БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПЕРАКЛАДЫ ВАСІЛЯ СЁМУХІ

 Танкрэд ДОРСТ, Гер Паўль

Г Е Р П А Ў Л Ь
П'еса

8 чэрвеня 1686 года два арыстакраты па дарозе ў Кур убачылi пад кустом ля дарогi маленькае дзiця, загорнутае ў пялёнкi. Адзiн падарожнiк, пашкадаваўшы дзiця, загадаў свайму слузе выйсцi з карэты i падняць дзiця, каб завезцi яго да блiжэйшай вёскi, а пакуль што прыгледзець самому. Калi слугавый шаў, нагнуўся да дзiцяцi падняць яго, дык не здолеў зрабiць гэтага. Абодва арыстакраты з таго вялiкага дзiву далiся i сказалi другому слузе пасобiць першаму. Але i абодва яны разам не мелi ў сабе сiлы, каб хоць зрушыць з месца тое дзiця.

Браты Грым, "Цяжкае дзiця".

Асобы:

Г е р П а ў л ь
Л у i з а, яго сястра
Х э л ь м
Л i л а
Ш в а р ц б э к
А н i т а

Месца дзеяння:

Запусцелы будынак невялiкай, старой мылаварні. Частка фабрычных памяшканняў ужо шмат гадоў часова выкарыстоўваецца пад жытло. Некалькi старамодных прыгожых прадметаў мэблi, але ўжо моцна пашарпаных. Аблезлая, пампезная скураная сафа на якой электранагравальнiк. З дынамiка, угары на кнiжнай сценцы "Backstein", пашарэлай ад застарэла--ўедлiвага мыльнага пылу, звiсае парваны рэмень трансмiсii.

                        1

П а ў л ь  лянiва выцягнуўся на вялiзнай сафе. Здаецца, яму не надта выгодна, на падлозе розныя скарыстаныя рэчы, якiя выпалi з яго вялых рук, ды так i валяюцца вакол яго лежышча. Кубачкi для кавы, перакуленая шклянка, шмат разгорнутых кнiг, пакамячаныя газеты, лыжка, сталовы нож, падраны кардон, вопратка, шкарпэткi. Паўль расказвае. Яго белыя мяккiя рукi, якiя выглядаюць так, быццам за ўсё ягонае жыццё яны да нiчога не дакраналiся, пырхаюць пры гэтым у дзiўна элегантных, ажыўленых жэстах.

П а ў л ь: ...стоп, стоп, стоп, стойце, крычу я, перастаньце, годзе вашай бегатнi! Хачу перакiнуцца з вамi словам--другiм, па--iспанску цi на эсперанта, мы ж можам вiтацца як людзi, а калi мы не дамовiмся наконт рабочай мовы, тады ўжо пойдзе мова жэстаў, на дзесяцi пальцах, пойдзе гульня пальцаў, мiгi--перамiгi, кiўкi. Зрэшты, гэта унiверсальная мова чалавецтва.-- Але ж вы не слухаеце мяне. Вы ўсё бегаеце. Вось, бачу, мiтусяцца чорныя ногi сярод блiскучых iльдзiн! Вунь iдзе волат на чатырох нагах, а там -- шмыгнуў нейкi малец на кароткiх дзiцячых ножках. Вось, яшчэ адзiн, яшчэ! Я хацеў бы прапанаваць вам  добры пасiлак, класныя тоўстыя каўбаскi з Вестфалii, я ж чалавек добры! Ужо амаль узор для пераймання iншым, не такiм душэўным. Адно што крыху аб'еўся. I ўсё ж прапаную каўбаскi! -- Нее, яны ўсё бегаюць, нiхто, бач, не дапусцiцца да гутаркi, дзiкуны, канакi! Лётаюць, пырхаюць па ўрадлiвых зялёных далiнах Эквадора! У зямным раi, дзе ўсё расце i буяе. Пакуль вы там унiзе, вашыя дарагiя айсбергi даўно параставалi! Ад смеху лопнуць можна! Бегайце, хай вам супыну не будзе! Там,  угары, вырубайцеся з леднiка, а скацiлiся ўнiз -- i ўжо з качынае яйка!  Калi вы доўга будзеце тузацца за цану, нiчога апроч мокрых пальцаў не застанецца ўрэшце!

Вынырвае Х э л ь м, невядома, адкуль ён раптам узяўся:  малады чалавек, якi стараецца выглядаць энергiчным аптымiстам. Асаблiва не зважаючы на Паўля, ён азiраецца ў пакоi, як чалавек, якi хоча   атрымаць iнфармацыю пра захаванасць сваёй маёмасцi.

П а ў л ь:  I кожны, хто ў розуме, папытаецца, цi варта гэта клопату, цi варта намогi... папытаецца ён...

Г о л а с  Л у i з ы  (звонку): З кiм ты там гаворыш?  Чую, мармыча, мармыча, а нiкога ж няма!

П а ў л ь:  Якраз цяпер я маўчу.

Г о л а с  Л у i з ы:  Ты гаворыш, як дрэвы шумяць.

П а ў л ь  (зiрнуўшы на Хэльма): Ёсць тут адзiн, слухае!

Г о л а с  Л у i з ы:  А я вось нiдзе не знайду брошкi.

П а ў л ь  (Хэльму): Вы слухаеце мяне?

Х э л ь м  (смяецца бесцырымонна): Цi я слухаю вас?

П а ў л ь:  А, ўсё адно.

Х э л ь м:  Вы ведаеце, хто я такi?

Г о л а с  Л у i з ы:  Куды гэта я магла падзець тую старую прыгожую брошачку, не знайду ў гэтым вэрхале.

П а ў л ь  (Хэльму):   Вы вось стаiце ў пакоi i мерыце вачыма квадратуру -- удоўжкi, ушыркi, упоперак.

Х э л ь м  (смяецца бесцырымонна): А што, падобна?

П а ў л ь:  I дыхаеце нашым паветрам.

Х э л ь м:  На жаль. Пахне тут не надта каб. (Смяецца бесцырымонна).

П а ў л ь:  Дэзадарантамi не карыстаемся.

Х э л ь м:  Як здохлым катом патыхае.-- I вокны зачынены.

П а ў л ь:  Не ўсе.

Г о л а с  Л у i з ы:   Во, знайшла-такi.

                        2

Уваходзiць Л у i з а, шэрая, далiкатная, стараватая асоба. На ёй святочная вопратка, якая ўжо, бадай што, выйшла з моды, велiкаватая i не дужа добра дапасаваная. Вiдаць, з плячэй нейкай дамы, якая, мабыць, не такая далiкатная, як яна; вопратка, мабыць, атрымана ў падарунак. 

Л у i з а:  А вось i я!

Х э л ь м:  Добры вечар.

Л у i з а:  Як гэта Вы вось так проста, без нiчога нiякага, увайшлi?

Х э л ь м:  А я спачатку некалькi разоў пазванiў.

Л у i з а:  Ты чуў, Паўль?

П а ў л ь:  Але  званок адключаны.

Л у i з а:  Ганьба.

Х э л ь м:  Не мая вiна, я чысты; падняўся па лесвiцы...

Л у i з а:  Калi гэта былi ў нас з вiзiтамi!

Х э л ь м:  А я  пiсаў вам.

Л у i з а:  Вы смеяцеся так мiла. I яшчэ такi малады.

Х э л ь м:  Так. А чаго вы чакалi?

Л у i з а:  Паўль, паглядзi, цi добра сядзiць брошка.

Х э л ь м:  Я паслаў вам лiст, вы  яго атрымалi!

Л у i з а  (накiнуўшы на сябе выцерты футраны капот): Ах, як шкада, мне якраз сёння прыспела ў оперу!  Падарылi бiлет. Ад маёй былой партнiхi. У оперы заняты яе зяць. Для мяне гэта як заўсёды -- падзея, можаце сабе ўявiць! Мне цяпер, на жаль, не да Вас.

Х э л ь м:  А нiчога, нiчога. Я не надоўга.(Паўлю): I дзе ж ён у Вас мой лiст? Мне патрэбен толькi Ваш подпiс, i я пайду.

П а ў л ь:  Добра, добра.

Л у i з а:  Што там яшчэ за лiст, Паўль?

          Паўль стомлена кiвае.

Л у i з а:  Ах, ведаеце, Паўль даўно ўжо не чытае лiстоў! Ужо каторы год.-- Чытаю я, усё, бачыце, думаю, што пашанцуе. (Хехекае).  Усё думаю i чакаю!

Х э л ь м:  А ён проста выкiдае пошту?

П а ў л ь:  Я пошты не выкiдаю!

Л у i з а  (хiтра яму грозiцца): Паўль! Паўль!

П а ў л ь:  Няма сэнсу.-- Проста кладу i -- ляжыць сабе. I хай ляжыць.  Набiраецца стос, набiраецца добрая куча, тады скiдаю са стала, вось так проста, мiмаходзь. Тады хто--небудзь адсуне паперы ўбок, паставiць на iх што-небудзь... паступова ўсё неяк знiкае.

Л у i з а:  Вось бачыце!

Х э л ь м:  Але гэтым разам я ўсё-такi мушу прасiць Вас...

Л у i з а:  Паўль, уважы, зрабi чалавеку ласку!

Х э л ь м:  Справа ў мяне тэрмiновая. Я наконт будынка. Я, ведаеце, спадчыннiк.  Я Вам пра ўсё напiсаў.

П а ў л ь:  Ат.

Л у i з а:  Ну, тут я ўжо лепш не буду ўмешвацца. Дзе гаворка пра службовае, там хай брат рашае! -- Ах, мне пара, пара! -- Спадзяюся, вам пашанцуе, што Вы там вялiкага намыслiлi, жадаю Вам  усяго добрага. (Iдзе, на хаду кiдае): У сiняй каструлi яшчэ засталася локшына, Паўль. Але не каўтай зноў халодную!

 

                        3

П а ў л ь:  Ну, разгледзьцеся.-- Вось гэта локшына. -- А гэта рондаль -- яе гатаваць. Вунь той, на пiянiна.  (Не сыходзячы з месца):  Цi не скаштуеце?

Х э л ь м:  Ды не. (Адмахваецца).

П а ў л ь:  Яно так i лепш. Халодную локшыну не падзелiш на двух, пазлiпалася. А кроiць нажом не прынята. (Падымаецца з сафы, падыходзiць да рондля з макаронамi). Трэба неяк пальцамi параздзiраць, разблытаць гэтую клейкую масу. (Бярэ локшыну жменяй).

Х э л ь м  (баронiцца): Дзякуй, дзякуй!

      Паўль засоўвае ў рот халодныя локшыны.

Х э л ь м:  Мне хацелася б наведацца да вас неўзабаве  яшчэ раз.

П а ў л ь:  Не, нiякага сэнсу падаграваць.

Х э л ь м:  Ахвотна вам  раскажу, як я ўвайшоў у ваш дом, а было так: сярод хламу ў старой дамы, якой я абавязаны спадчынай, знайшоўся ключ. Дом такi, мусiць, стаiць яшчэ, падумаў я сабе, але цi ўжо ж падыдзе стары ключ, такая во, жалезiна? Аж -- у самы акурат!

П а ў л  (глытае апошнiя локшыны): Ну вось ужо i позна, калi б вам захацелася!

Х э л ь м:  Рондаль не ставяць на пiянiна. Рондаль на пiянiна -- гэта  ўжо нонсэнс!

П а ў л ь:  Луiза яшчэ часам пабрыньквае, то сабачы вальс, то што iншае.

Х э л ь м:  Луiза -- яна Ваша сястра, праўда?

П а ў л ь:  Сястра,-- яна даследчыца малпаў.

Х э л ь м:  Вы жывяце тут  нагары удваiх з сястрою? Шэсць пакояў у заднiм будынку.

П а ў л ь:  Можа быць.

Х э л ь м:  Яно так.

П а ў л ь:  Заднiмi пакоямi мы не карыстаемся.

Х э л ь м:  Так.

П а ў л ь:  Там няма нiякай атмасферы. Туды i дождж залiвае, дык мы адмовiлiся.

Х э л ь м:  Адмовiлiся?

П а ў л ь:  А каму гэта люба слухаць, як дождж барабанiць у падстаўленыя вёдры!  Мы падстаўлялi чатыры! Галоўным чынам вакол крэслаў. Дыван з часам аж так прамок, што над падлогай стаяў туман. I вечна гэтыя кароткiя замыканнi! А як ноч бязмесячная, дык  як усё роўна  шатландскае балота, сядзi ў iм! -- А пра кухню i гаворкi няма! Якiя цудоўныя сёння  кухнi пайшлi, кажа сястра, даследчыца малпаў.

Х э л ь м:  Праўда.-- Мне хацелася б прайсцiся па пакоях.

П а ў л ь:  Гэта, на жаль, немагчыма, хлопча!

Х э л ь м:  Хачу зарыентавацца i патрабую пусцiць мяне.

П а ў л ь:  Ну вядома, патрабаваць Вы можаце, валяйце.

Х э л ь м:  Тады хадземце.

П а ў л ь:  Даўно ўжо там не быў.

Х э л ь м:  Гэта не аргумент.

П а ў л ь:  Каторы год не заглядваю.

Х э л ь м:  Не бойцеся, я пайду першы.

П а ў л ь:  Вы энергiчны, гэта важна.

Х э л ь м:  Хачу Вам збольшага патлумачыць, што я тут планую. Думаю, Вам гэта цiкава.

П а ў л ь:  Такi цiкава.

Х э л ь м:  Я санiрую гэты цалкам зруйнаваны будынак, будзе як цацачка. Вы ж ведаеце, што гэта азначае.

П а ў л ь:  Ну ж ведаю.

Х э л ь м:  Гэта азначае -- iнвеставаць 800 000 марак, як мiнiмум. I як што яно  адзiн я такiх грошай не пацягну, дык будзе кампаньён. Ён, вядома ж, захоча агледзець увесь будынак цалкам i грунтоўна, перш чым уточыць свае грошы.

П а ў л ь:  А ўжо ж такi.

Х э л ь м:  Ну, дык вось. Ён ведае, чаго вартыя ягоныя грошы, ён iх спярша павiнен зарабiць.

П а ў л ь:  Ну так.

Х э л ь м:  Спярша след увесь дом абмераць i скласцi план -- старыя планы не знайшлiся.

П а ў л ь:  Тады Вы робiце сабе вялiкi клопат.

Х э л ь м:  Так, на гэта мы iдзем.

П а ў л ь:  Гэтага мы ад Вас не чакаем.

Х э л ь м:  Гер Шварцбэк таксама нас не абмiне.

П а ў л ь:  Ужо i не ведаю, як многа Вы нам хочаце зрабiць.

Х э л ь м:  Думаю, Вы няправiльна мяне зразумелi. Я хачу тут абсталяваць прадпрыемства. Тут!

П а ў л ь:  Ну i добра!

Х э л ь м:  Але без грунтоўнай перабудовы не абысцiся.

П а ў л ь:  Ну.

Х э л ь м:  Мне iншага выбару  няма. Патрэбна памяшканне.

П а ў л ь:  Ага.

                      Маўчанне.

Х э л ь м:  Вы толькi крыху паагледзьцеся ў гэтым горадзе. Зiрнiце на кальцо Фрыдрыха Энгельса, што там праектуецца! Колькi будуецца новага! Мадэрновыя прадпрыемствы! Альбо ж загляньце ў двары, загляньце ў вокны ўсiх дробных фабрык -- як гэта яны там сядзяць у неонавым святле, за машынамi, у белых халатах за лабараторнымi сталамi!  А скажыце, апошнiм часам Вы не праходзiлi па Нюцэнбэргерштрасэ?  Як там у Шаберта праз кожныя некалькi мiнут выходзiць нагружаны транспарцёр i знiкае! I фасады пабеленыя, паўсюль разбудова, паверхi, блокi, паверхi. I так усюды, па ўсiм горадзе! I мы не павiнны пакiдаць ганебную пляму!

П а ў л ь:  Я не выходжу ў горад.

Х э л ь м  (на нейкi момант азадачаны, тады): Але ж вы ведаеце, што робiцца навакол. Так вось i бегаеш па вулiцах, задраўшы галаву, бо наверсе паўсюль круцяцца краны, пруць у неба рыштаваннi.

             Пауль бурчыць.

 Х э л ь м:  I тут ўжо  мне выбару няма -- а хай яно, хай грувасцяцца гэтыя будынкi, пакуль усе гэтыя руiны не разваляцца зусiм, тады прадаць на хлам. А гэта не па шэрсцi мне. Гэта мяне расхалоджвае, сцiпла сказаўшы. -- I можа яшчэ тут пачуццё абавязку, альбо  традыцыйнасцi, мой дзед... Рэзка замаўкае.

Паўль выпiў свой кубак, устае, нясе яго на плiту, каб налiць яшчэ чаю. Пры гэтым у яго падае сподак, якi быў прылiп да кубка, i разбiваецца. Хэльм нагiнаецца да чарапкоў. Паўль стаiць, кiвае.

Х э л ь м:  Шкада. (Глядзiць на чарапкi).  Падобна -- гэта Вэджвуд. (Яшчэ раз уважлiва прыглядваецца).  Так, гэта -- Вэджвуд!

П а ў л ь  (буркае):  Вэджвуд... Вэджвуд... (Налiвае ў кубак).

Х э л ь м  (з чарапкамi ў руцэ): Ну так.-- Першы крок я зрабiў, спадчыну прыняў. А гэта амаль аўтаматычна вядзе да наступных. Да другога, трэцяга, чацвёртага.

П а ў л ь:  Навошта ўвогуле гэтая падстаўная талерка! Калi сур'ёзна, дык нiякiх сподкаў i не трэба.

Х э л ь м:  На дзвярах у былы кабiнет усё яшчэ вiсiць таблiчка "Comptoir". Пад пылам i ржою я ўсё-такi гэта разабраў, нават пакалупаў пальцам лiтару "С".    

П а ў л ь:  Фарбаванне яек. Гэта быў пачатак.

Х э л ь м:  Што я такое кажу! Вы, мабыць, ведаеце пра майго дзеда больш за мяне.  Раней Вы сядзелi там угары ў пярэднiм пакоi, колькi свет стаяў, i пазiралi ўнiз, глядзелi, што там унiзе капашылася i поўзала.

            Паўль бурчыць.

Х э л ь м:  Пазней я з прыемнасцю распытваўся пра гэта; гэта, так бы Вам сказаць, гiсторыя фiрмы.

П а ў л ь:  Вядома, калi б я Вам расказаў...

               Маўчанне.

Х э л ь м:  Праўда?

П а ў л ь:  Вы рот раззявiлi б, хлопча! Вочы на лоб палезлi б, як калi б вы ўгледзелi вечны агонь.

Х э л ь м:  Я сабе так думаю,  Вам i Вашай сястры было б прыемна зноў перабрацца ў пярэднi выступ дома, чыстая вам выгода.

П а ў л ь:  Спярша ён сядзеў у хляве, i там напаўняў свае кулькi... а тады  пайшлi бляшаныя цюбiкi... А ўжо калi пачаў варыць мыла, тады заарэндаваў драўляны дом  на рацэ. I прылеглыя будынкi, а тады раптам, адным махам -- бац! Адным хапам, адным разам! На конкурсе выйграў... i той дом з выступам таксама, усё!

Х э л ь м:  Так. I з таго моманту пачалася сапраўдная фабрыка.

П а ў л ь:  Дзельны чалавек!

Х э л ь м:  Так. А ў мяне вось нiчога такога нiякага не было.

П а ў л ь:  Вы спярша пастарайцеся, хлопча!

Х э л ь м:  Што да мяне, дык без праблем, не турбуйцеся.

П а ў л ь:  Добра.

Х э л ь м:  А разам са спадаром Шварцбэкам, якi ўкладзе ў прадпрыемства свае грошы, свой вопыт -- справа пэўная! Зусiм iншы калiбр!

П а ў л ь:  Аднаго разу, недзе так пад абед, падымаецца ён па лесвiцы, апрануты як у кірху, нават у пальчатках. I за вялiкiм абедзенным сталом садзiцца насупраць майго бацькi. Так бацьку пасадзiла мацi, ён жо на той час быў сляпы, а самая выйшла, а мы ўсе стаялi ў прыхожай i слухалi... А бацька сядзеў як таўкач i анi слова...  а каб жа хоць слоўца! Толькi рукi бегаюць па стале, усё нешта абмацваюць. Ваш дзед сказаў: гер Паўль, сказаў ён, сёння ранiцай я скупiў усе вашыя будынкi.

Х э л ь м  (ашаломлена):  Ах! Усё гэта раней належала Вам?

П а ў л ь  (пераймаючы голас дзеда): "Гер Паўль, сёння ранiцай я скупiў усе Вашыя будынкi". У яго быў сiпаты голас.

                 Маўчанне. 

Х э л ь м:  Мне пра гэта не казалi.

П а ў л ь:  "Гер Паўль, сёння ранiцай..."

Х э л ь м:  Я гэтага не ведаў.

П а ў л ь:  Так, усё было якраз так.

                Маўчанне.  

Х э л ь м  (падступаючы): Цяпер Вы, мабыць, думаеце, (зноў энергiчна):  гер Паўль, я, само сабой зразумела, павiнен мець магчымасць распараджацца сваёй уласнасцю... Вы павiнны ўлiчыць гэта!

П а ў л ь:  Так, так.

Х э л ь м:  Пасля таго, як я рашыўся... гэта была, зрэшты, уласнасць маёй цёткi, ведаеце... i дзясяткi гадоў застою.

П а ў л ь:  I што ж Вы дагэтуль рабiлi?

Х э л ь м:  Вы лiчыце... перш чым я рашыўся...  Я вучыўся. (Смяецца).  I часам  думаў, што, бачыце, магчыма, з мяне нiчога людзкага не выйдзе.

П а ў л ь:  Ага! Вы, мабыць, у гэтыя гады самi шукалi. I Вы ж былi пры гэтым адной нагой на дарозе, якая вядзе ў прорву, хлопча.

Х э л ь м:  Мяне раздражняе, што Вы ўвесь час называеце мяне --"хлопча"!

П а ў л ь:  Больш не буду.

                  Маўчанне.

Х э л ь м:  Мяне дужа займае, што Вы толькi што сказалi пра майго дзеда. У сувязi з гэтым хачу ў Вас спытацца, а менавiта: як яно магло так стацца, што Вы бачылi, як Ваш бацька i мой дзед сядзелi за сталом. Вас жа не было там. Вы былi ў прыхожай.

П а ў л ь:  Мы ўсе гэта бачылi.

Х э л ь м:  Як гэта?

П а ў л ь:  Як гэта! Як гэта! А так гэта -- праз шчылiну замка!

Х э л ь м:  Уся сям'я праз шчылiну!

П а ў л ь:  Ну так!

                   Маўчанне.

Х э л ь м:  Iдыёцтва.

П а ў л ь:  Што?

Х э л ь м:  Ну, што ваша сям'я i мая звязаныя такiм нягодным чынам, што ўзлёт майго дзеда ў пэўным сэнсе быў акуплены няшчасцямi Вашай сям'i.-- Калi гэта праўда...

П а ў л ь:  Хочаце мне паведамiць.

Х э л ь м:  Я б хацеў...

П а ў л ь:  Але вы не можаце паведамiць.

Х э л ь м:  Я хацеў бы вам прапанаваць...

П а ў л ь:  У мае берлiнскiя гады, у доме, дзе я жыў... жонка прывяла ў дом палюбоўнiка... хоць ёй было шэсцьдзесят пяць... I я мусiў выбрацца. Так прайшло два гады, а пасля яна памерла, ад злосцi, а ён, што яму было рабiць? Таксама загнуўся. А я застаўся...

Х э л ь м  (злуючыся): Ну вось жа я бачу, ляжыць маё пiсьмо! Распячатанае!

П а ў л ь:  Сапраўды!

Х э л ь м:  Вы толькi што бажылiся, што не атрымалi ад мяне нiякага пiсьма!

П а ў л ь:  Ну так.

Х э л ь м:  Вы прымушаеце мяне тлумачыць Вам усё ад пачатку, а тым часам ведаеце ўсё, Вы ж чыталi пiсьмо.

П а ў л ь:  Ай, чыталi -- не чыталi...

Х э л ь м  (энергiчна): Пайду, абыду ўсе памяшканнi, чаго я тут з Вамi тарабары разводжу!

               Выходзiць.

 

                         4

П а ў л ь  (адзiн): I вось ён пайшоў у лес... i заглыбiўся ў нетру... А як вернецца, калi толькi наогул вернецца! -- вось будзе  твар! Кiм ён будзе? Вы ўжо бывалi на гэтай тэрыторыi? Прайшло столькi гадоў, ах столькi гадоў, калi я меў пальцаў... (Лiчыць):  сто пальцаў! I кожны  свой пальчык люблю, абагаўляю! (Любоўна цалуе кожны  палец).

 

                        5

Л i л а  (крычыць знадворку): Хэльм?

Шум: нешта падае, грукат, трэск. Уваходзiць Л i л а. Прыгожая, маладая асоба, жвавая. Робiць уражанне дзельнай, але мiтуслiвай.

Часам гаворыць занадта гучна, часам сваiмi рэплiкамi  як з каноплi высоквае.

Л i л а:  Ага, вось яно тут! (Нервова):  Божа, ну i выгляд у мяне! (Страсае з сябе пыл. Чыхае).  Недзе галавой наляцела на нешта... i ўпала. I падлога такая коўзкая, адзiн смех.

П а ў л ь:  Коўзкая. Гэта ад старога мыла.

Л i л а:  А вы будзеце той самы знакамiты гер Паўль.

П а ў л ь:  Як гэта знакамiты?

Л i л а:  Бо Вас нiколi нiдзе не вiдаць, кажа Хэльм. (Глядзiць на яго i смяецца).  Але вось цяпер я Вас бачу! -- Там унiзе  нехта адзiн  сказаў мне, прайдзiце, кажа, толькi ў задняе памяшканне i там па лесвiцы ўгору,-- i адразу ўнюхаеце. Смурод -- як у звярынцы, сказаў той.

П а ў л ь:  Даўно ўжо не, альбо толькi зрэдзь часу.

Л i л а:  Шкада.-- Я тут праз Хэльма, мы хацелi тут сустрэцца.

П а ў л ь:  Тут нiкога няма.

Л i л а  (сядае): Смешна. Ён даўно ўжо павiнен быў быць тут.

                     Маўчанне.

П а ў л ь:  Як ён выглядае?

Л i л а  (смяецца): Як на маё вока, няблага.

                     Маўчанне

Смешна, што я тут расселася.

                     Маўчанне.

А вы таксама.

                     Маўчанне.

Я вам не заважаю, я лепш пачытаю. (Шукае ў наплечнай сумцы).

П а ў л ь: "Кока -- вялiкi шулер".

Л i л а:  Што Вы сказалi?

П а ў л ь:  У свой час гэта быў крумкач, яго мне прынесла яго гаспадыня.

Л i л а:  Вы самi гаворыце, як крумкач.

П а ў л ь:  Таксы, персiдскiя каты, марскiя свiнкi, канарэйкi -- iх мне зносiлi людзi, унiз, нават мышку, якая танцавала, добрыя пудзілы.

Л i л а:  Ах, цiкава!

П а ў л ь: I наверх --  лiса, воўк, леапард,  аж да галавы дзяржавы.

Л i л а: Ну, што вы мне тут расказваеце, (смяецца)-- гэта жахлiва.

П а ў л ь:  Ленiн.

Л i л а:  Але гэта выпадак даўнi.

П а ў л ь:  У Расii тады выдалася вельмi мяккая зiма. Адлiга. I нiякiх халадзiльнiкаў, як гэта ў нашыя днi, ва ўсiх i ўсюды. I хоць час падпiраў, не абышлося без вядомай спрэчкi: Крупская не хацела, каб з яго рабiлi пудзіла, а партыя -- о, партыя, яна сказала: ён належыць будучаму чалавецтву. Зрэшты, усё цела не гадзiлася для паказу, хiба што толькi адна галава, i тое дзякуй богу. Без арыгiнальнай галавы ўсё не мела б сэнсу. Рукi! -- Рука, выцягнутая рука, так добра нам усiм  вядомая з гэтага жэсту на дзесятках тысяч помнiкаў -- рукi ён узяў у сiбiрскага паштара-пасыльнiка.-- Што там у вас у сумцы?

Л i л а:  У мяне? А, проста сэндвiч, апельсiны i тэрмас з маёй фiрмовай гарбатай. Нiякiх здохлых катоў!

                     Маўчанне.

Л i л а:  У мяне заўсёды з сабою трошкi прыпасаў.

                     Маўчанне.

Л i л а: Я думаю, варта з'есцi сэндвiч. Есць.  Можа, i вы з'елi б? У мяне ёсць.

П а ў л ь:  З чым ён у вас?

     Лiла паказвае яму. Паўль бярэ i есць.

Л i л а:  Гэта, зрэшты, я ўзяла для Хэльма. Але як што яго няма... Ён божыцца, што ва ўсiм горадзе няма нiводнага прыстойнага рэстарана.

П а ў л ь:  Хто гэта можа ведаць.

Л i л а:  О, вы павiнны быць у гэтым абазнаныя.

П а ў л ь:  Я нiкуды не выходжу.

Л i л а:  Як пячорны звер! -- А мне мусова бачыць людзей. Я павiнна бегаць па вулiцах, заходзiць у рэстараны, я павiнна бачыць твары. Твары -- гэта самае прыгожае! Я iх збiраю ў калекцыю! Як яны ўсе глядзяцца! Я ўвесь час iх пераймаю.

П а ў л ь:  А пакажыце, якi я!

Л i л а:  Вас паказаць нельга! Такога, як Вы, я думаю, не змагу.

П а ў л ь:  Вось разглядваю свае ногi, худыя, бадай, караткаватыя, не дужа спешчаныя, не пласкаступыя ад гарадскога бруку, ад цеснага абутку крывыя, скалечаныя -- як сабачыя лапкi! Але вельмi датклiвыя, iнакш я патанцаваў бы з Вамi, альбо мог бы скакаць i адзiн. (Устае робiць некалькi крокаў). 

Л i л а:  Ах, народны грэчаскi танец!

П а ў л ь:  ... я так мала рухаўся сваiмi нагамi, што мне баляць, калi я  скачу.

 

                         6

           Вяртаецца Х э л ь м.

Л i л а  (уражана): Хэльм! (Да Паўля:  Дык вось жа ён тут!

П а ў л ь:  Так-так.)

Х э л ь м  (да Паўля): Гэта мая сяброўка Лiла. Мы дамаўлялiся сустрэцца тут.

Л i л а:  Ён мне нават не сказаў, што ты ўвесь час быў тут.

             Паўль вяла адмахваецца.

Л i л а:  Я нiчога не ведала, сяджу тут, нiякай здагадкi, жую сэндвiч, нават твой скармiла. Але пудынг табе яшчэ застаўся.

Х э л ь м:  Я прайшоўся, агледзеў памяшканнi.

Л i л а  (да Паўля): Калi будзеце вясяляцца?

Х э л ь м  (паспешлiва баронiцца): Гэтага мы яшчэ не абгаворвалi.

Л i л а:  Я сядаю ў якi-небудзь закутак i ўключаю касэту з урокамi мовы. (Садзiцца ў кутку, перабiрае ў сумачцы, дастае "Walkman", прыладжвае навушнiк).

Хэльм чакае. Тады, бачачы, што Лiла не збiраецца выходзiць з пакоя, спрабуе зноў завязаць гаворку з Паўлем.

  Х э л ь м:  Я думаю, гер Паўль, нам след скласцi пiсьмовае пагадненне па справе, праект яго вам вядомы. Арэнды Вы, лiчыце, бадай што зусiм не плацiце, гэта ўжо так была ўмовiлася мая цётка дзесяцiгоддзi таму назад, вiдавочна з нейкiх чыста сямейных разлiкаў. I так яно будзе i далей, калi вы пераберацеся ў выступ дома.

П а ў л ь  (не слухаючы, да Лiлы): Што Вы там такое слухаеце?

Х э л ь м:  Гэта ў кожным разе перавага вам.

Паўль нечакана жвава перабягае праз пакой да Лiлы.

П а ў л ь  (вельмi гучна да Лiлы): Што Вы там такое слухаеце?

Л i л а:  А-а, вучуся патрошку.

Х э л ь м:  Мы хутка дойдзем да пагаднення пра тэрмiн.

Л i л а:  Iнданезiйская мова.

Х э л ь м:  Я думаў, чатыры-шэсць тыдняў спатрэбiцца.

Л i л а:  Багаiмана кеадаан анда? [Bagaimana keadaan anda?]

П а ў л ь: Асцярожна, пудзільнік!

Л i л а:  Гэта азначае: Як маецеся?

Х э л ь м:  Зрэшты, яшчэ заўчора перабудова была ўхвалена.

П а ў л ь:  Маюся, як мае быць.

Л i л а:  Хэльма дужа злуе, што ў мяне заўсёды ёсць планы.

Х э л ь м  (са злосцю): Лiла!

Л i л а:  Я  па прафесii медыцынская сястра.

П а ў л ь:  Пудзільнік i гадзюкi!

Л i л а:  Нейкi час я хадзiла ў шпiталь у джунглях Барнэа.

Х э л ь м:  Магчыма.

Л i л а:  Мне заўсёды карцiць куды-небудзь у новае месца.-- У iх там толькi адзiн радыёпрыёмнiк, нават тэлефона няма.

                 Маўчанне.

П а ў л ь:  Вы вельмi прыгожая асоба. Сустрэнь Вас на вулiцы, рука сама здыме капялюш. А ў мяне няма капелюша, перапрашаю ласкава. Але ў Вашым з'яўленнi я бачу нешта трагiчнае. Я гэта бачу.

Х э л ь м:  Вы камiчная.

Л i л а  (весела): Ды  перастань ты нарэшце са сваiмi пошласцямi, сораму ў цябе няма!

П а ў л ь: Магу я ў вас папытацца, цi ёсць у Вас сям'я?

Л i л а:  Не, усе яны ў Оснабруку. I ўсе павымiралi.

П а ў л ь:  Добра! Гэта добра!

Л i л а  (да Хэльма): З чаго ты хочаш ведаць, што я комiк?

Х э л ь м:  Гэта само вiдаць.

Л i л а:  З чаго?

Х э л ь м:  Ты кажаш нешта -- ну, i смешна, камiчна.

Л i л а:  Што я такое кажу?

               Хэльм маўчыць.

Л i л а:  Не, ты скажы, што я кажу?

               Хэльм маўчыць.

Л i л а: Так i ёсць. З клiентамi я часта смяюся, нават калi ў iх рак.

П а ў л ь:  У вас няма сям'i, дык, значыцца, няма i абавязкаў. У мяне таксама. А гэты малады чалавек атрымаў цяжкую спадчыну.

Л i л а:  Так-так, я ведаю! (Весела): Легендарную цётку i фабрыку i мыльны парашок i чырвонага  дзеда з гадзiннiкам на руцэ!

П а ў л ь  (выскаляецца): I мяне!

         Паўль i Лiла выскаляюцца.

Х э л ь м  (крычыць злосна): Так!

Л i л а:  Цяпер ужо ты не лiчыш мяне камiчнай.

                 Маўчанне.

П а ў л ь:  Ага! Вы чуллiвая! Вы не хочаце нi на што азiрацца, вы хочаце адсунуць людзей, але... Вы чуллiвая!

Х э л ь м:  Там у Вас стаiць пiсчая машынка. Калi яна ўсё яшчэ спраўная i калi мне будзе дазволена пакарыстацца ёю, тады мы маглi разам скласцi нашу дэкларацыю.

П а ў л ь:  Мая сям'я таксама загiнула! Добра так! Толькi адзiн я!.. Луiза, натуральна, таксама.-- Цi можна ўявiць сабе, што ў мяне калiсьцi была закладзена надзея?

Х э л ь м:  У Вас знойдзецца аркуш паперы, альбо два?

П а ў л ь  (да Лiлы): Вы сабе гэта можаце ўявiць?

Л i л а:  Я зусiм не хачу ўмешвацца, прабачце.

П а ў л ь:  У мяне закладзены ўсе надзеi. Дзеля гэтага я i вучыўся. Я вучыўся, як ваду ператвараць у вiно, васемнаццаць семестраў нацыянальнай эканомiкi... I анатомiя. Таму я магу прэпарыраваць папугая альбо варону, калi гэта будзе пажадана.  Перахiтрыць распад, разлажэнне, смурод!

Л i л а:  Цi вучыць чамусьцi такому анатомiя?

П а ў л ь  (адмахваецца): Анатомiя... Анатомiя... Ленiн зусiм не смярдзiць. Iнакш нiхто да яго не хадзiў бы, i ўжо даўно не было б нiякага каммунiзму.

Лiла зноў надзявае навушнiкi.

П а ў л ь:  Фiласофii я таксама прысвяцiў добры  кавалак часу... (Крычыць):  Чаму вы пакутуеце, фройляйн.

Л i л а  (здымае навушнiкi): Што? Я зусiм не пакутую!

П а ў л ь:  Аднак жа, вы пакутуеце!

Л i л а: Не. Я з усёй сваёй ахвотаю тут, i калi Хэльм часам з быка падае, дык я гэта ведаю i разумею.

П а ў л ь:  Вы пакутуеце, бо хочаце жыць. Шопэнгаўэр.

Л i л а:  Ах так, цi ж Шопэнгаўэр не фiлосаф? Я ў гэтым, на жаль, не дужа разбiраюся.

Х э л ь м  (знайшоў на камодзе машынку, правярае клавiшы):  Машынка няспраўная, яе спярша трэба пачысцiць, i кожны раз 'Е' западае. Зараз мне няма калi, бо павiнен прыйсцi гер Шварцбэк, i я павiнен мець дэкларацыю, з Вашым подпiсам.

Л i л а:  Ах, яшчэ i ён прыйдзе! А я?

П а ў л ь:  Жыльцы пярэдняга дома настроеныя супроць мяне. Усе! Пагалоўна! Гавораць так з'едлiва пра мяне, з нянавiсцю. А Пiсульская, дык тая нават аднаго разу ўкiнула мне ў акно ката. З таго часу акна я не адчыняю!

Л i л а:  Чаму?

П а ў л ь:  Я чалавек свабодны, фройляйн, гэта яе злуе.

Л i л а:  А можа гэта за пукдзілы?

П а ў л ь:  У Берлiне было iх у мяне куды больш. Там звяр'я была поўная хата, пераважна птушак.

Л i л а:  Шкада, ахвотна паглядзела б.

П а ў л ь:  У мяне нават было  іпудзіла на рамонце,-- калi ўжо Вам так хочацца на Барнэа! Яно было б дарункам музею! Але ўсё сарвалася, рэч ужо не глядзелася як жывая, яго ўжо нiякi музей не ўзяў бы. Таксама добра.

Л i л а:  Я ўвесь час усё нешта думаю, часам гэта робiцца праблемай.

П а ў л ь:  Дазвольце, я пашукаю! (Спешна выходзiць у суседнi пакой).

                       

                        7

Л i л а:  Я ведаю, што Барнэа цябе раздражняе.

                 Хэльм маўчыць.