БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Quo vadis, Гэнрык Сянкевіч

СВОЙ СЯРОД ЧУЖЫХ 

Рым... Амаль 50 гадоў таму... Выдавецтва "Зніч", заснаванае ў Вечным горадзе беларускімі эмігрантамі, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновіча — беларускі пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г.Сянкевіча "Quo Vadis". Працу, якою сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, "свайго сярод чужых"...

Рым... Больш за 100 гадоў таму... Па Вечным горадзе блукае з нататнікам і томікам Тацыта нейкі чужынец ды ўважліва дапільноўвае кожную дробязь, якою адрозніваецца тое, што ён бачыць, і тое, пра што ён чытае. Калі ў 1896 годзе ў далёкай Польшчы выходзіць ягоны раман "Quo Vadis", той чужынец — польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч — адразу стаў сваім і ў Рыме, і ва ўсім свеце. I гэты свет, чытаючы яго "ўсяк іставетнай моваю", неўзабаве ацаніў гэты й іншы плён творчасці "сына Падляскіх пушчаў" адной з самых прэстыжных сваіх адзнак — Нобелеўскай прэміяй (1905).

Рым... 2000 гадоў таму... Развіццё цывілізацыі ў гэтым кутку зямлі дасягнула такога ўзроўню, што й сяння з ім ёсць каму дараўноўвацца. Не кожны народ памятае выразна, дзе ён быў у тую сівую даўніну, затое старажытны Рым памятае ўвесь свет. А былі ж тады і германы, і галы, і афрыканы... Многія з іх праходзяць чарадою ў ланцугу падзеяў, апісаных Г.Сянкевічам у рамане "Quo Vadis". Падзеяў з эпохі крывавага цэзара Нэрона (37—68 гг. н.э.), калі культура славутай імперыі ўжо ззяла, а палітычнае светаўладства ейнае ўжо затухала.

Свет і тады быў стракатай скарбонкай традыцыяў і звычаяў, і гэта выразна прасочваецца ў сюжэце раману, дзе ёсць адгалоскі падзеяў і культур усё гэтак жа туманнай Брытаніі, мудрай Грэцыі, велічнага Егіпту, далёкай Арменіі... А дзе ж у тым далёкім часе былі мы, беларусы? Не пуставаў жа гэты мілы сэрцу лагодны куточак зямлі, як колісь, прыгноблены пад леднікамі?.. Дык які ён, наш тагачасны продак: у звярынай скуры на дрэве? у лыкавых лапцёх на балоце?..

Як моцныя былі колісь падобныя стэрэатыпы.

...Галоўныя героі раману — гэта не толькі жорсткі, самапэўны і да вычварнасці непрадказальны імператар Нэрон, не толькі духова падатлівы, хоць і закатны сынок рымскіх консулаў, сам ужо вайсковы трыбун Марк Вініцій. Бадай, не было б раману гэтага й без выхаванкі адной шаноўнай рымскай сям'і, у якое самааддана закахаўся гэты вось Марк Вініцій. Усе падзеі раману разгортваюцца вакол яе.

Дзяўчыну завуць Каліна... Адчуваеце? Дзіўнае было б імя для рымлянкі або грэчанкі ці егіпцянкі. Затое беларусу, які адчувае "каліну" як скразны вобраз нацыянальнага фальклору (у нас усё "шэпчуцца явар з калінаю", дзе каліна ёсць сімвалам дзявочай цнатлівасці і нязбыўнай мары пра шчасце, якой і стаў вобраз Сянкевічаўскай Каліны, у якім шчасце... вось-вось ты яго спаймаеш... ды не, зноў сплыло...). Зрэшты, не будзем марнаваць інтрыгу. Да таго ж і тут імя Каліна згадваецца толькі як напамінак пра далёкую радзіму, бо ў Рыме ейным імем стала, як бы цяпер сказалі, ейная нацыянальнасць — Лігія. А ейны спадарожнік, таксама ліг Урсус (Мядзьведзь), змяніў імя з іншае прычыны — на хрысціянскім хросце яго нараклі Урбанам.

Ды што ж гэта за лігі, хто яны цяпер? Літы? Ляхі? Ці мо, паводле сцверджання некаторых каментатараў, лугі, як называлі шэраг плямёнаў усходняй Польшчы? Бадай, не ў тэксталагічным сугуччы назваў трэба шукаць сучаснага асэнсавання радзімы галоўных герояў. Куды больш пра гэта гавораць іхнія ўспамікы пра бацькоўскі край.

Вось, скажам, як апісана ўспрыманне радзімы Урсусам: "З дзіцячых гадоў гадаваўся ў непраходных пушчах, сярод заўсёдных паляванняў, падчас якіх праславіўся сваёй сілай ды ўмеласцю між лігамі. Паляванні былі ягоным улюбёным спортам. Пасля ў Рыме не мог ад іх адвыкнуць і хадзіў да віварыяў ды амфітэатраў, каб хоць палюбавацца ведамымі й няведамымі сабе звяратамі".

Лігія, на жаль, занадта юная, каб шмат ведаць тут. Калі адна з сябровак, былая цэзарава каханка Актэ, захоплена пытае яе: "Чароўны, не йначай, ваш край лігаў, дзе такія чаруні родзяцца!", Лігія сціпла адказвае: "Я не памятаю яго, толькі расказваў Урсус, што ў нас лясы, лясы і лясы".

Ды й нам лепей паслухаць, што гаворыць сам Урсус: "Мы седзімо ў лясох, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе канец пушчы, і народу ў ёй шмат. Ёсць таксама й гарады драўляныя ў лясох, у якіх ёсць поўны дастатак... і звярыны, і грыбоў, і бурштыну".

Не будзем, аднак, займацца доўгім цытаваннем, бо перад чытачом — раман, дзе ён сам знойдзе і апісанне побыту тых "лясных жыхароў", і іхняга суседства э прыродай, з іншымі народамі, і лаканічны партрэт валадара тых лясоў — зубра, пра якога згадвае й Марк Вініцій, хвалячыся, што бачыў тое заморскае дзіва...

Але, на жаль, тут і раскрываецца больш не гістарычнасць, а нястрымная фантазія Сянкевіча, бо 2000 гадоў таму ў тых барох і пушчах, пра якія расказвае Урсуе Каліне й нам, не было ні палякаў, ні беларусаў, ні ўвогуле славян. Славянскі субстрат у этнагенезе тутэйшых народаў з'явіўся значна пазней. Праўда, калі прыгадаць тэорыю балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў, нішто не будзе нам замінаць асэнсоўваць названых герояў раману як сваіх далёкіх продкаў. Хіба што ўжо імя Каліна будзе разглядацца як умоўнае. Але толькі імя, бо сутнасць гэтага рамантычнага вобразу цалкам гістарычна-рэалістычная.

Тут у сваю чаргу паўстае пытанне аб крыніцах арыгінальнай скіраванасці фантазіі польскага пісьменніка. Ясна, польскага, не беларускага.

Калі пісаўся гэты раман, ягоная радзіма — Польшча — была пад моцным абцасам Расейскае імперыі, але духовы супраціў тады быў, бадай, тым больш мацнейшы, пра што сведчыць хоць бы сам факт, што перлы польскай культуры не далі ў той час ніводнага прыкметнага ўзору расейскамоўнай творчасці (скажам, у літаратуры, тэатры, вакальна-музычным мастацтве), затое ўвесь свет ведае Міцкевіча, Сянкевіча, Шапэна... Польская культура нават у складзе Расейскай імперыі не стала імперскай, дзякуючы чаму нацыянальны гімн яшчэ перад адраджэннем Польскай дзяржавы мог сцвердзіць: "Jeszcze Polska nie zginela", Бадай, гэта і ёсць ключом да раскрыцця крыніцы фантазіі Сянкевіча. Польшча ў ягоных творах, як і ў душы, у свядомасці, жыла заўсёды. Нават 2000 гадоў таму.

Польшча? Дык чаму ж тады тая фантазія прывяла яго да вобразу Каліны, якая нібыта сыходзіць наўпрост з традыцый беларускага пазаабрадавага фальклору, але не польскага?

Справа ў тым, што ў структуры нацыянальнай самасвядомасці палякаў, асабліва дзеячоў культуры, заўсёды моцна адчувалася прысутнасць перасцярогі як перад імперскай экспансіяй з усходу, гэтак і з захаду. Калі спробы русіфікацыі польскай самасвядомасці так і засталіся спробамі, дык праблему лацінізацыі сваёй культуры Польшча перажыла ўвачавідкі. Уратавацца тут дапамог народ, які ва ўпор не надта бачаць яшчэ й цяпер найбольш ярыя славянафілы, народ, які разам з Польшчай складаў у свой час Агульную (Паспалітую) Дзяржаву (Рэч).

Менавіта на ўсходніх рубяжох былой Res Publica (Рэчы Паспалітай) і засталіся некранутыя чужародным уплывам крыніцы ўласна польскага адраджэння. Гаворка йдзе пра беларускі субстрат.

Не, мы не станем сцвярджаць аб пераважным развіцці беларускай культуры ў той час, якое нібыта й садзейнічала ўплыву. Найперш гаворка тут пра моц культуры традыцыйнай, інтуітыўнай, фальклору. Выхаваныя на ёй Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка ды іншыя пісьменнікі, паэты “ўсходніх крэсаў” Рэчы Паспалітай неслі ў сваіх творах для польскага чытача нейкую прывабную этнічна-стылістычную навізну, пра якую тутэйшае насельніцтва сцвярджае амаль адназначна: "А што тут дзіўнага, у нас усе так гавораць".

Генрык Сянкевіч таксама нарадзіўся на ўсходзе Польшчы — у вёсцы Воля-Акшэйска Лукаўскага павету Люблінскай губерні. Гэта адбылося 5 траўня 1846 года (амаль ужо 160 гадоў таму). Свядома ён выяўляў у сабе куды болей польскасці, чым той жа Міцкевіч, а тым больш другі пясняр гэтага этнічнага памежжа — Уладзіслаў Сыракомля, якога прыгарнуў да сябе адноўлены бег беларускай інтэлектуальнай культуры. І ўсё ж тут, на Любліншчыне, адкуль бліжэй да Берасця, чым да Варшавы, ён не мог не ўспрыняць у глыбінях сваёй падсвядомасці бікультурнасць гэтага рэгіёна. Рэгіёна, дзе не толькі спляліся мімаволі патэнцыялы наіўна-інтуітыўнай народнай творчасці, але й свядомыя палітычныя ініцыятывы абодвух народаў (згадаць хоць бы Люблінскую вунію 1569 года, якая аб'яднала старабеларускую й старапольскую дзяржавы ў федэратыўны саюз пад назвай Рэч Паспалітая). У гады сваёй маладосці й палітычнай актыўнасці польскі пісьменнік, блізкі да народна-дэмакратычнай партыі, ніяк не выказаў сваіх адносінаў да ўжо набіраючага моц беларускага адраджэння, да беларускага нацыянал-дэмакратызму. Ды наўрад ці гэтыя адносіны выкрышталізаваліся ў пэўныя палітычныя прыхільнасці, але ў творчасці мы заўважаем яўную прысутнасць барацьбы розных прыхільнасцяў (гэта і беларусы з іх нібыта другаснай роляй у Грунвальдскай бітве 1410 года, якімі іх Г.Сянкевіч убачыў у гісторыка Яна Длугаша ды перанёс у свой раман “Крыжакі”, гэта і беларусы, якія нават далёка ад радзімы сведчаць аб таемнай, яшчэ мо прыхаванай духовай моцы свайго краю, якіх мы сустракаем у "Quo Vadis"). У абодвух раманах хутчэй больш рамантызму, чым гістарызму, але і тым мацней выяўляецца ў іх унутраны духовы свет аўтара, поўны барацьбы супярэчнасцяў.

Зрэшты, не будзем збіваць чытача з панталыку, нібыта і "Quo Vadis", і ўся творчасць Генрыка Сянкевіча — гэта падстава толькі для гавораж аб беларускай праблематыцы. З цэлай сукупнасці шматлікіх граняў такой неардынарнай з'явы, як Сянквіч і ягоны раман, мы вылучылі беларусную тэму адмыслова для чытача гэтага выдання, якое планавалася гадоў дзесяць таму ў серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”, ды так і не выйшла, бо камусьці замінае, што і мы, беларусы, здольныя выразна адчуць сусветны скарб як і наш скарб. Убачыўшы сябе ў свеце, лягчэй асягнуць і свомасць сусветных падзеяў.

А яны свомыя нам не толькі таму, што ў іх удзельнічалі й нашыя продкі, але й таму, што жыццё ўвесь час падпарадкавана адзіным сацыялагічным законам, якія ў творах мастацтва набываюць яшчэ большую універсальнасць.

Гістарычны раман аб кароткім перыядзе прадчування развалу вялікай Рымскай імперыі — гэта раман не толькі з рымскай гісторыі.

Гістарычны раман аб першых кроках нікім не прызнаваных "нефармальных суполак" хрысціян — гэта раман не толькі з гісторыі хрысціянства.

Праўда, раней ён быў знаёмы нам адно праз чужамоўныя выданні і версіі. Напрыклад, да гэтага часу карыстаецца папулярнасцю й сярод беларускіх відэаманаў фільм Мэрвіна Лероя “Quo Vadis”, пастаўлены амерыканскімі кінематаграфістамі ў 1951 годзе, хоць і сюжэт карціны, і маштабнасць характараў у ім відавочна збедненыя. Было й яшчэ нямала іншых тэле- і кінаверсіяў раману ў Польшчы, Італіі, а ў 2000 годзе мінская фірма “Каўчэг” выдала на 2CD музычна-філасофскую алегорыю для салістаў, хору й сімфанічнага аркестру Георгія Успенскага на словы Бернара Замарона “Quo Vadis” у запісе якой прымалі ўдзел Дзяржаўны акадэмічны аркестр Беларусі, Харавая капэла імя Рыгора Шырмы, а таксама шэраг салістаў Адэскай оперы (Украіна). Але нават апошняя праца не была беларускамоўнай.

Ініцыятары першага беларускага (Рым, 1956) выдання гэтага раману невыпадкова зазначылі ў рэдакцыйнай прадмове: "Чаму спаміж гэтулькі іншых пякучых літаратурных неабходнасцяў мы выбралі іменна гэтую? Шмат злажылася на гэта матываў ды імператываў, але ўспомнім толькі аб найгалаўнейшым, аб той удараючай аналагічнасці, а праз тое й актуальнасці ды павучальнасці ейнай узрушлівай эпізодыкі да сянняшніх, у многім так падобных, падзеяў".

Праўда, гэта не азначае стоадсоткавай слушнасці паралеляў накшталт Нэрон—Сталін, Тыгэлін—Лукашэнка або "хрысціянскія суполкі"—"талакоўскія сходкі". Проста мастацкі твор нясе ў сабе скарбонку пачуццяў і думак, даючы кожнай душы магчымасць успрымаць адзін і той жа тэкст па-свойму, бачыць у ім адказы на тыя пытанні, якія саспелі ў ягонай свядомасці. Таму доля слушнасці тут будзе і ў таго, хто ўспрыме гэты твор як раман аб жыцці старажытных беларусаў у старажытным Рыме, якія і Гомэра ў арыгінале на памяць цытаваць маглі. Рацыю будзе мець і той, для каго акажацца, што гэта раман, які малюе прычыны непазбежнасці развалу нават самай вялікай і магутнай імперыі. Не памыліцца й чытач, свядомасць якога адчуе пранікнёны твор вб першых кроках хрысціянства па гэтай зямлі, аб перадумовах і абставінах змены ваяўнічай ментальнасці на гуманістычную мараль. Дый, зрэшты, хіба гэта не прыгодніцкі раман пра каханне?..

Тое, што над беларускім перак.ладам раману працаваў каталіцкі святар – Пётр Татарыновіч, пакінула пэўны гістарычны адбітак. Узяць хоць бы тое, што беларускае рымскае выданне гэтага свецкага твору — адно з нешматлікіх у свеце, выпушчаных пад афіцыйным грыфам "З дазволу Духоўных Уладаў", што робіць кнігу ў пэўным сэнсе больш важкім аргументам для тых, хто шукае разумення хрысціянскае маралі. І разам з тым беларускі пераклад нічым не абмежаваны ў параўнанні з іншымі вядомымі тэкстамі гэтага выдатнага твору мастацкай літаратуры, і перш за ўсё ў параўнанні з арыгіналам.

Адным словам, прэлат Пётр Татарыновіч зрабіў цудоўны падарунак усім беларусам — і католікам, і праваслаўным, і атэістам... — данёсшы да іх узор сусветнай класікі на роднай мове. Ды вось бяда – амаль 50 гадоў доступ да плёну гэтай творчай працы мелі ўсе беларусы, акрамя тых, што жылі ў самой Беларусі: раскіданая па свеце беларуская дыяспара ў Італіі і Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі, Аргентыне і Аўстраліі... добра і даўно ведае зграбны белы томік першага выдання з аскетычнай двухколернай аздобай, у якую ўключана выява старажытных румовішчаў. Паспелі ўжо скончыцца й спрэчкі вакол вартасцяў ды недахопаў беларускага перакладу. Але тут гэтая праца дагэтуль была невядомая зусім.

Мне асабіста давялося пазнаёміцца з кнігай у 1990 годзе, калі творчыя сцяжынкі завялі мяне ў далёкую Канаду. Больш таго, таронцкі беларускі пісьменнік Кастусь Акула прэзентаваў мне сапраўдны рарытэт — томік з аўтографам самога перакладчыка. Ягонай рукою на пажоўклай ад часу паперы фронтыспіса накрэслена: "Вельмі паважанаму і дарагому спадару Кастусю Акулу на адудзячную памятку. П. Татарыновіч".

Кастусь Акула казаў тады: "Жыццё не вечнае, таму не хачу, каб гэты рэлікт прапаў разам са мною. У вас, ёсць надзея, ужо не прападзе".

Так, ужо не прападзе. А былі ж часіны, калі падобныя кнігі пільна вылоўліваліся сеткамі мытных цэрбераў савецкай сістэмы. Зразумела, табу было накладэена не на сусветную класіку, а на працу, зробленую беларускімі эмігрантамі, якая яўна замінала правядзенню савецкай так званай "інтэрнацыянальнай" палітыкі. Дый самі асобы эмігранцкіх дзеячаў былі ахутаны злавеснай сеткай плётак і домыслаў.

А што ж у сапраўднасці?

Татарыновіча, як і многіх дзеячоў беларускага адраджэння, вельмі лёгка абвінаваціць у калабаранцтве, бо, не маючы сваёй дзяржавы, яны вымушаны былі рабіць беларускую палітыку, калабарыруючы з рознымі рэжымамі: з польскім, з расейскім, з нямецкім. Які з іх даваў больш шанцаў? Гэтае пытанне яшчэ трэба вырашыць пільным і аб'ектыўным даследчыкам, хоць падлічваць тут давядзецца больш ахвяры, чым вынікі.

Звестак пра ксяндза П.Татарыновіча да нас дайшло няшмат (нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнін на гераічнай Случчыне, у 1919 годзе высвячаны на святара лацінскага абраду, на мяжы 40—50-х гадоў плённа дзейнічае ў Рыме на ніве стварэння беларускай праграмы “Радыё Ватыкан”, у 60-х гадох пад псеўданімам В. Карасевіч з'яўляюцца ягоныя гістарычныя артыкулы ў чыкагскім навуковым беларускім часопісе ''Litva'', памёр у Рыме ў 1978 годзе), але ўсе яны сведчаць аб палымяным патрыёце, галоўная думка якога была пра Беларусь. У кнізе Язэпа Малецкага "Пад знакам Пагоні", у прыватнасці, расказваецца пра тое, як у ваенным Менску арганізоўвалася каталіцкая багаслужба, дзе касцёлы сталі месцам барацьбы за зоны ўплываў — беларускага й польскага, пра стваральную дзейнасць у гэтым рэчышчы ксёндзоў Вінцэнта Гадлеўскага і Пятра Татарыновіча.

Потым абставіны склаліся так, што беларускаму патрыёту трэба было пакінуць Бацькаўшчыну. Але і ў Менску, і ў Варшаве, і ў Рыме ён заставаўся заўсёды адданым сынам сваёй зямлі й ніколі не дазваляў сабе падпарадкавацца рэжыму, што над ёй панаваў. У тых жа ўспамінах доктара Я. Малецкага мы сустракаем перакладчыка "Quo Vadis" роўна праз год, у 1943-м, у Варшаве. Ёсць таксама згадкі пра выступ ксяндза П.Татарыновіча на ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску (чэрвень, 1944), а пасля ўжо наступае суцэльны перыяд ізаляцыі ад Бацькаўшчыны. І ў Татарыновіча ён стаў не перыядам тугі ды суму па страчаных спадзяваннях, а перыядам стваральнай працы на ніве рэлігійнага будаўніцтва і абвастрэння творчай актыўнасці ў рэчышчы беларускае культуры. Нямала дадатковых звестак пра гэта чатыч знойдзе і ў небясспрэчным, але аб’ёмным даведніку Ю.Гарбінскага “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя”, які з’явіўся толькі апошнім часам ды выклікаў гарачыя дыскусіі ў друку Сярод плёну гэтай актыўнасці — і беларускі пераклад гэтага сусветнавядомага раману.

Праца ксяндза П. Татарыновіча выйшла ў свет крыху незвычайна для нас — па-беларуску, але не кірылічным шрыфтам, а лацінічным.

Незвычайна для нас, але звычайна для тых, хто выхоўваўся на двухварыянтнай "Нашай ніве", хто чытаў выдаваныя і кірылічным, і лацінічным шрыфтам творы Ф.Багушэвіча, Я.Коласа... І беларускі "Quo Vadis" выйшаў лацінкай не таму, што ў Рыме не знайшлося кірылічнай друкарні (там нават у свой час выдаваўся кірыліцай часопіс "Хрысціянскія навіны"), а таму, што так апрацаваў кнігу перакладчык, якому лацінка была бліжэй. Пётр Татарыновіч і свой пераклад "Бібліі" ды нават згаданы вышэй аўтограф пісаў лацінкаю.

Каб прапанаваць працу прэлата П.Татарыновіча айчыннаму масаваму чытачу, давялося ўсё ж зрабіць транслітэрацыю тэкста. У выніку сучаснай моўнай палітыкі лацінка істотна была адсунута ад масавага чытача, таму падобныя ранейшыя выданні захоўваюцца і перавыдаюцца цяпер хіба як адметы часу і, мабыць, са спадзевай, што інтэлект адукаванага беларуса калі-небудзь вернецца да свабоднага валодання абодвума варыянтамі графічнага афармлення нашае мовы.

Трэба хіба зазначыць, што транслітэрацыя рабілася без інтэрвенцыі ў стылістычную стыхію перакладчыка. Адно, што адчула змены, — гэта граматыка, бо лацінка паводле нормаў Б.Тарашкевіча трансфармавалася ў кірыліцу не "тарашкевіцкую". Прапануемае выданне рыхтавалася з улікам бытуючых цяпер нормаў правапісу: гэта і графічна не выяўленая мяккасць зычных (не жыцьцё, пацьвярджэньне, а жыццё, пацвярджэнне), гэта і іншая форма дапасавання разнастайных моўных марфем (па-добраму, быў бы замест падобраму, быўбы).

Разам з тым трэба зазначыць, што ў беларускім тэксце Татарыновіча нярэдка сустракаюцца відочныя паланізмы, русізмы (эвентуальна, быстрэйшая, зыск). Дзеля захавання стылістыкі аўтара мы пакідалі іх, але ў выпадках, калі ён ужывае побач з барбарызмамі і словы іставетна беларускія, захоўваючы стыль, мы рабілі ўшчыльненне беларускай стыхіі за кошт арсеналу выяўленчых сродкаў самога перакладчыка (скажам, у большасці выпадкаў, хоць не ўва ўсіх, быстрэйшая заменена на хутчэйшую).

Так што Татарыновічава праца ў гэтым выданні засталася працай менавіта Татарыновіча, у якой паўстае выразна адметная беларуская моўная стыхія. Зразумела, можна было б зрабіць дасканала бясспрэчны пераклад, і такі мо яшчэ з'явіцца на беларускіх кніжных даляглядах, як з'яўляліся па-беларуску "Пан Тадэвуш" А.Міцкевіча (у двух поўных перакладах), "Песня пра зубра" М.Гусоўскага (у трох перакладах), "Гамлет" У.Шэкспіра (у двух перакладах) і г.д. Але цяперашні выхад у свет працы менавіта гэтай разам з падставамі для спрэчак нясе ў сабе і процьму адкрыццяў, цэлую скарбонку моўных перлінаў, якія без П.Татарыновіча маглі б проста згубіцца, збедніўшы наш інтэлектуальны патэнцыял.

Скажам, слова харавод, аказваецца, не абавязкова патрабуе замены на карагод, бо па-беларуску можа абазначаць зусім іншае паняцце — кіраўнік хору, дырыжор. А вось яшчэ яскравы прыклад: здавалася, ужо зусім трывала прапісаліся ў беларускай мове, асабліва цераз прэсу, такія ўварванцы-чужынцы, як мядуза, вустрыца, бахрама. Нават калькаваяне іх адбываецца самым барбарскім спосабам — без істотных адаптацыяў у нашай мове. П.Татарыновіч жа знаходзіць сапраўдныя дыяменты, якія зусім не патрабуюць для беларуса чужынскіх запазычанняў: мядузу ён называе красамоўным словам лямпрыска, для вустрыцы знайшоў выразны беларускі адпаведнік астрыга, а няпэўная ў нашай мове бахрама ў яго прыгожа называецца фрэндзлямі.

Мова П.Татарыновіча, нягледзячы на прысутнасць пэўнай долі варварызмаў (ці барбарызмаў), нясе ў сабе не толькі фрагментарнае адчуванне іставетнай беларускасці ў асобных удалых словах, але і выяўляе цэлую структуру, нават сістэму структур, хай сабе новую, татарыновіцкую, але глыбока беларускую. Да прыкладу, ён не скажа "закаханы ў Крэсыду", робячы з беларускіх словаў расейскія моўныя канструкцыі, а шукае непаўторнага гучання па-беларуску ўсяго паняцця, і жывая моўная практыка падказвае яму — "закаханы ў Крэсыдзе". Нават вядомыя ўжо ў практыцы беларускай мовы паняцці ў Татарыновіча знаходзяць новыя формы выяўлення: скажам, пра паважную, мерную гутарку аднаго з персанажаў раману ён зазначае, што той "гаварыў зпавагу", а "нарожны дом" у яго — гэта зусім не абдрукоўка ад наружнага, вонкавага, а проста дом, які стаіць на рагу вуліцы. Калі чалавек страціў прытомнасць, а яго спрабуюць вярнуць да жыцця, дык насамперш прыбягае ў голаў найменне гэтаму — апрытомліваць. Татарыновіч жа не йдзе механічным канструктывісцкім шляхам, знаходзячы жывое слова чуліць.

Калі зноў жа звярнуць увагу на барбарызмы ў лексіцы перакладу П.Татарыновіча, дык нельга не адзначыць яўнае імкненне беларусізаваць тыя чужародныя запазычанні, з-за чаго часам паўстаюць цікавыя і выразныя неалагізмы. Скажам, польскае na razie (у гэты момант, пакуль) у яго ператварылася ў беларускае нараз. І гэта, бадай, больш натуральна ўжыўляецца ў структуру беларускае мовы, чым грувасткая шматслоўнасць у гэты момант. Напрыклад: "Нараз устаў, скінуў з сябе тогу..."

Па шчырасці, гарманічнасць структуры мовы П. Татарыновіча настолькі моцна ўплывае на чытача, што, напрыклад, у мяне асабіста, тройчы прачытаўшага гэтую кнігу, ужо не павернецца язык сядравы дзень назваць звыкла халодным, пасербаў — пасынкамі, пажогу — абпаленым матэрыялам. Нават калі даводзіцца клясціся ўсімі святымі, я скажу проста, па-татарыновіцку: "На ўсіх святых!"

Асобна трэба звярнуць увагу на тое ў мове перакладчыка, што перекладу не падлягае: на імёны і назвы. У гэтым пытанні і ў свеце не выпрацавана адзінай пазіцыі. Асаблівую цяжкасць складаюць старажытнагрэцкія й старажытнарымскія імёны. Скажам, беларускі перакладчык-элініст Ян Пятроўскі, што жыве на Фларыдзе, ужывае формы Сакратэс, Пратагорас, Пармэнідэс (гл. “Выбраныя дыялёгі” Платона ў 6 тамах, Гэйнсвіль, 1966--1981). Гэтыя імёны сустракаюцца і ў "Quo Vadis'', але гучаць ужо іначай: Сакрат, Пратагор, Пармэнід. У каго тут памылка?

Цікава, што па выхадзе беларускіх перакладаў Яна Пятроўскага прыгаданы вышэй пісьменнік Кастусь Акула адгукнуўся эпіграмай:

...Адзін наш доктар-тэалог 
Пастанавіць ніяк не мог:
Пісаць Сакратэс? Сакратус? 
Людзей загнаў тым у канфуз...

І хоць эпіграма тая не беспадстаўная, наўрад ці пытанне трэба ставіць гэтак катэгарычна. У гэтай кнізе чытач таксама сустрэне персанажы, якіх называюць то Хілон Хіланід — то Хілон Хіланідэс, то Сэнэцый — то Сэнэцыён, якога пры тым трэба не зблытаць з Сэнэкам. Мо і Татарыновіч "пастанавіць ніяк не мог"? Ды наўрад ці трэба тут шукаць уніформаў ды абвінавачваць у памылковасці. Бо і самі героі раману абмяркоўваюць гэтыя праблемы, турбуючыся, чаму рымская імперыя дазваляе грэкам перайначваць рымскія імёны... Дык ці варта дзівіцца, што Геракл праз Гераклеса лёгка становіцца Геркулесам? Рымская імперыя жыла шматмоўем, набліжаным да трасянкі, чым і тлумачацца розначытанні ў тэксце раману, да выяўлення якіх імкнуўся яўна не кожны перакладчык. Мімаволі ці свядома ў Татарыновіча адбілася рэальная моўная сітуацыя старажытнага Рыму, які паступова страціў не толькі сваё светаўладства, але і сваю мову.

Ну а такія разыходжанні ў напісанні назваў, як Гішпанія — Іспанія, сцыты — скіфы і г.д., выкліканы папросту суб'ектывізмам кожнага народу ў асэнсаванні пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графічнай афарбоўцы, дзе адзінства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хіба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П. Татарыновіч спыніўся на тых, якія найбольш блізка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.

Такім чынам, перад чытачом.кніга, якая з'яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасці: яна бо знаёміць з скарбам сусветнай літаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкі нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбніцу нашага гістарычнага светаўяўлення і фармуе гэта сродкамі, якія ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усім светам святкуюць юбілеі гэтага скарбу — дзесяцігоддзі, стагоддзі, тысячагоддзі,.. але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!

Вітаўт МАРТЫНЕНКА


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Выдаўца

  

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster