньне ня толькі соцыяэканамічнага, але й палітычнага плюралізму і вяршэнства права.

Запозьненыя камуністычныя эканамічныя рэформы, якія цягнуць за сабой розныя саступкі і дэцэнтралізацыю, міжволі прычыняюцца да паступовай інстытуцыяналізацыі такіх эканамічных і палітычных пераменаў, што можа прыводзіць да грамадзкага штурму таталітарнай дыктатуры.

Гэтыя працэсы, якія ўжо цяпер глыбока ўзьдзейнічаюць на некаторыя часткі камуністычнага сьвету, можа паскорыць дальнабачная стратэгія Захаду, накіраваная на падтрымку посткамуністычнай дэмакратыі. У гэтай стратэгіі нацыяналістычна-аўтарытарная фаза пераходу да посткамунізму можа разглядацца, нават у бальшыні выпадкаў, як неабходны этап у паступовай ліквідацыі марксісцка-ленінскіх сыстэмаў. Аднак, безумоўна, дэмакратыя зацікаўленая ў тым, каб гэты аўтарытарны этап быў кароткі, асабліва дзеля таго што — у кантэксьце эканамічных цяжкасьцяў і недаверу масаў да камуністычных уладаў — раздражненьне народу магло б выбухнуць у любы момант, прыводзячы да ўсеахопнага і гістарычна заўчаснага бунту, што, у сваю чаргу, выклікала б рэпрэсіўную і больш ападыктычную рэакцыю камуністаў. Таму падтрымка паступовай посткамуністычнай дэмакратызацыі ў гістарычным сэнсе — гэта справа, што стаіць на парадку дня.

Для паскарэньня працэсу згасаньня камунізму надзвычай важную ролю адыгрывае вельмі магутнае ўзьдзеяньне лёзунгу правоў чалавека. Правы чалавека — гэта найбольш захапляльная палітычная ідэя нашага часу. Яе абвяшчэньне Захадам ужо цяпер прымусіла абараняцца ўсе бяз вынятку камуністычныя рэжымы. Яе прыцягальнай сілай тлумачыцца станаўленьне ўсё больш разьвітых і палітычна сьвядомых масаў, якія ўжо немагчыма так лёгка трымаць у ізаляцыі і індактрынаваць. Посткамуністычныя аўтарытарныя рэжымы будуць асабліва падаўкія на дзеяньне лёзунгу правоў чалавека, што надзвычай істотна, у варунках адсутнасьці ўсеабсяжнай, прыцягальнай і непаўторнай ідэалёгіі. Таму яны будуць дактрынальна хісткімі і палітычна недаўгавечнымі.

Абвяшчэньне правоў чалавека ня толькі прымусіла абараняцца існуючыя камуністычныя рэжымы, але ў вачах сусьветнай грамадзкасьці паспрыяла адмежаваньню камунізму ад дэмакратыі. Дзякуючы прыцягненьню ўвагі сусьветнай грамадзкасьці да адсутнасьці права выбару пры камуністычным рэжыме, парушэньню правоў чалавека, беззаконьню і ўрэшце палітычнай манаполіі як у абсягу сродкаў масавой інфармацыі, так і ў эканамічным жыцьці — дзякуючы ўсяму гэтаму значна больш выразнай стала сувязь паміж шматпартыйнай сыстэмай і дэмакратыяй. Плюралізм цяпер усюды лічыцца адатрутай таталітарызму. Вынік гэтага ў распаўсюджаным цяпер нават у камуністычных дзяржавах прыняцьці тэзы, што дэмакратычны камунізм — гэта аксюмаран.

Актыўнае прапагандаваньне правоў чалавека дае й маральнае абгрунтаваньне для беспасярэдняй дэмакратычнай кампаніі, пакліканай сфармаваць яшчэ больш незалежную і палітычна адпорную грамадзянскую супольнасьць у існуючых цяпер камуністычных рэжымах. Нараджэньне аўтаномнай грамадзянскай супольнасьці — гэта выходны пункт для канчальнага вызваленьня ад улады камуністаў. Ужо цяпер у шмат якіх камуністычных дзяржавах, і нават у Савецкім Саюзе, спантанна ўзьнікаюць незалежныя групоўкі, якія выкарыстоўваюць новыя тэхнікі пашырэньня інфармацыі. Аўтаномны палітычны дыялёг, які дзякуючы гэтаму набывае голас, можа прычыніцца да ўзьнікненьня дэмакратычнай аднадушнасьці што да патрэбы правядзеньня соцыяэканамічных ператварэньняў, а пасьля і да трансфармацыі дысыдэнцкага руху ў сапраўдную палітычную апазыцыю; такая апазыцыя ў пэўны момант магла б або вытаргаваць мірную перадачу ўлады, або таксама палітычна выкарыстаць выраджэньне агрэсіўнага камуністычнага таталітарызму ў посткамуністычны аўтарытарызм, які ахвотна йдзе на саступкі.

Больш за тое, некаторыя з існуючых усходнеэўрапейскіх рэжымаў, прайшоўшы — магчыма, не бяз актаў гвалту падчас апошняй стадыі — посткамуністычную стадыю, найхутчэй пойдуць на поўную інтэграцыю з астатнім сьветам. Таму больш інтэнсіўныя навуковыя абмены, інтэлектуальныя кантакты і нават гандлёвыя дачыненьні з камуністычнымі дзяржавамі могуць таксама прычыніцца да працэсу дэмакратызацыі, асабліва калі будуць ісьці ўзапар са спробамі паскарэньня нараджэньня сапраўды аўтаномных грамадзянскіх супольнасьцяў у існуючых камуністычных рэжымах. Таму горкая, але шматабяцальная іронія гісторыі можа палягаць у тым, што для некаторых зь іх камунізм акажацца ў канцавым выніку неўнікнёным і каштоўным пераходным этапам ад даіндустрыйнага грамадзтва да разьвітай плюралістычнай дэмакратыі.

Гэткага роду канчальнае паглынаньне пэўных камуністычных дзяржаваў шырокай міжнароднай супольнасьцю можа набыць яшчэ большае значэньне дзякуючы таму факту, што ў гэтым стагодзьдзі плюралістычныя дэмакратыі ўкаранілі ў свае ўласныя сыстэмы некаторыя зь мякчэйшых, нават канструктыўных аспэктаў марксісцкіх ідэяў дасканалага грамадзтва. У меру таго як сацыял-дэмакратыя на Захадзе выступала з шматлікімі праектамі вялікіх праграмаў, накіраваных на ўзрастаньне агульнага дабрабыту, — нават у такіх дэмакратычных сыстэмах, якія найбольш цэняць вольную ініцыятыву, за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў былі зьдзейсьненыя ініцыяваныя дзяржавай захады ў такіх галінах, як сацыяльнае забесьпячэньне, роўныя магчымасьці для асабістай кар’еры, павелічэньне стаўкі падаходнага падатку дзеля зьмяншэньня грамадзкай няроўнасьці, пашырэньне асьветы сярод найбяднейшых слаёў і забесьпячэньне мінімальнага ўзроўню мэдычнай дапамогі шырокім масам насельніцтва. Дзякуючы гэтаму плюралістычная і абапёртая на індывідуальную ініцыятыву дэмакратыя дасягнула таксама вышэйшага ўзроўню грамадзкага ўсьведамленьня.

Гэтае ўключэньне грамадзкай сьвядомасьці ў працэсы палітычнай дэмакратызацыі яшчэ больш падкрэсьлівае слушнасьць тэзы, што камунізм больш ня ў стане ажыцьцявіць якую-небудзь гістарычную місію. Вызначальнае для дэмакратыі ўзрастаньне пачуцьця грамадзкай адказнасьці, зьвязанае з сапраўднай свабодай палітычнага выбару, — формула, пры якой дзяржаву ня ставяць на п’едэстале, а ўжываюць як інструмэнт з абмежаваным дзеяньнем, пакліканы памагчы грамадзтву і індывіду выражаць думкі і пачуцьці, — стварыла дасканалы мэханізм забесьпячэньня чалавечых патрэбаў, а таксама абароны правоў чалавека. Ува ўсім сьвеце ўсё большы акцэнт робіцца на ініцыятыву індывіда і палітычна незалежную грамадзкую салідарнасьць, і гэта адлюстраваньне лепшага разуменьня факту, што самыя ўзьнёслыя крозы чалавецтва могуць ператварыцца ў кашмар, калі дагматычная і ўсемагутная дзяржава стаецца прадметам пакланеньня як галоўны матор гісторыі.

 

Фазы адыходу ад камунізму

Гістарычны стан

Фаза I:   Камуністычны таталітарызм.
             
Камуністычная партыя ажыцьцяўляе кантроль над палітычнай сыстэмай
              Палітычная сыстэма ажыцьцяўляе кантроль над грамадзтвам і эканомікай.

Альбанія              Паўночная Карэя              Віетнам

Пераход да Фазы II: шляхам барацьбы за пераемнасьць улады, што падзяляе кіруючую камуністычную партыю і ўзмацняе ціск грамадзтва, якое дамагаецца сацыяльна-эканамічных саступак.

Усх. Нямеччына              Румынія              Куба              Чэхаславаччына

Фаза II: Камуністычны аўтарытарызм. Камуністычная партыя кантралюе сыстэму, але ўзьнікаючая грамадзянская супольнасьць чыніць супраціў; палітычнае вяршэнства ў эканоміцы знаходзіцца пад пагрозай.

Савецкі Саюз

Кітай

Пераход да Фазы III: найбольш імаверна, дзякуючы перавароту на найвышэйшым узроўні як рэакцыі страху рэжыму перад узрастаючым грамадзкім націскам; у выключных выпадках беспасярэдне да Фазы IV; пры блякаваньні зьменаў ёсьць магчымасьць раздрабленьня сыстэмы або рэпрэсіўная спроба вяртаньня да Фазы I.

Нікарагуа              Вугоршчына              Польшча

Фаза III: Посткамуністычны аўтарытарызм. Аўтарытарны рэжым, абапёрты перадусім на нацыяналізьме; рытуалізацыя ідэалёгіі; грамадзянская супольнасьць стаецца палітычнай супольнасьцю; канец дамінаваньня палітыкі над эканомікай.

Югаславія

Пераход да Фазы IV: найбольш верагодна, зьвязаны з хваляваньнямі ў апошні пэрыяд Фазы III, хаця ў пэўных выключных выпадках магчымая мірная эвалюцыя; пры блякаваньні зьменаў існуе магчымасьць раздрабленьня сыстэмы.

 

Фаза IV: Посткамуністычны плюралізм
              Палітычныя і соцыяэканамічныя сыстэмы стаюцца плюралістычнымі.

 

Таму з катастрафічнага сутыкненьня чалавецтва з камунізмам, якое адбылося ў дваццатым стагодзьдзі, вынікае траўматычны, але надзвычай важны досьвед: утапічная грамадзкая інжынэрыя ў сутнасьці ідзе ўразрэз са складанасьцю чалавечай кандыцыі, а творчыя сілы грамадзтва дасягаюць найбольшага росквіту тады, калі палітычная ўлада абмежаваная. Дзякуючы гэтаму аснаватворнаму досьведу ўсё больш верагодна, што акурат дэмакратыя — а не камунізм — станецца дамінуючай сілай у дваццаць першым стагодзьдзі.

Тэкст перакладзены паводле:
Kultura, № 5 (500), 1989.


Зьбігнеў Бжазіньскі — сусьветна вядомы палітоляг. Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыплямата, усё сьвядомае жыцьцё правёў у Амэрыцы. Піша пераважна на ангельскай мове.

Навучаньне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталёгію ўва ўнівэрсытэце Mc Gill. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплём з адзнакай («first class honors in economics and political science»). У 1953 годзе Бжазіньскі скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, атрымаў ступень доктара філязофіі і быў пакінуты пры вучэльні. У свае 25 гадоў Бжазіньскі стаецца адным з наймалодшых выкладнікаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1958 годзе атрымлівае амэрыканскае грамадзянства. Свае навуковыя зацікаўленьні ён рэалізуе сьпярша

ў Цэнтры дасьледаваньняў Расіі (Russian Research Center), a пасьля, ужо ў якасьці выкладніка, у Цэнтры міжнародных стасункаў (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафэсарам публічнага права і кіраваньня (public law and government) Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытуту міжнародных зьменаў (Institute of International Change).

У пэрыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы (дзякуючы якой у 1980–1981 гадох рабіў усё магчымае, каб пазьбегчы савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу). Прэзыдэнт Джымі Картэр напіша пасьля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадніка, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія зьдзіўлялі сваёй дальнабачнасьцю і арыгінальнасьцю.

Апрача гэтага, Бжазіньскі быў чальцом Рады нацыянальнай бясьпекі (камітэту Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і чальцом Прэзыдэнцкай Рады па замежнай выведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амэрыканска-кітайскіх дачыненьняў і за ўнёсак у разьвіцьцё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бясьпецы ЗША ён уганараваны прэзыдэнцкім мэдалём свабоды. У цяперашні час працуе дараднікам у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладнікам амэрыканскай вонкавай палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных дасьледаваньняў імя Пола Нітцэ пры ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса.

Амэрыканская паліталёгія ў адзін голас разам з Кісынджэрам і Шлезынгерам залічае Зьбігнева Бжазіньскага ў разрад найбольш буйных амэрыканскіх дзяржаўных дзеячаў.

Сярод апошніх публікацыяў Бжазіньскага адзначым кнігу «The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives» (Basic Books, 1997), перакладзеную на расійскую, украінскую і польскую мовы, а таксама артыкулы ў амэрыканскай прэсе «An Idea Whose Time Has Come. A discussion about the pros and cons of NATO expansion», «A Solid Year for Foreign Affairs. Dr. Brzezinski discusses U.S. foreign policy in 1996 and looks ahead to the agenda for 1997», «Netanyahu’s Speech: Dirge or Dodge? An examination of the evasive political tactics of Israel’s new leader». На польскай мове выйшла кніга «Główne cele polityki amerykańskiej» (Wydawnictwo «Świat Książki», Warszawa, 1998).

Прафэсар Зьбігнеў Бжазіньскі — доктар honoris causa Кракаўскага Ягелонскага ўнівэрсытэту, Каталіцкага Люблінскага ўнівэрсытэту, а таксама Браціслаўскага ўнівэрсытэту.

У 2000 годзе ён даў згоду на сваё прызначэньне старшынём камітэту «ЗША—Славаччына».

Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды рэдакцыі часопісу «Kultura».

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія