|
КНІГА
ПЕРШАЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Сімпліцы намысліў пабачыць свету, але адкідае подумку гэту
Праз некалькі дзён пасля расцялеснення майго дарагога і любаснага сэрцу пустэльніка я пабываў у памянёнага святара і расказаў яму пра смерць майго пана, папрасіў яго заадно параіць, як мне паводзіцца пры такіх вось акалічнасцях. Нягледзячы на тое, што ён моцна адгаворваў мяне далей заставаацца ў лесе і маляўніча апісаў небяспекі, якія атачалі мяне, я цвёрда вырашыў ісці слядамі майго папярэдніка – усё лета рабіць тое, што павінен рабіць пабожны мнішак. Але як яно заўсёды з часам усё мяняецца, так спакваля суцішылася і мая журба па пустэльніку, якая тачыла мне сэрца, а даволі моцны зімовы холад астудзіў унутраны пал майго цвёрдага намеру. Чым больш я вагаўся, тым меней руплівіўся ў малітвах, і, замест каб сузіраць нябесны промысел Госпада Бога, я распаліў у сабе прагу паглядзець свету; і як што я такім чынам не бачыў разумнай карысці, як мне спасобіцца на добрае ў цёмным лесе, намысліў я зноў пайсці да святара, паслухаць, а ці не нараіць ён мне пакінуць лес. З гэтай подумкай я і рушыў да яго сяла; але як толькі выйшаў з лесу, бачу – гарыць яно, сяло, ясным гарам, полымем шугае, шуруе-буруе і ў трубу коціць – там толькі што разгавелася банда райтараў, усё зруйнавала, патаптала-здрасавала, адных сялян павыбівала, другіх паразганяла, а каторых пахапала ў палон, сярод іх і самога святара. Ах, божачкі, якое ж ты злашчаснае і ліхое, жыццё чалавечае! Толькі-толькі пазбыліся аднаго няшчасця, аж шусь! -- маеш другое. Не дзіва, што язычніцкі філосаф Цімон з Афінаў панастаўляў шыбеніц, каб людзі зашморгваліся самі, каб маглі, так бы мовіць, танным коштам і нядоўгай мукай пакласці крэс свайму гаротнаму жыццю. Райтары былі ўжо на адыходзе і ўжо вялі святара, як беднага грэшніка, на шворцы. Некаторыя крычалі: “Прыстрэліць гада!”, а другія спадзяваліся ад яго выкупу. А той узводзіў рукі да сіняга неба і імем Страшнага Суду прасіў-благаў літасці і хрысціянскага мілажалю; які там вам жаль, што вы, мой пане! – адзін райтар збіў яго канём з ног, накінуў на шыю “параграф”*, у таго аж кроў дудкай, і, падаючы, ён выцягнуўся на ўсе чатыры і – ацалі Божа яго нявінную душу! Другім яшчэ пазасталым сялянам абышлося не лепей.
І вось бачачы, што гэтыя райтары ў сваёй тыранічнай жорсткасці зусім пашалелі, другая кодла ўзброеных сялян сыпанула з лесу, -- от як бы хто разварушыў асінае гняздо. І як не закрычаць, як не заягляць, як не наробяць галасу, гвалту і страляніны – у мяне аж валасы дыбарам усталі, я зроду не бачыў такога фэсту, бо шпэсэрцкія і фогельсбэргскія халопы гэтак сама не дадуцца на дурніцу, як і смердзь гесэнская, заўэрландская і шварцвальдская. Тут райтары – лататы! Кінуўшы не толькі захопленае быдла і свае манаткі падхапіць не паспеўшы, усе клункі-шмарункі і – дай бог ногі! – каб самім не дастацца трафеем у мужыцкія лапы; але ўсё-такі некаторыя дасталіся! – вой, не дай бог зведаць іх горкае долі!
Гэтая прыгода крыху падцяла маю ахвоту пакідаць пустэльню і выпраўляцца ў белы свет, бо я падумаў сабе, а што, калі і ў свеце ўсё так броіцца, дык лепей ужо мая нетра. Але ўсё ж хацелася пачуць, што скажа на тое святар. А той ад ран і пабояў ужо ледзьве клеваў, аслаб, зусім знясілеў, але ўсё-такі сказаў, што ні памагчы мне, ні параіць нічога людзкага не можа, бо, вось бачыш, сам у такім стане, што ўжо хоць ты з кіем старцом ідзі, пры дарозе прасі кавалак хлеба надзённага, а калі я і далей заставацьмуся ў лесе, дык каб не спадзяваўся на ягоную, святаровую, дапамогу і суцяшэнне, бо, вось сам падзівіся на чыстыя вочы свае, усё дымам-попелам пайшло. І я зажураны пайшоў у лес дахаты, і як што з гэтай вылазкі ў людзі вярнуўся мала суцешаны, а больш сам у сабе намыслены, дык пастанавіў сабе ніколі не пакідаць нетру, а прысвяціць сваё жыццё, як і мой пустэльнік, сузіранню Божага промыслу; тым часам я не забыўся яшчэ падумаць, што як бы гэта абысціся без солі, якое мне раней фундаваў святар, як бы гэта жыць наадасобку ад усіх людзей і не патыкацца да іх.
*Пятля, якая нагадвае знак “параграфа” (жарг.).
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Сімпліцы расказвае, якія кашмары ўчынілі сялянам ліхія райтары
Каб спраўдзіць гэтую маю пастанову і стацца сапраўдным лясным анахарэтам, я ўсцягнуў на сябе пакінутую пустэльнікам кашулю-вярэту і падперазаўся ягоным ланцугом, і не таму, што была патрэба ў знемажэнні маёй разбуялай плоці, а каб прыпадобніцца да папярэдніка як у жыцці, так і ў адзенні; а і не толькі, а каб неяк ахараніцца гэтымі святымі шатамі ад суровай зімовай сцюжы.
Другога дня пасля таго, як была сплюндрана і спалена святаровая вёска, акурат я сядзеў у сваёй халабудзіне і пад малітву пёк сабе на пасілак жоўтую рэпу, абчапілі мяне нешта з сорак-пяцьдзесят мушкецёраў; яны, хоць і дужа здзівіліся з нязвыкласці маёй асобы, усё-такі прашуравалі ўвесь мой будан, прамацалі ўсё чыста-начыста, чаго толькі шукаючы; а як што апрача кніг нічога не было, дык і іх параскідалі, бо навошта ім тыя кнігі. Нарэшце, разгледзеўшы мяне як след і зразумеўшы па маім пер’і, якога палёту птаха яны ўпалявалі, мушкецёры лёгка прыйшлі да высновы, што спадзявацца на добры луп тут не выпадае аніяк. Яны падзівавалі з майго суровага пустэльніцтва і ўмілажаліліся з маёй пяшчотнай маладосці, асабліва афіцэр, які імі камандаваў; ён абышоўся са мною дужа пачціва і ласкава і папрасіў мяне паказаць яму і ягоным людзям дарогу з лесу, у якім яны заблудзіліся і ўжо доўга швэндаліся як упоцемках. Я зусім не ўпіраўся, а, каб хутчэй пазбыцца непрыязных гасцей, павёў бліжэйшай дарогай да вёскі, у якой мой дарагі святар быў так блага патрактаваны, тым болей, што ніякай іншай дарогі я і не ведаў. Але як толькі мы выйшлі з лесу, тут і нахапіліся на сялян, нешта чалавек з дзесяць, частка якіх была азброена стрэльбамі-ручніцамі, а астатнія, бяззбройныя, корпаліся ў зямлі, нешта заграбаючы. Мушкецёры з ходу шухнулі на іх, закрычалі: “Стой! Стой!” – але тыя не стаялі, а адказалі стрэламі. Убачыўшы, што жаўнераў куды больш, чым іх, яны сыпанулі хто куды, так што стомленыя мушкецёры не ўгналіся за імі і не злавілі ніводнага. Затое ім закарцела даведацца, што гэта там тое халоп’е закапала. Гэта далося спарней, чым пагоня, бо сяляне пакідалі матыкі і рыдлёўкі, якімі працавалі. Але толькі капнулі раз, другі, як пачулі голас з-пад зямлі: “О сабакі! О пацяробкі! О праклятыя здзіры! Думаеце, неба пакіне без адплаты вашу нехрысціянскую ссучанасць і гнюсоту? Аж не, ёсць яшчэ спраўныя хлопцы на зямлі, яны пакараюць вас за нялюдзкасць вашу, і зышчацца вам. І спагоніцца з вас, і заісціцца праўда мая, і ніхто з вашых памагатых не падліжа вам сракі”. Жаўнеры пераглянуліся, не ведаючы, што тут рабіць. Адны падумалі – здань, а я падумаў, што мне прыснілася. А афіцэр загадаў адважна капаць далей. Дакапаліся да бочкі, прабілі века, а там хлопец, без носа, без вушэй, але ўсё яшчэ жывы. Як толькі ён крыху ачуняў і пазнаў некаторых сваіх, ён расказаў, што зрабілі сяляне ўчора, -- калі некаторыя з яго атрада былі на рэквізіцыі, шасцёра з іх дасталіся ў палон, пяцёх з іх, паставіўшы ў рад, праз гадзіну застрэлілі, а шостага апошняга, яго, куля не дастала, бо папярэдне прашыла пяць галоў і патыліц, а на ім страціла сілу, дык яму проста абцялі нос і вушы, але перад тым яшчэ прымусілі, каб ён тым, пяцём (s. v.*), вылізаў сракі. Пасля таго як гэтыя без Бога і сумлення ў сэрцы прахвосты так ганебна яго спагардзілі і збэсцілі, ён, як што яны хацелі пасля лізання адпусціць яго жывога, пачаў гаварыць на іх розныя непатрэбныя брыдкія словы, якія толькі мог выдумаць і згадаць, называў іх самымі паскуднымі мянушкамі, спадзеючыся, што каторы з іх у гневе не пашкадуе яму кулі ў лоб. Але марна, як толькі давёў іх да шалу, тыя запакавалі яго ў гэтую вось барылу і закапалі жыўцом, кажучы: калі ўжо так палка прагнеш смерці, дык не ж, з усёй нашай ласкай не можам у тым дагадзіць, жыві і гадуйся сабе на здароўе!
Пакуль ён бедаваў з перажытай плягі, ішла тым часам лесам другая шобла пешых ваякаў; яны якраз і перанялі ўцекачоў-сялян, пяцёх схапілі, астатніх пастралялі. Сярод палонных чацвёра былі з тых, што нядаўна так нягожа абышліся з райтарам-рэквізітарам. Калі цяпер абедзве грамады апыталіся і пазналіся, што ўсе яны свае, яны сышліся разам і разам паслухалі ад самога райтара, што сталася з ім і яго таварышамі. Трэба было бачыць і чуць, як узяліся за тых сялян. Адны хацелі ў парыве першай лютасці прыстрэліць іх на месцы, другія сказалі: “Не, гэтых птахаў трэба спачатку як след абскубсці і ўваліць ім таго, чаго яны запазычыліся на гэтым райтары”. А тым часам ім ужо і без таго ўвалілі мушкетамі ў рэбры, тыя аж крывёю харкалі. Тут наперад выступіў адзін жаўнер і сказаў: “Панове, паколькі яно ёсць ганьбаю ўсяму нашаму ваяцтву, што гэтага прахвоста (і паказвае на бязносага) пяцёра халопаў так жудасна патралявалі, дык справядліва будзе сцерці пляму ганьбы, і хай гэтыя вышчаркі выліжуць райтару стакроць”. А яшчэ адзін сказаў: “Гэты бузук не варты такога гонару; калі б ён не быў такі баўтрук і воўнянка, ён не даўся б на пацеху ўсім на такую ганебную справу, а лепей тысячу разоў памёр”. Нарэшце ўсім гамузам пастанавілі, што кожны селянін мусіць справіць абрад ачышчэння ад ганьбы на дзесяці жаўнерах і пры кожным разе мае сказаць: “Гэтым самым я пагашаю і сціраю ганьбу, учыненую ўсяму жаўнерству праз тое, што адзін ваш прыдурак вылізаў нам сраку”. А толькі ўжо потым яны вырашаць канчаткова, што ім рабіць з сялянамі, калі тыя выканаюць ачышчальны абрад. І з гэтым прыступілі; але сяляне былі такія цвердалобыя, рогам уперліся, што ані на просьбу, ані на грозьбу, ні на абяцанку, што іх паадпускаюць жывых, ні на сякія-такія прынукі не паддаліся. Адзін жаўнер адвёў пятага селяніна, які зацяўся і не хацеў лізаць, крыху ўбок і сказаў яму: “Калі ты зрачэшся Бога і ўсіх яго святых, я адпушчу цябе, куды схочаш”. На гэта селянін адказаў, што колькі жыве, а не меў нічога супроць святых, што не меў нічога супроць Бога і не мецьме, бо, як урачыста (soleniter) бажыўся, ён не ведае Бога і не прагне ў ягонае царства. На гэтым жаўнер пусціў яму кулю ў лоб, але эффект быў такі, як бы яна пацэліла ў жалезную гару. Тады жаўнер высвіснуў з похваў шырокую шаблю і сказаў: “Хо-ля, дык ты з пякельнага роду? Я абяцаў адпусціць цябе, куды сабе хоч; глядзі, зараз я адпраўлю цябе ў пякельнае царства, калі ты не хочаш нябеснага”, -- і разваліў яму чэрап аж да зубоў, Калі той упаў, жаўнер сказаў: “Так трэба помсціць, так трэба караць гэты зброд і ныне і прысна”.
Тым часам жаўнеры ўзяліся і за астатніх чатырох, якія павінны былі лізаць, яны прывязалі іх да паваленага дрэва за рукі і за ногі так пекненька, што (s. v.) іхнія задніцы пазіралі ўгору, сцягнулі з іх нагавіцы, узялі некалькі сажняў кнота, завязалі на іх вузлы і прасмычылі тымі мазалястымі кнатамі задніцы так спраўненька – аж кроў пасвіствала. “Вось так, -- сказалі яны, -- хай падсохнуць ачышчаныя сярыльніцы”. Сяляне хоць і крычалі жаласна, але спагады ім не было, жаўнеру хай хвілінная, але ўсё-такі пацеха, яны не пераставалі пілаваць, пакуль не выдралі скуру і мяса да касцей. А мяне зноў адпусцілі дахаты, бо прыбылая група жаўнераў сама ўжо ведала дарогу далей. Дык я ўжо і не далажу вам, чым там яно ўрэшце ўсё скончылася з тымі сялянамі.
* s.v. (salva venia) – хай даруе чытач (лац.).
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы застаецца без свайго майна, яму сніцца сапраўдная вайна
Калі я вярнуўся да сябе, аказалася, што мой агмень і ўвесь хатні набытак разам з запасамі сякога-такога майна і ежыва, якое я цэлае лета даглядаў у сваім агародзе і цяпер бярог, каб было што ўкусіць зімой, -- усё чыста прапала, як у торбу ўпала. “ Што зараз?” – падумаў я. Вось калі ўпершыню бяда навучыла мяне маліцца. Я сабраў усю сваю рызыку і жывы розум, каб даць сабе рады – што мне рабіць, што мне чыніць, ці пакінуць усё, як было. Але як што дасведчанасці мне не ставала, дык я і не мог прыдумаць нічога разумнага; самае лепшае аддаць сябе ў рукі Госпаду Богу і ўсе мае надзеі пакласці толькі на яго аднаго; інакш, несумненна, я дамся ў роспач і загіну. Да таго ж з памяці ніяк не выходзілі ўсе акалічнасці з пакалечаным святаром і тымі пяццю сялянамі, з усім, што я тагодня пачуў і пабачыў; я не так думаў пра які там наедак ці як ацалець самому, як пра тую антыпатыю, што паўстала і пануе цяпер паміж жаўнерамі і сялянамі; але з дурасці сваёй не мог нічога выдумаць, як толькі заключыць, -- і ў гэта я верыў, -- што мусова павінны быць на свеце людзі дваякага кораня, не аднаго толькі Адамавага, але яшчэ й іншага, дзікага і рахманага, як сярод неразумных жывёл, -- нездарма ж людзі так люта ўзаемна грызуцца.
У такім роздуме я і заснуў ад маркоты і холаду і з пустым чэравам. І мне прыснілася, быццам усе дрэвы вакол майго будана раптам неяк перамяніліся, і вось ужо яны нейкія зусім іншыя. На кожнай вяршаліне сядзела па кавалеры, а ўсё голле было ўвешана не лісцем, а рознымі дзецюкамі-маладзікамі; у кторага з іх была ў руцэ доўгая дзіда, у каторага мушкет, кароткая стрэльба, алебарда-пратазанка, сцяжок, ці там барабан які, ці жалейка. Смех было глядзець, бо ўсё так спраўна і строга паступова, па ступенях, падзялялася. А карэнне было з люду чорнага, непатрэбнага – такія там рамеснікі, падзёншчыкі, а найбольш халопаў і ім падобных, але тым не меней якраз яны і давалі дрэву сваю сілу і потым зноў аддавалі, калі дрэва з часам сілу траціла; так, яны кампенсавалі недахоп апалага лісця сваім усё большым і большым знемажэннем і высільваннем. Пры гэтым яны ўздыхалі і шкадавалі тых, якія сядзелі на дрэве, і, трэба сказаць, незаслужана; увесь цяжар дрэва прыпадаў на іх і ціснуў так, што ў тых з торбаў, з-пад сямі замкоў, сыпаліся грошы. Калі ж грошам дужа не хацелася, іх проста выграбалі паны-камісарыі венікамі, гэта называлася вайсковай рэквізіцыяй, і тады з сэрца – стогны, з вачэй – слёзы, з пазногцяў – кроў, з ног – мозак-мархель. Але і пасля гэтага заставаліся іншыя людзі, ні з тых, ні з іншых, іх называлі блазнотай; гэтым ужо клопат малы: усё і ўсіх бралі на пагоршкі і на плечы і, несучы крыж свой, замест уцехі трывалі ўсялякія здзекі і гвалт.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы сніць пра вайну і паходы, з якіх жаўнеру ніякай выгоды
І вось усе карані гэтых дрэў жылі ў вечным енку і цярпелі гароты, пляготы, але і тыя, што на ніжэйшых галінах, прабіваліся ўгору праз цяжкую працу і ўсялякія нягоды; аднак ім хоць часам было крыху весялей на душы, чым тым, на карэнні, яны ж, праўда, былі больш учэпістыя, жорсткія, часцей за ўсё бязбожнікі, і перападала ад іх караням ліха не менш, чым ад верхніх. Сярод іх хадзіла модная песенька: Голад, холад, дождж і снег
Пераносіць звык ландскнехт;
Гвалт, бяспраўе, мардабой
Дзелім мы паміж сабой. Гэтыя вершыкі былі не проста пустая выдумка, яны добра клаліся на іхняе жыццё і промыслы, бо жэрці і жлукціць, галадаць і смягнуць, блудзіць і юрыць, бразгаць і граць, напівацца і пахмяляцца, забіваць і быць забітым, мардаваць і мардавацца, мучыць і быць мучаным, гнаць і быць гнаным, палохаць і баяцца, рабаваць і быць абрабаваным, плюндрыць і быць сплюндраным, нішчыць і быць знішчаным – якраз у гэтым і быў іхні адзіны сэнс, мэта і сутнасць, і нішто іх не спыняла – ні зіма, ні лета, ні снег, ні лёд, ні гарач, ні холад, ні дождж, ні вецер, ні горы, ні долы, ні лясы, ні балоты, ні ямы, ні цясніны, муры, вада, агонь, ні завалы, ні бацька, ні маці, ні браты і сёстры, ні нават загроза жыццю, душы і сумленню, ні сама страта жыцця, ні страта неба ці чаго яшчэ іншага, што мае назву. А яны віравалі ў сваім упраўстве з неаціхальным запалам, пакуль адзін за адным у бясконцых сутычках, бойках, аблогах, штурмах, паходах, і нават на кватэрах, дзе толькі і ёсць жаўнеру сапраўдны рай на зямлі, асабліва калі ўдавалася забрытаць сытых сялян, не гінулі, не паміралі не калечыліся і не здыхалі, як сабакі, усе да аднаго, да тых нямногіх, якія за маладым векам не бралі, не кралі і на сабе не аралі і якім наканавана стаць жабракамі, тулягамі і валацугамі. Найбліжэй да гэтых убогіх рупліўцаў у вечнай пагрозе свайму хісткаму стану сядзелі старыя курашчупы, якія на ніжнім вецці доўгія гады прабіваліся, прагрызаліся ў людзі і якім пашыхавала-такі ўмыкнуцца ад смерці. Гэтыя ўжо выглядалі спаважней і сумленней, чым ніжэйшыя, бо вось, бач, яны ўжо ўсцерабіліся на сук вышэй. Але над імі гнездаваліся яшчэ вышэйшыя, якія больш успрытніліся, бо камандавалі ніжнімі і называліся малацьбітамі, бо сваімі доўбнямі і алепердамі (s. v. – алебардамі) вымалочвалі спіны і галовы простым ландскнэхтам і мазалі задніцы мушкецёрам, каб тыя не забываліся мазаць стрэльбы.
Над гэтымі ўсімі тырчаў сук без вецця, нацёрты рознымі дзіўнымі рэчывамі, а найперш мылам непрыязні, таму ніводзін просты чалавек, будзь ён хоць са шляхты, ані мужнасцю, ані спрытам, ані ведамі не мог працерабіцца туды і вышэй, памажы яму Божа, як бы ён ні пяўся, бо сук той быў адпаліраваны гладчэй, чым мармуровы слуп або сталёвае люстэрка. А па-над – сядзелі тыя са сцяжкамі; былі яны каторае маладзейшае, каторае ў веку; маладзейшыя пападсаджвалі сваіх лабузнікаў-братоў-сватоў, старыя ж часткова самі ўспяліся альбо падняліся па срэбраных лесвіцах, называных подмазкамі, або з якім іншым прынагоджаным падсобкам за недахопам шчасця ці іншага спосабу. Яшчэ лепш умасціліся зверху тыя, якім таксама хапіла свайго клопату, каб прагрэбціся моцнымі локцямі; яны мелі тую перавагу, што маглі пакаваць у свае торбы тое сала, якога яны наўкройвалі нажамі з карэння, -- гэта ў іх называлася кантрыбуцыяй; найдзельней і найспрытней уганяліся яны тады, калі падыходзіў які камісарый з тазікам і вытрасаў пад дрэва грошы, -- тут ужо не зявай! Роўні ў спрыце ім не было, яны паспявалі ўварваць самыя смачныя кавалкі, а хвіга з макам – ніжнім.
Гэтыя ніжнікі больш каналі з голаду, чым ад рукі ворага, тым часам як верхнія такой долі не падупадалі. Ці не таму менавіта адсюль увесь час караскаліся, батаваліся, успіналіся на гэтае дрэва, колькі ў каго моцы і спрыту, і ўсім хацелася дастацца наверх, на шчаслівае месца, але пракідалася сярод іх і такое ахвосце і пазаддзе, якое і не заслугоўвала жаўнерскага харчу, яно мала дбала пра вышэйшае месца, а проста спраўна несла сваю павіннасць. Ніжнія, сквапныя, прагныя, спадзяваліся і чакалі, калі ападуць верхнія, каб сесці на іх месца, і калі катораму з дзесяці аднаму ніжняму ўдавалася ўспасобіцца ўгору, дык звычайна здаралася гэта аж у тым прыкрым веку, калі лепей бы ўжо яму дома на чарэне пранцы выграваць, чым у чыстым полі перціся на дзіду непрыяцеля; а калі каторае стаяла цвёрда і службу сваю спраўляла спраўна, калі адважна сунулася насустрач усім небяспекам, дык яму зайздросцілі іншыя, і часта хай тое праз непрадбачаны выпадак ці праз іншае глупства ў яго адбіралі і пасаду і жыццё. Ні за што тое каторае так аберуч не трымалася, як за памянёнае гладкае месца; і калі хто меў увішнага фельдфебеля ці сяржанта, дык дужа неахвотна расставаўся з ім, а калі іншага выйсця не было, пераводзіў яго ў фэндрыкі – прапаршчыкі. Таму з большай ахвотай набіралі замест старых жаўнераў маладых дрыстуноў (вой! – s. v.), камердынераў, падрослых пахолкаў, збяднелых шляхцюкоў, сваякоў і іншы зброд і ўсялякіх блюдалізаў, якія з горла дралі хлеб у служылых і выбіваліся ў тыя фэндрыкі.
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы даведваецца, што не толькі вяльможа, але і ландскнэхт ваяваць добра можа Гэта так маркоціла аднаго старога фельдфебеля, што ён пачаў слініць і жаліцца, а малады шляхціц адказаў яму: “Ці ж ты не ведаеш, што ўсе вайсковыя пасады абсаджваюцца шляхетнымі пярсонамі, якія на гэта найбольш здатныя? Сівыя бароды не б’юць непрыяцеля, ды ці не адно і тое самае было б наняць замест вас стада казлоў! Спяваюць жа: Старыя змоглыя быкі –
Адна марока ў стадзе:
Аб’ездзіць, змуляе бакі,
Дзе ўзлезе, там і сядзе.
Надзеі больш, калі бугай
Гізуе пад ахвоту,
А старасць мудрая няхай
Маралізуе цноту. Скажы мне, стары дышаль, ці ж прыродны шляхціц-афіцэр не ў большай пашане ў жаўнераў, чым тыя, што выбіліся з простых кнэхтаў? І якая тут можа быць ваенная дысцыпліна, калі нямашака ніякага рышпекту? Хіба палкаводзец не больш давярае шляхціцу, чым вясковаму дзяцюку, які ўцёк ад бацькавага плуга, не ўзычыўшы дабра сваім родным? Прыстойны шляхціц хутчэй з гонарам памрэ, чым запляміць і спаганьбіць свой род нявернасцю, дэзерцірствам альбо яшчэ якім паскудствам. Таму шляхціцу і перавага на ўсіх шляхах, ва ўсіх ужытках, як тое мы бачым у leg. Honor. Dig. De honor. Ёганэс дэ Платэа ясна кажа, што пры адправе пасады шляхце даецца перавага, каб шляхту заўсёды прымалі першую, перад плябеямі; такое прынята ў любым праве і пацверджана ў Святым Пісанні, бо: Beata terra, cujus rex nobilis est”*, кажа Сірах сар. 10, а гэта і ёсць цудоўнае сведчанне за перавагу, якая належыцца шляхце. І калі ўжо хто з вас – сапраўдны жаўнер і ўмее не проста нюхаць порах, але і задаць ворагу пытлю, дык гэта яшчэ не азначае, што за адно гэта ён ужо й здольны камандаваць іншымі і хавацца за іх спіны, бо, якраз яно наадварот, такая цнота – не хавацца – уласцівая шляхце ад прыроды альбо прышчэплена і развіта з маладосці. Сэнэка кажа: “Habet hocproprium generosus animus, quod concitatur ad honesta, et neminem excelsi ingenii virum humilia delectant et sordida”, што азначае “ Гераічны дух мае ў сабе ўласцівасць, якая заўсёды падаграецца да дзеяў сумленных; таму ніякі высокі дух не мае ахвоты да рэчаў дробязных і нягодных”. Гэта выявіў таксама паэт Фаўстус у такім двухрадкоўі: Si te rusticitas vilem genuisset agrestis,
Nobilitas animi nоn foret ista tui.** Апрача таго у шляхты больш, чым у сялян, спосабаў дапамагаць сваім падначаленым грашыма, а слабым ротам – людзьмі. Так, як і паводле выслоўя, выглядала б няхораша, калі б селяніна ставілі вышэй за шляхціца, дый самыя сяляне былі б дужа пыхлівыя, калі б іх вось так спадналуску рабілі панамі, як той казаў: Ніякі меч не раскроіць так лоб,
Як калі панам робіцца халоп. Калі б сяляне, як шляхта паводле здавён ухваленага звычаю, мелі вайсковыя пасады, яны ж, вядома, так проста і хутка не дапусцілі б да сябе ніводнага шляхціца; таму, калі б жаўнеры фартуны, як іх называюць, дапамаглі вам узнесціся да высокае чты, як бывае звычайна, з вас выціснулі б увесь дух, перш чым прызналі б вас вартымі чагось лепшага, і вой-вой колькі яшчэ разоў падумалі б, перш чым павысіць; а на той час жар вашай маладосці, глядзіш, ужо і прытушаны, і вам ужо наўме, як бы дзе прыладзіць і прыгрэць свае лядашчыя сцёгны, ужо зруйнаваныя службай, без увагі на тое, хто ваюе і сумленна служыць; вось якраз таму малады сабака на паляванні лепшы за старога льва.
Фельдфебель адказаў: “Які дурань будзе служыць і палезе на пэўную смерць, калі яму не свеціць, што за свае выдатныя паводзіны ўздатніцца на падвышку, калі не будзе аддзячаны за верную службу? На чорта такая вайна і такая служба! У такім разе адразу выходзіць наяву, хто ёсць хто, ці ты добра паводзіш сябе, а ці, як заяц, шыешся ў кусты. Я ці раз чуў ад нашага старога палкоўніка, што ён не пацярпеў бы ў ваім палку такога жаўнера, які не ўпэўнены, што сваім умельствам не цягне на генерала. Кожны мусіць прызнаць, што тыя народы, якія пасабляюць простым, але здольным ваякам выходзіць наперад, не забываюць пра іх адвагу, звычайна перамагаюць, як гэта бачым у персаў і туркаў. Сказана ж: Выдатна свеціць лямпа і гарыць няблага,
Не гаснучы, калі ў ёй якасны алей.
Жаўнеру служыцца ахвотней і мілей,
Калі апалачана ягоная адвага”. Шляхціц адказаў: “Калі здатнасць прыстойнага чалавека відна, ён, вядома ж, не будзе не заўважаны; сённяшнімі часамі колькі хоч бачыш людзей, якія ўзяліся за меч ад плуга, ад іголкі, ад ботаў, ад авечых кашараў, а вось жа годна трымаюцца і сваёй гераічнай адвагай і слаўнай бясстрашнасцю сягнулі па-над простую шляхту аж у графы і князі. Кім быў імператараў Ёган фон Вэрд? Кім -- швед Стальганс? Кім гесэнскія малышы Якаб і Шт. Андрэасы? А колькі-колькі яшчэ такіх, якіх я, каб сказаць карацей, не называю. На цяперашні час не навіна, гэта і нашчадкі прызнаюць, што простыя, пачцівыя людзі праз вайнгу дайшлі да высокай пашаны, як гэта было і за колішняй парою. Тамерлан стаў магутным валадаром і страшным тыранам усяго свету, а раней жа быў свінапасам; Агафокл, кароль Сіцыліі, -- а ганчароў жа сын; Тэлефас, карэтнік, стаў каралём у Лідыі; бацька імператара Валенцініяні быў канатнік; Маўрыцы Кападокс, прыгонны слуга, быў імператарам пасля Тыберыя; Ёганэс Зэмісцэс прыйшоў на імператарства са школы. Як сведчыць Флавій Вопіск, імператар Баноэ быў сынам беднага школьнага настаўніка; Гіпербол, сын Хэрміда, спярша быў сынам ліхтаршчыка, а потым князем у Афінах; Юстын, які правіў перад Юстыніянам, да свайго валадарання пасвіў свінні; Хуга Капэт, сын мясніка, -- потым кароль Францыі; Піцар, таксама свінапас, а потым маркграф у Вест-Індыі, грошы цэбрамі мераў”.
Фельдфебель адказаў: “Усё гэта, вядома,, хоць і лье ваду на мой млын, але тым часам я бачу, што дзверы да больш высокага стану, у шляхецтва, нам зачынены. Шляхту, ледзь-ледзь яна вылузаецца, ужо садзяць на такія месцы, пра якія мы ніколі і марыць не можам, хай нават на большае здатныя, чым каторы набіліст, прадстаўлены сёння да палкоўніка. І як сярод сялян часам прападае светлы геній, бо яму не стае сродкаў на адукацыю, так старэе і сёй-той стары жаўнер са сваім мушкетам, а мог бы камандаваць палком і саслужыць вялікую службу камандуючаму”. * Шчасны той край, цар у якім высакародны (лац.).
** Калі сельская прастата спарадзіла цябе такім нізкім, дык такая высакароднасць не была б уласцівая тваёй душы (лац.).
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы упершыню лес пакідае, бо галадаць яму не выпадае Не хацелася слухаць далей старога ёлупа, але хай сабе таўчэ, хай скардзіцца, колькі яму ўлезе; часта ж ён лупцаваў небаракаў-жаўнераў, як сабак. Я адвярнуўся і глядзеў на дрэвы, якіх было тут процьма (уся зямля зарасла), сачыў, як яны хістаюцца, натыкаюцца адно на адно; аж тут сыпанулі роем: пайшла страляніна, хто забіты, хто жывы; імгненне – вось ён жывы і здаровы, а вось ужо й мёртвы; раз-два-тры – і адзін ужо без рукі, другі без нагі, трэці без галавы. Калі я так глядзеў і падзіўляўся, тут і падалося мне, быццам усе тыя дрэвы, якія я бачыў, зліліся ў адно і на вяршаліне яго сядзіць сам бог вайны Марс і накрывае голлем дрэва ўсю Еўропу. Яшчэ падумаў, што дрэва магло б пакрыць ценем увесь свет, каб не быў такі белы, бо яно авявалася зайздрасцю і нянавісцю, злосцю і зласлівасцю, лізаблюдствам, пыхай і скнарнасцю ды іншымі падобнымі далікатнымі цнотамі, як і пранозлівым паўночным ветрам, яно здавалася зусім рэдкім і прагалістым, а на камлі былі напісаны такія вершы: Жалезны дуб, пашкуматаны да камля,
Скідае сам з сябе ўсю лішніцу галля:
Вайна ўнутры сябе і звады між братоў
Нясуць пакуты ўсім, нясуць разлад у дом. Моцны посвіст гэтага шкодлівага ветру і шум самога дрэва разбудзілі мяне, і я ўбачыў, што я зусім адзін. І тут я зноў пачаў згадваць і сваім мозачкам разважаць, што ж мне такі рабіць далей. Заставацца ў лесе – не выпадае, бо ў мяне ўсё чыста пабрана, і я не змагу, проста не выжыву; анічога ж не засталося, толькі некалькі параскіданых і пашкуматаных кніг. Збіраючы іх, прыплакваючы і ў душы заклікаючы Бога, каб ён кіраваў мною і вёў мяне, куды трэба, я раптам знайшоў лісток, напісаны яшчэ пустэльнікам, -- у ім было:
«Дарагі Сімпліцы, калі ты знойдзеш гэтае пісямко, сыходзь адразу з лесу і ратуй сябе і святара з паўсталай бяды; бо ён зрабіў мне шмат добрага. А Гасподзь Бог, Якога ты павінен увесь час мець перад вачыма і Якому рупліва маліцца мусіш, прывядзе цябе ў такое месца, дзе табе будзе добра. Толькі ж май Яго перад вачыма, толькі ж старайся смлужыць Яму так, быццам я яшчэ з табою ў лесе. Думай бесперастанку пра мае апошнія словы, і ты выстаіш. Vale*”. Я пацалаваў гэтае пісьмо і магілу пустэльніка мо тысячу разоў і без доўгіх збораў выправіўся ў дарогу шукаць людзей; ішоў два дні па гасцінцы, і дзе заставала мяне ноч, там я шукаў дуплістага дрэва, каб мець прытулак; еў букавіцы, якія збіраў па дарозе. А трэцяга дня апынуўся непадалёк ад Гэльнхаўзэна на даволі роўным полі; і там я меў ужо проста вясельную гасціну, бо на полі было многа снапоў, сяляне, якіх рассеялі пасля славутай бітвы пад Нёрдлінгенам, на маё шчасце, не паспелі іх прыбраць. У снапах я ўладзіўся нанач, бо ўжо было страшна холадна, павячэраў нацёртай у далонях пшаніцай – прысмакі, а не ежа, царскія лагодкі, даўно нічога такога ў роце не было. * Бывай (лац.).
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы ізноў, другім разам, як і раней, здаецца ўсім блазнам Развіднела; я падсілкаваўся пшаніцай і рушыў да Гэльнхаўзэна; гарадскія брамы, некаторыя абгарэлыя, некаторыя ўмацаваныя, былі адчынены. Я ўвайшоў, але не ўбачыў ні душы; больш таго, на вуліцах сюд-туд ляжалі трупы, многія раздзетыя да бялізны. Страшнае відовішча – гэтая карціна, кожны можа ўявіць сабе; мая прастадушнасць не магла падказаць мне, якое такое няшчасце магло прывесці горад да такога стану. Але неўзабаве я даведаўся, што імперцы знянацку напалі тут на веймарцаў і вось так крута з імі абышліся. Я зайшоў у горад, як два разы шпурнуць каменем, а ўжо нагледзеўся ўсяго па горла; тады я зноў вярнуўся назад, прайшоў нейкую лугавіну і выйшаў на дарогу, якая вывела мяне да цудоўнай крэпасці Ханаў. Убачыўшы яе першую варту, я хацеў тут жа павярнуць назад; але згледзелі і мяне, два мушкецёры дагналі, схапілі і завялі ў свой cоrps de garde*.
Тут я мушу збольшага расказаць чытачу пра свой тагачасны вонкавы выгляд, перш чым пачынацца пра тое, што і як было ў мяне далей. Вопратка на мне і ўсе рухі былі вельмі нязвыклыя і дзіўныя, губернатар нават загадаў намаляваць з мяне партрэт. Найперш: валасы за тры з паловай гады не стрыгліся ні па-грэцку, ні па-нямецку, ні па-французску, не часаліся, не завіваліся, а тырчалі космамі ва ўсе бакі; запарушаныя шматгадовым пылам замест пудры ці валасянога парашку, як гэта бывае ў блазнаў, яны так маляўніча ўклаліся на галаве, што мой бледна-жоўты тварык выглядваў з-пад іх, як растапыраная сава, калі мерыцца дзяўбці мыш, альбо калі высочвае яе. А як што я хадзіў з голай галавой, мае валасы былі ад прыроды кучаравыя, ну, дык жывы турка ў турбане. Астатняя вопратка выдатна пасавала да галоўнай акрасы; на мне быў пустэльнікаў каптан, калі б нехта зарызыкаваў назваць яго каптаном, бо зыходны матэрыял, з якога ён быў пашыты, цалкам вычарпаў сябе і ад яго не засталося нічога, апроч, бадай што, формы, якая, залатаная тысячай латак ўсялякага колеру і фарбы, падшываная, цыраваная-перацыраваная, гафтаваная і фастрыгаваная, усё яшчэ заставалася формай і прэтэндавала на нейкі фасон каптана. На гэтым заношаным і шматкроць рэстаўраваным каптане я яшчэ насіў безрукавую кашулю-лёлю, замест пальта ці плашча, бо рукавы мне якраз надаліся на неблагія панчохі, і таму я іх паабцінаў; а само цела было ззаду і спераду аперазана жалезнымі ланцугамі, крыж-накрыж, як гэта ў намаляванага св. Вільгельма альбо як усё роўна ў тых, каго захапілі ў палон басурманы, і тыя пасля жабравалі па краіне. Чаравікі мае былі выразаны з дрэва, валокі-подвязкі – з ліпавага лыка, а самыя ногі былі чырвоныя, бы печаны рак, нібы на іх былі панчохі гішпанскага цялеснага колеру, альбо калі б я нашмараваў іх фарнамбукам. Мне здавалася, што калі б мяне тады падабраў які-небудзь прахадзімец, рыначны шарлатан ці валацуга і выдаваў за самаеда або за грэндландца, думаю, вялікія грошы меў бы – не адзін дурань прасадзіў бы свае крэйцэры, каб пабачыць такое дзіва. І хоць любы разумны чалавек па адным змардаваным і згаладалым выглядзе і заношаных трантах мог бы лёгка здагадацца, што ні ад якога гаспадара я не ўцякаў, ні ад якой гаспадыні, ні з двара вяльможнага пана, тым не менш мяне ўзялі пад варту. Жаўнеры лупілі на мяне вочы, а я з такім самым подзівам разглядваў блазенскі ўбор іхняга афіцэра, якому я адказваў на яго пытанні. Я не ведаў, хто гэта быў -- ён ці яна, бо афіцэр насіў валасы і вусы па-французску, абапал галавы спадалі дзве доўгія касы, як конскія хвасты, а вус быў так падстрыжаны і закручаны, што паміж ротам і носам засталіся лічаныя кароткія валаскі, вялікія вочы трэба мець, каб разгледзець, не тое што палічыць. У не меншы сумнеў наконт яго полу прыводзілі яго шырозныя штаны, больш падобныя на спадніцу, чым на пару мужчынскіх калашын. Я нават быў падумаў сабе: “Калі гэта мужчына, дык у яго павінны быць барада як барада, вусы як вусы, а гэты індык не такі малады, як з сябе строіць. Калі ж ён баба, дык чаму ў старое шлюхі столькі шчэцця на мордзе? Пэўна, усё-такі баба, бо прыстойнага мужчыны барада ніколі не будзе, як здрасаваная пожня, нават казлы і тыя ад сораму не ступілі б у чужое стада, калі б ім так уцялі бароды”. Я ўсё стаяў у паняверцы і не ведаў, якая цяпер мода, і нарэшце рашыў лічыць яго разам і за мужыка і за бабу.
Гэтая мужыкаватая баба ці бабісты мужык загадаў абшукаць мяне, але пры мне нічога не знайшлі, апрача кніжкі з бяросты, у якую я запісаў свае дзённыя малітвы і куды паклаў тую цыдулку, якую, як пра тое расказана ў папярэднім раздзеле, пакінуў мне на развітанне мой пабожны пустэльнік. Кніжку афіцэр адабраў; мне не хацелася страціць яе, і я ўкленчыў перад ім, абхапіў яго за калені і сказаў: “Ах, мой мілы гермафрадыт, пакінь мне мой малітоўнічак!” – “Ашавурак дурны, -- адказаў ён, -- які чорт сказаў табе, што мяне завуць Герман?” – і загадаў двум жаўнерам звесці мяне да губернатара, даў ім з сабою і памянёную кніжку, бо то ж сам гэты задавасты кавалер, як я заўважыў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць.
І мяне павялі ў горад, і ўсе збягаліся падзівіцца, быццам сюды прывялі напаказ марское страшыдла; і кожны пнуўся лепш разгледзець дзівосіну, і кожны бачыў ува мне тое, што хацеў бачыць. Адны прымалі мяне за шпіёна, другія за вар’ята, шаленца, а тыя зноў жа за дзікага чалавека, а ўжо аж тыя за духа, за здань ці яшчэ за якое дзіва, якое павінна стацца нейкай таямнічай азнакай ці тое неба, ці пекла. Былі і такія, што лічылі мяне блазнюком, юродам, яны, бадай, былі б найбліжэй да праўды, калі б я не ведаў мілага Госпада Бога. * Каравульнае памяшканне, гаўптвахта (фр.).
РАЗДЗЕЛ
ДВАЦЦАТЫ
Сімпліцы вядуць на адсідку ў турму, але нечакана пашыхавала яму Калі мяне прывялі да губернатара, ён спытаўся, хто я такі, чыў я буду і адкуль іду. Я адказаў, што не ведаю. Тады ён будзе пытацца далей: “А куды ты ідзеш?” А я адказваю: “Не ведаю”. – “Што ж, у халеры, ты ведаеш? – пытаецца ён далей. – Чым жа ты займаешся?” А я зноў, як і раней, адказваю, што не ведаю. Ён пытаецца: “Дзе твой дом?”, і калі я зноў сказаў, што не ведаю, той аж з твару сышоў, ці тое ад злосці, ці ад здзіўлення. А як што кожны стараецца западозрыць благі намер, асабліва калі паблізу вораг, які, як я ўжо далажыў, мінулае ночы захапіў Гэльнхаўзэн і паглуміў там цэлы драгунскі полк, ён прыняў бок тых, якія лічылі мяне перш за ўсё здраднікам ці віжам, варожым выведнікам, і загадаў абшукаць мяне. Калі ён даведаўся ад жаўнераў варты, якія прывялі мяне да яго, што гэта ўжо зроблена і нічога пры мне не знойдзена, акрамя кніжачкі, якую яны яму тут жа і перадалі, той прачытаў некалькі радкоў і спытаўся ў мяне, хто мне даў гэтую кніжачку. Я сказаў, ўто ад самага пачатку гэтая кніжачка мая, бо я сам зрабіў яе і сам напісаў у яе. Ён спытаўся: “А чаму менавіта на бяросце?” Я адказаў: “Бо з іншых дрэў кара непрыдатная”. –“Ты, хамуйла, малаціла засцянковае, -- сказаў ён, -- я пытаюся, чаму ты не пісаў на паперы?” – “Ай, -- кажу я, -- у лесе ў нас яе не было”. Губернатар спытаўся: “Дзе? У якім лесе?” Я зноў адказаў ранейшым манерам, што не ведаю.
Тады губернатар павярнуўся да сваіх афіцэраў, якія чакалі яго, і сказаў: “Альбо гэта круты прахадзімец, альбо галган ненабструганы і поўны дурань. Але зноў жа які з яго дурань, калі ўмее пісаць”. І, гаворачы так, гартае маю кніжачку, каб паказаць ім маё пісанне, і тут жа з яе выпадае пустэльнікаў цэтлік. Падымае; я збялеў, бо гэта ж быў мой самы вялікі скарб і святыня, і губернатар, відаць, узяў гэта пад увагу і яшчэ больш западозрыў здраду, асабліва калі разгарнуў цэтлік і прачытаў; тады ён сказаў: “Я пазнаю гэтую руку і ведаю, што тут напісана адным маім добра знаёмым афіцэрам; але не магу ўспомніць якім”. І сам змест цэтліка падаўся яму вельмі дзіўным і незразумелым; ён сказаў: “Гэта несумненна тайная мова, якое ніхто не разумее, акрамя тых, з кім умоўлена”. А ў мяне ён папытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў: “Сімпліцы”, ён сказаў: “Так, так, і ты той самай кароўкі ягнятка! Прэч, прэч, накіньце яму кайданы на рукі і ногі, каб можна было выдабыць з шалапута яшчэ што-небудзь”. І абодва мае памянёныя жаўнеры павандравалі са мною да новага жытла ці правільней, да турмы і перадаверылі мяне там турэмнаму наглядчыку, які, выконваючы загад, у дадатак да нацельных ланцугоў яшчэ больш абчапіў мяне жалезнымі ковамі і ланцугамі, па руках і нагах, нібыта і без таго на мне было мала жалеза.
Такі пачатак гасціннасці быў якраз толькі пачатак, бо да мяне прыйшлі кат і турэмнікі-дапытнікі з жудаснымі тартурнымі прыладамі, якія, нягледзячы на тое, што я суцяшаў сябе сваёй невінаватасцю, зрабілі мой гаротны стан проста жахлівым. “О Божа, -- сказаў я сабе, -- так мне і трэба! Сімпліцы ўцёк ад службы Богу і пайшоў у белы свет, каб гэты выкідзень хрысціянства прыняў сваю справядлівую адплату, на якую заслужыўся сваёй легкадумнасцю. О няшчасны Сімпліцы, да чаго давядзе твая няўдзяка? Толькі што Бог прыняў цябе на сваю службу, а ты ўжо ўцякаеш і паказваеш яму спіну! Ці ж бо ты не еў бы ўдосыць жалудоў і бобу, як еў раней, калі б вытрываў на службе ў Творцы? Ці ж бо ты не ведаў, што твой добры пустэльнік і настаўнік збег ад марнасці свету і ці ж бо не выбраў ён сабе дзікую лясную гушчэчу? Ах ты, аслеплая доўбня! Ты пакінуў самоту ў марным спадзяванні задаволіць сваю пахібную прагу пабачыць свету. Дык вось цяпер дзівіся, думаючы, што наталяеш свае вочы; ты будзеш круціцца і марнавацца ў гэтым небяспечным вар’яцтве. Ці ж бо ты, дурны пахолак, не мог сабе ўявіць, што твой дабрашчасны папярэднік не аддаў бы ўсіх радасцяў свету за тое суровае жыццй, якое ён вёў у пустэльні, каб спадзяваўся знайсці ў свеце сапраўдны мір, ціхі спакой і вечнае шчасце? Ты, гаротны Сімпліцы, цяпер памкніся, прымі належную плату за свае плыткія подумкі і за непраглядную дурасць! Не след табе наракаць на крыўду, не можаш суцяшацца бязвіннасцю, бо ты ж сам страмотыч ляцеў насустрач сваім катам і сваёй смерці, ты сам на сябе наклікаў няшчасце”.
Так я сам сябе вінаваціў, прасіў у Бога даравання і даручаў яму сваю душу. Так мы падышлі да вежы і вось – калі патрэба найвышша, божая помач найбліжша! Бо калі ўжо я стаяў, акружаны вартай і тлумам народу, каля турмы, той самы мой добры святар, чыя вёска нядаўна была сплюндрана і спалена, якраз і ўбачыў, што тут рабілася, бо ён тым часам таксама сядзеў пад арыштам у вязніцы. Выглянуўшы ў акно і ўбачыўшы мяне, ён крыкнуў: “О Сімпліцы, няўжо гэта ты?” Пачуўшы і ўбачыўшы яго, я ўскінуў да яго абедзве рукі і закрычаў: “О войча! О войча! О войча!” А ён спытаўся, што я нарабіў. Я адказаў, што, далібог, не ведаю, а, мабыць, мяне прывялі сюды таму, што я ўцёк з лесу. Калі ж яму сказалі з натоўпу, што мяне прымаюць за здрадніка і шпіёна, ён папрасіў, каб мяне не чапалі, пакуль ён сам не падасць пану губернатару ліст па маёй справе, у якім ён папрсіць вызваліць з турмы нас абодвух, каб пан губернатар не памыліўся часам з намі, бо то ж ён, святар, ведае мяне лепш, чым хто-небудзь яшчэ.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы мае ад шчадротаў Бога ўсяго-ўсялякага ўдосыць і многа Яму дазволілі пайсці да губернатара, а праз паўгадзіны паклікалі і мяне, пасадзілі ў чалядніцы, дзе ўжо было двох краўцоў, шавец з чаравікамі, купец з капелюшамі і панчохамі і яшчэ адзін нейкі з усялякай патрэбінай, каб я там хуценька пераапрануўся. З мяне сцягнулі злахманены, цыраваны-перацыраваны, латаны-пералатаны каптан разам з ланцугамі і заношанай кашуляй, каб краўцы знялі правільную мерку. Потым з’явіўся палявы цырульнік з нейкім едкім лугам і пахучым мылам, і як толькі гэты ўжо хацеў быў паказаць на мне свой спрыт, паступіў новы загад, які мяне страшэнна перапалохаў, бо сказана было, каб я зноў надзеў сваё рыззё. Нічога ў тым ліхога не было, як я баяўся, бо прыйшоў нейкі мастак са сваімі прычындаламі: з вохраю, цыноберам – на мае вейкі, -- з індыгавым лакам і лазуркам – на мае каралава-чырвоныя губы, з аўрыпігментам і масікотам – на мае белыя зубы, якімі я ляскатаў з голаду, з сажаю, чорным вугалем і умбраю – на мае залацістыя валасы, з бяліламі – на мае агідныя вочы і яшчэ з рознымі фарбамі – на мой стракаты каптан; а яшчэ ў яго была поўная жменя пэндзлікаў. І пачаў ён мяне аглядаць, патузваць, абмацваць, падмалёўваць, нахіляць галаву то туды, то сюды, каб лепей ацаніць сваю працу над маёй паставай. То ён падправіць вочы, то валасы, то ноздры, а in summa ўсё, што напачатку зрабіў не так, як трэба, пакуль нарэшце не намаляваў прыродны ўзор таго, кім быў Сімпліцы, аж я сам жахнуўся сваёй страшэннай падобы. А там яшчэ над мною пазавіхаўся палявы цырульнік, ён вымыў мне галаву і гадзіны паўтары ўпраўляўся з валасамі; пасля пастрыг па тагачаснай модзе, бо валасоў на мне было аж залішне. Потым пасадзіў мяне ў лазню і вымыў, адшараваў маё худое згаладалае цела ад трох-чатырохгадовага бруду. Як толькі ён скончыў, прынеслі белую кашулю, чаравікі і панчохі, верхняе, капялюш і пёры; штаны таксама былі шыкоўныя, абшытыя галунамі; не хапала толькі камізэлькі, над ёю якраз у вялікім спеху працавалі краўцы. Прыйшоў кухар з лацным кулешыкам і кельнерка з напоем. Так і сядзеў мой Сімпліцы, як маладое графянятка, прыбраны, як цацка. Адважна ўзяўся за ежу, я ж бо не ведаў, што там яшчэ будзе са мною далей, я ж тады нічога не чуў пра апошнюю гасціну асуджаных на кару горлам. Таму гэты цудоўны пачатак так улагодзіў і зрахманіў мяне, што і сказаць не магу, і нахваліцца слоў не стае. Думаю, не было ў маім жыцці дня, каб я адчуваў такую раскошу і асалоду, як тады. Калі ж была гатовая камізэлька, мяне ў яе апранулі, і ў гэтых новых строях я паўстаў перад вачыма пана губернатара, як які дарагі трафей ці як штыкеціна з плота, бо краўцы скроілі і пашылі ўсё крыху велікавата, маючы надзею, што я неўзабаве папраўлюся, і ў гэтай надзеі яны не падмануліся, бо пры добрай страўнасці і здаровым смаку я не забаўлюся дадаць у вазе. Мой лясны ўбор разам з ланцугамі і ўсімі акрасамі здалі ў куншткамеру да іншых рэдкіх рэчаў і ў антыкварыят, а мой партрэт на поўны рост выставілі побач.
Пасля вячэры мой пан – а ім быў я сам – быў пакладзены ў ложак, якога такога другога не было ў мяне ні ў татуся, ні ў пустэльніка; але жывот мой бурчаў і вурчаў цэлую ноч, аж я заснуць не мог, відаць, не з якой там іншай прычыны, як толькі таму, што яшчэ не ведаў, якое яно ёсць дабро, альбо ад подзіву з таго прыемнага і смачнага ежыва, якое яму перапала. Але я не дбаў пра тое, я вылежваўся сабе, аж пакуль сонца не засвяціла, бо было холадна, і я перабіраў у памяці ўсе тыя дзіўныя прыгоды і здарэнні, што даліся мне апошнімі днямі на долю, я думаў, як гэта дарагі мой Бог уладзіў усё так хораша і добра, што прывёў мяне ў такое выгоднае месца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы ўведаў, хто той пустэльнік быў, што яго чытаць і пісаць навучыў Тае ж раніцы губернатараў гофмайстар загадаў мне, каб я пайшоў да памянёнага святара і даведаўся, пра што гаварыў з ім мой пан. Ён даў мне целаахоўцу, які і правёў мяне, а святар кліча мяне ў свой вучэбны кабінет, садзіць, сядае сам і будзе казаць: “Дарагі Сімпліцы, пустэльнік, у якога ты жыў у лесе, не толькі швагер тутэйшага губернатара, але і быў ягоным памочнікам і найлепшым сябрам на вайне. Як мне ласкава расказаў губернатар, не бракавала яму ў маладосці ні гераічнай салдацкай адвагі, ні пабожнасці, ні Божае чты, як гэта звычаіцца ў мніхаў, хоць абедзве гэтыя цноты рэдка страчаюцца разам. Яго духоўны змысел і сумніўныя спатканні стрымалі ўрэшце поступ яго свецкай дабрашчаснасці, аж ён зрокся свайго шляхецтва і пагардзіў значнымі маёнткамі ў Шатландыі, дзе нарадзіўся, бо свецкае жыццё яму збрыдзела, падалося нясмачным, марным і абрыды вартым. Ён спадзяваўся, адным словам, сваю свецкую высокасць замяніць будучай яшчэ лепшай славай, бо яго высокі дух гідзіўся ўсякай часавай пышнасці і ўсе ягоныя фантазіі і высілкі былі скіраваны толькі на такое нікчэмнае і гаротнае жыццё, у якім ты і застаў яго ў лесе і нішчымніўся з ім да самай яго смерці. На маю думку, ён начытаўся папісцкіх кніг пра жыццё старых эрэмітаў альбо збегам розных неспрыяльных акалічнасцяў быў даведзены да гаротнага стану..
Не хачу ўтоіць ад цябе і таго, як ён у Шпэсэрце па сваёй волі прыйшоў да такога бядотнага пустэльніцкага жыцця, каб у будучым ты мог расказаць пра гэта іншым людзям. Другое ночы пасля таго, як была прайграна крывавая бітва пад Хёхстам, ён адзін прыйшоў у маю плябанію, калі я з жонкай і дзецьмі толькі што ўсталі, пад раніцу ўжо, бо ад шуму і гвалту ва ўсім наваколлі, які звычайна ў такім выпадку падымаюць і ўцекачы і пераследчыкі, мы не спалі цэлую ўчарашнюю ноч і палавіну мінулай. Спярша ён пастукаўся ціха і прыстойна, потым даволі моцна, аж ускалаціў мяне і ўсю заспаную чэлядз; і калі я на яго наляганні і пасля кароткага апытання, даволі сціплага з абодвух бакоў, адчыніў яму, убачыў кавалерыста, які злазіў з каня. Яго дарагая вопратка была гэтак жа запырскана варожай крывёю, як і аздоблена золатам і срэбрам; і як што ён трымаў у руцэ аголеную шаблю, на мяне напалі страх і жудасць. Калі ён уклаў яе ў похвы і стаўся вельмі ветлівы, я ўжо меў прычыну здзівіцца, што такі станісты пан просіць схову ў простага вясковага святара. Я, з увагі на яго здатную пярсону і багаты выгляд, загаварыў з ім як з самім Мансфэльдам. Але ён сказаў, што зраўняць яго з Мансфэльдам можна сёння не толькі ў іхнім няшчасці, але можна нават даць яму перавагу. За тры рэчы шкадаваў ён: Першае, што згубіў сваю цяжарную жонку, другое – прайграная бітва, і трэцяе, што ён, падобна іншым добрым жаўнерам, не меў шчасця аддаць сваё жыццё за Евангелле. Я хацеў яго суцешыць, але хутка ўбачыў, што ягоная шчырадушнасць не вымагае ніякага суцяшэння; пасля я прапанаваў яму ўсё, чым хата багата, сказаў паслаць яму свежай саломы на жаўнерскі ложак, бо ён упёрся і не хацеў легчы ні на які іншы, хоць я ж бачыў, як яму быў патрэбен добры адпачынак. Першае, што ён зрабіў на раніцу, гэта падарыў мне свайго каня, грошы і, як што меў пры сабе нямала чаго ў золаце, раздаў некалькі каштоўных пярсцёнкаў маёй жонцы і чэлядзі. Я не ведаў, што і падумаць, і не мог высветліць ягоных намераў, бо ж жаўнеры – яны наровяць больш прыхапіць, аніж даць, таму я моцна задумаўся, не адважваючыся прыняць такіх дарункаў, якіх я ўжо аніяк і нічым не заслужыў і не ведаю, як мог бы іх заслужыць; да гэтага дадаў, што, крый бог, убачыць хто ў мяне ці ў маіх такія багацці, асабліва дарагога каня, якога нідзе не схаваеш, як тут жа падумае, што я ўкраў яго або адабраў разбоем. Але ён сказаў, каб гэтым разам я не турбаваўся і жыў сабе спакойна, ён сваёю рукою засцеражэ і аслоніць мяне ад небяспекі сваім пісьмом на гэты конт; больш таго, яму, як сказаў, няма патрэбы насіць у маёй плябаніі нават кашулі, не кажучы пра дарагое ўбранне. І з гэтымі словамі ён адкрыў мне сваё рашэнне стаць пустэльнікам. Я бараніў яго рукамі і нагамі, як толькі мог, бо мне здавалася, што такі намер ідзе ад папства, нагадаў яму, што ён бы лепей паслужыўся Евангеллю сваёй шпагай. Але дарма; ён так доўга і настойліва гаварыў са мною, пакуль я не згадзіўся з ім, нават даў яму тыя кнігі, абразы і сёе-тое з хатніх рэчаў, якія ты бачыў у яго, а ён за ўсё, што мне падараваў, захацеў узяць толькі ваўняную посцілку, на якой тае ночы спаў на саломе; з яе ён дазволіў толькі пашыць яму каптан. Я мусіў таксама аддаць яму ланцуг з воза, які ён увесь час потым насіў на сабе, за залаты ланцуг, на якім ён насіў свой наймілейшы conterfait, і ў яго не засталося ні грошай, ні каштоўнасцяў. Мой пахолак завёў яго ў самае пустэльнае месца ў лесе і дапамог яму там паставіць будан. Як уладзіў ён там сваё жыццё і чым я яму часам памагаў, добра ведаеш сам, бадай, лепш за мяне.
Пасля нядаўняй прайгранай бітвы пад Нёрдлінгенам, калі, як ты памятаеш, мяне зрабавалі, сплюндрылі і моцна пакалечылі, я ўцёк сюды ў бяспеку, бо і без таго тут хаваў сваё што лепшае. І вось калі ў мяне выйшлі ўсе грошы, я ўзяў тры пярсцёнкі і памянёны залаты ланцуг з падвескам (conterfait), якія я атрымаў ад твайго пустэльніка, сярод якіх быў і гербавы пярсцёнак-пячатка, і занёс усё гэта да жыда памяняць на срэбра; а той з увагі на каштоўнасць і дарагі выраб занёс купіць гэта губернатару, які адразу пазнаў герб і conterfait, паслаў па мяне і спытаўся, дзе я ўзяў гэтыя кляйноды. Я расказаў яму чыстую праўду, паказаў пустэльнікаў ліст і расказаў, як усё там было, як ён жыў у лесе, як памёр. Але губернатар не хацеў верыць, а ўзяў мяне пад арышт, пакуль не ўведае ўсёй праўды, і вось калі ён сабраўся паслаць гуф* узяць сведку з жытла пустэльніка і прывесці сюды, я бачу раптам, як цябе вядуць у турму. Як што цяпер у губернатара няма ніякіх прычын сумнявацца ў тым, што я расказаў, што я правільна паказаў на месца, дзе жыў пустэльнік, item на цябе і іншых жывых сведкаў, асабліва на майго пахолка, які часта ўпускаў цябе і яго на досвітку ў кірху, а таксама цыдулка, знойдзеная ў тваім малітоўніку, пацвярджае не толькі праўду, але і ёсць выдатным сведчаннем за святасць памерлага пустэльніка, губернатар хоча табе і мне ў памяць пра свайго нябожчыка швагра дапамагчы, як зможа, усім добрым. Ты павінен цяпер толькі вырашыць, чаго ты хочаш, і ён табе зробіць. Хочаш вучыцца, дасць на гэта сродкі; заахвоцішся да рамяства, дапаможа навучыцца, захочаш застацца пры ім, будзе глядзець цябе, як роднае дзіця, бо сказаў, што калі б нават да яго прыцёгся сабака памерлага швагра, і таго прыняў бы”.
Я адказаў, што мне ўсё адно; як пан губернатар абыдзецца са мною, так хай і будзе, мне ўсё прыемна, і ўсё буду любіць, і ўсё прыму з падзякай. * Конны атрад (стар. бел.). [
працяг ]
|