|
Гэта ёсць: Апісанне жыцця аднаго дзіўнага шалапута на імя Мэльхіёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм дзе рыхтык і якім кшталтам Ён прыйшоў у свет што ён у ім пабачыў чаго навучыўся што спазнаў і ператрываў а таксама чаму ён з усім гэтым дабрахоць паквітаўся. Адмыслова пацешлівая і няма ладу якая карысная чытанка
Якую пераклаў з нямецкай мовы
спадар Васіль Сёмуха
з хутара Ясенца
што каля Пружаное.
ЗАЧЫН
З агню, быццам фенікс, я нарадзіўся;
Ляцеў у паветры, але не згубіўся;
Блукаў па вадзе і па сушы блукаў
І ў гэтых блуканнях вядомы ўсім стаў.
Пра рэдкія радасці, частасць бедаў
У гэтай кнізе я вам паведаў,
Каб мілы чытач мой на прыклад героя
Пазбыўся блазноты і жыў у спакоі. КНІГА ПЕРШАЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сімпліцы расказвае пра свой род мужычы і якія змалку засвоіў ён звычаі І вось тым самым нашым часам, пра які кажуць, што нібыта ён ужо й астатні, бо гэта ж канец свету, агарнула люд паспаліты нейкая немач, і ўсе тыя, каго яна зачапіла, калі толькі яны нашахраілі і нпаброілі столькі, што, маючы колькі там гелераў у кашальку, маглі начапіць на сябе навамодныя транты з рознымі блазенскімі матузкамі і прузучкамі, альбо, скажам, дабіўшыся маетнасці і славы якім-небудзь іншым шляхам, ну, хай хоць праз шчаслівую нагоду, як адразу пачынаюць трызніць марай, каб іх лічылі мужамі, знакамітымі, такімі, ведаеце, панамі-рыцарамі ці арыстакратамі немаведама як старога шляхетнага роду, а тым часам сюд-туд дапытліваму воку вазьмі дый адкрыйся, што іх продкі былі камінары альбо падзёншчыкі, альбо рамізнікі, альбо насільшчыкі, а іх стрыечнікі былі пагоншчыкі аслоў, карцёжнікі-махляры, штукары, канатаходцы, што іх браты былі галавасекі, віжы і каты-шыбенікі, а іх сёстры былі швачкі, прачкі і трапачкі, а то і ўвогуле шлюндры, а мацеркі – зводніцы альбо зусім ведзьмы, а in summa* ўвесь іх даўні-прадаўні род ва ўсіх трыццаці двух каленах ажрашняга брудам і крывёю мыецца, як той цукраварны цэх у Празе; дык жа вось яны, гэтыя новыя ўзвышэнцы, часта самі чарным-чорныя, як, не раўнуючы, тыя мурыны з Гвінеі, што там нарадзіліся і там жа пагадаваліся.
Я не магу сябе раўняць з такімі блазнюкамі, хоць, паклаўшы руку на сэрца, зусім не без таго, -- я і сам часта думаў, што і я несумненна запачаткаваўся ад нейкага вялікага пана альбо, прынамсі, ад не абы-якога арыстакрата, бо з прыроды маю схілку прыкінуцца панічом, дай мне толькі шляхетнае рамяство, магчымасць, нагоду і грошы. Смех смехам, але маё адкараненне і гадоўля вельмі добра кладуцца на параўнанне з паходжаннем і выхаваннем, скажам, князя, калі, канечне, адкінуць даволі вялікую розніцу. Што? Мой татусь (тады так звалі бацьку ў Шпэсэрце) меў свой уласны зусім не лядашчы палац, ды такі пекны, што ніякі кароль, будзь ён хоць сам Аляксандр Вялікі, не мог бы паставіць такога сваімі рукамі; палац быў пабелены вапнай, а замест недарэчнай дахоўкі, халоднага свінцу і чырвонай медзі – пакрыты саломай самага высакароднага збожжа; і хай ён, мой татусь, мог хваліцца і ганарыцца сваім выcокашаноўным і ад самага Адама прарослым шляхецкім коранем і багаццем, ён узвёў муры вакол свайго палаца не з каменю, якога можна назбіраць на дарозе альбо навыграбаць на неўрадлівых палетках, і ўжо ж тым болей не з пошла печанай-паленай цэглы, якое апошнім часам можна напячы, як маку натаўчы, колькі хоч, яшчэ і з верхам, як гэта і робяць іншыя вялікія паны, -- а ён на будоўлю ўзяў дубовыя камлюкі, тую высакародную, шляхетную драўніну, на якой вэндзяць каўбасы і тлустыя шынкі, і якім, дубам, для поўнага веку трэба расці больш за сотню гадоў. Дзе вы знойдзеце другога такога манарха, каб ён вам чворыў нешта падобнае? Дайце ж мне другога такога патэнтата, каб ён вам спрамогся выштукаваць такі палац! Пакоі, залы і харомы ўсярэдзіне ён вычарніў куродымам, бо гэта ж самы трывалы прыродны колер на свеце і на поўную вытрымку яго да дасканалага хараства трэба куды больш часу, чым якому мастаку з усімі ягонымі самымі ўдалымі кунштукамі. Шпалеры былі з самага далікатнага на зямлі прадзіва, нарабіць яго маглі толькі тыя, хто адвеку важыўся прасці ў заклад з самою Мінерваю. Шыбы ў вокнах там былі прысвечаны св. Міколку Няшклоўскаму, менавіта прысвечаны, бо каб яны яшчэ й прАсвечвалі, патрэбна была, прынамсі, папера, а яна, як татусь ведаў, пачынаючы з канаплянага і льнянога насення, патрабуе на свой канчатковы выраб намнога болей часу і працы, чым самае лепшае і празрыстае шкло з Мурана; і потым яго шляхецкі стан дазваляў яму здагадвацца, што ўсё такое іншае, што даецца з цяжкасцю, ужо адно з гэтай прычыны цэніцца вышэй і таму больш каштоўнае; а што каштоўнае і дарагое, тое і шляхціцу прыкладзецца ў самы акурат і самым найлепшанькім чынам. Замест пахолкаў, лёкаяў і конюхаў у яго былі авечкі, козы і свінні, кожнае файна-прыстойна апраненае ў прыродную ліўрэю, яны і мне часта паслужаліся на пашы, пакуль я, стомлены іх службай, не аганюся, бывала, ад іх і не патуру дахаты. Каморы з рыштункам і даспехамі, альбо арсэналій, былі мудрагеліста і прадумана абстаўлены плугамі, матыкамі, калунамі, сякерамі, рыдлёўкамі, сахарамі і віламі-трайчакамі, і з гэтай зброяй ён штодня меў практыкоўку: тралёўка і колка дроў былі яго disciplina militaris**, як у старажытных рымлянаў у мірны час; запрагаць валы – было ў яго капітанскай камандай, вывозіць гной – фартыфікацыйнай справай, араць – палявым паходам, сячы дровы – штодзённым exercitium corporis***, як і выкідаць гной з хлява – дваранскай забавай і турнірам. Так ён ваяваў з усёй зямлёю, пакуль не спаганяў з яе сабе карысць – ураджай і багаты луп. Усё гэта я адстаўляю ўбок і не дужа з таго пераймаюся, каб ніхто не меў зачэпкі высмейваць мяне разам з падобнымі да мяне новымі нобілямі, бо я стаўлю сябе не вышэй за свайго татуся, які мае гэтую сваю рэзідэнцыю ў вельмі вясёлым месцы, менавіта ж у Шпэсэрце, дзе ванцакі наўзаем зычаць дабраначы. Але што я гэтым разам не падаю нічога шырэйшага пра род, корань і фамільнасць майго татуся, дык гэта з адзіна любаснай сэрцу сціпласці, галоўным чынам таму, што і без таго тут няма ніякай гаворкі ні пра якое высакароднае ўстанаўленне, таму я павінен пабажыцца, усклаўшы рукі: годзе вам і таго, калі ведацьмеце, што я нарадзіўся ў Шпэсэрце.
З таго, што фамільнасць майго татуся ўсюды пішацца як вельмі шляхетная, кожны кемны лёгка здагадаецца, што маё выхаванне было адпаведнае саслоўнаму стану, і хто так мяркуе, не памыліцца, бо ўжо ў дзесяць гадоў я спасціг principia памянёных высакародных exercitien майго татуся, затое ў штудыях, у навуках я ішоў рука ў руку са славутым Амплістыдам, пра якога Суіда паведамляе, што ён умеў лічыць аж вышэй пяці; але, відаць, татусь мой меў, бадай што, ці не задужа высокі дух і розум і менавіта таму ўлягаў у прынятыя правілы нашага часу, калі шмат якія знакамітасці не робяць сабе залішняга клопату занадта знемагаць сваю плоць лішняй вучобаю ці, як яны гэта называлі, школьнай блазнотай, бо ім хапае сваіх людзей, каб тыя займаліся рознай пісанінай. Апрача таго, я быў выдатны музыка, граў на дудзе, выводзіў прыгожыя жаласныя мелодыі Ялема і ў гэтым не саступаў нават славутаму Арфею, хоць той Арфей, праўда, больш выстаўляўся на арфе, а я на дудзе. Што ж да тэлялёгіі, дык я не дамся, каб мне даказалі, быццам ва ўсім хрысціянстве быў хто-небудзь майго ўзросту, хто мог бы дараўнацца мне; потым жа – я не ведаў яшчэ ні Бога, ні чалавека, ні неба, ні пекла, ні анёлаў, ні чарцей і не мог адрозніць дабра ад ліха, вось чаму мне было няцяжка засвоіць з тэлялёгіі, што нашы першыя бацькі жылі ў раі і ў сваёй нявіннай беспахібнасці нічога не ведалі пра хваробы, смерць і паміранне, а яшчэ менш – пра ўваскрэсенне. О, адмысловае жыццё (ты можаш сказаць “адАсловае” жыццё), калі чалавек не мае ніякай турботы з медыцынай! Менавіта вось такім манерам можна таксама зразумець маю выдатную абазнанасць у studio legum**** і ўсіх астатніх мастацтвах і навуках, якія толькі ёсць на белым свеце, Калі я быў такі вытанчаны (perfect) і дасведчаны ў няведанні таго, чаго я і не мог ведаць і ведаў вельмі добра, што ведаць не мог. Яшчэ раз скажу: о, адмысловае жыццё майго шчаснага маленства! Але мой татусь не хацеў, каб я далей цешыўся з гэтай дабрашчаснасці, а разумна палічыў, што танней абыдзецца, калі я адпаведна з маім шляхетным нараджэннем буду таксама шляхетна жыць і рабіць; таму ён пачаў прызвычайваць мяне да чынаў вышэйшых і задаваў мне цяжкія ўрокі. * Усяго, агулам, разам (лац.).
** Ваеннае майстэрства (лац.) .
*** Фізічнае практыкаванне (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы абраны пасвіць авечкі і праслаўляе свой лёс малечы Ён надаў мне самую высокую годнасць, шанаваную не толькі ў ягонай гасподзе, але і ў цэлым свеце, а менавіта ж бо адвеку вядомую пасаду пастуха. Ён найперш даверыў мне сваіх свіней, па-другое, коз і, нарэшце, статак авечак, і я мусіў іх пасвіць і даглядаць і з дапамогай маёй дуды, гукі якое, як піша Штрабо, у Аравіі сыцяць і ўтлушчаюць авечак і казлоў, бараніць іх ад ваўкоў; у тыя часы я быў падобны на Давіда, толькі што Давід граў не на дудзе, а зноў жа на арфе, і гэта сталася мне якраз неблагім пачаткам, а нават жа добраю азнакаю неба на тое, што з часам, калі мне яшчэ і пашанцуе, я выб’юся ў сусветную вядомасць. Бо як свет стаў, усе высокія асобы мусова паперабывалі ў пастухах, як мы самі можам прачытаць у Святым Пісанні пра Авеля, Абрагама, Ісака, Якава, іхніх сыноў, а і нават Майсея, які спачатку пасвіў авечкі ў свайго цесця, а тады ўжо толькі стаўся Майсеем – палкаводцам і заканадаўцам у 600 000 чалавек Ізраіля. Так, хай хто-небудзь закіне мне, што, бач, яны ўсе былі святыя, выбраныя Богам людзі, а не шпэсэрцкія падпаскі і свінапасы, якія нічога, як я, не ведалі пра Бога. Я гэта мушу прызнаць, не шукаючы адгаворак; але што павінна было акупіць маю тадыташнюю нявіннасць? Сярод старажытных паганцаў можна знайсці такія самыя экзэмпляры, як і сярод сыноў богавыбранага народа; сярод рымлянаў былі знакамітыя роды, якія называліся Бубулькі, Статыліі, Пампоніі, Вітуліі, Вітэліі, Аніі, Каперы і ім падобныя, і яны таксама займаліся быдлам і, мабыць, пасвілі. Калі папраўдзе, дык Ромул і Рэм таксама ж былі пастухі; Спартак, перад якім здрыганулася ўся рымская ўлада, быў пастух; што? Пастухамі былі, як засведчыў Лукіян у сваіх “Dialogo Helena”, Парыс, сын Прыяма-цара, і Анхіз, бацька траянскага князя Энэя. Прыгажун Эндыміён, да якога падкідалася сама цнатліўка Луна, быў таксама пастух; item* крыважэрны Паліфэм; ай, нават жа і багі, як паведамляе Фарнутус, не саромеліся і не цураліся гэтай прафесіі: Апалон пасвіў каровы ў фесалійскага цара Адмэта; Меркурый, ягоны сынок Дафніс, Пан і Пратэй былі архіпастухі, ці не таму яны і ў блазнюкоў-паэтаў лічыліся патронамі пастухоў; Меса, цар маабіцкі, як мы пра гэта чытаем у Другой кнізе Царстваў, быў пастух; Кір, магутны цар персідскі, не толькі быў выхаваны Мітрыдатам, пастухом, але ж і сам папасваў. Гігес быў пастух, а ўжо толькі потым сілаю пярсцёнка стаўся каралём, Ізмаіл Сэфі, персідскі цар, замаладзь таксама пасвіў, гэтак сама Юдэй Філон пра тое вельмі дасціпна піша ў “Vita Moysis”, што пастухоўства ёсць падрыхтоўка і пачатак валадарання; гэтак сама як bellicosa i martialia ingenia**, напрактыкаваныя і неспанатраныя спярша ў паляўніцтве, мысліўстве, якраз такімі павінны быць і тыя, хто мае стаць на чале войска, навучаныя наперад і загадзя ў ціхім і прыемным пастухоўскім паклікаенні. Усё гэта мой татусь выдатна разумеў і ведаў, бо меў кемлівы і хітры capitolium*** і, значыцца, глуздаваў глыбакамысна, калі аж да сённяга дае мне немалыя надзеі на будучую бліскучую славу.
Але тым часам вернемся да маіх бараноў; ведайце, што ў ваўках я быў гэтак сама малаабазнаны, як і ў самім сабе; таму мой татусь даставаў мяне сваімі інструкцыямі. Ён казаў: “Еж, еж, баржджэй акладайся, не давай, каб авечкі разбягаліся, дудзі больш, дудзі, палохай воўка, каб не нахапіўся тою парою, бо шкоды будзе, шкоды, гэта ж зараза, такі ненаяда і злодзей, людзей рэжа, скаціну рэжа, каб яму ў чэраве рэзала, глядзі, а не дагледзіш, самому мікіткі загну”. Я адказваў з такою самай мілатою: “Та-ат, а скажы мне, хто бачыў воўка, я яшчэ воўка не бачыў.” --“Галава ты асловая, -- адказвае ён, -- наелася абы-чаго і чаўпе абы-што, дзіву даюся, што з цябе вырасце, калі ўжо зараз такая доўбня, а ўсё не ведае, які ён прайдоха, гэты воўк”. Ён даваў мне торбу розных мудрых настаўленняў, потым астываў, крыху пабурчаўшы, выходзіў, мабыць, думаючы, што мой тугі і неабструганы, нават ягонымі парадамі не падгабляваны глузд не спраможа ўцяміць яго далікатных падналусак, не кажучы, каб ужо ўздольніцца на нешта разумнае.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы адважна дудзіць на дудзе, аж бач – салдатня ўжо ідзе І пачаў я тады са сваёю дудою, і нарабіў такога гвалту, што куды там тым жабам-каропаўкам у гародзе,-- а ўсё каб у поўную досыць убяспечыцца ад ваўка, які ніяк не выходзіў мне з галавы; і часам яшчэ ўспамінаў мамцю (так звалі яе ў Шпэсэрце і Фогельсбэрзе), як яна часта казала, што баіцца, каб ад маіх спеваў усе куры не павыздыхалі, і што такім разам лепей бы мне ўжо пяяць супроць ваўкоў, каб дадаць моцы лекам (remedium), а менавіта ж бо такую песню, якое я навучыўся ад мамці: О пагарджанае сяло,
З цябе ўсё добрае пайшло;
Табе і слава, і хвала,
Мы, як без мамці, -- без сяла.
Як нешчаслівілася б нам,
Калі б не меў зямлі Адам?
З таго, хто свой капаў гарод,
Павёўся і шляхецкі род.
Прайшло праз клопаты твае
Усё, што поле нам дае,
Усё, чым корміцца зямля,
З твайго здабыта мазаля.
І караля, што даў нам Бог,
Каб нас ад ліха убярог,
І афіцэраў, і салдат,
Што часам чыняць збой і гвалт.
Даеш нам мяса і віно,
Даеш на цела палатно,
Каб хлеб радзіў, арэ твой плуг,
Каб быдла ела, косіш луг.
Мы ўсе здзічэлыя жылі б
Без сельскіх хатак і сяліб,
Журботна жыць усім было б,
Калі б не сельскі наш халоп.
Таму праславіцца няхай,
Хто поіць-корміць цэлы край.
Прырода будзе хай з табой,
І Бог адорыць мілатой,
Калі мужык зямлю арэ,
Яго й хвароба не бярэ,
А толькі тых багатыроў –
Паноў дваран і іх сяброў.
Без пыхі ты, не цвеліш нас
У цяжкі, у галодны час.
Жыві без пыхі, хай Гасподзь
Цябе адорыць устакроць.
А слава горняя салдат
Адно мацуе твой пасад.
Не пераймайся лішне ты
За страту бэбэхаў пустых. Якраз толькі дагэтуль дайшоў я ў сваёй мілагучнай песні, калі раптам умомант, як сплюснуць вокам, мяне разам з усёй чарадой авечак абчапіў цэлы атрад кірасіраў, якія заблудзіліся ў лесе і тут высыпалі на гладкую дарогу на маю музыку і пастушыныя крыкі.
“Хо-хо, -- падумаў я, -- вось табе і маеш, вось табе тыя чатырногія прайдохі і зладзюгі, пра якіх казаў татусь”, -- а ўбачыў я спачатку коней і людзей, як, мабыць, колісь амерыканцы іспанскую кавалерыю, як адно нейкае стварэнне, і не мог не падумаць, што гэта яны і ёсць, ваўкі, і што я павінен, як сабака, скокнуць на гэтага страшнага цэнтаўра і нагнаць страху. Але не паспеў я зладзіць сваю дуду для наступу, як адзін з іх падхапіў мяне пад крылы і так порстка шматануў на неасядланага сялянскага каня, якога яны, мусіць, таксама недзе прыўлашчылі за трафей, што я пераляцеў цераз каняку і гупнуўся з другога боку якраз на сваю дуду, якая толькі жаласна застагнала і заенчыла, бедная, нібы хацела ўвесь свет заклікаць да мілажалю, але нічога не дапамагло, бо яна не зберагла апошняга ўздыху, каб аплакаць маю нядолю: мяне зноў узвалаклі на каня, Бог ведае пад якія песні і словы дуды. Але што найбольш замаркоціла, дык гэта што райтары не далі мне яе падняць, і, мабыць, менавіта таму яна жаласна заяўкала. І вось мая кабыла са мною запусцілася ў рысь, як primum mobile*, аж на татусеў двор. Дзівосныя крозы і тарабарскія вычуды мроіліся ў маіх мазгах; я ўявіў сабе, што калі ўжо я сяджу на такой жывёліне, якое зроду ў вочы не бачыў, дык я ж таксама пераметамарфузуюся ў такога жалезнага хлопца, а тыя, што везлі мяне, былі якраз у жалезе. Але як што такога ператварэння не адбылося, іншыя мроі стлуміліся ў маёй дурной галаве; я падумаў, што гэтыя чужыя жалязоўцы маюць наўме памагчы мне загнаць авечкі дахаты, бо вунь жа, возьмем пад увагу, аніводзін з іх аніводную яшчэ не задраў, і ўсе яны дружненька трухаюць нацянькі да татусевага двара. Таму я пачаў разглядацца, а ўжо ж ці не згледжу татуся і мамцю, як гэта яны выйдуць насустрач і запросяць усіх у хату – у харомы, госцейкі, у харомы! Але дарма: ні яго, ні мамці з Урсулай, татусевай адзінай і любай дачушкай, у парозе не было; ні з хлеб-соллю, ні паражняком гасцей мілых не страчалі. * Тут: пачатковы рух (лац.).
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцыю рэзідэнцыю спапялілі,салдацкі разбой не запынілі Хай я і не дужа ахвочы ўводзіць міралюбнага чытача з тымі легкадумнымі райтарамі на татусеў двор і ў дом, бо вой было б там, вой было б, але ж гісторыя мая вымагае, каб я пакінуў дарагому нашчадству дакумант пра тое, якія агідныя і нечуваныя жорсткасці чыніліся ў гэтай нашай нямецкай вайне, прынамсі, засведчыць маім уласным прыкладам, што ўсё такое ліха часта проста дзеля патрэбы наканавалася ад дабрыні Усявышняга якраз нам на карысць. Бо, дарагі чытач, хто сказаў бы мне, што на небе ёсць Бог, калі б ніякія ваяры не сплюндрылі татусеў дом і праз гэтакую прыгоду не выпхнулі мяне ў людзі, якіх я ўведаў як мае быць? Да гэтага ж я не мог ведаць, не мог і ўявіць сабе, што мой татусь, мамця, Урсула, як і ўся астатняя чэлядзь, зусім не адныя былі на зямлі, бо я ж не бачыў ніводнага чужога чалавека, ніводнага дома, апрача раней апісанай шляхецкай татусевай рэзідэнцыі, у якой я сноўдаўся дзень у дзень.
Але неўзабаве я даведаўся, адкуль бяруцца людзі на зямлі і што яны не маюць сталага жытла, а часта ж, як толькі прыдбаюць якое, тут жа і мусяць выбірацца. Я быў толькі кшталтам чалавек і толькі імем дзіця Хрыстовае, а ва ўсім астатнім чыстая жывёліна! Але Навышні глядзеў на маю нявіннасць мілажальнымі вачыма і хацеў прывесці мяне да пазнання і яго і сябе самога. І хоць ён меў тысячы розных шляхоў да такое мэты, але ён несумненна хацеў паслужыцца толькі гэтым, на якім мае татусь і мамця дзеля навукі іншым людзям панеслі кару за маё пахібнае выхаванне.
Першае, што зрабілі гэтыя райтары ў пачэрненых татусевых харомах, гэта – яны ўстойлілі свае коні, потым кожны заняўся нечым сваім, і кожнае гэтае “сваё” мела вынікам чыстае знішчэнне і псоту. Бо калі некаторыя ўзяліся за мяса, пачалі гатаваць і смажыць, нібыта меліся зладзіць гасціну, дык іншыя, наадварот, абшнарылі дом знізу даверху; нават пакойчык царскага інтыму перавярнулі дагары нагамі, нібыта там было схавана залатое руно Калхіды. Другія пакавалі вялізны хатуль з хустак, адзення і ўсякіх іншых хатніх трантаў, нібыта хацелі зладзіць нейкі старызніцкі рынак; а чаго не думалі прыхапіць з сабою, пабілі, падралі і нагамі здрасавалі; а тыя пратыкалі шпагамі сена і салому, нібыта ім было мала авечак і свіней, якіх пакалолі яшчэ раней; а тыя вытрасалі пер’е з падушак і, наадварот жа, запіхвалі ў насыпкі сала, вяленае мяса і ўсялякае там іншае, нібыта ўжо на такіх падушках ім спацьмецца ямчэй і мякчэй; а тыя зноў жа расхлябеньвалі печы і білі вокны, быццам хацелі напусціць у хату вечнага лета; медны і цынкавы посуд спляскалі і спакавалі пагнутыя, пакручаныя кавалкі ў мех; ложкі, крэслы і ўслоны папалілі, хоць на дварэ было дахалеры сухіх дроў, цурбакоў і калодак; горшчыкі, міскі – напалам, нібыта ім смачней есцімецца смажанае з голай патэльні, або, можа, мерыліся толькі адзін раз паабедаць.
Нашу служанку ў канюшні патрактавалі такім чынам, што яна адтуль выйсці сама не магла, ганьба й казаць вам пра гэта! Слугу звязалі і паклалі на зямлю, усадзілі яму ў горла распорку і ўдулі ў каўдун цэлую дайніцу смярдзючай жыжы з хлява; гэта яны называлі “швэдзкім напоем”, але відно было, што пітво яму не ўсмакавала, а, наадварот, нават спрычыніла дужа дзіўныя грымасы на твары; гэтым самым яны яго падбадзёрылі, каб ён завёў іх на іншыя хутары, адкуль потым сагналі да нас людзей і быдла, сярод іх былі і мае – татусь, мамця і наша Урсула.
І пачалося: паздымалі з пістоляў крэмені і замест іх давай накручваць мужыкам пальцы і тых гаротнікаў мучыць, нібыта збіраліся паліць ведзьмаў; аднаго прыгнанага мужыка засунулі галавою ў печ і запалілі пад ім, нягледзячы на тое, што ён так і не ведаў, пра што ў яго дапытваліся. А другому зашмаргнулі на шыі вяроўку і круцілі яе палкай, аж у таго кроў палілася з рота, носа і вушэй. In summa, у кожнага з іх была свая метода мучыць сялян, і, значыцца, кожны селянін меў свайго адмысловага ката. Толькі майму татусю, як на мой тадыташні розум, пашанцавала найбольш, бо ён, смеючыся, сказаў тое, што іншыя мусілі сказаць са слязьмі і жаласнымі стогнамі, і гэтакі гонар яму выпаў несумненна за тое, што ён быў гаспадар дома; яго пасадзілі да агню, звязалі так, што ён не мог варухнуць ні рукой, ні нагой, і нашмаравалі ступакі намочанай соллю і далі нашай старой казе, каб лізала, што, вядома ж, моцна казытала, і татусь ледзь бакі не парваў ад рогату. Гэта было так пацешна і весела, а я ніколі ў жыцці не чуў і не бачыў такога залівістага смеху, што я, ці тое за кампанію, ці тое з чаго яшчэ, ад усяго шчырага сэрца парагатаў таксама. У гэтым агульным рогаце ён прызнаўся ў сваёй віне і адкрыў схаваны скарб з золата, перлаў і кляйнодаў, куды багацейшы, чым можна было знайсці ў іншых сялян. Пра паланянак – жанчын, служанаку і дачок – я мала чаго магу сказаць цікавага, бо ваякі не пусцілі мяне паглядзець, што там яны з імі вычваралі. Я толькі памятаю, што то стуль, то стуль з куткоў чуліся жаласныя крыкі і енкі; думаю, маёй мамці і Урсуле дасталося не меней, чым астатнім. Якраз бо сярод гэтага вэрхалу я займаўся смажанінай і не дужа меў клопату, што там і як, бо, зрэшты, яшчэ і не разумеў нічога як след. Я дапамагаў паполудні паіць коні і праз гэта трапіў на канюшню да нашай служанкі, -- выглядала яна як кара божая, уся такая растрапаная, неахайная. Я нават не пазнаў яе; але яна загаварыла да мяне балячым голасам: “Вой, дзіцятка, уцякай, бо забяруць райтары; глядзі ж, уцякай, ты ж бачыш, што яны вырабляюць”. Больш нічога сказаць не магла.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы ў лес дае лататы, а ў лесе палохаецца цемнаты І я пачаў глядзець і прыгядацца да таго няшчасця, якое звалілася проста на вачах, пачаў прымяркоўвацца, як бы гэта спрытней выкаўзнуцца і ўцячы. Але куды? Не на мой дзіцячы розум было прыдумаць нешта людзкае; але ўсё-такі падвечар удалося выхапіцца ў лес, я нават не забыўся ў гэтай дзікай калатэчы прыхапіць сваю дуду. Але куды цяпер, куды далей, калі ўлічыць, што лес і лясныя сцежкі я ведаў гэтак сама добра, як дарогу па Лядовым моры ад Новага Зэмбля* да Кітая? Непраглядная цёмная ноч акрыла мяне, яна не была дастаткова цёмная, таму я зашыўся ў густы хмызняк, адкуль добра чуў крыкі і лямант сялян, але і песні салаўёў, якія зусім не лічылі сялян (а сяго-таго з іх называлі: “Гэта птах, скажу я вам!”) вартымі спагады, каб хоць з увагі на яго пакуты, спыніць свае мілыя спевы; я таксама без лішніх згрызотаў прыкархнуў на вуха і заснуў. Калі ж на ўсходзе зайграла ранішняя зорка Мілавіца, я ўбачыў татусеў двор – шугаў у чыстае неба, але ніхто не ляцеў тушыць яго. Я выправіўся туды, спадзеючыся сустрэць каго-небудзь ад татуся, але мяне змецілі адразу пяцёра райтараў і закрычалі: “Гэй, малы, гайда сюды, а то, трасца табе ў бок, як бабахну, аж тэльбухі горлам палезуць”. А я, наадварот, аслупянеў, раззявіў рот, не ведаючы, якое ж такое трасцы хацеў даць, на што замерваўся райтар, і пакуль я так глядзеў, як баран на пусты цэбар, а тыя не маглі далезці да мяне па гразкім балоце, іх бы яно засмактала, адзін з іх наставіў на мяне сваю стрэльбу-ручніцу, злажыўся – ад нечаканага агню і неспадзяванага бабаху, шматкроць жахліва паўторанага рэхам, я так спалохаўся, бо ж нічога такога я зроду не чуў і не бачыў, што тут жа і хляпнуўся вобзем, рукі і ногі выцягнуўшы на чатыры бакі, ад перапуду я не варухнуўся ані жылачкай, і як што райтары пашыбавалі сваёй дарогай, несумненна палічыўшы мяне за нежывога, я цалюткі той дзень не чуў сэрца ў сабе, ні каб падняцца, ні каб хоць трошкі разгледзецца па баках. Калі ж мяне зноў агарнула ноч, я ўстаў і павалокся далей у лес, аж пакуль не ўбачыў здалёк нейкае гнілое дрэва, якога спалохаўся яшчэ больш, і вось такім чынам, гнаны ад адной старадрэвіны да другой, я прабавіў усю ноч. Мне памог, дзякаваць Богу, ясны дзень, які наказаў дрэвам даць мне святога спакою нарэшце; але і гэта яшчэ не дапамагло, бо сэрца заходзілася ад страху і жуды, сцёгны круціла ад зморы, пусты жывот падвяло ад голаду і смагі, у галаве круціліся ўсялякія дурныя відзежы і ўявы, а вочы зліпаліся – так хацелася спаць. Я пайшоў далей, сам не ведаючы куды. І чым глыбей заходзіў, тым далей адбіваўся ад людзей. Тады я першы раз адчуў, праўда, зусім непрыкметна, вынікі свайго невуцтва і неабазнанасці; на маім месцы любая неразумная жывёліна лепш за мяне ўцяміла б, што ёй рабіць дзеля свайго ратунку. Але ўжо і тады я быў такі рызыкант, што калі ноч зноў застала мяне ў лесе, я залез у вялікае дупло, ясна, з маёй даражэнькай дудою, і цвёрда рашыў заначаваць там. * Маецца на ўвазе паўночна-ўсходні шлях уздоўж берагоў Сібіры.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Сімпліцы чуе пабожную казань, бачыць пустэльніка і млее адразу Ледзь толькі я зладзіўся спаць, як чую голас: “О вялікая любоў да нас, няўдзячных! Ах, мая адзіная ўцеха, маё спадзяванне, багацце маё, Божа мой!” і яшчэ шмат чаго такога, чаго ні запомніць, ні зразумець я не змог. Гэтыя словы павінны былі падбадзёрыць, суцешыць і ўзвесяліць хрысціянскую душу ў нягодзе, а такі быў якраз я са сваёю душою. Але, о душа мая простая, о цемра мая! Тут вакол былі толькі непралазныя нетры і зусім незразумелая мова, з якое я не мог уцяміць нічога, яна была такая дзіўная, аж мяне жахнула. Але яшчэ раней я чуў, што таму, хто на ёй гаварыў, яна спатольвала голад і смагу; а мой амаль зусім нясцерпны голад і ад доўгага няеддзя зусім сперазаны жывот падказвалі мне набіцца на госці; і вось я набраўся рызыкі, вылез з майго дупла і наблізіўся да пачутага голасу. І тады я ўгледзеў высокага чалавека ў доўгіх чорна-сівых валасах, якія досыць скаўтунена спадалі яму на плечы. На ім была дзікая барада, амаль як швейцарскі сыр; твар у чалавека хоць і быў бледна-жоўты і худы, але ж і даволі прыязны, а яго доўгі каптан залатаны, можа, ці не тысячай латак з самай рознай тканіны, адна па адной; на шыі і вакол цела вісеў цяжкі жалезны ланцуг, як у святога Вільгельма, і, як на мае вочы, глядзеўся так брыдка і страшна, што я задрыжаў, як мокры сабака. А што яшчэ больш нагнала страху, дык гэта крыж, прыкладна у шэсць футаў удоўжкі, які вісеў на грудзях, і як што я чалавека не ведаў, дык і не мог падумаць нічога іншага, як што толькі гэты стары як рыхтык і ёсць той самы воўк, пра якога мне нядаўна баяў татусь. Ад такога страхоцця я адразу схапіўся за дуду, з якою, маім адзіным, самым пэўным і каштоўным скарбам, я ўратаваўся ад райтараў; я надзьмуў мех, задудзеў, каб хутчэй прагнаць гэтага жудаснага воўка; з маёй незвычайнай музыкі ды ў такім незвычайным дзікім месцы пустэльнік спачатку не менш дзіву даўся, мусіць, лічачы, што тут выхапілася нячыстая сіла, каб, як і Вялікага Антонія, спакусіць, уціснуць і запамрочыць яму розум.
Але як толькі ён крыху ачуняў ад здзіўлення, тут і пачаў пакепваць з мяне, спакусніка з дупла, куды я зноў рэтыраваўся, убачыўшы, што ён ужо супакоіўся і рушыў да мяне, каб пасароміць як супастата роду чалавечага. «Эй ты, -- сказаў ён, -- ты, хлопча, слабенькі, як… святы без Божага дабраславення», etc. Больш я нічога не разабраў, бо як толькі ён пайшоў да мяне, тут такая жудасць мяне апантала, такі страх забраў, што ў галаве ўсё закруцілася, замітусілася, і я самлеў.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Сімпліцы дасыта наеўся і напіўся, дзіўна, што пустэльнік сам запусціўся Якім чынам я зноў ачуўся і прыйшоў да памяці, забіце, а не памятаю, адно скажу, што стары выкалупаў мяне з дупла, узяў на калені і расшпіліў мне курту. Як толькі я ачуняў як след і ўбачыў пустэльніка, я закрычаў так страшна, быццам ён вось-вось возьме і выме мне сэрца з грудзей. Але ён сказаў: “Сыне мой, суйміся, я не зраблю табе нічога благога, супакойся”, etc. Але чым больш ён мяне суцяшаў і лагодзіў, тым мацней я раздзіраўся: “Вой, ты з’ясі мяне! Вой, ты з’ясі мяне! Ты воўк, ты хочаш мяне з’есці!” – “Ай, ды не ж, сыне, -- сказаў той, -- супакойся, я цябе не з’ем”. Гэтая калатня і лямант цягнуліся доўга, пакуль я не даўся ўгаварыць сябе пайсці ў ягоны буданчык; там за гаспадыню была – галеча, за кухара – голад, за кухмайстра – нястача. Там жывот мой быў улагоджаны гароднінай і вадою, а сумбурныя думкі і настрой зноў даведзены да ладу суцяшальнай прыязнасцю старога. Я крыху схітраваў, даўшыся ашукаць сябе спакусаю салодкага сну, пераклаўшы сваю віну на прыроду. Пустэльнік заўважыў маю заклапочанасць і дазволіў мне застацца аднаму ў будане, а там адзін толькі я і мог змясціцца. Недзе пад поўнач я прачнуўся і пачуў, як ён спявае песню, якую пазней ахвотна запомніў і я сам. Уцеха ночы салавей,
Зайграй песеньку, запей,
Твая нас лашчыць погудзь;..
Хвалі Тварца, ўначы хвалі ж,
Бо птушкі спяць, а Ты не спіш,
Яны пець больш не могуць.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца;
Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
Апошні промнік дня пагас,
І цемра ахінула нас,
Але спяваць усё ж мы можам;..
Пра веліч Бога й мілату
І за святло праз цемнату
Хвалу Яму памножым.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца;
Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
І нават рэха з лесу, з гор,
Улітае ў дзівосны хор,
Пачуцца захацела;..
Здымае чары стомы з нас,
З якою носімся ўвесь час,
І гоніць сон ад цела.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца;
Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
І высеў зорак угары
З цямна да ранішняй зары
І славіць і вітае;..
Сава, хоць голас у яе
Да дна душы не дастае,
А вось кугіча й тая.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца;
Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх.
Люці ж сюды, птах баравы,
Уславім разам Бога мы,
Не будзем ленавацца;..
Пакуль лясную глухамень
Не збудзіць сонечны прамень
Да буднай дзённай працы.
Галасок твой
Хай ліецца, грэе сэрца;
Толькі ты ж ім
Можаш славіць Бога ў вышніх. Пасля гэтага спеву я нават быў падумаў, ці не салавей гэта разам з савою і рэхам завяліся ў адзін голас, а калі б я калі-небудзь чуў песню ранішняй зары і паспрабаваў падладзіцца пад яе са сваёю дудою, я выпаўз бы са свайго будана і датачыў бы свой грош, -- вось мілая гармонія выйшла б; але я зноў заснуў і прачнуўся, калі ўжо добра развіднела, а пустэльнік стаяў перад мною і казаў: “Уставай, дзіця, я дам табе есці і пакажу дарогу цераз лес да людзей, каб ты паспеў да ночы ў бліжэйшую вёску”. Я спытаўся ў яго: “А што гэта такое – людзі, вёска?” Ён сказаў: “Хіба ты ні разу не быў у вёсцы і не ведаеш, што такое людзі ці чалавекі?” – “Не, -- сказаў я, -- нідзе, апроч як тут, я яшчэ не быў; але скажы мне, што такое людзі, чалавекі і вёска?” – “Божа ты мой! – адказаў пустэльнік. – Ты што, дурны ці аж такі хітры?” – “Не, -- сказаў я, -- я мамцін і татусеў хлопча, а не дурны і не хітры”. Пустэльнік здзівіўся, уздыхнуў, перахрысціўся і сказаў: “Добра, мілае дзіця, я бяруся, дай мне Божа, крыху павучыць цябе”. Пасля ў нас было шмат гутарак, але пра тое ў наступным раздзеле.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Сімпліцы паказвае свой розум адразу праз нягеглыя пытанні й адказы Пустэльнік: Як цябе завуць?
Сімпліцы: Мяне завуць хлопча.
Пустэльнік: Я бачу, што ты не дзяўчо. Як цябе звалі твае бацька і маці?
Сімпліцы: У мяне не было бацькі і маці.
Пустэльнік: А хто ж табе даў гэтую кашулю?
Сімпліцы: Ай, мая мамця.
Пустэльнік: А як цябе звала твая мамця?
Сімпліцы: Яна звала мяне хлопча, а яшчэ шалапут, асёл вушасты, галган неабструганы, няўдаліца, ёлуп і шыбенік.
Пустэльнік: А хто быў мужам у тваёй мамці?
Сімпліцы: Ніхто.
Пустэльнік: А з кім твая мамця спала ўначы?
Сімпліцы: З маім татусем.
Пустэльнік: А як зваў цябе твой татусь?
Сімпліцы: Ён таксама зваў мяне хлопча.
Пустэльнік: Як звалі твайго татуся?
Сімпліцы: Яго звалі татусь.
Пустэльнік: Як звала яго мамця?
Сімпліцы: Татусь, а то яшчэ майстар.
Пустэльнік: І ніколі інакш не звала?
Сімпліцы: Чаму ж не, звала.
Пустэльнік: А як?
Сімпліцы: Мужык, ты доўбня, ты свіння, стары дрыстун і яшчэ па-рознаму, калі сварылася.
Пустэльнік: Ты проста дурненькі, калі не ведаеш, як звалі тваіх бацькоў і цябе самога!
Сімпліцы: Ай, ты ж таксама не ведаеш.
Пустэльнік: А ці ўмееш ты маліцца?
Сімпліцы: Не, маліліся толькі Ганка і мамця, калі клаліся спаць.
Пустэльнік: Я не пытаюся, хто калі маліўся, а ці ўмееш ты пацеры.
Сімпліцы: Ну, умею.
Пустэльнік: Тады скажы.
Сімпліцы: Вочы наш, ежу ясі на небясі, свяціца імя тваё, да прыдзе царства тваё, здабудзе воля твая небясі якаў на зямлі, хлеб наш насушаны дай нам есць, даруй нам доўгія на шыі, як мы даруем доўгія на шыі, і не вядзі нас васкушэня, нос баві ас ад лукавага, і сілы і славы і пырскі на векі вякоў, гаман.
Пустэльнік: А ці ходзіш ты да споведзі?
Сімпліцы: А то ж бо не! Мамця сюд-туд пасылае – а то дроў прынясі, а то па смаляка на распал скокні. З-пад павеці кожан дзень нашу.
Пустэльнік: Ах, Божа ты мой мілы, якое ты ў мяне дурное, А пра Бога ты ведаеш?
Сімпліцы: Дзіва што, ён жа ў нас над дзвярмі павешаны. Мамця хадзіла да мшы, прынесла і павесіла.
Пустэльнік: Ах, Божа міласэрны, цяпер толькі я спазнаю, якая вялікая ласка Твая, калі Ты адкрываеш ісціну людзям, і які нікчэмны той чалавек, якога Ты абыходзіш. Госпадзе, дапусці мяне славіць імя Тваё святое, ашчасці мяне, каб быў я варты вечна дзячыць Табе за Тваю вялікую ласку. Слухай, Сімпліцы (бо інакш не магу цябе зваць), калі ты гаворыш Войча наш, дык павінен казаць так: Войча наш, Які сутны ў нябёсах, хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе царства Тваё, хай будзе воля Твая на зямлі, як і на небе, хлеб наш надзённы дай нам сёння, і…
Сімпліцы: Добра, і сыру да хлеба.
Пустэльнік: Ах, дзіця маё, маўчы і вучыся, гэта табе больш патрэбна, чым сыр. Ты няўдаліца, як сказала твая маці. Такім хлопцам, як ты, не след перабіваць дарослых, а трэба маўчаць, слухаць і вучыцца. Калі б я ведаў, дзе жывуць твае бацькі, я з радасцю завёў бы цябе да іх, яшчэ й іх навучыў бы, як трэба выхоўваць дзяцей.
Сімпліцы: Я не ведаю, куды мне ісці: наша хата згарэла, мая мамця ўцякла, потым зноў вярнулася з Урсулай, і мой татусь таксама, а наша служанка хворая была і ляжала ў канюшні; яна сказала мне: бяжы, кажа, хлопча, уцякай, -- а куды ж тут пойдзеш-пацячэш?
Пустэльнік: А хто спаліў хату?
Сімпліцы: Ха, прыйшлі жалезныя мужчыны, сядзелі на такіх во вялізных, як валы, але без рагоў; гэтыя мужчыны пакалолі ўсіх авечак, і кароў, і свіней, печ пабілі і вокны, і тады я таксама ўцёк, а тады пасля спалілі хату.
Пустэльнік: А дзе быў твой татусь?
Сімпліцы: Ха, жалезныя мужчыны прывязалі яго, а тады наша старая каза лізала яму ступакі, а мой татусь рагатаў, як дурны, і даў тым жалезным мужчынам многа белых фенікаў, вялікіх і малых, і такіх прыгожых жоўтых, і яшчэ такіх малюпасенькіх штучак і прыгожыя шнуркі з белымі бубачкамі*.
Пустэльнік: Калі гэта было?
Сімпліцы: Ай, ну калі я авечкі пас, яны яшчэ хацелі адабраць у мяне дуду.
Пустэльнік: А калі ты пасвіў авечкі?
Сімпліцы: Ай, ты што, не чуў? Калі прыйшлі жалезныя мужчыны, і пасля гэтага яшчэ і наша Ганка сказала, каб я ўцякаў і бег сюды.
Пустэльнік: І куды ж ты зараз?
Сімпліцы: Я і праўда не ведаю! Я застаўся б з табою.
Пустэльнік: Пакідаць цябе тут ні мне, ні табе не выпадае. Еж, а тады я цябе завяду назад да людзей.
Сімпліцы: Ай, тады скажы мне, што ж такое людзі? Што гэта за штукі?
Пустэльнік: Людзі – гэта чалавекі, як я і ты; твае татусь, мамця і ваша Ганка гэта чалавекі, і калі іх, чалавекаў, набіраецца многа – тады іх называюць людзьмі.
Сімпліцы: Ха-ха!
Пустэльнік: Ну ідзі, еж!..
Гэта быў наш дыскурс, і пакуль доўжыўся, пустэльнік часта пазіраў на мяне і глыбока ўздыхаў, не ведаю, ці гэта таму, што вельмі спагадаў мне ў маёй вялікай прастадушнасці і дурным невуцтве, ці тое з прычыны, пра якую я даведаўся толькі праз некалькі гадоў. * Ружанец.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы яшчэ ранейшы Сімпліцы, але навучыўся Богу маліцца Я пачаў есці і перастаў лашчыцца, і доўжылася гэта не больш, чым трэба было і пакуль стары не сказаў мне ісці. Тады я пачаў падбіраць самыя далікатныя словы, якія толькі ведаў у сваёй грубай мужыцкасці і якія маглі б схіліць пустэльніка не праганяць мяне ад сябе. Хоць гэта яму дужа замінала б, калі я буду круціцца пад рукамі, але ён усё-такі рашыўся пакінуць мяне пры сабе, каб даць мне ўрокі хрысціянскай рэлігіі, а не таму, што пры ягоным веку не залішняцца паслугі маладога падсуседа. Самы вялікі клопат быў – каб мая пяшчотная маладосць прайшла ў строгасці і суровасці, каб я ўсё перацерпеў да канца.
Прыкладна тры тыдні павінны былі стацца выпрабавальным годам, на які прыпадаў і дзень святой Гертруды, калі яна пасабляе людзям у полі, дык пустэльнік заўжыў у яе пакліканні і мяне. Пачаў я так добра, аж пустэльнік не тое каб прыкіпеў душою, але займеў да мяне некае дзіўнае ўпадабанне, і не так за маю працу, якая і раней не была мне за дзіва і навіну, а, бадай што, таму, што я прагна слухаў ягоныя казані і з лёту хапаў іх, а гладкая і чыстая табліца майго сэрца дазваляла яму пісаць на ёй, што ён хацеў. Ці не таму ён і ўзяўся за мяне так рупліва, каб хутчэй наставіць на дабро. Ён пачаў свае ўрокі з адпаду Люцыпара; ад яго перайшоў да раю; а калі нас з нашымі продкамі адтуль патурылі, ён праехаўся па Майсеевым законе і вучыў мяне на грунце дзесяці запаведзяў Бога і іх тлумачэння, пра якія ён сказаў, што яны ёсць той сапраўдны і правільны шлях, на якім можна спазнаць Божую волю і адпаведна з ёю ладзіць сабе богаспадобнае жыццё, адрозніваць цноты ад грахоў, тварыць дабро і ўхіляцца ад ліха. Нарэшце ён перайшоў да Дабравесцяў і расказаў мне пра нараджэнне Хрыста, пакуты, смерць і ўваскрэсенне; нарэшце завяршыў урокі Страшным Судом, абмаляваў мне неба і пекла, і ўсё гэта падрабязна, з усім, што было трэба, але без лішняй грунтоўнасці і неабсяжнасці, а, як яму здавалася, таму, што так я мог лягчэй засвоіць і зразумець. Управіўшыся з адным, ён пераходзіў да другога і паказваў сябе такім здольным цярпліва кіраваць маімі пытаннямі і абыходзіцца са мною, што наўрад ці іншым спосабам мог бы дасягнуць большага. Яго жыццё і яго словы былі мне нязбытнай навукай, ад якое мой розум, дарэчы, не такі ўжо пусты і дубовы, з ласкі Божай не мог не ўрадзіць, не мог застацца без плоду; прынамсі, не толькі тое, што павінен ведаць хрысціянін, было ўведана за тыя згаданыя тры тыдні, а яшчэ нарадзілася і такая любоў да майго настаўніка і да ягоных урокаў, што аж заснуць я не мог уначы.
Пасля я часта думаў пра ўсё гэта і ўпэўніўся, што Aristot. Lib. 3 de anima слушна разважыў, параўнаўшы душу чалавека з чыстай незапісанай дошкай, на якой можна натаваць што заўгодна, і што ўсё гэта таму дазволена найвышэйшым Творцам, каб гэтая гладкая, чыстая табліца рупліва запісвалася імпрэсіямі і практыкаваннямі і даводзілася да дасканаласці і завершанасці. Таму потым і ягоны Cоmmentator Averroes lib. 2 de anima (як што філосаф кажа, што intellectus est potentia*, але што нічога не ўключана in actum**, а праз scientiam***, гэта значыць, што розуму чалавека паддатна многае, але што ён нічога не дакажа без руплівай практыкоўкі) робіць ясную выснову, што памянёная scientia, або практыкоўка, ёсць дасканаласць душы, якая сама ў сабе наогул нічога не мае. Гэта пацвярджае Cicero lib. 2 Tuscul. quaest., параўноўваючы душу чалавека без навукі, ведаў і практыкоўкі з такім полем, якое ад прыроды ўрадлівае, але калі яго не ўрабляюць, дык таксама не родзіць.
Усё гэта я даказаў на сваім прыкладзе; я таму ўсё гэта так хутка скумекаў, чаму вучыў мяне гэты пабожны пустэльнік, і так яно сталася таму, што ён знайшоў ува мне гладкую скрыжалю маёй душы, чысцюткую, як слёзка, без аніводнай на ёй пазначыны, і ўжо ж не мог дазволіць каму-небудзь іншаму дарвацца да яе. І якраз таму, што ўва мне заставалася чыстая прастата, даступная ўплывам людзей, пустэльнік, -- а ні ён, ні я сам не ведалі майго імя – называў мяне толькі Сімпліцы – прастадушнік.
У яго я навучыўся маліцца, а як што маё ўпартае наляганне – застацца пры ім ён прыняў за дастатковы аргумент, дык мы паставілі яшчэ адзін буданчык, такі, як у яго, з дрэва, голля і дзярна, і ўсё гэта зладзілі, як мушкецёры ў полі свае палаткі або, лепей сказаць, як сяляне ў некаторых мясцінах робяць сабе разбойніцкія лёхі, такі нізкі, што я ледзьве мог у ім умясціцца седзячы. Мая пасцель была з сухое лістоты і травы на ўсю доўж будана, так што я не ведаю, ці мне называць гэта хатай ці пячорай, лежаком па павеццю ці буданом. * Розум ёсць сіла (лац.).
** У дзеянне (лац.).
*** Навука (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
Сімпліцы знаёміцца з Кнігай Ёва і вучыцца чытальна-пісальным асновам Калі я першы раз убачыў, як пустэльнік чытае Біблію, я і ўявіць сабе не мог, з кім гэта ён так таямніча і, на маю думку, вельмі сур’ёзна гутарыць. Я добра бачыў, як варушыліся ў яго губы, чуў, як ён нешта мармыча, але апрача яго самога не бачыў і не чуў нікога, хто б гэта адказваў яму, і хоць я нічога яшчэ не ведаў ні пра чытанне, ні пра пісанне, я ўсё ж заўважыў па ягоных вачах, што ўсё гэта ён робіць з некім у кнізе. Я прыгледзеўся да яе, а калі ён адклаў яе, я разгарнуў, і з першага ж разу мне трапілі на вочы першы раздзел Кнігі Ёва і абразок наперадзе, выдатны дрэварыт і хораша расфарбаваны. Я па сваёй прастадушнасці спытаўся ў таго абразка пра самыя розныя рэчы. Але ніякага адказу не было. Я знецярплівіўся, раззлаваўся і якраз, калі пустэльнік паявіўся за мною, сказаў: “Эй, вы, агуднікі, чаго гэта вам раптам пазарывала? Вы ж толькі што балабонілі з маім айцом (так я мусіў называць пустэльніка!). Вось бачу, як вы свайму беднаму татусю гоніце дахаты авечкі, а там ужо запалілі хату. Чакайце, чакайце, я зараз патушу гэты агонь і запыню вас, каб не лезлі ў шкоду”. І я ўстаў, каб прынесці вады, бо патрэба яўна вымагала гэтага. “Куды ты, Сімпліцы?” – сказаў пустэльнік, якога я не заўважыў за сабою. “Ай, войча, -- сказаў я, -- тут таксам а салдаты, яны хочуць пабраць авечкі; вось, глядзі, занялі ў беднага чалавека, з якім ты нядаўна гутарыў. Во тут ужо і хата ягоная гарыць, як радуецца, і калі я зараз не патушу, усю выкаціць дашчэнту”. І я тыцнуў пальцам у абразок. “Пастой, -- сказаў пустэльнік, -- гэта яшчэ не бяда”. Я адказаў як мог ветліва: “Ты што, аслеп? Пасачы лепей, каб не сагналі авечкі, а я збегаю вады”. – “Ай, -- сказаў пустэльнік, -- гэтыя карцінкі нежывыя; яны толькі так зроблены, каб паказаць нам на вочы даўно мінулыя падзеі”. Я адказаў: “Ты ж толькі што гаварыў з імі; як жа яны нежывыя?”
Хоць і насуперак волі і звычкам сваім, але пустэльнік пасмяяўся з маёй дзіцячай прастадушнасці і малечай блазноты і сказаў: “ Мілае дзіця, гэтыя абразкі не ўмеюць гаварыць, а іх учынкі і сутнасць я магу ўведаць з гэтых чорных рысачак, гэта называецца – чытаць; і калі я так чытаю, дык табе здаецца, што я гавару з абразкамі, але гэта зусім не так”. Я адказаў: “Калі я чалавек, як і ты, дык я таксама павінен умець бачыць у гэтых чорных радочках, што і ты бачыш. Як мне ўвайсці ў вашу гутарку? Мілы войча, скажы мне нарэшце, як мне зразумець гэтыя штукі?” На гэта ён сказаў: “Ну, добра, сынку, я навучу цябе, што і ты зможаш гутарыць з абразкамі і зможаш разумець, што яны азначаюць; толькі на тое патрэбен час, мая цярплівасць і твая руплівасць”. Пасля гэтага ён напісаў мне альфабэт на берасціне па-друкаванаму, і ўжо калі я ўведаў усе літары, я навучыўся складваць іх, далей – чытаць і нарэшце – пісаць нават прыгажэй за самога пустэльніка, бо я ўсё выпісваў па-друкаванаму.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, што пілі і елі і што ў гаспадарцы рабіць умелі Каля двух гадоў, аж пакуль пустэльнік не памёр, і яшчэ з паўгода пасля яго смерці, я жыў у гэтым лесе; таму, мне здаецца, будзе няблага, калі я раскажу дапытліваму чытачу, якому часта карціць уведаць аж да самай драбніцы, што мы рабілі, што чынілі, чым прабаўляліся і, увогуле, як мы жылі.
Елі мы ўсякую гародніну, рэпу, зеляніну, боб, гарох, сачыўку, проста, ну, і ўсякае такое, не грэбавалі і букавіцамі – букавымі арэшкамі, дзікімі яблыкамі, дзічкамі, вішнямі, нават часта елі за прысмакі жалуды, калі голад падпіраў. Хлеб, ці, лепей сказаць – пляцкі, мы пяклі ў гарачым прыску з перацёртага італьянскага зерня, па-нашаму – кукурузы. Узімку лавілі сілкамі і сеткамі птушак. Увесну і летам Гасподзь пасылаў нам птушанят у гнёздах. Часта мы давалі сабе рады слімакамі і люгашкамі, не цураліся лавіць вяршамі і вудамі рыбу, балазе, непадалёк ад нашых харомаў цёк багаты на рыбу і ракаў ручай – усё гэта дапамагала сплаўляць грубую ежу ў нашыя каўдуны. А то яшчэ аднаго разу спаймалі дзікага падсвінка, яго мы зачынілі ў загародцы, сілкавалі жалудамі і букавымі арэшкамі, укармілі, утлусцілі дый спажылі нарэшце, бо мой пустэльнік ведаў, што гэта аніякі не грэх, калі спажываеш тое, што Гасподзь Бог стварыў чалавечаму роду на такі выпадак і наканаваў яму такі канец. За соллю не дужа ўпадалі, а розныя там перныя прытравы ўвогуле былі непатрэбныя; гэта каб не спаганяць ахвоту да пітва, бо ў нас не было віннага склепа. Усю патрэбу ў солі нам гасіў адзін добрай душы святар, які жыў мілі за тры ад нас, -- але пра яго ўсё наперадзе, крыху пазней я яшчэ шмат чаго раскажу.
Што да хатняга чарэп’я, дык у нас усенька было: мы мелі рыдлёўку, матыку, калун, сякеру і чыгун, каб гатаваць; зрэшты, усё гэта было не нашае, а пазычанае ў памянёнага святара. У кожнага быў тупы сточаны нож; вось гэта якраз была наша маёмасць, і больш нічога. Таму мо нам і не патрэбныя былі ні міскі, ні талеркі, ні лыжкі, ні відэльцы, ні рондлі, ні патэльні, ні ростары, ні шампуры, ні салонкі, ні іншае сталовае і кухоннае начынне, бо наш чыгун быў нам і за чыгуна і за міску, нашы рукі былі за відэльцы і за лыжкі. А калі смага брала, мы пілі трысцінкай з крынічкі альбо проста совалі туды мызу, як воіны Гедэона. З рознай там апраткі, воўны, шоўку, бавоўны і лёну, каб на стол, на ложак ці каб ушпалерыць сцены, дык не мелі нічога, толькі таго, што на сабе, а яго нам хапала з лішкам, бо ад дажджу і марозу мы проста хаваліся. У астатнім у гаспадарцы не былі патрэбныя ніякія правілы і парадкі, хіба што толькі ў нядзелю ці на свята, калі мы яшчэ ўпоцем-поначы пачыналі збірацца, каб ужо раненька без лішняга спеху паспець да памянёнага святара ў кірху, якая стаяла наводшыбе вёскі, і ўжо ў самой кірсе дачакацца набажэнства. А там мы хаваліся за паламаны арган, з-за якога ўжо маглі дзівіцца і на алтар, і на катэдру. Калі я першы раз пабачыў, як святар падымаецца на катэдру, я спытаўся ў пустэльніка, што гэты святар збіраецца рабіць у тым вялізным цэбры. Пасля адбытага набажэнства мы гэтак сама потайкам вярталіся да сябе, як і прыходзілі сюды, і, ужо добра натаміўшы цела і ногі, вярнуўшыся, ужо палуднавалі на поўную губу; увесь астатні час у пустэльніка ішоў на малітву і на маё вучэнне ўсялякім багалюбнасцям.
Па буднях мы рабілі, што рабіць было найбольш мусова, хто на што больш уздатніцца, і што было патрэбна ў залежнасці ад пары года і нашых акалічнасцяў. То працавалі ў садзе, то іншым разам кампаставалі чарназём, накапаны ў цяністых мясцінах, мяшаючы яго з драўлянай пацярухай і парахном, набранымі ў дуплах, каб палепшыць, укультурыць глебу ў нашцм садзе, бо дзе ж таго нам гною. А то плялі кашы або рыбацкія сеткі, або запасаліся дровамі, рыбачылі, або што яшчэ рабілі з пустое ляноты. І за гэтымі ўсімі заняткамі пустэльнік не забываўся настаўляць мяне на мудрасць і ўсялякую разумную даброць. У такім суровым жыцці я навучыўся пераносіць голад, смагу, гарач і холад, і цяжкую працу, і самыя розныя нястачы і ліхоты, але найперш спадзявацца на Бога і яму верна і спраўна служыць, што было самае важнае. А каб што звыш таго, не дапускаў мой дбайны пустэльнік, бо ён лічыў, што хрысціяніну, каб дастацца да свайго кону, да мэты, дастаткова, каб ён рупліва маліўся і працаваў; так і сталася, што хоць у духоўных справах я быў даволі ўдасведчаны, няблага разбіраўся ў хрысціянстве, а па-нямецку гаварыў аж так добра, нібы гаварыў не я, а сама Арфаграфія, але я ўсё ж застаўся прастадушны, як дрозд; нават ужо пакінуўшы лес, я быў такі бедны дурыла, што не здолеў бы абдурыць нават дурнога шчаняці.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы бачыць, як святы памірае, і сам пахавальны абрад
учыняе Прабыў я ў лесе каля двух гадоў і ледзь толькі пачаў прывыкаць да суровага эрэміцкага жыцця, як мой самы лепшы на зямлі сябар-пустэльнік узяў сваю матыку, даў мне рыдлёўку і, як было ў яго заведзена, павёў мяне за руку ў горад, дзе мы звычайна маліліся. “Вось што, Сімпліцы, дзіця маё мілае, -- сказаў ён, -- пакуль, дзякуй Богу, яшчэ не настала мне пара развітацца з гэтым светам, заплаціць прыродзе і пакінуць цябе замест сябе на гэтай зямлі, пакуль я збольшага бачу, што табе спрыгодзіцца ў жыцці, і добра ведаю, што ты не заседзішся ў гэтай пустэльні, дык хачу я ўмацаваць цябе на шляху праведнасці, на які ты ступіў, і даць некалькі настаўленняў і парадаў, з якімі ты, як па пуцяводнай ніці, пойдзеш да вечнай мілажальнасці, і яны дапамогуць табе ўнікнуць памылак і ўладзіць сваё жыццё так, каб потым разам з праведнымі выбранцамі даступіцца да гонару глядзець у аблічча Богу ў тым вечным жыцці”.
Гэтыя словы залілі мне вочы слязьмі, як незадоўга перад тым варожы напад заліў вадой горад Філінген, і так мяне разабрала, што я не стрымаўся і сказаў: “Сэрца маё, войча, няўжо ты пакінеш мяне аднаго ў гэтай глухой нетры? Няўжо тады…” – і больш я не мог вымавіць ні слова, бо пакута майго сэрца ад збытку любові да вернага бацюшкі майго, якую насіў я ў сабе, так моцна рванулася вонкі, што я, як мёртвы, бухнуўся яму ў ногі. А ён падняў мяне, суцешыў, як толькі дазвалялі час і ўмовы, тут жа выгаварыў мне за грэх, што я нібыта хацеў усупрацівіцца завядзёнкам Усявышняга. “Ці ж ты не ведаеш, -- сказаў ён далей, -- што гэтага нельга рабіць ні небу, ні пеклу? Нельга, сыне мой! Чым жа ты хочаш абцяжыць мае слабыя плечы, якія самі прагнуць спакою? Думаеш змусіць мяне жыць далей у гэтай юдолі? Ах не, сыне мой, адпусці мяне і ўваж, бо ані плачам, ані жальбай не ўспасобіш мяне застацца ў галечы, не няволі маёй волі, бо пакліканы я воляй Божай і за Божым загадам руплюся з усім маім упадабаннем. Парупіся ж і ты; чым без толку енчыць, лепш паслухай маіх апошніх слоў, якімі я наказваю табе, каб ты чым далей, тым руплівей спазнаваў самога сябе; і калі ты дажывеш да Мафусаілавага веку, дык і тады не выкідай з сэрца гэтага майго наказу; бо таму, што большасць людзей праклятыя, дык гэта і ёсць прычына, чаму ты не ведаў, кім яны былі раней, кім зрабіцца маглі б альбо зрабіцца яшчэ павінны”. Далей ён шчыра параіў мне, каб я заўсёды бараніўся ад ліхіх кампаній, бо шкоднасць ад іх невымерная. Ён прывёў мне і адпаведны прыклад і сказаў: “Калі толькі адну кропельку мальвазіі капнеш у пасудзіну з воцатам, яна таксама ператворыцца ў воцат; калі ж такую самую кроплю воцату капнеш у мальвазію, яна распусціцца ў мальвазіі. Любасны сыне, -- сказаў ён, -- перш за ўсё і найперш заставайся стойкі; не дазволь пякельнаму агню адхіснуць цябе ад пачатай пахвальнай дзеі; бо хто выцерпвае да канца, той – шчасны. Калі ж насуперак маім спадзяванням ты па чалавечай слабіне падупадзеш грэху, дык не ўпарціся ліхамысна ў сваім грэху, а ў шчырым пакаянні паўстань зноў на ногі”.
Клапатлівы пабожны чалавек паведаў мне гэта нямногае не таму, канечне, што ведаў многа, а таму, што я, з прычыны майго малалецтва, здаваўся яму недастаткова здольным засвоіць у такім стане больш, а таму, што нямногія словы лепш трымаюцца ў памяці, чым доўгая балбатня, і навука з ашчадных слоў даходзіць да свядомасці, дае больш плёну, чым доўгая казань, якая не адкладваецца ў памяці і хутка забываецца.
Тры настаўленні: спазнаваць самога сябе, унікаць ліхіх кампаній і заставацца непахісным – несумненна гэты пабожны чалавек таму і лічыў добрымі і патрэбнымі, што сам жыў паводле іх і яму пры гэтым усё ўдавалася; бо пасля таго, як ён сябе спазнаў, ён не толькі цураўся благіх кампаній, а ўвогуле ўцёк ад свету і трымаўся наадасобку да канца, канца несумненна дабрашчаснага.
Сказаўшы мне ўсё гэта, ён пачаў матыкай капаць сабе магілу; я пасабляў як мог, як ён мне казаў, і не разумеў, навошта ўсё гэта трэба. А тым часам ён сказаў: “Мой дарагі і сапраўды адзіны сыне (бо апрача цябе нікога не спарадзіў я, каб славіў Госпада Творцу), калі душа мая адыдзе ў належнае ёй месца, учыні майму целу апошнюю пашану і зрабі апошнюю учту: засып мяне тут вось гэтай зямлёй. Якую мы зараз капаем з гэтае ямы”. Пасля ён падняў мяне на рукі, пацалаваў і моцна прытуліў да грудзей, як толькі можна было чакаць ад чалавека ў ягоным стане. “Мілае дзіця, -- сказаў ён, -- я перадаю цябе пад аслону Бога і паміраю з вялікай радасцю, бо я спадзяюся, ён прыме цябе там”. А я, наадварот, я не мог гаварыць, я толькі жаліўся і енчыў, павіс на яго ланцугах, якія ён насіў на шыі, нават спрабаваў імі ўтрымаць яго, каб не адыходзіў. Але ён сказаў: “ Сыне мой, пусці мяне, я памераю, ці дастатковая мне па даўжыні гэтая магіла”, -- зняў ланцугі разам з каптаном і палез у яму і ўмасціўся ў ёй, як чалавек, хочучы легчы спаць, кажучы: “ Ах, Божа вялікі, прымі цяпер душу, якую ты мне даў, Госпадзе, у рукі твае аддаю я свой дух” etc. І з гэтым пяшчотна самкнуў вусны і заплюшчыў вочы; а я стаяў як слуп і не верыў, што яго любасная душа пакінула цела, бо раней я часта бачыў яго ўзрушанага.
Я чакаў, як ужо сталася звычкай у падобных выпадках, некалькі гадзін каля ямы, у малітве. Калі ж мой дарагі пустэльнік не захацеў уставаць, я спусціўся да яго ў яму і пачаў трэсці, цалаваць і лашчыць; але ў ім ужо больш не было жыцця, ліхая і бязлітасная смерць забрала ў беднага Сімпліцы яго святога старца. Я акрапіў ці, лепей сказаць, забальзамаваў знежыццёвелае цела сваімі слязьмі. Рвучы на сабе валасы і пляскаючы рукамі, я яшчэ пабегаў вакол з жаласным енкам, а тады ўзяўся, уздыхаючы, за рыдлёўку і пачаў засыпаць яго зямлёю; ледзь толькі прысыпаў яму твар, зноў спусціўся ў магілу, разгроб яго, каб яшчэ раз пабачыць і пацалаваць. І так было цэлы дзень, пакуль закончыў гэтыя funeralia, exequias i ludos gladiatorias*, зрабіў усё сам, бо не было ні мараў, ні труны, ні века, ні паходняў, ні насільшчыкаў, ні працэсіі і ніякага кліру, каб як след адпець нябожчыка. * Пахавальны абрад, заўпакойныя маленні і памінальныя гульні гладыятараў (лац.). Г.зн., пустэльнік быў пахаваны як “язычнік”, без хрысціянскіх абрадаў. [
працяг ]
|