Беларуска
Марта Піньска
XXІІ
Пасля я сустрэлася з Віктарам, які запрасіў мяне ў кавярню. Сядзім, забаўляемся рознымі пагудкамі, аж тут Віктар успомніў, што яго запрасілі на літаратурную канферэнцыю. Прапанаваў мне пайсці з ім у «Цэнтр Францішка Скарыны». Гэта непадалёк.
Заходзім у стары паўразвалены дом бліз цэнтра, усярэдзіне пах гнілізны і плесні. Дошка ў калідоры горда азнаямляе, што гэта сусветны цэнтр беларусістаў. Але сусветнае ўражанне робіць на мяне толькі прафесар Мальдзіс. Нізкі, сівы мужчына з квадратным тварам, дасканала дапасаваным да прафесарскіх акуляраў. Гаворыць, шапялявячы, але бярэ слухачоў сваёй добрай беларускай і тым, пра што гаворыць. Я пад вялікім уражаннем ад гэтага чалавека. Ягоны выступ завяршае канферэнцыю. Праз хвіліну ў гармідары цыцастая Люба, гаспадыня гэтага храма навукі, згортвае са сталоў паперы і камандуе, дзе паставіць талеркі з не дужа эстэтычна пакроенай садавінай, хлебам і каўбасой.
Выпілі па кілішку, і атмасфера перастае быць напятай і навуковай. Я слухаю Мальдзіса і ягоныя ўспамінкі пра Караткевіча, славутага беларускага пісьменніка, з якім Мальдзіс некалькі разоў пабываў у маім родным Кракаве. Некаторыя параўноўваюць Караткевіча з Крашэўскім, з той розніцай, што беларускія старажытнасці сягаюць часоў выбарных каралёў, ад Батуры да Панятоўскага, павязаных рамкамі гісторыі Горадні. Кракаў па-ранейшаму застаецца для іх месцам традыцый, нейкай мерай, сімвалам, кропкай адліку. Таму яны з такой ахвотай ездзілі туды ў семідзесятых гадах на розныя літаратурныя ды філалагічна-гістарычныя канферэнцыі. Потым, напэўна ж асобна, пісалі даўжэзныя справаздачы ў КДБ. Кожны асобна і ўпотайкі ад другога. Можа, у пэўнай ступені менавіта таму Караткевіч і дапіўся да смерці. А цяпер, калі я гляджу на Мальдзіса, як ён спрытна куляе чарговы кілішак прыгатаваных налівак, дык бачу, што так яно і мае быць. Беларуская меланхолія ўкідае чалавека ў абдымкі запалу, які вызваляе ад жалю, смутку і манатоннасці.
Мальдзіс расказвае, як аднаго разу Караткевіч канечне хацеў правесці ноч на вежы Марыяцкага касцёла. Узяў туды з сабою некалькі пляшак беларускай гарэлкі і цэлую ноч бяседаваў з сігнальшчкам-гэйналістам, забаўляючы таго гістарычнымі расказамі. Абодва, здаецца, пад раніцу заснулі на падлозе. Як сцвярджае Мальдзіс, першы раз у гісторыі гэйнала на другі дзень раніцай у Кракаве не гучаў сігнал славутай трубы. Прафесар, аднак, не мог сказаць, ці звольнілі таго гэйналіста з працы, як сянкевічаўскага лятарніка.
Расказаў ён таксама гісторыю, як на Караткевіча напусцілі цыганку, каб яна яму наваражыла, што ён будзе вялікім пісьменнікам. Колькі ж бо грошай марна ўбухаў тады шакіраваны Караткевіч? Альбо як ён уцягнуў у забаву выпадкова сустрэтую расейку ў бібліятэцы Чартарыйскіх. Падбухторылі яе, каб падышла да Караткевіча, які чакаў пад помнікам Міцкевічу і голасам агенткі з Масквы папыталася, што ён тут вырабляе, навошта, каго чакае і каб заўтра ж явіўся ў савецкае консульства для дачы дадатковых тлумачэнняў. Мальдзіс назіраў за ўсім гэтым з кавярні ў Сукенніцах і выскаляўся, а будучы беларускі прарок зелянеў і чырванеў ад прыкрасці і страху.
Апошнюю гісторыю прафесар, пасёрбваючы налівачку, акрасіў доўгім уступам, як тое яны ў гатэлі «Cracovia» сядзелі разам з Караткевічам, побач сюд-туд лётала ладная афіцыянтка, кідаючы ў іх бок пагардлівыя позіркі. Ацэньваючы іх па сціплай вопратцы, яна больш гарнулася да заходніх турыстаў, амерыканскіх палякаў альбо блішчастых ад ПНРаўскай мішуры мясцовых увішных шалахвостаў. Яны пастанавілі адмысловым спосабам адпомсціць ёй. Наступнага дня раніцай сам Мальдзіс каля століка заказаў у той самай маладзенькай і павабнай афіцыянткі каву і як бы між іншым даверліва завёў, што, бач, мае пэўную праблему. Бо вось праз некалькі гадзін прылятае з Амерыкі яго стрыечны брат, які атрымаў у спадчыну вялікае ранча ў Тэхасе. А ён яму абяцаў знайсці жонку і будучую гаспадыню на тую спадчыну, але вось нічога ніяк не клеіцца. Афіцыянтка ўлёт скеміла, што можа надарыца не абы якая аказія, і калі абодва з элегантна апранутым і гладка паголеным Караткевічам увайшлі падвечар у кавярню, яна не спускала з іх вачэй. Ветліва і вельмі міла абслугоўвала. Усміхалася, ліслівіла і падавала знакі, што ахвотна пагутарыла б з госцем сам-насам. І ўсё павялося б добра, калі б Караткевіч не забыўся, што павінен гаварыць не з расейскім, а з амерыканскім акцэнтам. Асабліва, калі пасля некалькіх кілішкаў вылушчыўся і сыпануў па-беларуску паэмамі - сваімі і класікаў. Нягледзячы на тое, што афіцыянтка страціла цікавасць і ўжо не вельмі разбіралася, пра што там ішлося, Мальдзіс стаяў на сваім, што забава атрымалася класная.
А на мяне адразу насунулася подумка, што нават калі гэта гісторыя праўдзівая, дык напэўна прыадкрывае толькі тыповыя комплексы. Калі мы з Віктарам выйшлі з Цэнтра, я падзялілася з ім сваімі меркаваннямі. Ён часткова прызнаў маю рацыю. Так, ёсць нешта ў вас, паляках, пыхлівае і адпіхлівае. Пагардлівасць, фанабэрыя і ігнарванне «расейцаў», асабліва, калі дэманстрацыйна не разрозніваюцца нацыянальнасці ў велізарным савецкім мяху. Але ці вашая ў тым віна, ці нашыя комплексы? Цяжка разважыць. Тут Віктар, аднак, успомніў адну гісторыю, якая пацвярджае маю думку. Ён быў сведкам, як прафесар Мальдзіс некалькі разоў дапасоўваў свае расказы да кампаніі, у якой быў. Аднаго разу на адкрыцці выстаўкі жыдоўскай кнігі ён пачуў Мальдзіса, які кроіў зграбную легенду пра беларуска-жыдоўскую кааліцыю супроць варожых ляхаў. Сцвярджаў, што Францішак Скарына за грошы беларускіх жыдоў выдаў у Празе Біблію, перакладзеную на сваю родную мову, наперакор палякам. Колькі ў тым праўды, а колькі інтэрпрэтацыі, цяжка сказаць, але легенда зграбная.
Я ўжо й не ведаю, што ён расказваў сваім польскім знаёмым на тых канферэнцыях у Кракаве. Як праўдзівы гаварун ён мае шмат розных версій розных гісторый...
У сваю чаргу, у такіх сітуацыях мне пастаянна прыходзіць у галаву акрэсленне ўласцівага псіха-нацыянальнага сіндрому - краіна-партызанка. Нішчаныя і плюндраныя рознымі акупантамі беларусы навучыліся вельмі глыбока хаваць свае погляды, у тым ліку розныя комплексы і сантыменты. Ніколі не можаш быць пэўны, ці за знешняй адкрытасцю і шчырасцю пры бутэльцы гарэлкі не стаіць чарговая маска, уцёкі ўглыб. У недаступныя закануркі, балоцістыя лясы, нетры, тарфянішчы, у замглёныя лугі і пушчы Беларусі.
Віктар слухаў мае словацечывы, моўчкі ідучы поплеч. Я расказала яму пра сваё ўражанне ад спаткання з Дзмітрыем і яго партрэтам голай жанчыны. Цела на белай прастыні, на фоне чырвонай сцяны. Нібыта ясна і выразна. Нібыта шчыра і адкрыта. Але гэта толькі мімікрыя, уражанне. Замаскаваны і глыбока схаваны свет, які немагчыма лёгка і проста апісаць і спазнаць.
XXIII
Калісьці выпадкова я дасталася ў самае нутро яе змрочнай натуры, прорву, поўную выбуялай эротыкі, жаданняў і двухсэнсавасці. Сярод кніг я натыкнулася на аматарскі здымак голага мужчыны. Паклала яго на пісьмовы стол, не падазраючы, што гэта яе ўласнасць. Яна, заўважыўшы маю цікаўнасць і, можа, нейкае пытанне ў вачах, усміхнулася. Ні пра што не пыталася, але, відаць, мой позірк быў поўны загадкавай натугі, калі ўжо яна загаварыла сама.
Калі яна яшчэ была за сваім мужам, здарылася непрыемная гісторыя з лістом, які яна атрымала ад аднаго калегі журналіста, што выехаў у Францыю і слаў поўныя жалю і настальгіі эпісталы. Відаць, даймаў яго брак жанчыны, таму ў пісьмах было шмат розных эратычных алюзій і нейкіх успамінаў з іх разам праведзеных на Чорным моры вакацый пасля сярэдняй школы.
Адно пісьмо прачытаў яе муж. Гэта быў якраз час яго найбольш пільнага кантролю. Для яе чым далей, тым больш невыноснага. Але яна не магла вырвацца з заклятага кола мужавай радні, сваіх бацькоў, цеснай кватэры ў бетонный пустыні з выглядам на пад'ёмныя краны і спляжаны ландшафт. І яна прыйшла да думкі неяк схавацца ў якой-небудзь выключнай прыватнасці, куды ніхто не меў бы права без спросу соваць цікаўны нос. Яна заказала сабе персанальную паштовую скрынку. У галоўным будынку менскага паштамта яна магла непрыкметна схавацца на некалькі хвілін, забраць карэспандэнцыю і пажыць у сваім таямнічым свеце, поўным мрояў, няспраўджаных разбушаваных летуценняў. Са студэнцкай газеты яна выбрала некалькі адрасоў і пачала перапіску. З дзяўчынай з Фінляндыі, хлопцам з-пад Братыславы, а пазней з маладым італьянцам Джульянам. Гэты апошні інтрыгаваў найбольш. Ліставанне развівалася з неразгаданай двузначнасці ў бок канкрэтнай эротыкі. Высыланыя канікулярныя здымкі прыватных сустрэч пераставалі ўжо быць вычарпальнымі. Прыйшлі да згоды абменьвацца давяральнымі здымкамі з фотаклішэ актаў. Спачатку яны былі няякасныя, бо не было добрага апарата. Пазней на ашчаджаныя грошы яна рашылася купіць паўпрафесійную «Алімпію». І яшчэ толькі існавала праблема з праяўленнем тых здымкаў, як бы тое не ўчворыць сенсацыі ў фотаатэлье. Яна пазнаёмілася з дзяўчынай адтуль, і яны разам разглядвалі праяўленыя Джульянавыя здымкі.
Яна апісала мне свае фотаграфічныя інтымы ў ваннай альбо ў кватэры ў адсутнасці хатніх. На здымках яна прыціскала бюст альбо азадак да аконнай шыбы на балконе, садзілася на фалічныя бутэлькі, спрабуючы языком дастаць да смочак. Стаяла і сядзела ў розных паставах на падваконніку. Ад Джульяна таксама атрымлівала ананістычныя аўтавыявы. Парнаграфія развівалася. З калатнёю сэрца раз на тыдзень бегла на паштамт па новую перасылку. Пазней і таго стала мала. Пастанавілі спаткацца і паспрабаваць свае сілы ў натуральных вымярэннях, дакрананнях і спазмах асалоды. Месцам спаткання абралі Братыславу. Яна скарыстала нейкуюю экскурсію ў горы, каб апраўдаць сваю адлучку на некалькі дзён.
Яны замкнуліся з Джульянам на тры дні ў невялікім занюханым гатэліку, аддаючыся парнаграфіі ў натуры, рэалізуючы з шалёным сткатам сэрца і задыхлівым імпэтам змрочныя мары, вільготныя і ліпкія думкі. Супакоеная вярталася ў Менск з гарачым рашэннем навучыцца італьянскай мовы, бо слабой ангельскай выстарчала ім абаім толькі на прымітыўную камунікацыю. Распальную і цікавую толькі на некалькі першых гадзін, а пасля пакутлівую і ў пэўнай меры абразлівую. Джульян бо плаціў за ўсё і быў клапатлівы, але ўсё гэта разам рабіла на яе ўражанне гандлёжнай прыгоды.
XXIV
Яна прызналася, што аднаго разу, вярнуўшыся ў Менск з другой паездкі ў Братыславу, села ў скверы сярод латкоў з карцінамі, матрошкамі і іншымі такога роду шадэўрамі мастацтва. Піла піва з бутэлькі, бяздумна ўглядваючыся ў прастору перад сабою. Было позняе папалудне. Адчула на сабе доўгі ліпкі позірк мужчыны, які сядзеў на лаўцы з дзяўчынай. У дзяўчыны кідкі макіяж, яна прамянілася прадажным сексам, была ў кароткай спаднічцы і спакушала выстаўленымі на публічны агляд зграбнымі нагамі.
Мужчына запаліў папяросу, не спускаючы драпежна-прагнага позірку. Спачатку яна падумала была, што гэта звычайная цікаўнасць. Пасля змеціла той двухсэнсоўны сальны лоск на твары, якім мужчына надзіць і заахвочвае да скоку ў невядомае.
Далей яна расказала, што мінула больш дзесяці хвілін і мужчына падышоў да яе, загаворваючы пра ўсё, пра што можна загаварыць у скверы сярод карцін, пахаджалых турыстаў і запыленай зеляніны. Па хвіліннай размове яна ўжо адчула сябе як у памяшканні з замкнутымі дзвярмі. Паспрабавала выбрацца, хоць з цяжка хаванай абыякавасцю кідала фразы на тэму сваіх выдуманых штодзённых заняткаў. Нібы хацела спадабацца мужчыну сваёй бескампраміснай пазіцыяй. Праз паўгадзіны да іх падышла вышмінкаваная паненка на высокіх абцасах і з нудою на твары. Толькі тады яна дацяла сваю наіўнасць і што на ўме таму тыпажу. Адразу ўбарохталася ў правакацыю, якую спачатку трактавала, як пацешную забаву. Прапанова працы па тэлефоне. Ён абсыпаў яе кампліментамі і бажыўся, што выбіраць сабе кліентаў яна будзе сама. Яна настолькі ладная і прывабная, што не абавязана кідацца на любую прынаду. Грошы тут жывыя, халяўныя, а за апеку ён бярэ толькі палавіну. Яно зусім нязгорш як на менскія расцэнкі, калі сутэнёры здзіраюць з дзяўчат большую долю ўтаргоўкі.
Пасля гэтай размовы яна нават не адчувала абрыдлівасці да сябе. У галаве шумела выпітая бутэлька піва. Узяла нумар яго мабільніка і, удаючы свой поўны спакой, пайшла ўбок бліжэйшай станцыі метро. Дома адразу нырнула ў сямейны спакой перад тэлевізарам і ў пустыя размовы пра нішто.
Менавіта тады яна і наважылася напісаць цыкл нарысаў, у якіх менскія дзяўчаты спавядаюцца ў тонкасцях сваёй вулічнай працы (і не толькі). Артыкулы прынеслі ёй розгалас, некаторыя газеты давалі даволі добрыя, як на Менск, сумы за большыя тэксты ў суботне-нядзельныя выпускі.
Муж быў вельмі незадаволены гэтым. Кпіў, што з такой журналістыкай адкрытая дарога ў бульварныя рубрыкі. Пасля адной такой вострай размовы яна ўзяла купленыя незадоўга да таго ролікавыя канькі і, заплёўшы валасы ў дзве школьныя касіцы, выскачыла з кватэры і правяла рэшту дня ў размашыстым раз'язджанні па навакольнай асфальтавай арэне, як істая наццатка.
XXV
Заінтрыгаваная яе расказам пра адпад у сваю змрочнасць і адначасова ў адкрытасць свету розуму з такой самай сілай, як бы тое заходзілася пра агульнапрынятае спазнанне хараства прыроды, я пачала распытвацца, як яна спраўляецца са страхам перад светам, які так брутальна адлучае нас ад нашых жаданняў, называючы іх злом і грэхам. Тады яна зацытавала мне фрагменты з кніг Генры Мілера. Сутыкнулася яна з імі некалькі гадоў таму назад у добрым расейскім перакладзе. І тады ёй раптам здалося, што цярпенні гэтага чалавека падсумавалі ўсе ранейшыя змаганні чалавецтва з двузначнасцю душы. Больш за тое, ўсё, што датуль здавалася хвалюючым і правакацыйным неспаўненнем, раптам абярнулася простай праўдай, дзіцячай забаўкай, казкай ці байкай на дабранач.
Яна пазбылася страху. Набралася ўпэўненасці ў сябе. Дзіўна. Але, бадай, магчыма, бо такі яна не павінна была ашукваць мяне, прыкідвацца і напускаць на сябе. Я па-ранейшаму білася са сваімі мяшчанскімі звычкамі да ўдаванага сораму альбо страху.
Аднаго вечара мы сядзелі ў яе ў кватэры, і яна зноў вярнулася да пытання, як пісала артыкулы пра менскіх прастытутак. Тады яна прапанавала мне прайсціся па горадзе.
Мы выйшлі з цёмнай брамы яе дома. Скіраваліся ў бок праспекта Машэрава, дзе на шырачэзным тратуары сярод кветнікаў падсветленыя рэкламы прэзерватываў асцерагаюць пра небяспеку СНІД'у і венерычных хваробаў. Было ўжо добра па дзесятай, і на тратуары сям-там кучкаваліся дзяўчаты, прабаўляючы час ціхімі размовамі і цыгарэтамі. Штохвіліны пад'язджалі машыны, з якіх высоўваліся мужчынскія галовы, дамаўляючыся і абгаворваючы ўмовы і стаўкі. Дзяўчаты нетаропка, спакойна, ва ўстаноўленым, відаць, паміж сабою парадку знікалі ў машынах і раз'язджаліся па невядомых аб'ектах.
Гэта страшна небяспечна. Яна, запабягаючы маё пытанне, пачала расказваць, што дзяўчаты найбольш баяцца сітуацый, калі за адным альбо двума аматарамі платнага сексу ў памяшканні з'яўляецца цэлая шобла, якую трэба ўсю, па чарзе, абслужыць. Найбольш жорсткія і крутыя прыбыльцы з поўдня, розныя там чачэнцы ці іншыя мусульмане. Шкодай вялікай, можа, і не пакрыўдзяць, але за такі харавы секс плацяць толькі адну голую стаўку - наогул, гэта 20-50 даляраў.
Пад'язджае міліцэйскі патруль. Дзяўчаты ў такім выпадку хаваюцца ў кавярні альбо стаяць каля ўваходу ў кінатэатр. На ўсялякі раз мы таксама праходзім далей. Тады адна з іх пазнае маю таварышку. Прадстаўляецца. Завуць яе Света, яна вывучае журналістыку ў тутэйшым універсітэце. Успамінае іх папярэднюю леташнюю сустрэчу і загаворвае. Артыкул ёй спадабаўся, але крыху завостры. Яна пачынае бараніцца, што, бач, яна не сацыяльная работніца, што ёй да дупы, якога выбару трымаюцца дзяўчаты. Кожны мае права на тое, што яму пасуе і не шкодзіць іншым. Света дастае пачак цыгарэт і частуе нас. Пачынае наракаць, што калі б не даўгі, дык бы і не заводзілася, не цацкалася б з усім гэтым. Сама яна з-пад Магілева і не хоча вяртацца ў нэндзу сваіх бацькоў. Не мае ніякай талані на крутую кар'еру, не хапае блату, і таму яна рашыла крыху пасобіць сама свайму лёсу. І ўвесь час дэманстрацыйна гаворыць па-беларуску. Калі я пытаюся ў яе, ці мае час на вучобу пасля такой жылавымотлівай начной працы, яна з усмешкай адказвае, што ніколі не мела ніякага клопату з навукай. Веды прыходзяць ёй спора, апрача таго сама папісвае і шмат чытае. Як бы ў доказ таго пачынае чытаць свой новы верш - па-беларуску. Пасля расчаравана разважае пра няўдачлівасць мужчынскай палітычнай эліты. Прапускаючы палітыкаў, даходзіць да высновы, што ў ложку самыя лепшыя - іншаземцы, мабыць, хацела зрабіць мне прыемнае, здагадаўшыся, што я полька, і расказала пра некалькіх палякаў, якія мала што добра плацяць, кормяць і пояць, дык яшчэ пад канец патрафляюць і ў ручку збусяць. Ніколі не таргуюцца, заўсёды дадуць які-небудзь прэзент і завязуць дамоў. Крышку шакіруе, што занадта педантычныя. Адзін, напрыклад, кожнага разу надзявае два прэзерватывы. А яна ж рэгулярна наведвае гінеколагаў і не дазволіла б сабе пайсці з кліентам, калі б што-небудзь падчапіла.
Вяртаемся дамоў. На цёмнай лесвічнай пляцоўцы таўкуцца госці інтымнага агенцтва.
Увайшоўшы ў пакой, яна прапануе мне гарбаты. Здымаю боты. Сядаю, падкурчыўшы ногі, на тапчан і бяру з палічкі адзін з нашых агульных камянёў. Гладжу пальцамі шорсткую і халодную паверхню.
XXVI
Тое ж бо яе захапленне Генры Мілерам... Нават тэкст, здавалася б яе ўласны, - бачу, што паявіўся пасля чытання шмат якіх мілераўскіх фантазій і душаразладных споведзяў.
Цяпер хочаш па-просту апраўдаць гэту любоў, надаць ёй хоць бы цень сэнсу і, вядома ж, падпарадкаваць яе сваёй волі. У Тваім унармаваным свеце - планаў, мараў, прадугледжаных і непрадбачаных спатканняў - тая любоў з'яўляецца так неспакойна і застае Цябе знянацку. І ты мусіш, альбо папросту лічыш, што мусіш, яе цугляць. А тым часам яна вырываецца. Бо прыйшла без Тваёй волі. Жыве і цешыцца жыццём. Сама ў сабе. У Тваім целе і душы і робіць з Табою, што хоча. Як дэман з малітвы заклінача д'ябла. На самым пачатку Ты бавілася ёю - было цікава і цікаўна, але што паробіш з ёю цяпер, калі яна будзе развівацца далей? Сваім бездакорным заходнім розумам задаеш пытанні. І сама ўпадаеш у нерат розуму, які вышэй за Цябе. Ці ўтрымаеш яе пры жыцці? Што за неадпаведнасць. Ты ж бо яе не корміш, яна жыве і даводзіць Табе, што так яно й след. Насуперак той д'ябальскай і людской логіцы. Баішся і ведаеш, што калі яна разальецца, будзе Табе вой як блага, выглядацьмеш чыстай ідыёткай, подлай... Таму якраз у глыбіні душы ты і маеш надзею, што неяк усё абыдзецца, і любоў твая мінецца.
Застаешся з ёю вызваленая і застаюцца з Табою прызнанні, жалі, прэтэнзіі, скугла, просьбы пра спачуванне і мальбоны за дапамогу.
Мой спеў у гэтую хвіліну шэлега не варты. Які б ён ні быў той верш, тая песня, якая б ні была музыка і патэтычная псальма. На нішто ўсе мае намогі. Мала таго, навокал іншыя сваімі песнямі, сваімі вершамі памнажаюць багацці вопыту. І бачу, як нямы глядач: у скрусе перад Усявышнім і ўсведамляючы, што ў сваёй слабасці не патрапляю дараўнацца хоць бы з найменшай страфой Ягонага прарока, запісанай у псальмах. Узбагачаць іншых, чытаючы ўсю эпоху, змешчаную ў змаганнях з ворагамі нейкага караля ці князя з пракаветнай гісторыі Ізраіля.
Узношу хвалу Ўсемагутнага,
і ты ўратуешся!
Ліся, песня мая!
Спявай, майстар-будаўнік!
Спявай, шчаслівы творца!..
... Хто можа падкапаць, знішчыць веру? Хто можа абваліць радасць? Многія спрабавалі зрабіць гэта ў розны час, але нічога ў іх з таго не выйшла. Радасць і вера - гэта іманентныя рысы Сусвету. Хоць у працэсе ўзрастання заўсёды спадарожнічаюць боль і барацьба. Спаўненне - гэта радасць і поўніца шчасця. У канцы - супакаенне. Паміж палосамі і сферамі быту, паміж зямным і незямным існуюць краты і прыступкі. Хто ўспаўзае па іх угору, той спявае. Упадае ў п'яны транс, стан даброці і даходзіць да захаплення перад расхінутымі перад ім даляглядамі. Падымаецца, не думаючы, што з ім зробіцца, калі пакаўзнецца і ўпадзе; думае пра тое, што ўсё перад ім! Думае пра тое, што ўсё перад ім! Дарога ў бясконцасць - а чым далей памкнешся, тым даўжэйшай робіцца. Балоты, багны, дрыгвянішчы, віры, прорвы і пасткі - усё перад табою. Памятай пра іх, яны чакаюць, яны цябе паглынуць у тую самую хвіліну, як толькі ты на момант прыпынішся. Свет ілюзій - гэта яшчэ не да канца ўпакораны свет. Гэта заўсёды свет прыйшласці, будучы свет, а не таго, што сышло ў нівеч. Ісці наперад, абапіраючыся на мінулае - гэта валачы на нагах цяжкія нявольніцкія гіры. А хто прыкаваны да мінуўшчыны, той змушае сябе перажыць яе наноў. Прашу Цябе, не бойся. Пан Бог дасць Табе сілу, каб ацугляць Тваю слабасць. Тваё цела, дадзенае толькі на момант, ён жа зрабіў яго прыладай спаўнення ў гісторыі любові. Ён, укрываючыся ў рэчах і з'явах, гаворыць нам, пераконваючы, што так сапраўды няма ЯГО! Ёсць толькі любоў. Благая і добрая. Любоў чалавека да чалавека. Сярод багнішчаў, тоняў, пахмурных і непамысных прастораў.
Усе мы вінаватыя, усе мы злачынцы, вінаватыя ў вялікім злачынстве. Пражываем жыццё без жадання жыць, але патэнцыйна мы ўсе свабодныя і можам перастаць мысліць пра тое, што ў нас не атрымалася. І таму ўсё ў нас выйдзе, усё нам удасца, на што мы здольныя, што патрафім. Ніхто не можа ўявіць сабе, якія гэта сілы ў нашых руках. Не можам уявіць сабе, што яны бязмежныя. Уяўленне - гэта пакліканне, якое нам робяць, і мы ўспасобімся стаць перад ім наўпрост насуперак агульнаму перакнанню, што нам не ўдасца. Калі ёсць нешта боскае ў Богу, дык гэта менавіта такое пакліканне і здольнасць стаць перад ім наўпрост.
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі,
а любові ня маю,
дык я - медзь звонкая...
XXVII
Гартаючы старонкі часопіса «ARCHE», я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзіўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналісткай, і тут жа распінаецца пра свае досведы.
Патэлефанавала Ёй, поўная ўскіпелага ўва мне абурэння, і мы сцяліся ў спрэчцы пра межы інтымнасці ў літаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пішам пра тое, што з намі здарылася. Дзелімся сваім светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасці. Пісьменнік, нават найбольш нявінны і дурны, альбо той, які толькі што пачынае змагацца з сабою і сваёй даросласцю, не павінен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскіх прыёмаў бульварнай газеткі. Віжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранічна зразуметую здраду. Гэта так, як калі ў школе хлопчыкі-падлеткі дзеля забавы задзіраюць дзяўчаткам спадніцу, лапаюць іх у цёмным калідоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якія праходзяць міма.
Ён не павінен у такіх дэталях і з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, і ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкі чытача.
Яна ж згаджаецца са мною толькі ў адным. Што не павінен апісваць аж так дэталёва. Бо то ж ці мала катораму з нас наўме ў сваім расхрыстаным эратычным жыцці мець многіх. З часам, каб падкрэсліць сваю вагу, мы даём вокам знак усім навокал, што сапраўды і мы з тым таксама, так, пераспалі. І робім гэта толькі дзеля таго, каб падвысіць цікаўнасць да сваёй асобы.
Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, які з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апісаў у «ARCHE» сваю сувязь з вядомай журналісткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяціў бы і палавіны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне і не так папомсціўся журналістцы, як пацвердзіў толькі факт пераспання з ёю. Нібы такі быў фармальны эксперымент. А яна проста нікудышняя. Улад успомніў, як яны кахаліся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло і дзесяці мінут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкім успамінам, яшчэ толькі-толькі раскручваўся. А яна тым часам ужо кінула яму ў твар - ах, ты такі ненасытны. Якая прымітыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная і недаразвітая. Некалькі мінут сексу. І гэта мне называецца інтэлігенцыя?!
Так, я магла б і згадзіцца з ёю, калі б не ведала Ўлада...
І тут я пачала з ёю выкаблучвацца. Ведаю, што той яе літаратурны кандыдат выхваляецца і зайздросціць Адаму Глобусу, што не ён першы ўздольніўся на такі эксперымент. Не, што ты! Крый Божа! З Уладам я не спала і ніколі, нават пасля некалькіх бутэлек на такое не пайшла б. Ён міфаман і пляткар! Адам Глобус, праўда, зрабіў шкадліва, але і з Уладам я пагадзіцца не рызыкну.
Зрэшты, кінем вокам на яго літаратурныя здабыткі. Яго комплексы сягаюць глыбей. Напісаў кніжку пра Лукашэнку - нейкая фантастычная байка, пра якую ведаюць ужо ўсе ў Менску і ў Варшаве. А з таго, што ён гаворыць сам, слава пра яго кнігу дабегла нават за акіян (Атлантычны, прынамсі!). Праблема, што ніхто той яго кніжэнцыі не чытаў, усе пра яе ведаюць толькі з дэкларацый самога аўтара падчас розных імпрэзаў і сустрэчаў. Вось яно, мастацтва і майстэрства занятку віртуальным сексам. Сапраўдная вытанчанасць.
Тады яна лямантуе мне ў слухаўку, што перажываны секс і секс апісваны - не адно і тое самае. Можа, Адам Глобус проста выдумаў цэлую тую гісторыю, каб нешта там справакаваць. І яму ўдалося. Яна нагадала мне анекдот пра аднаго афіцэра, які за бяседным сталом у афіцэрскім казіно пачуў меркаванне на прадмет задніцы сваёй жонкі. Гэта была яўная правакацыя, але закончылася яна трагічна. Афіцэр вярнуўся дамоў. Гонар і абраза загадвалі яму застрэліць жонку і адразу пасля самога сябе. Ах, гэтая сіла грамадскага этыкету. Цікава, у які пасля гэтага пераплёт трапіў аўтар таго меркавання. Ён хацеў толькі крыху пазабавіцца за кошт свайго калегі. Мы самі, па сваёй ахвоце ці рэдка калі купляемся на сяброўскія розыгрышы і містыфікацыі. А тым часам пра добры, памысны секс марыць кожны. Ну, амаль кожны.
А дзяўчына, прыспаная адным калегам, мае права быць рэкамендаванай другому. З рук у рукі. Каб насыціцца, дапасці да ўсіх тых, у чые абдымкі кідае нас сіла апанталай нас фантазіі...
Ці не шызанулася, што яна вярзе!? Я крычу ў слухаўку. Не магу! Узровень нашай размовы выходзіць за межы чыстага сацыялагічнага ці літаратурнага дыскурсу. Яна дражніць мяне сваімі поглядамі. Гэта ўжо нават не блядзтва і нават не німфаманія. Не разумею яе. Можа правакацыя. Годзе. Хай чапляецца за гэтага свайго Дзіму, і хай ён будзе ёй сутэнёрам, хай совае ёй пад нос усё новыя і новыя чэлесы спраўных і юрлівых самцоў. Яе клопат, яе праблемы, яе жыццё.
XXVIII
Я рашыла зацягнуць Марка на дыскатэку. Пры гатэлі «Беларусь» ёсць вядомы клуб, які ўсе называюць «шайба». Гэта ад формы будынка і сцэны, нават некалькіх сцэн, на якіх позна ўначы пад гучную музыку разбіраюць танцорак. Часам, як я чула, разбіраюць і прыахвочаных малалетак.
З Маркам мы абгаварылі правілы гульні. Кожнае з нас ідзе асобна і толькі назіркам зазначаем сабе, ці другое ўжо што падчапіла. Маем пры сабе тэлефоны, дык жа ў разе чаго пазней установім хто, дзе і з кім ідзе далей. Калі толькі адно з нас вылавіць што, дык дзелімся, натуральна, са згоды злоўленага.
У машыне соваю ў кішэню некалькі прэзерватываў. Марку таксама соваю ў пінжак некалькі. Пакідаем машыну ў паркінгу каля гатэля. Каля касы тры пацанкі. Маладзенькія, дурненькія наццаткі. Марк паводзіць вачмі па напятых азадках і адкрытых дэкальтэ. Я купляю білет асобна, каб не псаваць яму гешэфту. Ён загаворвае з дзяўчатамі, думаючы, што ў іх няма грошай на ўваход. Ані, яны чакаюць сваіх кавалераў.
Заходзім усярэдзіну, скрупулёзна кантраляваныя ахоўцамі. Марк высока падымае рукі, як салдат, здаючыся ў палон. Мяне правярае дзяўчына, якая як звычайна знаходзіць звязку ключоў для дома.
Штэмпелююць нашыя далоні. Нарэшце ўваходзім.
Каля бара ўсё тыя самыя, што і заўсёды, тры прастытуткі. У зале пуставата. Можа, яшчэ зарана. Толькі адзінаццаць. Большасць столікаў ужо занятая, але за імі амаль толькі адны дзяўчаты. Разглядаюся. Марк па той бок залы. Падсеў да трох дзяўчат, якія хутчэй за ўсё святкуюць з шампанскім нечы дзень нараджэння. Бачу, заводзіць іх, дзяўчатам у ахвотку.
На паркеце некалькі хлопцаў топчуцца ў танцы, але па іх выглядзе відаць, што гэта курсанты з міліцэйскай школы альбо вайскоўцы з акадэміі. Маладыя, паголеныя, танцуюць правільна, шукаючы вачыма якой-небудзь шчыліны, куды ўшпіліцца на вечар. Нічога цікавага.
Праз гадзіну падыходжу да Марка, які каля буфета пацэджвае піва і паліць цыгарэту за цыгарэтай. Пачакаем яшчэ крыху танцорак і стрыптызу. Можа, зборня раскруціцца.
Па зале ходзіць платаядны пярэстарак, лапае ўсё, што рухаецца і на дрэва не ўцякае.
Нуда, нуда, нудота...
Нават танцоркі нас не разварушваюць. Нейкія мала апетытныя і не сексуальныя. Рашаем уцякаць дамоў. Планы - кату пад хвост, але настрой гэтага вечара дае нам сілу, каб пазаймацца самімі сабою.
XXIX
Прыехаў да яе нейкі журналіст з Вільні. Беларус з летувіскім грамадзянствам. Яна патэлефанавала мне позна ўвечары, каб падскочыла як мага хутчэй.
Справа пільная, патрабуе, каб без адкладу. Калі я праз паўгадзіны пад'ехала, яна прадставіла мне Валеру. Я чула пра яго. Палітычна заангажаваны журналіст і перспектыўны беларускі пісьменнік малодшага пакалення. Выглядаў дужа змардаваным. Зарослы, у лахманах, з запалымі вачыма і шэрай скурай.
Гатуючы на скорую руку гарбату на кухні, яна расказвае мне, што яны знаёмыя ўжо каторы год, з выцечак у Вільню і Палангу. І заўсёды ў адной кампаніі падчас вакацыйных вандровак. Прыехаў на яе менскую кватэру без грошай у пазычанай вопратцы, з дзікім страхам у вачах, набытым, як экзатычную хваробу, недзе ўглыбіні Расеі.
Калі яна падавала гарбату з жаласцю ў вачах, ён папрасіў шклянку гарэлкі. Пачаў расказваць пра ўсе свае прыгоды, якія я нізавошта не акрэсліла б як прыгоду. Зрэшты ён яе зусім і не шукаў.
Ужо два гады ён меў добрага знаёмага ў Расеі, недзе далёка за Ўралам. У той мясцовасці, кіламетраў так з дзвесце далей, жыве яго дзядзька. Дамовіліся яны ў справах нейкага інтэрасу і зварганілі некалькі кантрактаў на зусім-такі неблагую суму, недзе так тысяч на сто даляраў. Гешэфт пайшоў на пагаршэнне пасля расейскага жнівеньскага дэфолту 1998 года, і адносіны паміж імі пайшлі на спад. Але пасля году маўчання калега азваўся-такі і папрасіў прыехаць, шчыра падкупіўшы тым, што ў іхніх справах можа распачацца новы этап. І ён рашыў прыняць запрашэнне калегі, спалучыўшы паездку з даўно адкладаным візітам да дзядькі, у якога ў дзяцінсве некалькі разоў праводзіў вакацыі.
Пасля двухсутачнага падарожжа цягніком з Вільні, праз Маскву, даехаў. Калегі на вакзале не было, што не здалося яму падазроным, бо аж так дакладна яны і не дамаўляліся. Хоць той раней заўсёды яго сустракаў. Ну, але ж цяжка, падумаў, пэўна, моцна заняты. Узяў таксі і ад вакзала хутка даехаў да бетоннага блочнага дома, дзе і знайшоў знаёмы адрас. Пад дзвярыма доўга стаяў і званіў. Чуў нейкі пошум па той бок і адчуваў, што яго пільна разглядваюць у вочка. Даволі марудлівая пачаканка, але дзверы такі адчыніліся. Убачыў свайго калегу як падмененага, як прыбітага, змучанага, п'янага ці мо нават пад наркатою. Павіталіся даволі холадна. Запрошаны на кухню, корпаўся там, дастаючы з вялікай сумкі ўсе свае віленскія запасы жыўнасці, з якімі і раней заўсёды прыязджаў, - высока цанёныя ў Расеі каўбасы, сыры, рыба ў бляшаначках і дзве бутэлькі добрых налівак.
І тым часам чуў, што ў пярэднім пакоі адбываецца нейкая драматычная размова па тэлефоне яго расейскага калегі з кімсьці незнаёмым. Але нічога не западозрыў. Увайшоў у ванную, праз хвіліну вярнуўся на кухню, замітусіўся між сталом і халадзільнікам.
Селі з калегам насупраць. Гаспадар наліў гарэлкі ў дзве брудныя шклянкі і, цяжка асунуўшыся на крэсла, падняў тост за сустрэчу. Нічога не паказвала на непрыемнае развіццё падзей, хоць ужо тады Валера адчуў нейкі невытлумачальны страх. Пасля другой шклянкі расейскі партнёр па інтэрасе ўадкрытую спытаўся, колькі грошай прывёз з сабою. Насамрэч па тэлефоне была гаворка пра абавязковыя дзесяць тысяч даляраў, але Валера не зразмеў, што іх трэба прывезці з сабою. Дык ён адказаў, што пакуль што прыехаў агледзецца і пабалакаць. Па твары кампаньёна раптам паплыла хваля прыкрасці і роспачы. Валера зразумеў, што тут да чаго, калі з суседняга пакоя ўварвалася шобла рослых дзецюкоў у скуранках і, заламаўшы яму рукі, паваліла на падлогу. Давай грошы! Праверылі яго партфель і ўсе патайнікі ў заплечніку. Валера думаў, што, забраўшы дзвесце даляраў у дробных банкнотах, якія ён меў пры сабе, яго пакінуць у спакоі. Бандыты, аднак, не спыніліся на вобыску. Надзелі яму мяшок на галаву і вывелі з пакоя, забараніўшы крычаць пад пагрозай лупцоўкі і нават забойства.
Доўга ехалі ў машыне, пасля правялі нейкім доўгім калідорам па прыступках уніз, пасля зноў калідорам. Папіханаму і штурханаму яму не было калі і як уважліва разглядаць праз дзіркі ў мяшку, дзе ён і куды яго вядуць. Зрэшты, і без таго ён не ведаў гэтага горада настолькі, каб адважыцца на ўцёкі. Страх нарастаў. Вядуць выканаць свой прысуд. Але за што. У яго ж не было ніякіх даўгоў, у інтэрасе з калегам год таму назад ён нават страціў на апошняй здзелцы больш за тысячу даляраў, але яны паабяцалі сабе, што пры нагодзе ўсё кампенсуюць.
Я падумала, што, можа, тут гаворка пра нейкі гандаль зброяй ці наркотыкамі. Калі я спыталася адкрыта, Валера раптам узвіўся на мяне, аблаяў і сказаў, што гаворка ішла пра матэрыялы для прамысловай вытворчасці машынных дэталяў.
Толькі па паху зарыентаваўся, што ён у сутарэнні. Праляжаў звязаны цэлую вечнасць. Можа, ноч ці суткі. Прасіў піць. Нарабіў пад сябе. Звязаны, з кляпам у роце, гатовы да ўсяго. Чакаў ужо толькі хіба што хутчэйшай смерці.
Ён пазіраў на нас, перапыняючы свой расказ доўгімі хвілінамі маўчання. Мне здавалася, быццам ён хацеў падзяліцца словамі малітвы, якія вымаўляў у такі драматычны момант. Можа, прасіў лёгкай смерці, можа, збавення, можа, вады і хвіліны паслаблення здранцвелым рукам і нагам.
Прайшла цэлая вечнасць, з якой ён выхопліваў гукі з вуліцы і гарадскога шуму, чыесь неразборлівыя галасы, дзіцячыя крыкі. Трымаў у памяці ўсе гэтыя шумы, спрабуючы скласці нейкі разумны вобраз атачэння. Але чым далей, тым больш усё цямнела, чужынела, жахліва набліжаючы да смерці.
Прайшла чарговая вечнасць, аж наблізіліся гукі і прыглушаныя галасы тых, якія яго звязалі. Уласна, гэта быў адзін голас, які ён запамятаў. Не расейскі акцэнт, а нейкі грузінскі, чачэнскі, хоць, можа, з такім жа поспехам з Узбекістана ці Арменіі.
У голасе вайсковая хрыпатасць, якая так добра помнілася з часоў службы ў савецкай арміі. Ахрыпласць чалавека, які перажыў няляда ўсяго ўсякага, скурыў цэлую краму пяпяросаў, выпіў бровар гарэлкі і начворыў такіх рэчаў, галоўная рыса якіх тое, што пра іх трэба як найхутчэй забыць.
Ляжаў тварам на вільготным бетоне. Калі да яго падышлі, ён умольна застагнаў і заенчыў. Развязалі ногі, знялі мяшок і спыталіся, якога ражна яму трэба. Папрасіў вады і таксама спытаўся, чаго ад яго хочуць. Пачуў смех. Гэта ж бо відавочна - чаго. Дзесяць тысяч баксаў. Дзе іх трымае, дзе іх схаваў. Ён зразумеў, як мала вартае яго жыццё. У галаве маланкава прамільгнуў каталог знаёмых, якія маглі б пазычыць на выкуп. Пасля некалькіх пытанняў зразумеў, што ягоны калега нарабіў даўгоў, павінен быў разлічыцца, але не было чым. І ён рашыў завабіць яго і «прадаць» як заклад пад неаддадзены доўг.
Зарыентаваўся ў вельмі простай сітуацыі і прапанаваў патэлефанаваць у Вільню і папрасіць жонку, каб паслала калегу з грашыма. Захопнікі пайшлі на такую замену. Забралі яго з сабою ўгору. Выходзілі з падвала, і яркае святло з калідора лесвічнай клеткі ледзь не паваліла яго на падлогу. На момант ён абаперся аб сцяну. Хрыпаты Голас за плячыма ўталкоўваў, што з ім будзе, калі паспрабуе збегчы. І задаў рух ягонаму ўяўленню, сказаўшы, што тут паўным-поўна яго калегаў. Не толькі ў гэтым горадзе, а ў цэлай Расеі і на свеце. Маса карашоў з арміі. Такія ж сама рашучыя, такія ж сама зацятыя, такія ж сама гатовыя каго хоч забіць. Са зброі ці голай рукою. Уночы і ўдзень, у натоўпе ў цэнтры горада і на вачах у міліцыі. З-за зацемненых шыбаў мерседэса і з бруднага грузавіка. У цягніку, самалёце, на караблі. Шанцаў - ніякіх.
Можа, Хрыпаты Голас залішне хваліўся, але гэтага ставала, каб на некалькі дзён паралізаваць у ягонай галаве любыя праекты магчымых удалых уцёкаў.
Прайшлі па лесвіцы некалькі паверхаў. У канцы доўгага калідора дзверы, абабітыя з сярэдзіны карычневым дэрмацінам. Ідучы, не бачыў нікога з насельнікаў. Цішыня. Поўны корпус людзей, звычайны блочны дом, якіх у Расеі сотні тысяч. Адзін да аднаго падобных. Масква, Пецярбург, Яраслаў, Растоў, Смаленск, Казань? Выбірай любы, і нічога іншага не ўбачыш, апроч абабітых дэрмацінам дзвярэй, шэрых і смярдзючых лесвічных пралётаў, падрапаных сцен. Гэты характэрны савецкі пах гнілое цыбулі, як гаўно немаўляці. Пах, які выпаўзае з кожнай савецкай кватэры, з кожнай савецкай кухні, кожнай савецкай валізкі на вакзале. Будзь тое Вільня, Варшава, Амстэрдам, Гамбург, Парыж. Пазнаеш чалавека з постсавецкай прасторы па гэтым задушлівым паху.
Вялікім дасягненнем Летувы ён прызнаваў не факт незалежнасці, дэмакратыю, грамадзянскія свабоды, а тое, што праз некалькі гадоў гэты агідны пах знік. Зрэдзь-часу яшчэ сям-там прабіваецца, як ліхі ўспамін, кашмарны сон. Гэты пах варта трымаць у слоіках для будучых пакаленняў. Каб ведалі, што нават калі Саветы перасталі існаваць, дык іх жахлівы нячысцік паяўляецца ўсюды, пакідаючы па сабе смурод, войны, бяду, беспарадак і жорсткасць звычайных людзей да звычайных людзей.
Валера быў ужо яўна пад уплывам шклянкі гарэлкі. У ім загараўся агонь нянавісці да ўсяго, што яго звязвала з гэтымі днямі.
Расказваў далей.
Патэлефанаваў у Вільню і сухім тэкстам пераказаў жонцы, што яна павінна арганізаваць грошы на добры гешэфт, што ён тут чакае і хай прыедзе калега.
Захопнікі перавялі дух. Колькі дзён прыйдзецца чакаць. Можа, два, чатыры, пяць. Дамовіліся, што паслязаўтра перазвоніць, каб праверыць як ўсё ідзе там у жонкі. А яму тым часам дазволілі зайсці ў ванную. Ён вымыўся, памыў майткі і штаны. Ахінуўшыся ручніком, вярнуўся ў пакой. Сеў побач з Хрыпатым Голасам. Захопнікі гатавалі сабе абед. Цыбуля, гуркі, кавалкі смажанага мяса. Адзін з іх сюд-дуд дастаўляў з кухні на сквірчастай патэльні новую порцыю. Заядалі лустамі чорнага хлеба. У шклянках паявілася гарэлка. Пачаставалі і яго, завялі пустую гаворку. Хрыпаты Голас расказваў пра Чачэнію. Ён быў там наёмнікам. А сам з Туркменістана. Вывучаў ў Маскве літаратуру, філасофію і псіхалогію.
Калі выпілі па дзве шклянкі, Валера рашыў праверыць узровень адукацыі Хрыпатага Голасу. Пачаў з Пушкіна. І тут у яго адвісла сківіца. Хрыпаты Голас ведаў не толькі творчасць Пушкіна, але і апошнія кнігі гісторыкаў літаратуры. Знехаця расказаў пра псеўдаадкрыцці Юрыя Дружыннікава, які фактычна размножыў веды пра расейскія міфы, вядомыя кожнаму студэнту-філолагу ў Маскве і Піцеры.
Пасля трэцяй шклянкі Хрыпаты Голас ужо чытаў напамяць Блока і Ясеніна. Трэба прызнаць, што ягоныя калегі з такім самым подзівам, як і Валера, слухалі таленавітага кораша.
Падвечар Валера ўжо хадзіў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запісаць у сшытак свае вайсковыя гісторыі.
Гісторыі - як матрошкі. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасці, і Хрыпаты Голас запоўніў некалькі дзесяткаў старонак дробнымі, падрабязнымі апісаннямі. Што ні сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баі, ваенныя оргіі, людскі плач і адчай.
Праз тры дні зноў патэлефанаваў жонцы ў Вільню. Хвіліна няўвагі бандытаў дала яму магчымасць кінуць некалькі фраз па-летувіску. Ведаў, што ніхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькі, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувіскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапіў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат і сваім магутным вайсковым кулаком уваліў у твар. Валера заліўся юхаю, кульнуўся на падлогу і ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабіў іхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.
Прыехаў Марк. Мы ўсхапіліся, быццам хацелі даць яму больш месца вакол гісторыі, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гісторыі. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.
Яму дазволілі жыць разам з імі, яны чакалі грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевізарам, картамі. Адзін толькі Хрыпаты Голас час ад часу запісваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзівыя баявыя гісторыі. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважліва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяці цыкл дзяжурстваў сваіх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкі Валера ляжаў у ложку толькі ў майтках, побач на падлозе і на канапе спалі тыя. Храплі як на вышках. Яму закарцела ў туалет, і ён ціхенька пакінуў пакой. На кухні спаў чацвёрты ахоўнік. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мільганула думка пра ўцёкі.
Не доўга думаючы, схапіў першыя выпадковыя боты, штаны і світар. З-за камоды ў калідоры ўзяў сшытак з нататкамі і сваю малую сумку, у якой, як выявілася пазней, не аказалася ягоных дакументаў. І сам здзівіўся, як лёгка далося пакінуць памяшканне. Пот страху, напруга і адчуванне соннай нерэальнасці - усё гэта выштурхнула яго з дома, па лесвіцы якога ён босы збег некалькі паверхаў уніз, бадай, хутчэй чым самы сучасны ліфт.
У кустах апрануўся і рушыў наперад. Праз некалькі кіламетраў шалёнага бегу ў бок цэнтру горада натрапіў на міліцэйскі патруль. І тут успомніў словы бандытаў, якія папярэджвалі яго, што ўсюды маюць знаёмых і дастануць яго з самай цёмнай і глухой нары. Калі б яго цяпер затрымала міліцыя, ён не мог б растлумачыць, што і навошта ён тут робіць. Ён завярнуў у цёмную падваротню і перачакаў, калі святло аўтамабільных фараў аддаліцца. Потым зноў рушыў да цэнтра.
Непадалёк ад вакзала чарговы патруль міліцыі. Сеў на лаўку ў кустах. Развіднялася. Аслабелы ён абапёрся і на хвіліну заснуў. Разбудзіў яго смурод. Побач на лаўцы сядзеў бомж. Тыповы расейскі бяздомнік са смярдзючым дыханнем, дзікімі вачыма і зарослым, як у яго, тварам. Не была гэта прыемная сустрэча. Але Валера адразу знайшоў у чалавеку прыязную душу. Разгаварыліся. Бомж быў малдаванін. Але не жыў там з самага дзяцінства. Працаваў на будоўлях Сібіры цеслем. Потым спёкся на нейкім крадзяжы, адсідка, потым - без даху, без працы, дурная прывычка выпіваць з самай раніцы. А на гэта час-парою трэба быць пры валюце. Хоць пару рублёвак. Так вось і бадзяецца па ўсіх былых саветах. І ў Вільні быў, але яшчэ да таго, як шчыльна зачынілі граніцу. Падарожнічае ў таварняках. Дасканала ведае, як і калі знайсці адпаведны цягнік. Ведае, што рабіць, каб не трапіць у рукі чыгуначнай міліцыі. Я прапанаваў яму, што забяспечу яму жратву ў знаёмых у Кіеве, калі дапаможа мне дабрацца туды. Той падумаў. Згадзіўся, але на Кіеў цягнік будзе толькі заўтра ноччу альбо паслязаўтра. Бо пачалі вазіць збожжа. Гэта добрыя вагоны. Цяпло, суха і лёгка схавацца.
Бомж прапанаваў яму супу на сняданак у сталоўцы ў манашак каля царквы. Валера не памятае, каб калі еў смачнейшы булён. Цудоўныя праваслаўныя паслушніцы ў доўгіх шэрых спадніцах шчыруюць у садзе. Валера падрадзіўся дапамагчы ў працы ўзамен за начлег у сцёбцы. Яго новы прыяцель таксама прыстроіўся. Праз два дні цяжкай працы і добрага пакормнага харчу яны зніклі ў пашчы ночы.
Падарожжа ў збожжавых вагонах сапраўды было не з самых горшых. Адна толькі бяда. Пропадзь насякомых, мышэй і нейкіх пачварных аваднёў, якіх і назваў не ведаў. Збожжа аднекуль з Казахстана. Бруднае, месцамі вільготнае. Багата будзе гарэлкі. Вядома, украінскай - гарнай.
У Кіеве знаёмыя як толькі ўбачылі яго ў кампаніі з бамжом - за галаву схапіліся, падумаўшы, што ўжо ці не канец з ім. Доўга і блытана тлумачыў ім, як трапіў ва ўсю гэтую авантуру. Не вельмі верылі. Але накармілі, далі апрануцца і грошай на білет. Тады толькі рашыўся рызыкнуць на паездку ў Менск. Натуральна, праз зялёную граніцу. У Менску ў летувіскім консульстве заявіў пра згублены пашпарт і да раніцы будзе чакаць якога-небудзь дубліката. Але баіцца вяртацца ў Вільню.
У яго цёмна-зялёных вачах праз хвіліну зноў прабліснуў страх. Быццам уся вывергнутая з сябе гісторыя яшчэ глыбей дала яму ўсвядоміць, што нават тут ён не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Марк адчуў гэты настрой і адразу прапанаваў яму кватэру сваёй цёткі ў Рызе. Можа паехаць туды хоць заўтра і сядзець там хоць паўгода.
Мы выпілі яшчэ крыху і, заўважыўшы стомленаасць як самой гаспадыні, так і госця, рашылі развітацца. Паехалі да сябе ў сяло, г.зн. у цэнтр Менска. Было ўжо позна. Калі Марк павольна набліжаўся да яркага ліхтара каля нашага дома, я папрасіла, каб скінуў хуткасць. Мужчына ў зялёнай куфайцы, схіліўшыся да распраўленай на табурэце бляхі, разграбаў нейкія дробныя каменьчыкі. Што ён такое робіць. Марк усміхнуўся і паціснуў плячыма.
XXX
На другі дзень Марк забраў Валеру, каб везці ў Рыгу. Было далёка папалудні, пятніца, канец траўня. Цяпло і сонечна. У такі час я не люблю, а нават і не магу ўседзець дома. Рашыла ўзяць кніжку і пачытаць у скверы ў цэнтры горада. Тлум шэрых мяхоў, што вярталіся з працы, перакідваўся з аднаго боку вуліцы на другі. Я назірала за гэтым гармідарам вялікага горада з дзіўным пачуццём іроніі і пагарды да працы, іхніх высільванняў, іх клопатаў і хваравітай грымасы незадаволенасці на тварах.
Нарастала адчуванне нейкай сумесі бунту і эратычнага хвалявання. Піва ў бляшанцы, якое я прынесла з сабою ў сумцы, пачало знікаць у прорве цела. Узбуджанасць расла далей, а з ёю і адлегласць да канкрэтыкі гэтага свету.
Як на доказ гэтага настрою - перад маімі вачыма на суседняй пад'езнай да праваслаўнага кафедральнага сабора вулачцы тры тоўстыя кабеты ў апельсінавага колеру камізэлях шчыруюць над цыраваннем выбоінаў у асфальце. Стаяць з шуфлямі за апушчаным бартом грузавіка, з якога сплывае асфальт. Кабеты раскідаюць аблепленымі шуфлямі чорныя кавалкі гарачай масы ў дзіркі. Побач абаперты аб ліхтарны слуп мужчына таксама ў камізэлі. Рукі глыбока ў кішэнях штаноў з разношанымі каленямі. Прыглядваецца да кабет, кідае ім нейкія заўвагі і час ад часу паказвае далоняй месца, куды трэба падсыпаць, дзе падраўняць, паправіць. Калі гара скінутага з грузавіка асфальту знікае ў дзірках дарогі, мужчына з-пад ліхтара ўскоквае ў кабіну катка, які стаіць побач. Над дашкам машыны пыхкае хмара дыму. Каток ушчыльнае стынучы асфальт. Кабеты перамяшчаюцца метраў на дваццаць далей, куды пад'язджае чаговы грузавік з чарговай порцыяй гарачай чорнай масы.
Нешта мяне ўнутрана раздражняла. Усе карціны са струджанымі і «вызваленымі» жанчынамі, якіх удосыць нагледзелася ў Менску, я датуль прымала абыякава. Жанчыны - вадзіцелькі трамваяў і тралейбусаў. Магутныя матроны на шпацыры з мужчынамі-карантышамі.
Мужчыны - гэта худыя зарослыя здыхлякі з перапалоханымі вачыма, якія вечарамі ў пасцелі гінуць у фалдах тлушчу сваіх заможных матронаў. Яны здатныя на ўсё. Размашыста тынкуюць фасад камяніцы на вачах у людзей, ускокваюць на дах тралейбуса, каб сцягнуць вяроўкай пантограф і ступаюць у шкарпэтах па гарачым бляшаным даху. Раззяўленыя вусны пасажыраў уцягваюць рэшткі паветра ў перапоўненай нутробе машыны. Бязвольна чакаюць, як статак транспартаванага быдла. Думаюць толькі, каб дабрацца дадому, пралезці сярод гораў друзу і пяску, знікнуць у лесвічнай клетцы і захлопнуць за сабою абабітыя дэрмацінам дзверы прасмердлага гнілою капустаю памяшкання.
Нянавісць да бязволля і безруху гэтага свету, прыдуманага мужчынамі, якія даўно павыміралі ад сіфілісу, спіліся альбо загінулі на вайне, нарастала ўва мне і вырывалася з-пад кантролю. Раптам так я ўбачыла, што астатні свет - гэта дзеці мужчынскага полу, выпаўзні з голенымі галовамі, альбо квадратныя, разапселыя чыноўнікі без душы, без вачэй, без мазгоў. Часцей прапітыя наскрозь, чым свядомыя свайго глыбокага заняпаду.
Піва зрабіла сваё, але на шчасце я не страціла да канца памяркоўнай стрыманасці ў ацэнцы беларускага свету. Нейкі скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеі. З гэтага мне хапіла аптымізму, каб устаць з лаўкі і пакінуць плошчу. Наважылася пайсці ўбок Траецкага прадмесця міма праваслаўнага сабора, уніз. Перайшла вуліцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямідзесятыя гады і пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Іду да помніка, прысвечанага загінутым салдатам афганскай кампаніі. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, і там нядаўна збудавана капліца-звон з жанчынамі ў чорных жалобных хустках, якія лямантуюць вакол яе.
Пад'язджаюць кавалькады машын, шлюбныя карагоды. Малодухі ў начосах, цокаючы высокімі абцасамі, у белых вэлюмах і сукенках нясуць кветкі, каб пакласці іх пад помнікам-маўзалеем. Помнік гэты - балючы след савецкага сіндрому «адказнасці» за грамадскую справядлівасць у свеце. Але найбольш уражвае прывязанасць да традыцыі ўскладвання кветак да помнікаў. У нас у Польшчы гэтага няма. Ну, хіба што маладыя едуць на могліцы аддаць пашану нябожчыку бацьку ці маці. А тут у карагодзе вайсковых учтаў жанчына робіцца падданай рытуалу ваенных завядзёнак. Дакляруе свой удзел у чыста мужчынскім вайсковым жыцці, беручы за яго адказнасць і на сябе.
Узгадалася ашмянская гісторыя, расказаная мне кімсьці ў Менску. Тамтэйшы ксёндз угаворваў маладых, каб замест да помніка «адзінага сапраўднага абаронцы айчыны» ездзілі на цвінтар. Калі ўжо ім мусова недзе пакласці тыя кветкі. Бо гэта ж не каталіцкая традыцыя. Праз некалькі тыдняў яго выклікалі ў гарадскую ўстанову і параілі не соваць носа ў дзяржаўнае проса. Відаць, уладам забалела, што можна ставіць пытальнік пад шмат якімі фігурацыямі іх ідэалагічнай рыторыкі. У доўгай размове з чыноўнікам ксёндз патлумачыў, што хрысціянін не можа аддаваць пашаны помнікам. А гэты помнік у цэнтры Ашмянаў не звязаны з ніякай смерцю, ці месцам пахавання. Праз некалькі тыдняў яго зноў выклікалі, і той самы прадстаўнік улады ветлівенька пытаецца ў яго, а што айцец пробашч сказаў бы, калі б яны перанеслі людскія шчэнты з вайсковых могілак пад помнік. Ксёндз адрэагаваў толькі шакіраванай мінай і пакінуў справу без адназначнага адказу.
Якое ж было ягонае здзіўленне, калі ў першых днях верасня неспадзявана атрымаў запрашэнне на пасвячэнне адноўленага помніка савецкаму салдату. Улады пастараліся звыш меры пра новы ідэалагічны падмурак. Выкапалі нейкія парэшткі з вайсковых магілаў на цвінтары, арганізавалі ўрачысты мітынг пад помнікам, на які сагналі ўсе навакольныя школы і некалькі таксама амаль ужо мёртвых прамысловых прадпрыемстваў. На ўрачыстасці сказалі некалькі важных патрыятычных прамоваў, а запрошаны праваслаўны «бацюшка» пакрапіў усё свянцонай вадой. Ксёндз не прыйшоў на ўрачыстасць, бо, як казаў пазней, не меў пэўнасці, чые парэшткі былі перанесены пад помнік, і ці напэўна тыя мёртвыя хацелі б адыгрываць ролю ідэалагічнага экспаната пад савецкім помнікам. А раптам гэта пахаваны партызаны-АКоўцы?
У Траецкім прадмесці я рашыла зайсці ў рэстаран, але ён быў зачынены на абед. Тады пайшла далей да цэнтра ўздоўж Нямігі да бліжэйшага бара, каб неяк знейтралізаваць сілу выпітага піва. Зайшла ў невялікую італьянскую кавяраньку «Grip». Заказала ў бары каву з экспрэса і тады пачула за плячыма выбух рогату.
Яна з Дзімам у куце залы. На крэсле побач гітара. Дзіма, жэстыкулюючы ў паветры далонямі, нешта ёй тлумачыць. Яна згледзела мяне, але не хочучы перапыняць Дзімаў расказ, махае мне рукамі, каб я падсела. Я падышла з філіжанкай. Павесіла сумачку на крэсла, пацалавалася з ёю, падала руку Дзіму. Холад. Чаму ўсё гэта мяне аж так мітрэнжыць? Ува мне зноў падымалася хваля той незразумелай мне самой злосці.
Дзіма тлумачыць ёй, на чым грунтуюцца фінансавыя піраміды, - як набіваюцца людзі ў бутэльку. Прапанаваў, каб мы пайшлі на сустрэчу з «Еnergy Club». Я ўся ў маўчанні сачу за яго паэтычнай лекцыяй па эканоміцы.
Я згадзілася пайсці з імі толькі з прычыны яе позірку, якім яна мяне адарыла ў гэты момант.
XXXI
Дзіма павёў нас з кавярні па лесвіцы ўгору ў будынак нейкага політэхнічнага інстытута. Савецкую цудоту аб'екта мела падкрэсліць велізарная зашклёная вітрына каля ўваходу з экспазіцыяй вялікіх павыгінаных і пажоўклых фотаздымкаў выдатных і галоўных інжынераў, якія, мусіць, да нядаўняга, расчэрчвалі на сваіх пульманах будучыя мадэлі рухавікоў для грузавых аўтамабіляў, трактараў, танкаў а можа, і касмічных караблёў. Частка гэтых інжынераў у памятых пінжаках да сёння цягаюцца з партфелямі на працу. Дастаюць, нябось, загорнуты ў газету сняданак і, сёрбаючы з кубка гарбату, азіраюць шэрыя сціжмы маладых людзей, што сноўдаюцца па будынку, шмат памяшканняў у якім здадзена ў арэнду фірмам, натарыятам, крамам і пад аптовыя склады.
Да залы, дзе збіраюцца сябры «Energy Club», трэба прайсці некалькі ярусаў, два доўгія цёмныя калідоры і кароткі адрэзак праз закратаваную мадэльную майстэрню. Сярод вялізных мадэляў рухавікоў і прыстасаванняў з невядомым прызначэннем стаяць арганізатары сустрэчы ў «Energy Club». Акідаюць нас вачыма. Дзіма пачынае нешта блытана тлумачыць, што ён ад Сашы і прывёў дзвюх новых кандыдатак. Элегантна апранутыя маладыя людзі з разуменнем ківаюць галовамі. Добра, што прывёў кандыдатак, але сам ён апрануты неадпаведна. Умовай уваходу на сустрэчу клуба ёсць чыстая белая кашуля, гальштук і пінжак. Дзіма са зласліва тузае свой выцягнуты світар і малапераканаўча даводзіць ім, што вяртаецца з падарожжа, што забыўся, што доўга нас умаўляў. Глядзіць на мой збянтэжаны твар, і яго надзея, што мужчыны прапусцяць, памяншаецца. Падыходзіць да нас і просіць дужа не пераймацца, бо як ацэнена, мы апрануты дастаткова элегантна і можам увайсці, а ён тым часам пачакае ў калідоры на Сашу і, магчыма, неяк уплішчыцца пасля адкрыцця сустрэчы. У залу за майстэрняй заходзяць яшчэ астатнія прыпозненыя сябры клуба. Адзін мужчына забірае на сябе маю ўвагу сваёй штучна напятай паставай. Адразу кідаецца ў вочы, што ён небагаты, пінжак пазычыў у падначаленага калегі ці ў брата, а ад чуйнага вока прапускнікоў прыкрывае вялікай пластыкавай рэкламнай сумкай прыбруджаныя старыя адзідасы.
У зале пануе настрой шаноўнай паважнасці, як перад набажэнствам альбо арганным канцэртам. Сцэна без дэкарацыяў. Стол, некалькі крэслаў, на стале зялёнае сукно. Мужчына ў гранатавым гарнітуры расстаўляе мікрафоны і праекцыйны апарат для прагляду. Пракідае некалькі слайдаў з нейкімі тэкстамі, табліцамі і схемамі.
На сцэну бадзёра ўскоквае юнак з галівудскай, прыклеенай да твару ўсмешкай. Высільваючыся на энтузіязм, прадстаўляе кіраўніцтва клубу, вітае новых сяброў і кандыдытаў.
Умова сяброўства ў клубе - унёсак у форме трохсот даляраў з абавязацельствам прыцягнення на сустрэчы новых сяброў. За год трэба прывесці пяць кандыдытаў. Чым больш прыдбаеш новых сяброў, тым вышэйшы будзе твой статус у клубе.
Чарговы энтузіяст уключае праектар і паказвае табліцу і схемы. Тлумачыць, як проста і можна баржджэй дапяць да багацця.
Мы пераглядваемся, усё больш і больш расчараваныя прымітыўнасцю такога круцельства. Але калі публіка выбухнула воплескамі і крыкамі запалу, перапыняючы евангелічныя «сведчанні» ўжо маёмасных сяброў, не вытрымалі і ўсталі выйсці.
Аж - у дзвярах дарогу заступае рослы юнак. Не дазваляе і махае рукою ўбок сцэны аднаму з кіраўнікоў клуба. Той развязна падыходзіць і просіць на хвілінку ўбок. Выпытвае, хто мы такія будзем, што тут рабілі, як прайшлі і хто нас прывёў. Дзіма, які чакаў у другім канцы мадэльнай залы, убачыўшы нас, падбягае. Густа тлумачыць, што ён ад Сашы. Кіраўнік незадаволена ківае галавой і катэгарычна заяўляе, што, калі мы не ўваходзім, як сябры, у клуб, дык абавязаныя абсалютна маўчаць пра тое, што тут бачылі і чулі ў зале. Інакш бо можам мець клопаты. У доказ гэтага з-за парт'еры высоўваецца гладкі фэйс аднаго з ахоўнікаў і мерае нас халодным зіркам.
Дзіма перапрашаецца за ўсю гэтую замешку і, беручы нас за руку, цягне да выхаду. Кіраўнік яшчэ раз пытаецца, ці не журналісты мы, і, прыклаўшы палец да вуснаў, жагнае нас апошнім наказам.
Дзіма на вуліцы распытваецца пра ўражанні.
Яна кажа, што пасля ўсяго гэтага ёй проста рупіць пайсці ў касцёл і памаліцца. Ідзём утраіх да сабора. Сутуняецца. У катэдры хор рэпетыруе перад урачыстасцямі Божага Цела. Слухаем лацінскія песні. Адразу неяк сэрцу адлегла і палегчала.
Калі выходзім з катэдры, Дзіма дае мне знак, што цяпер хоча застацца з Ёю адзін, што сам правядзе яе дамоў і гэтак далей. Гляджу на яе і яе недарэчны выбар прыпячатваю сваёй кіслай мінай.
Дзіва бярэ, адкуль столькі сімпатыі да Дзімы, які ў мяне больш асацыіруецца з бычком-асемяняльнікам, чым з адухоўленым бардам, які трынькае на гітары расейскія ці нейкія там беларускія рамансы.
Пакідаю іх адных, холадна паціснуўшы ёй руку на развітанне.
XXXII
Вяртаюся на Маркаву кватэру, абмінаючы мужчыну ў куфайцы пад лятарняй. Зноў нешта перабірае на блясе. Каменьчыкі з попелу, кавалкі вугалю. Падыходжу і спрабую разгаварыць яго. З хвіліну стаю, перш чым ён падымае галаву. Мармыча нешта неўразумелае, але я ўжо здомыслу ведаю, - сартуе, выбірае тое, што яшчэ можна спаліць у печы, адкідаючы непрыдатнае. У печах увесь вугаль не згарае, бо надта ж благая іх канструкцыя, якая не ўпускае ўсярэдзіну дастаткова паветра. А таму пасля спалу застаецца шмат чаго, што можна ўжыць другі раз. Тлумачыць мне гэта даволі складана, штохвіліны вырыгаючы з сябе кленічы ці лаянку.
Марка яшчэ няма дома. Я раблю сабе гарбату і, заглыбляючыся ў свае думкі, стараюся думаць затаіўшы дух. Камень на паліцы дадае мне бадзёрай надзеі. Кніга Грэткоўскай падабаецца ўсё менш і менш. Адкладваю яе і бяруся за «Алхіміка» Паола Коэла.
Прачынаюся сярод ночы. Прыехаў Марк. Кладзецца каля мяне і накрывае коўдрай. Ад яго пахне алкаголем і папяросамі. Я пагладжваю бараду добрага латыша, і мы засынаем у абдымках.
XXXIII
Раніцай Марк расказаў мне незвычайнае здарэнне. Ён вяртаўся на сваім аўто з Рыгі. Каля Менска яго спынілі дзве маладзенькія дзяўчынкі. Дзве вясковыя красуні, што выправіліся ў вялікі горад на рэгулярнае паляванне. Было відаць, што гэта ахвотніцы да нейкай прыгоды. Марк без лішніх залётаў пачаставаў іх кавай і булачкамі ў кавярні «Салодкі фальварак». Пасядзелі, пажартавалі і рашылі схадзіць на піва. Дзяўчаты не ўтойвалі, што ў сваёй вёсцы пад Менскам не так лёгка знайсці адпаведных кавалераў. Зусім іншае ў вялікім горадзе. Марка павяло на жарты, прапанаваў правесці вечар разам. Дзяўчаты нясмела папрасілі знайсці калегу, каб было да пары. Тут спрыт альбо эратычны інтэлект Марка падказаў яму фартэль. Пры іх ён патэлефанаваў са свайго мабільніка фіктыўнаму прыяцелю і дамовіўся з ім спаткацца ў гатэлі пад Менскам. А сам паехаў туды з дзяўчатамі і там доўгія хвіліны чакання ў знятым нумары разнастаіў сабе папіваннем віна, каналамі ТV і лёгкай гутаркай з дзяўчатамі. Ён ведаў, што павалютку распаліць у іх апетыт на секс і спакойна раскручваў бяседу. Абедзьве дзяўчыны, ужо добра знецярлівелыя і разгарачаныя, пачалі настойліва распытвацца, калі ж урэшце прыедзе той калега. Хіхікаючы, яны перашэптваліся, час ад часу кідаючы ўбок Марка апетытныя позіркі, як недвухсэнсоўныя намёкі. Пад канец Марк прапанаваў пайсці выкупацца і тады разам утраіх далей чакацьмуць калегу. Праз паўгадзіны пярэшаптаў і хіхікання, што даляталі з ваннай, выйшла першая. Маладзюткая брунетачка з ладненькім худзенькім тварыкам. Белая, як сцяна. Авінутая толькі ручніком, прысела каля Марка на ложак. Прызналася, што якраз сёння яны рашылі справіць свае семнаццацігодзе. Адной будзе праз некалькі дзён, другая два месяцы таму пераступіла парог сталасці. Але ж гэта няважна, гэта толькі сімвалічныя даты. Абедзве ўжо здавён хочуць пазбыцца свайго дзявоцтва з якімі-небудзь прыстойнымі хлопцамі, але каб не з іхняй роднай вёскі. Марк, увесь у жары, пачаў далікатныя пяшчоты. Ён не верыў, што яны нечапанкі. Калі праз некалькі хвілін разагрэў яе пацалункамі, яго пальцы павандравалі па сцягенцах. Там паміж далікатных завіткаў дзявочых валасоў натрапіў на гарачую крыніцу вільготы. Апусціў пальцы паміж саромнымі губамі і з гінекалагічным досведам праверыў вузкі праход. Сапраўды, аўтэнтычна непачатка, уся ў дрыжыках і войкх, са страхам, бяссіла чакае развіцця падзей. Далей метадычна пачаў даводзіць яе цела да поўнай кандыцыі, каб пры як мага меншым болю ўвайсці ў яе і разарваць сваім чубчыкам прастору раскошы і асалоды.
Я гляджу на яго палымяныя вочы. Расказвае з такім захапленнем, што гэта як адкрыццё новай краіны, новага ландшафту, смакаванне экзатычных страваў і ўпіванне моцным напоем невядомага паходжання з невераемным пахам. Ён яшчэ так праняты тым здарэннем, што я бачу яго ўзведзены чэлес у штанах і расчырванелыя шчокі. Кажа, што падобнае трапілася яму другі раз у жыцці. Першы раз пераспаў са сваёй аднакласніцай у васемнаццаць гадоў. Але тое было, як бура, нават не спрамогся насыціць сваёй разняволенай фантазіі, як ужо і закончылі, бо дзяўчына моцна закрывавіла. А тут зусім спакойна, без драмаў. Аматарка прыгодаў - вось яна: ляжала пад ім і ўздыхала, даючы выйсце ўсім сваім дзявочым летуценням.
Змешаная са страхам асалода спрычыніла тое, што яна амаль не адчула хвілі прабівання праз дзявочую плеўку. Марк даволі спорненька закончыў, бо такі дарунак лёсу быў і для яго таксама раскошнай неспадзяванкай. За сцяной у ваннай другая дзяўчына чакала сваёй чаргі. Аказалася, што яны прынялі рашэнне па чарзе аддацца Марку, метадычна трацячы свой найкаштоўнейшы скарб. Марк, відаць, зрабіў на іх уражанне годнага мужчыны. Рашылі не чакаць прыяцеля. Калі першая сышла з ложка і на хвіліну знікла ў ваннай, паявілася другая таксама авінутая купальным ручніком. Яна была яшчэ больш напалоханая, чым яе сяброўка. Але таксама поўная рашучасці. Халодным, амаль дакладна разлічаным голасам сказала яму прыступаць да справы. Легла на спіну, скінуўшы з сябе ручнік. Марк, ашаломлены першым актам, яшчэ не прыйшоў да памяці. Як і ў першым выпадку праверыў, ці сапраўды дзяўчына яшчэ нечапанка. Так, была. Пачаў змушаць сябе на пяшчоты. Але нічога з таго не выходзіла. Той, як на злосць, занаравіўся і пастанавіў не паддавацца. Гульня задоўжылася, трывала ўжо пяць, дзесяць, пятнаццаць мінут. І ані. Тады ён папрасіў дзяўчыну, каб яна ўзяла ў руку яго мужчынскасць. Тая абурылася. О не! Каб, дык не! Марк быў на краі роспачы. Меў пад сабою другую па чарзе цэлку і не спрамогся адным банкетам справіць два вяселлі.
А тым часам дзяўчына ўся аж перавялася. І гэта толькі пагаршала справу. Нарэшце ён рашыўся адысціся на хвілінку, што давала яму магчымасць уцячы і выблытацца з гэтага недарэчнага становішча. Сказаў, што хоча яшчэ раз патэлефанаваць прыяцелю, каб той прыехаў. Дзяўчына ўстала з ложка і пабегла ў ванную. Марк, не доўга думаючы, паціхеньку сабраў манаткі і - шмуль з хаткі, стараючыся ўцячы без лішняга шуму. Калі ехаў машынай, у ім мяшалася пачуццё палёгкі, віны, са смакам перажытай асалоды і плягі адначасова.
XXXIV
Пане Божа,
я нібы скравак паперкі
з Тваім запісаным жаданнем
шкуматанай ветрам і раптоўнымі павевамі
ад людзей што міма праходзяць
ад праезджых машын
маю цела
што ты даў мне ў дарунак
у дзень пачатку майго
і пэўнага болей нічога
за што я табе ўдзячная
бо тым самым ты звольніў мяне
ад жахлівага рашэння
якое іншыя на сябе прымаюць
Пане Божа
мая самотнасць
маё цела
мой страх
і ўсе тыя дробныя радасці
складаю Табе
удзячная за магутнасць прысутнасці
якую дакладна бачу
уначы
па-над галовамі
і дахамі горада
XXXV
Тыдзень таму назад я атрымала запрашэнне ў Віцебск прачытаць некалькі лекцый па польскай мове ў мясцовым універсітэце. Наша амбасада ўжо два гады як спрабуе наладзіць там рэгулярныя заняткі па польскай. Мяне як лектарку папрасілі высветліць атмасферу і цікавасць. Увогуле, як мне расказаў адзін супрацоўнік амбасады, яны тут разумеюць, як улады баяцца польскай мовы і як афіцыйна цяжка прабіцца праз гэты адміністрацыйна задэкрэтаваны страх. Прасцей з сербалогіяй і балгарыстыкай. Хай беларускія студэнты вучаць хоць турэцкую, хоць арабскую, але, барані божа, каб толькі не польскую! Тым не меней ёсць некалькі зацікаўленых асобаў у тамтэйшым універсітэце, нейкія рэшткі інтэлігенцыі, якая «мысліць свежа», якая цягнецца да Польшчы, бачачы ў гэтым натуральнае развіццё сваіх памкненняў. Я думаю, нашыя пяць мінут і так прыйдуць, калі пачнецца масавы адплыў ад расейскай культуры. Гэта толькі пытанне часу. Так вось мне і далі паўтара дзесятка заняткаў на працягу трох дзён. За гэта добра плацяць, за гатэль таксама. І думаць няма чаго - трэба ехаць. Тым болей, што мне даўно хацелася пабачыць горад Шагала.
Я запрасіла яе ў паездку гэтай марознай студзеньскай раніцай. Прыйшла загадзя да яе на кватэру, калі яна, ужо ўстаўшы, свяшчэнадзейнічала над запарваннем кавы. Водар асвяжыў нашу сустрэчу і без таго поўную напружання пасля яе няскончанага рамана з Дзімам. Нешта мне здаецца, што паміж імі як бы штось прабегла, папсавалася, але я не назалялася, каб яна мне ўсё выкладвала. Я сказала ёй толькі пра прапанову з'ездзіць на некалькі дзён у Віцебск, на што яна жвава зрэагавала расказам з газеты на тэму маладзёжнага бунту ў тамтэйшай турме. Адразу згадзілася пад'ехаць разам. Ужо каторы тыдзень яна хацела напісаць доўгі артыкул пра бесперспектыўнасць, у якой жыве моладзь і пра нарастаючае адчуванне бунту, які можа лёгка перарадзіцца ў нешта больш сур'ёзнае. Цэлае пакаленне, якое ўжо не ведае савецкай сістэмы, старэйшымі сілком ўпіхваецца ў стаптаныя боты і абноскі камуністычнай ідэалогіі. Сказала, што нават калі і няма заказу на тэкст, дык і так яго апублікуе, а апроч таго вельмі хоча паехаць са мною ў Віцебск. Прапанавала, каб мы разам спалі ў гатэлі, што дадало б нашай паездцы яшчэ большага румянцу. Даўно мы не спалі разам, і я паглядала на яе з усё большым апетытам.
Развіталіся на тры гадзіны. Я паехала пакаваць свае рэчы, залатвіць сякія-такія справы ў горадзе. На кухні пакінула Марку запіску, што некалькі дзён мяне не будзе, што цалую ў самы кончык яго цудоўнага красунчыка і тут жа нарысавала яго на паперцы. Вельмі востры.
І ўжо неўзабаве, паполудні мы сядзелі ў віцебскім аўтобусе. Адразу за Раўбічамі яна паказала мне краявід, якога такога я ў Беларусі яшчэ не бачыла і ўбачыць не разлічвала. Гэтыя мясціны называюць беларускай Швейцарыяй. Несустраканы яшчэ кантраст паміж плоскай і балоцістай панарамай, якую бачыш у дарозе да Берасця, альбо багністымі, лясістымі нетрамі каля Магілева і гэтым узгорыстым краявідам, падобным на Бяскіды ці Бяшчады. Адразу за Лагойскам мясцовасць выроўніваецца, а ўжо ў ваколіцах Лепеля - звыклы лясны ландшафт з невялікімі ўпадзінамі і пабітай асфальтавай дарогай, на якой аўтобус падскоквае, вытрасаючы з пасажыраў усякую ахвоту прыкархнуць.
Згадалася апавяданне Ўладзіміра Арлова, як ён падарожнічаў гэтай трасай і, праязджаючы кожнае мястэчка-прыпынак, успамінаў людзей, найчасцей дзяўчат, з якімі звёў яго лёс на розных прыпынках жыцця.
Дабіраемся да Віцебска. Сузіраем з-над Дзвіны шагалаўскія краявіды. Горад такі смутны і шэры. Яна расказвае мне пра фестывалі, якія летам на некалькі дзён у год ажыўляюць горад і яго наваколле. Прыязджаюць вялікія зоркі расейскай эстрады. Аднаго разу такі малады талент Васіль Баканаў - гэты Павароцці Садружнасці Незалежных Дзяржаў (ім заўсёды мусова мець нейкі эрзац - у вытворчасці лядоўняў, самалётаў і зорак эстрады) прывітаў публіку воклічам, што, бачыце, шчаслівы, што сёння можа спяваць на Ўкраіне. Нічога сабе. Што значыць нейкаму артысту-маскалю прабздзецца ў Астрахань, Адэсу, Менск, Кіеў ці Віцебск. Раз плюнуць. А тутэйшыя людзі нават ніяк не зрэагавалі. Савецкае атупленне, залітае морам гарэлкі і нічым не абгрунтаванага кайфу.
Ідзём у гатэль. Шэры высокі будынак у цэнтры горада. Пануры і негасцінны. У холе сноўдаецца пільнае вока, якое адразу, як толькі мы ўвайшлі, падскоквае і пытаецца, чаго нам трэба. Паказваем на акенца адміністратара і падыходзім зарэзерваваць нумар. У адміністратарскай пуста. За перагародкай чуюцца, аднак, вясёлыя галасы. Мужчынскія і жаночыя. Нейкая ў іх там бяседа. Хвіліну чакаем, але ніхто не падыходзіць. Нарэшце яна не вытрымлівае і ідзе за перагародку. Я на паўкроку за ёю. З цікаўнасці. Сапраўды некалькі асобаў сядзяць за невялікім столікам. Падымаюць кілішкі з чарговым тостам. Убачыўшы нас, адміністратарка нервова падымаецца і незадаволена пытаецца, чаго мы хочам. Чаго ж можна хацець у адміністратара гатэля паполудні? Гасцей відаць няшмат. Сонная атмасфера і мала жыцця. Я запаўняю складаны фармуляр, у якім апытваюць, бадай, ці не пра ўсё на свеце. Яна стаіць збоку і іранічнай усмешкай квітуе кожнае маё ўголас сказанае слова з картачкі. Што ўпісаць, а што не? Адміністратарка пасля пытання не вытрымлівае маёй упартасці і злосна адварочваецца. На хвіліну зноў знікае за перагародкай, дзе яе чакае новы тост. Я пакорліва запаўняю фармуляр, падрыхтоўваю грошы і не маю ніякай ахвоты да закалотаў. Чакаю хвіліну, адміністратарка выходзіць гуллівая пасля чаркі і забірае ў мяне дакументы. Яшчэ раз пытаецца, колькі ночаў я буду ў гатэлі, падлічвае суму, аддае картку і кажа заплаціць у суседнім касавым акенцы. Там касіркі таксама няма. Убачыўшы на маім твары пытанне, крычыць убок застолля за перагародкай. «Вольга! Прымі грошы!» Тоўстая і расчырванелая ад алкаголю Вольга ўточваецца на сваё службовае месца, і адразу яе радасны твар мяняе выраз. Яна робіцца засяроджанай, важнай і сюд-туд з падазрэннем зіркае ў мой бок. Лічыць грошы, выпісвае квіток. Вяртаюся з ім да адміністратаркі і, аддаўшы пашпарт, атрымліваю невялікі металічны ключ з вялікай алавянай ці, можа, сталёвай біруляй. Яго немагчыма насіць у кішэні.
Ідзём да ліфта, на якім залатымі літарамі ўвекавечаны прозвішчы найбольш знакамітых гасцей гатэля. Лукашэнка, Алексій ІІ - патрыярх, Ала Пугачова, Міхаіл Гарбачоў, Піліп Кіркораў. Астатнія прозвішчы нічога мне не гавораць. Мабыць, маскоўскія ўладцы альбо эстрадныя артысты.
Парт'е ўважліва прыглядваецца да нас і інфармуе, што сяброўка можа тут быць толькі да вечара, у іншым разе павінна прапісацца. Я ківаю галавою, і мы ўваходзім у ліфт.
У пакоі звыклы савецкі смурод, прыліплы да ўсяго - ад мэблі да сцен, да пасцелі на шырокім ложку. Адчыняю акно і гляджу ўбок віцбескага амфітэатра. Марозна, змяркаецца. Рашаем пайсці прагуляцца. Хачу агледзець горад, акунуцца ў атмасферу Шагала, Малевіча, Кандзінскага. Ці засталося што-небудзь з гэтага?
Хуценька гатую каву, гэтак жа хуценька выпіваем, а яна мне крыху расказвае пра музей Шагала - маленькі дамок жыдоўскага купца ў прамысловым раёне, дзе зладзілі экспазіцыю, імітуючы аўтэнтычную ўнутраную планіроўку дома і лаўку канца дзвятнаццатага стагоддзя. Не ведаю, ці будзе яшчэ сёння адчынена, бо ўсе ўжо пачынаюць святкаваць стары Новы год, г.зн. «сільвестра», паводле грыгарыянскага календара. Сіла традыцыі і кансерватызм - уражлівы вынік у гэтай матэрыі.
Цэлы вечар шпацыруем па Віцебску. Вяртаючыся ў гатэль, перасякаем сквер у цэнтры горада. Ужо, бадай, некалькі градусаў ніжэй нуля. Але прыемна і свежа. Вакол нас на лаўках, падмурках, камлях паваленых дрэў грамадзяцца купкі людзей. На сурвэтах, газетах, лістах параскладана ежыва, а пасярэдзіне царуе - бутэлька гарэлкі. Народнае гулянне. Святкуюць з транзістарамі, салонымі гуркамі, у цяжкай для зразумення і вытлумачэння атмасферы весялосці. Расейскі поп, у сваёй бяздумнасці падобны да нашага дыска пола, разліваецца, перакідаючыся ад групкі да групкі. Бліжэй да вуліцы некаторыя ладзяць папойку вельмі своеасабліва і вынаходліва - на капоце ці на даху прыпаркаванай машыны. Усярэдзіне можна пагрэцца, а акумулятар сілкуе мініятурны тэлевізар.
Мы няспешна пасоўваемся ўздоўж гэтага тэатра жыцця. Людзі калышуцца то ў рытм музыкі, то ў такт абвяшчаных тостаў. Стары Новы год.
Бачым, як два п'яныя разахвочаныя юнакі забапалу лапаюць дзяўчыну. Дзяўчына ўжо залітая ў тры дупы і крочыць шырокім размашыстым вальсам. Можа, яе цягнуць у корчыкі, каб даць выйсце свайму юру.
Над амфітэатрам штораз выстрэльвае нейкая вайсковая марціра. Агонь перакідаецца то на адзін, то на другі бок і знясілена падае ў снег. Мы замерзлі. Час вяртацца ў гатэль. Але атмасфера толькі яшчэ раскручваецца. З падваротняў і завулкаў паяўляюцца падхмеленыя групкі хлопцаў. Большасць іх - гэта амаль налыса паголеныя васемнаццаці-дваццацігодкі. Бледныя ў тварах, але ад выпіўкі на пашчэнках і насах праступаюць чырвоныя плямы, якія яны расціраюць скарчанелымі далонямі. Плююць, смачна сморкаюцца ў заціснутыя на носе пальцы. Апранутыя ў цёмныя кароткія куртачкі, худыя, цыбатыя, як патыкі, ногі. Кіпіць у іх маладое жыццё, гэта, бадай што, адзіная крыніца энергіі. Лезе з іх гэта як прэсная, сялянская прага жыцця. Усё, што вакол іх, - убогае, нэндзнае, панурае і жалю вартае ў сваёй бяссэнсавасці.
Яна дзеліцца са мною набытым досведам, што большасць з гэтых хлопцаў - гэта альбо былыя выхаванцы папраўчай калоніі, альбо будучыя зэкі, якія яшчэ пагараць на чарговым крадзяжы, узброеным нападзе, альбо пазней, калі пойдуць на адсідку пасля некалькіх гадоў буянай і загульнай жытухі і службы ў якой-небудзь мясцовай мафіі. Гэта ў лепшым выпадку, бо то ж яшчэ кожнае мае шанцы рыгнуць душою ў перастрэлцы.
Пакуль што Віцебск яшчэ здаецца спакойным, сонным мястэчкам, умаляваным у зімовы пейзаж, і моладзь, якая швэндаецца па вуліцах, нягледзячы на нашыя страхотлівыя ўяўленні, - гэта толькі крыху няветлівыя хлопчыкі. А іх многа і шмат. Напэўна зашмат, каб на ўсіх хапіла месца ў папраўчых калоніях і турмах.
Наскрозь прамерзлыя ўскокваем у наш гатэль. Направа ад галоўнага хола дзверы ў бар. Праз дым бачым буфет з напоямі. Толькі гэта можа нас цяпр уратаваць.
Некалькі столікаў, і дрымучая нуда. Купляем чырвонага віна - аж цэлую бутэльку, і просім буфетчыцу, каб падагрэла віно на куханьцы, што ў яе за плячыма. Тоўстая жанчына свеціцца шчырай залатой усмешкай. Знікае на кухні і праз хвіліну з подзіву вартым палітэсам прапануе нам, што ўкіне ў віно пару гваздзічкоў, а цукар вось ён перад намі. Гэта сапраўды выраз нязвыклай сімпатыі. Можа таму, што ўсе тут разумеюць, што ўжо раз гуляць дык гуляй, душа, - пекла ж няма! Некалькі дзяўчат са знуджанымі тварыкамі і задзёртымі спадніцамі прыглядваюцца да нашага свяшчэнадзейства. Праз хвіліну буфетчыца выносіць падагрэтае віно, наліваем у тоўстыя шклянкі, салодзім і азіраемся, выбіраючы зручнае месца, каб можна было азіраць усю залу і бачыць усіх, хто ўваходзіць. Прытыкаемся ў куточку тут жа каля дзяўчат. Тыя, зацягваючыся цыгарэтамі, недаверліва касавурацца на нас. Хлопцаў мала. Я спрабую ўсміхнуцца ім і загаварыць. Нічога не выходзіць. Праходзіць некалькі хвілін. Перакідаемся словамі, грэючы далоні шклянкамі цёплага віна. Яна залётна дакранаецца да мяне, я адразу адказваю, пагладжваючы нагой пад сталом яе змерзлую лытку. Віно пачынае разаграваць. Гамонім, усё больш засяроджваючыся на думках пра блізкую ноч. Да дзяўчат падыходзіць нейкі фраер у скуранцы. Адна з іх, худзенькая брунетка, падхопліваецца і ідзе за ім. Яна зграбная, прыгожа ходзіць, доўгія дагледжаныя валасы пакалыхваюцца на плячах. Мы абедзве сходу пазнаём, што дзяўчаты платныя. За столікам застаюцца яшчэ дзве. Віно дае нам у галаву, і мне раптам прыходзіць думка запрасіць каторую з іх у ложак на ноч. Прашу Яе, каб падышла і спыталася пра іх тутэйшыя стаўкі. Яна падымаецца з шклянкаю віна і смела падсаджваецца за суседні столік. Завязваецца дзіўная і вельмі складаная гутарка. Дзяўчаты не разумеюць, пра што тут заходзіцца. Я далучаюся да размовы. Так, адразу відаць, што зарабляюць акурат гэтым спосабам, а цана - па дамоўленасці. Залежна ад кліента. Часам, калі пад настрой, можна і проста так пайсці, як што мужык у спадобу дасца. Дзяўчаты ўсё яшчэ не ўрубаюцца. Мы па чарзе тлумачым, што хацелі б даведацца, якія тут у Віцебску стаўкі. Нам кажуць, што можа адваліцца і дваццаць баксаў, і пяцьдзсят, і сто. Гэта - як калі выпадзе. Ну добра, тады - за трыццаць. Што значыць за трыццаць? Ну, значыць, што мы маем ахвоту на адну з вас. Возьмем з сабою ў нумар. Дзяўчаты пруцянеюць. Як гэта, лесбіянствам займацца?! О не! Што не, дык не. Яны ўстаюць і перасядаюць за два столікі далей, уцякаюць ад нас.
Глядзім адна на адну, скарыўшыся лёсу. Дапівам віно, але тонка сканструяваны гумор так і пырскае з нас. Якія дурныя няхлюі гэтыя зачуханкі.
Праз хвіліну ў бар зноў заходзіць той фраер у скуранцы. Дзяўчаты паказваюць на нас пальцам і кідаюць пагардлівыя зіркі. Хлопец ківае галавой і аблівае нас халодным, разлічаным вокам.
Мы ўстаём, дзякуем залатой буфетчыцы за хвіліну цяпла і радасці. Ідзём да ліфта. За намі выходзіць хлопец. Калі мы заходзім у ліфт, бачу, як ён гутарыць з парт'е, ківаючы на нас галавою.
Яна папярэджвае мяне, што перад намі яшчэ адна перашкода - дзяжурная на паверсе, у якое ёсць ключ да пакоя, і яна правярае, хто, калі і да каго прыйшоў у госці. Я супакойваю, што няма чаго пераймацца. Бо такі двух дзяўчат правяраць не будзе. Бяру ключ. Дзяжурная толькі прыглядваецца да нас, на хвіліну павярнуўшы галаву ад расшумелага чуллівымі бразільскімі прызнаннямі тэлевізара. Яшчэ не позна. Знікаем за дзвярыма выстуджанага нумара. Хуценька туалет і - у ложак. Засынаем у абдымках і ў пяшчотах, такіх патрэбных, каб сагрэцца і заснуць.
Ноччу - нейкі вэрхал на калідоры, расхваляваныя галасы. Два мужчынскія і дзяжурнай. Стукаюцца ў нашыя дзверы. Падыходжу і пытаюся, што там такое. Міліцыя. Правяраем, ці ўсе прапісаныя. Кашмар, а каторай гадзіне? Гляджу на гадзіннік - амаль другая ночы. Я нікуды не пайду, я польская грамадзянка, прапісалася, заплаціла і цяпер хачу спаць. Дзяжурная верашчыць, пытаецца, ці тая дзяўчына, што ўваходзіла са мною, яшчэ ў нумары, ці ўжо выйшла. Ясна, што даўно выйшла. Калі вы спалі ў крэсле перад тэлевізарам. Міліцыянт яшчэ раз спрабуе бразгатам клямкі змусіць мяне адчыніць, але я палохаю яго, што паведамлю ў консульства, што гэта хамства, парушэнне правоў чалавека і нештачкі там яшчэ. Вяртаюся да ложка ўся ў дрыжыках - не ведаю, ці ад страху і нерваў, ці ад халадэчы. Яна таксама ляжыць халодная, скурчыўшыся пад коўдрай. Тулюся да яе, моцна абняўшы, і так ляжым, чакаючы атакі і высаджвання дзвярэй. Але абышлося - галасы дзяжурнай і міліцыянтаў аддаляюцца і нікнуць углыбіні калідора. Доўга не можам заснуць і ляжым нерухома. Нарэшце засынаем, змучаныя начной калатнёй.
XXXVI
Ужо каторы дзень не магу знайсці яе. Тэлефон на кватэры маўчыць. Ці не здарылася чаго? Тэлефаную па знаёмых. Аня абяцае сяго-таго даведацца. Праз некалькі гадзін падымаю трубку. Ёсць. Знайшлася. Ляжыць у раддоме, пасля аборту. Была-такі цяжарная.
Еду да яе, узяўшы самыя патрэбныя рэчы і крыху прадуктаў. У менскіх бальніцах не раз'ясіся, і я не пэўная, ці адведае яе хто-небудзь. Бо ж яна-такі старалася ўтоіць гэта ад знаёмых.
Ужо вечар. Пануры вечар у поўнай болю, бяды і змрочнага святла неонавых лямпаў бальніцы. У доўгім калідоры шукаю палату, называю нянечцы імя і прозвішча пацыенткі. Яна праводзіць мяне да дзвярэй. Адчыняю і бачу яе недаўмёную ўсмешку. Сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе.
Яна хоча патлумачыць, што марна спрабавала ўтоіць ад мяне факт сваёй непажаданай цяжарнасці і рашэнне пра аборт. А я ж бы ёй нейкае рады дала. Не ведаю яшчэ чым, але, прынамсі, была б з ёю. Так проста, як сябар у бядзе, у добрым і благім.
Яна была на другім месяцы. Рашылася, бо не хацела дзіцяці. Яно ўзаконіла б страту яе свабоды на карысць нейкага расейскага валацугі. Яна ўжо раней парахавалася з ім, бо залішне моцна кпіў з яе і яе памкненняў. Дзіма. Гэты расеец упісаўся ў беларускі краявід. Як гісторыя акупанта, салдата, што прыйшоў пакарыць народ, развеяць яго туманныя летуценні пра свабоду і неакрэсленую тоесамасць. Прыйшоў, ды так і прысмактаўся.
Рашэнне яна прыняла сама, хутка і без лішніх сумненняў маральнай прыроды. Калісьці ў нас была дыскусія, і мы ледзь не пацапаліся. Я прыхільніца кантрацэпцыі, але жыццё дзіцяці, калі б яно паявілася ўва мне, лічыла б самым каштоўным. А ў ёй выбухнула нянавісць да такога ўпарадкаванага мыслення. Яна поўная супярэчлівасці. З аднаго боку сумуе па мяшчанскай Празе і спакоі пад бокам у багатага мужыка дзеля таго, каб тут жа паказаць усяму гэтаму язык і ўцячы. Як я люблю яе за гэтую непаслядоўнасць... Але што гэта за каталіцызм, дзе тут тая заходняя цывілізацыя?
Хапаю яе за руку. Бледная, потная, маленькая далонька. Адгортваю з твару валасы і далікатна цалую. Яна заплакала. Ад бяссілля, тугі і самотнасці. Не ведаю. Плач нарастае, ціхі, з усхліпамі. Цалую яе слёзы, што як гарох, коцяцца па шчоках, на хвілінку прылягаю да яе, дзелячы ўсю яе бязраднасць і пачуццё бяссілай роспачы.
Крыху супакоіўшыся, яна пачала расказваць пра апошнюю ноч. Пра панурыя свяцільні і цені дрэў за акном. Раскалыханыя клёны як бы літасціва падтаквалі галечы такога існавання. Не спала цэлую ноч. Як згрызота сумлення адгукнуліся ўсе размовы з ксяндзом у катэдры. Яе каталіцкасць пацярпела катастрофу. І, можа, яна і не пераймалася б гэтым так моцна, калі б не факт, што калісьці ж яна сама зрабіла свой выбар.
XXXVII
Калі наступнага дня раніцай я прыйшла ў бальніцу, яна ўжо была ў лепшым настроі. Гуляла па калідоры, весела размаўляючы з нянечкай. Я прынесла добрай гарбаты, булачкі. У куце каля акна мы рашылі зладзіць сабе невялічкую кавяраньку. Саграваючы рукі гарачым кубкам з гарбатай, яна выпрастала пальцы і далікатна дакранулася да локця. Сядзелі мы адна каля адной. Яна расказала пра той драматычны для яе тыдзень, калі рашылася на аборт.
Дзіма ўсё часцей і часцей даваўся ёй у знакі, пазбягаючы спатканняў і апекі, якое, як ёй здавалася, ён павінен быў ёй даваць. Апрача таго такая няпэўная перспектыва. Што рабіць каля такога чалавеа? Слухаць балады і чакаць на кухні з абедам, калі вернецца дадому чортведама адкуль? Апрача таго - да якога дому? Яны ж абое без граша і без надзеі на якую-небудзь разумную перспектыву. Так што пакуль што можна неяк жыць, аднаму, без адказнасці за іншых. Сёння ёсць чым перакусіць, заўтра няма - гэта не мае значэння, бо ж не хлебам адным жыве чалавек. Даволі складана яна пачала расказваць гісторыі сваіх сябровак, якія мурзаюцца ў смуродзе кухонных клопатаў. Бліны, смажаныя на алеі, цыбуля і часнык. Усё гэта разам праз нейкі час стварае такія букеты, што ў аўтобусе ці ў метро на адлегласці пазнаеш па паху, чым занятыя мазгі такой дамы і як моцна спустошылася яе душа. Крыху зазнала ўжо ў сваім жыцці гэтага дабра. Годзе.
Некалькі дзён таму назад яна папрасіла Дзіму, каб з ёю пайшоў да бацькі на дзень народзінаў. Узялі бутэльку армянскага каньяку, яна купіла нейкую касметыку і паехалі на кватэру да бацькоў, дзе яна правяла колькінаццаць гадоў. Бацька прыняў іх ветла, цёпла, пацалаваў Дзіму, яе таксама сардэчна абняў. Пасля двух-трох кілішкаў развязаліся языкі. Бацька, якому стукнула шэсцьдзесят, пачаў успамінаць маладыя гады. І тут пайшлі праблемы. Выявілся, што нарадзіўся ён пад Беластокам, чаго Дзіму хапіла, каб пасля пятай чарчыны дацца ў іронію наконт псеўдапольскага радаводу. Яе гэта да таго раззлавала, што яна нагадала яму пра яго расейска-савецкае паходжанне. Усё, можа, закончылася б кароткай звягай. Але Дзіма зацяўся, палез на тычкі. Бацька, не заўважаючы напружання паміж імі, расхадзіўся яшчэ больш і пачаў успамінаць пра дзяцінства сярод лясоў і нетраў Калымы. Пейзажы, апісаныя Салжаніцыным. Дзіма, вельмі добра абазнаны ў гэтай літаратуры, ахвотна падбрэхваў бацьку, і абодва амаль дзве гадзіны перасыпалі гутарку цытатамі з «Архіпелага Гулага». З жывой памяццю здарэнняў, асобаў і краявідаў. Чакай, чакай... падумала яна, ужо добра навастрыўшыся, - а як гэта бацька дзіцём быў пры ўсім гэтым. Як гэта не ведаеш, здзівіўся ён. Але ж ён ніколі не гаварыў ёй да канца, што дзед служыў у НКВД і пасля вайны, відаць, за неабыякія заслугі ў камісарскай працы ў заходняй Беларусі быў «узнагароджаны» паездкай з сям'ёю на Калыму ў патрульныя батальёны. Гэта былі некалькі страшных гадоў. Месяцамі бацька не бачыў сям'і. Жылі разам з іншымі дзецьмі ахоўнікаў ў дзіцячым доме. На Калыму ён наязджаў позняй вясною і сядзеў з бацькамі да верасня ў бараках, дзе сем'і астатніх ахоўнікаў таксама душыліся ў асобных пакойчыках з агульным доўгім калідорам. Тыя дні, праведзеныя з бацькамі, былі падшытыя страхам, суровасцю і непрыязнасцю ўсіх да ўсіх. Памятае бледныя і халодныя бацькавы далоні. Ужо хлапцом на свае вочы бачыў зэкаўскія бунты. Іх папярэджвалі, каб не адыходзіліся далёка, бо ў лесе ўцекачы хапаюць дзяцей на ежу падчас працяглых уцёкаў. Ніхто з іх не хацеў стацца мясам, ежаю вязням. А можа іх толькі так палохалі. На свае вочы бачыў трупы, якія валяліся па ваколіцах, іх страшэнна вырачаныя вочы, па якіх поўзалі вялікія зялёныя мухі.
Дзіма слухаў, рот раззявіўшы, яна са злосцю. У Дзіме нарастала пачуццё палёгкі, і яна гэта заўважыла. Ён мог нарэшце паглядзець спакойна і сказаць ёй - сама бачыш, усе былі замазаныя. Мае бацькі - гэта савецкія салдаты, расейскія акупанты, а Ты, куды якая мне патрыётка, паглядзі на гісторыю сваіх найбліжэйшых.
Яе шалёная ятра раптам як бы зацвярдзела. Яна глядзела на бацьку з усё большай нянавісцю. Чаму не разлічыліся з той мінуўшчынай, чаму не сказалі ёй, чаму маўчалі? Чаму ўсім гэтым быў замазаны яе дзед, які так пяшчотна гугулькаў з ёю ў дзяцінстве і чукаў на каленях? Яна памятае ягоныя вочы, якія ледзь не да самай яго смерці былі поўныя волі да жыцця, хоць спаралізаванае цела яго на ложку адмаўлялася слухацца і не выконвала ўжо многіх функцый. Палкія вочы замоўклага і знерухомелага ў пасцелі былога спраўнага ката. А можа, ён і не быў катам? Можа, толькі працаваў у нейкім тэхнічным аддзеле, выпісваў накладныя на машыны, рыхтаваў дакументы. Слабое суцяшэнне. Шалёная і са слязьмі на вачах выскачыла яна з памяшкання. Плакала па дарозе да аўтобуса і ў аўтобусе, у трамваі, у метро, а яшчэ больш на лесвіцы да сваёй кватэры, калі мерны стукат ботаў і водгалас гранітных прыступак давялі яе да поўнай знямогі.
У бальнічным калідоры п'ем гарбату. Яе вочы ў слязах. Цёплы дотык далоні. Не магу зразумець яе гневу на Дзіму і нянавісці да гэтага дзіцяці, якое магло нарадзіцца. Нешта ў гэтым цёмнае, змрочнае. Поўнае пытанняў і прыхаваных эмоцый. Насычэнне агрэсіяй і страхам. Страх. Адвага. Подласць. Вольная воля.
Сама не ведаю, як бы я зрабіла на яе месцы.
З Дзімам яна рассталася на другі дзень, бразнуўшы дзвярыма ў яго перад носам, калі ён хацеў увайсці да яе і спрабаваў зачапіцца размовай. Гэтая іранічная ўсмешачка ў куточках ягоных вуснаў. Ён усё высвятляў, быў як злы праваднік на доўгую дарогу ў няпэўную будучыню.
Вось табе й маеш той выбар. Цяпер альбо цэлы наступны раздзел жыцця расклеіць цябе і размажа. І больш не вылезеш з гаўна. Ляснула дзвярыма і не ўпусціла яго. Два дні не выходзіла з пакоя, не адказвала на званкі. На трэці дзень паехала да знаёмай у раддом, ды так у бальніцы і засталася.
XXXVIII
Ты - нібы свечка ў царкве
Са сваім узрушэннем
І вераю ў моц святла
Палаеш і жывеш гэтым полымем
Гэта сіла Твая
Таксама жыццедайная як і знішчальная
Смерць Гэтага святла - ілюзія
Бо варта вочы адвесці
і знойдзеш яго
у шмат якіх іншых месцах
Гэтаксама ілюзія вера Твая
што ў іншых месцах сярод іншых людзей
знойдзеш іншае жыццё
XXXIX
Прайшлі вакацыі. Я не бачыла яе цэлых тры месяцы. Прабыванне ў краіне і ўсё большая сувязь з Маркам адсунулі маё захапленне яе асобай. У ліпені я два месяцы была ў гарах. Лежачы на траве каля Мураванца, я пасылала ёй гарачыя сонечныя думкі. Я выграбала з сябе тугу па ёй цёплай усмешкай, парывістымі рухамі і голасам, які страсна даносіў мне самыя новыя перажыванні. І бадай што, многае з гэтага засталося, бо я так моцна хацела, каб ты была каля мяне. Але ж гэта трывала толькі імгненне, адзін з многіх промняў. І агарнула мяне думка, што такія пачуцці праходзяць, як дзіцячая хвароба. Хоць я і не ведаю, ці ўсё тое ўва мне ўжо астыла. Бо найважнейшае ў такім трыванні - гэта прысутнасць. А яна замоўкла. Замкнулася. Як бы хацела забяспечыць сабе вакацыі без маёй, магчыма, занадта назойлівай прысутнасці. Напісала ёй дзве паштоўкі і ліст. Нічога. Ціша. Я патэлефанавала толькі ў Менск, каб праверыць, ці нічога ёй не трэба. Сядзіць, чытае кніжкі, слухае музыку і амаль не паказваецца на белы свет.
У кастрычніку я толькі вярнулася, каб завяршыць у Менску свае справы, і з пачаткам лістапада мушу быць у Кракаве, дзе мяне чакае стаўка ў вучэбнай установе і праца ў адной рэдакцыі літаратурнага часопіса.
Калі я наведала яе - традыцыйна з бутэлькай чырвонага віна, - яна прыняла мяне сардэчна, але гутарка не клеілася. У яе былі білеты ў філармонію. Мы рашылі ісці пеша праз азалочаны восеньскі парк над каналам. Усю дарогу маўчалі. Яна час ад часу падбірала з-пад дрэваў лепшае лісце. Склала каляровы букет і дала мне яго паглядзець, сунуўшы ледзь не ў вочы, але ў самую сярэдзіну майго жыцця, маіх думак. Мы абняліся.
У зале філармоніі холад. Музыканты, сумныя і без энергіі, якая, увогуле, проста неабходная, каб пераканаўча расказаць нешта сваімі інструментамі. Усе, пэўна, толькі мараць пра нейкія кантракты і заробкі заграніцай. А тут толькі смутак і прыгнечанасць, падмацаваныя пасля вяртання з паспяховых гастроляў, дзесь далёка ў Амерыцы, Францыі ці Аўстрыі.
Ад усяго аркестра я адчула павеў жальбы па прадаваным таленце і жыцці ў танных канцэртах перад рэстараннымі гасцямі на багатых раўтах. Вакол у зале выцертыя і смярдзючыя абіўкі цвёрдых і нязручных фатэляў, тынк, які асыпаецца са сценаў і столі. Восеньскі холад, які паралізуе волю. Аж дзіўна, як музыкантам не дранцвеюць пальцы.
Граюць канцэрт Рахманінава. Павольна, як бы сілай вібрацыі выконваемых рухаў аркестр раскручваецца. Уся зала ўпадае ў настальгічнае задуменне. Музыканты выцягваюць з сябе рэшту сілы, і пачынае рабіцца нешта незвычайнае. Як плач, як лямант і скарга. Яны дзеляцца расказам пра вялікія нязведаныя прасторы, пра збалелыя душы, скруху, палярушны смутак. Ілюстрацыя да «Нячысцікаў» Дастаеўскага - такія асацыяцыі выклікае гэта ўва мне, калі я гляджу на твары людзей вакол сябе.
У нейкі момант бачу, як па яе шчоках пабеглі слёзы. Бяру яе халодную руку. Яна праз сілу ўсміхаецца і апускае галаву. Калі канцэрт закончыўся, мы выходзім і бачу - не перастае плакаць. Я стаю поруч, але я не бязрадная. Разумею і адчуваю, як іграе ў ёй усё тое, што расказалі музыканты, якія ігралі аповесць больш пра свой уласны лёс, чым самую музыку Рахманінава.
Вяртаемся дамоў. Яна просіць, каб я зрабіла гарбату і, можа, што-небудзь перакусіць. Кручуся на кухні і чую, як стукае плыта. Паставіла гучна «Нактурн» Шапэна. Наш любімы.
П'ем гарбату, пад канапкі. Не ведаю, ці павінна я пра нешта пытацца. І тады яна сама пачынае расказваць, што выклёўваецца ёй кантракт у Празе. Ужо атрымала першае паведамленне і, магчыма, гэта будзе гадавое прабыванне і праца на радыё «Свабода». Калі добра павядзецца, яна паедзе ўжо на тым тыдні.
XL
Гэтую мясціну называюць урочышчам. Курапаты. Мабыць, назва нейкай вёскі. Невялікі лес каля абвадной дарогі. Адразу за дарогай панельныя камяніцы. Немы і да ўсяго абыякавы бетонны квартал.
Аня патэлефанавала ўчора і сказала, што ідзе на маніфестацыю. Шэсце з цэнтра горада ў Курапаты, у Дзень задушных. Мой перадапошні дзень у Беларусі. Можа, ён будзе найлепшым развітаннем з гэтым краем, яго людзьмі. Тымі, што жывуць і што памерлі.
Курапаты адкрыў Пазьняк у канцы сямідзесятых, і для многіх беларусаў гэта знак адраджэння. З магілаў, дзе бальшавікі замардавалі ў трыццатыя гады тысячы людзей, беларусы, узяліся адраджаць сваю самасць.
Мінула два дзесяткі гадоў, і вось пашыраюць дарогу. Гэта, бадай што, толькі зачэпка, каб паспяхова заасфальтаваць памяць. Людзі пратэстуюць, але іх няшмат. Улады ведаюць пра гэта і тым смялей спрабуюць ужо цяпер запабегчы будучым дыскусіям і расплатным разборкам.
Я іду на шэсце, каб паглядзець, ці ёсць яшчэ гарт, каб супрацівіцца караедам і збэшчанай імі памяці пакаленняў. А можа, іду толькі таму, што Аня патэлефанавала мне і я не магла ёй адмовіць.
Паход на Курапаты пачынаецца ад Акадэміі Навук. Надвор'е лістападаўскае. Слотнае і шэрае. Толькі цяпер я ўсведамляю, што ў Менску цэлы год сапраўды мала сонца. Большасць месяцаў у годзе - пахмурныя і шэрыя дні. Найгоршыя смуткі агортваюць тут чалавека ўвосень. Балоцістая краіна, поўная дэпрэсіі і алавянай аўры.
Нехта дае мне палаючы зніч. Іду з ім, саграваючыся задушным святлом. Штохвіліны паветра разрывае гук звона, які нясуць наперадзе калоны. Memento mori.
Шэсце ў маўчанні даходзіць да дарогі на Віцебск. Паварочваем на абвадную дарогу, за якою відаць навалы згорнутай бульдозерамі зямлі. Рабочыя, што круцяцца вакол машын, абыякава пазіраюць на нас. Шэсце закончыцца, аціхне звон, і рабочыя напэўна ж прыступяць да пашырэння дарогі. Заасфальтуюць лес крыжоў, які вырас тут за апошнія тыдні на знак пратэсту. Усё як панарама смутку і непапраўнасці. Праз хвіліну мільгае думка, як ратунак, як апошняя дошка ратунку. Я ж адгэтуль паслязаўтра выеду і страсу з сябе гэты самнамбулічны бяскрай. Але гэта зноў жа толькі абвадная думка, як пакуса. Бо такіх сітуацый і людзей не бракуе і ў нас.
Мае боты члапаюць, гразь, балота... У раскапанай зямлі пад нагамі касцей, аднак, не відаць, не відаць у ёй і мартыралагічных плямаў. Звычайная зямля. Шэрая, брудна-рудая, не выклікае эмоцыяў. Выклікае адзіна жаданне выйсці на які-небудзь ходнік і ступаць па чыстым, вымытым тратуары.
Падыходзім да лесу. Ускрай яго група маладых людзей паставіла палатку. У брудным лагеры відаць параскіданыя бутэлькі. Як праваслаўны звычай выпівання за памерлых на іх магілах. Няўжо і ў такім месцы гэта ўсё яшчэ звычай.
Узгадваецца адзін выпадак з пахаваннем паўгода таму назад. Быў канец лютага альбо пачатак сакавіка. Памерла Аніна бабуля, і я пайшла з ёю на пахаванне. Бадай што нават не толькі з прычыны спачування сімпатычнай каляжанцы і яе бацькам, але, мусіць, таксама і з цікавасці, як выглядае тут пахаванне. Гэта ж частка культуры штодзённага жыцця, гэта люстра ўсіх іншых абрадаў, свецкіх і рэлігійных - гэтых сямейных, гэтых грамадскіх. Я купіла прыстойны букет яркіх хрызантэмаў з чорнай стужкай і ў цэлафане з густоўнай чорнай аблямоўкай. Пад'ехала на таксі да дома, куды часта забягала адведаць Аню. У адным пакоіку іх цеснай кватэры жыла яе бабця, якая ўжо амаль не падымалася з ложка. Было ёй за восемдзесят. Аднаго разу я кінула вокам у прачыненыя дзверы ў той пакоік і ўбачыла, як старэнькая падымалася з пасцелі і сядала на край ложка. Яе позірк на хвіліну затрымаўся на мне. У яе запалых вачах я ўбачыла, як яшчэ тлеюць іскрынкі жыцця. Так, як бы я ўбачыла ўсе моманты, якія давялося ёй правесці на зямлі - дзяцінства над нейкай ракою, смех у лесе, пацалунак хлопца, потым нейкі агонь, дым, багнішча і панурыя нетрышчы, крык, плач, шэрая будная праца і апушчаныя ў мыльны шум далоні, што палошчуць ці мыюць нейкае ашмоцце. Як фільм, секундная імпрэсія без канкрэтнага сцэнару. Нават не вобразы, а толькі ўражанні ад вобразаў. Я была вельмі ўзрушаная ўбачаным у тую хвіліну. Дзверы зачыніліся, і Аніна маці зноў укладвала старэнькую ў пасцель, папраўляючы ёй падушкі.
Аня сказала, што бабуля калісьці была даволі важным чалавекам у партыі. Шмат гадоў працавала ў кантрольнай камісіі і ведала цэлыя пакаленні розных дзеячаў. Нават Машэрава ведала асабіста.
Цяпер я стаю каля дома з букетам хрызантэмаў, назіраючы праз зашклёную лесвічную клетку, як зносяць адчыненую труну з целам з чацвертага паверха. Перад дзвярыма некалькі старых - мусіць, суседкі, сямейнікі. Труна выйшла з цесных дзвярэй на паветра. Труну ставяць на лавачку, каб крыху адпачыць. Аніна бабуля на гэтай лавачцы, пэўна, калісьці сядзела вечарамі, гаманіла з суседкамі.
Труна абабіта чырвоным палатном. Гэта так для камуністаў? Насільшчыкі зачыняюць века. Перад гэтым яшчэ адна суседка папраўляе край матэрыі і накрывае ёю складзеныя далоні нябожчыцы. Труну падымаюць з лавачкі і ўсоўваюць на падлогу жалобнага аўтобуса, выгляд і тэхнічны стан якога выклікаў яшчэ большую жаласць, чым само пахаванне. Мы з Аняй упакаваліся ў машыну аднаго з кузінаў і паехалі за аўтобусам да могілак.
Могілкі непадалёк ад Курапатаў. Вялікі абшар высечанага лесу, у цэнтры сучасны будынак з чырвонай цэглы - крэматорый, а можа, трупарня.
Аўтобус спрытна ўязджае прысадамі цвінтара і кіруе ўбок свежа выкапаных магілаў. Спыняемся, выходзім з машыны. Кідаецца ў вочы адсутнасць цырымоніі, правілаў, нейкіх звычаяў. Мабыць, немагчыма да гэтага прывыкнуць. Замест крыжа нехта з сямейных трымае слупок, авінуты бардовай матэрыяй. На слупку невялікая чорная таблічка з нядбала напісанымі словамі і прозвішчам памерлай, ніжэй даты нараджэння і смерці. Насільшчыкі выцягваюць труну з аўтобуса і пераносяць бліжэй да выкапанай магілы. Каля магілы стаіць, абапершыся на рыдлёўку, мужчына ў куфайцы, у барэце, з папяросаю ў зубах. Выплюнуўшы недапалак, ён выдае рашучую каманду сваякам, каб развіталіся з нябожчыцай. Насільшчыкі падымаюць века з труны. Да нябожчыцы падыходзяць сямейнікі і цалуюць цела. У лоб, у вусны, у складзеныя далоні. Нехта з фотаапаратам кажа ім стаць групкаю каля труны, у якой пацямнелы твар пазіруе для апошняго фотаздымка. Магільшчык з лапатай нервова пакручваецца збоку. Холадна і папырсквае лёгкі дождж. Пара канчаць. Чырвонае века труны замыкаецца як футарал з інструментам. Падыходзяць далакопы, каб падхапіць труну на доўгія грубыя шлейкі і ўціснуць яе ў дапасаваны дол. Спешна ссыпаюць рыдлёўкамі жоўты лясны пясок. Сямейныя нясмела падыходзяць і, прапіхваючыся між струджаных копшаў, скідаюць на труну па некалькі жменяў змерзлай зямлі. Але ўжо не чуваць такога характэрнага стуку грудак па труне. Копшы спорна ўвіхаюцца, штохвілі паплёўваючы ўбок. Іхні хто там у іх за галоўнага пачынае фармаваць магілу. Прыплясквае пясок. Расхіліўшы полы куфайкі, падцягвае штаны, падымае руку і папраўляе на галаве барэт. Камандуе класці вянкі і кветкі. Спачатку сямейнікі, потым знаёмыя. Пасля кажа, каб нехта са знаёмых расправіў стужкі. Нельга - асцерагае - папраўляць стужкі членам сям'і. Бязладны збой жалобнікаў раптам ператвараецца ў маіх вачах у рассыпаны пададдзел разгубленых і нехлямяжых жаўнераў, якія, азіраючыся па баках, намышляюць, як бы гэта тут неўпрыкмет дэзерціраваць. Адзін далакоп выхоплівае з рук кагосьці з родных слупок і ўбівае яго ва ўзгалоўе магілы. Той, што за галоўнага, дае далейшыя распарады. Цяпер кветкі могуць класці знаёмыя. Гляжу вакол сябе і ўжо ці не астатняя засталася я, хто яшчэ трымае букет хрызантэмаў. Падыходжу і акуратна ўкладваю кветкі ўнізе магілы. Падыходзіць магільшчык, спрытным рухам хапае мой букет, зрывае з яго цэлафан і вышморгвае стужку. Што ты робіш, крычу я на яго і забіраю букет. Ён вырывае ў мяне кветкі з рук, здзіўлены маёй істэрычнай рэакцыяй. Так трэба. Зноў зрывае фольгу і стужку, спраўным рухам вялізнымі лапамі бярэ ўвесь букет, ламае яго напалам і ўжо толькі ў такім выглядзе кладзе на магілу. Я з жалем і роспаччу гляджу на Аню. Аня паглядае на мяне, як бы перапрашаючыся. Падыходзіць і тлумачыць, што ўсё гэта толькі дзеля таго, каб ніхто не ўкраў тых кветак. Ува мне закіпае злосць. Адыходжу ад магілы тым ахвотней, што пачынаецца дождж. Адчуваю на твары рэзкія буйныя кроплі. Кіруюся да машыны. Гляджу на суседнюю дарожку, дзе адбываецца такая самая дзікая цырымонія - без ксяндза, без папа, без літургіі. З нейкім люмпэнам у куфайцы, з рыдлёўкай падпахай, які вырывае ў родзічаў памерлага труну, каб як найхучэй закапаць яе.
Цяпер я стаю на апошнім астраўку асфальту ў Курапатах і паглядаю на невялікую групу дэманстрантаў, якія разыходзяцца па кустах, убіваючы ў зямлю паміж дрэвамі прынесеныя крыжы. Лес крыжоў у натуральным лесе. Параскіданыя знакі прысутнасці памерлых. Як бы я была на прадстаўленні дзядоў.
Далей па другі бок дарогі, група міліцыянтаў глядзіць на ўдзельнікаў дэманстрацыі і адну за адной кураць цыгарэты. Яшчэ далей група рабочых каля бульдозераў. Праз дзень-два яны ўедуць сюды і засыплюць зямлёю тое, што павінна быць засыпана. Асфальтаваная дарога павінна быць шырэйшая і выгоднейшая.