|
КНІГА ПЕРШАЯ РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы робіцца пажам у пана, а ў пустэльніка жонка прапала Святар затрымаў мяне да дзесятай гадзіны, перш чым пайшоў са мною сказаць таму пра маё рашэнне і як што той заўсёды ставіў дадатковы прыбор, каб пабыць госцем за ягоным сталом. З прычыны таго, што Ханаў быў у аблозе, а ў ліхую часіну простаму чалавеку была чыстая бяда, дык ні тыя, што за нешта сядзелі ў крэпасці, ані тыя, асобныя людзі, якія не дай бог што пра сябе думалі, што-та яны, зусім не грэбавалі замерзлымі рэпавымі лупінамі, выкіданымі багатымі на вуліцу. Святару пашанцавала сесці побач з губернатарам за сталом, а я слугаваў яму з міскай у руцэ, як навучыў мяне рабіць гофмайстар; пасавала мне гэта, як аслу гульня ў варцабы альбо свінні баявая труба. Святар дапоўніў сваім языком усё, у чым хібіў я ад нязграбнасці. Ён сказаў, што я гадаваўся ў пустэльні, ніколі не жыў з людзьмі, а таму мне можна перапусціць, бо я ж і не мог ведаць, як мне след паводзіцца; мая вернасць пустэльніку і суровае жыццё, перанесенае з ім, вартыя подзіву, і ўжо аднаго гэтага даволі, каб сцярпець не тролькі маю няўклюднасць, але і вылучыць мяне спасярод самых выхаваных шляхецкіх хлопчыкаў. Далей ён расказаў, што я быў адзінай радасцю і ўцехай пустэльніку, які адорваў мяне сваім найбольшым упадабаннем, бо я, як ён часта казаў, так падобны з твару на яго любасную жонку; аж сам пустэльнік часта дзіву даваўся з маёй вернасці і нязменнай волі заставацца з ім і яшчэ з многіх даброцяў, якія ён ува мне цаніў і хваліў. In summa, цяжка перадаць словамі, з якім сур’ёзным запалам ён незадоўга да сваёй смерці даручаў мяне яму, святару, і як прызнаўся, што любіць мяне, нібы роднае дзіця.
Гэта так прыемна лесціла і казытала мне вушы, што я быў падумаў, быццам мне ўжо дастаткова выпала ўцехі за ўсё, што я перацерпеў у пустэльніка. Губернатар спытаўся, ці не ведаў яго памерлы швагер, што ён, губернатар, тады якраз камандаваў у Ханаў. “Вядома, -- адказаў святар, -- я сам яму пра гэта казаў. Але ён слухаў мяне з радасным прасветленым тварам і рахманай усмешкай досыць холадна, нібыта ніколі не чуў і не ведаў пра ніякага Рамсэя, аж яшчэ быў сабе падумаў – дзіўная самастойнасць і цвёрдасць у гэтага чалавека, калі ён з такім лёгкім сэрцам не толькі адцураўся свету, але і свайго найлепшага сябра, які быў паблізу, ці не збіўся ён з тропу”. Губернатару, у якога было зусім не мяккае жаночае сэрца, а які быў адважны гераічны жаўнер, слёзы набеглі на вочы. Ён сказаў: “Калі б я ведаў, што ён жывы і дзе яго можна знайсці, дык нават супроць яго волі я загадаў бы даставіць яго сюды, каб аддзячыць яму за ягоныя добрыя дзеі; але як жа адвярнулася ад мяне шчасце, калі я, замест каб яму, мушу дабразычыць ягонаму Сімпліцыю і адгаджаць пасля ягонай смерці такім вось чынам. Ах! – сказаў ён далей. – Наш добры кавалерыст меў усе падставы бедаваць па сваёй цяжарнай жонцы, бо няшчасная была пераследавана атрадам імператарскіх райтараў і ўзятая ў палон у Шпэсэрце. Калі я пра гэта даведаўся і яшчэ, што быццам мой швагер загінуў пад Хёхстам, я адразу выслаў да непрыяцеля выведніка распытацца пра маю сястру, каб выбавіць яе з палону, але нічога гэтым не патрафіў, апрача як толькі дазнаўся, што памянёны атрад райтараў быў у Шпэсэрце рассеяны і што акурат у тым баі мая сястра прапала, так што я дагэтуль не ведаю, куды яна падзелася”.
Пра гэта ўсё такое якраз і гутарылі за сталом губернатар са святаром, пра майго пустэльніка і ягоную каханую, якіх, мілае сямейнае пары, было так шчыра шкада, бо пажылі яны разам усяго, можа, з які год. Я стаў губернатаравым пажам, такім хлопчыкам, якога людзі, асабліва сяляне, калі я пра іх дакладваў майму пану, ужо называлі панічом, пане хлопча! Казалі – бо ж яно рэдка калі можна ўбачыць хлопчыка, які ўжо быў бы панам, затое колькі хоч паноў, якія колісь былі хлопчыкамі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы за няверства людзей дакарае і за балвахвалства з іх спаганяе На той час у мяне не было нічога каштоўнейшага за чыстае сумленне і шчырую пабожнасць, авінутую высакароднай нявіннасцю і прастатой. Пра грэх я ведаў толькі тое, што чуў і чытаў пра яго, і калі я бачыў, як хто сапраўды грашыў, было гэта мне страшэнным і неверагодным злачынствам, бо я быў выхаваны і прывучаны заўсёды і ва ўсім бачыць прысутнасць Бога і жыць сур’ёзна, выконваючы яго святую волю; і таму што я гэта ведаў, дык і стараўся асланіць людзей ад грэшных учынкаў. І мне здавалася, што навокал я бачу адну ліхату, жорсткасць і страх. Госпадзе Божа, як здзівіўся я, калі першы раз пабачыў Закон і Евангелле з усімі шчырымі засцярогамі Хрыстовымі, і раптам – бачу творывы людзей, якія выдавалі сябе за Хрыстовых вучняў і паслядоўнікаў! Які жаль! Замест чыстых помыслаў, якія павінны пеставаць шчырыя хрысціяне, бачу марную, агудную, асудную прорву ўсялякага іншага глупства ва ўсіх па-плоцку намысленых свецкіх людзей, я аж сам засумняваўся – а ці хрысціяне перада мною, ці не. Бо добра бачыў і разумеў, што многія ведалі волю Божую, але на самым поўным сур’ёзе сур’ёзна яе не выконвалі – і я гэта бачыў на свае вочы.
І ў галаве маёй закруціліся тысячы розных пахібаў і дзіўных супярэчлівых думак, я нават пачаў упадаць у заганную нязгоду з наказам Хрыста, які кажа: “Не судзеце, каб і вас не судзілі”. Затое да сэрца прыпалі Паўлавы словы, напісаныя галатам у пятым раздзеле: “Дзеці плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, змусты, ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць”. І я думаў: “Але ж гэта робяць усе адкрыта; чаму ж тады я таксама не магу з адкрытым сэрцам заключыць, са слоў апостала, што не кожны будзе ўратаваны”.
Побач з пыхай і прагнасцю, разам з іх нязбытнымі вынікамі ў заможных штодзённай управай былі абжорства, п’янства, прастытуцыя і дзяўчурства; мне здавалася, аднак, найжахлівейшым, што многія, асабліва хлопцы-жаўнеры, сярод якіх грэх караецца не вельмі сурова, толькі кпілі са сваёй бязбожнасці і святой Божай волі – і нішто ім, хадзілі ў героях, Напрыклад, аднаго разу я чуў пералюбніка, які яшчэ і хваліўся, яшчэ і задаваўся, яшчэ і сказаў такія словы: “Цярпліваму раганосцу дастаткова, што з мае ласкі мае пару рагоў, і калі сказаць па праўдзе, дык наставіў я іх больш таму мужу на злосць, чым з ласкі да ягонай жонкі, так, каб насаліць яму”. – “О, якая ўбогая помста! – адказаў яму нейкі пачцівец, які стаяў побач. – Гэтым самым чалавек пэцкае сваё сумленне і здабывае ганебнае імя чужаложніка!” – “Чужаложніка? – адказаў той, здзекліва зарагатаўшы. – Не такі ўжо я і чужаложнік, калі ўзяў сабе крыху чужога. Чужаложнікі тыя, пра каго кажа шостая запаведзь, што ніхто не павінен уваходзіць у чужы сад і рваць вішні, а толькі сам гаспадар саду”. І каб гэта было зразумела, тут жа працытаваў са свайго сатанінскага тастаманта сёмую запаведзь, якая падмацоўвае першую думку, абвяшчаючы: “Не крадзь etc.”. Такіх слоў нагаварыў ён шмат, аж я ўздыхнуў і падумаў сабе: “О, боганенавісны грэшнік, ты сам сябе называеш чужаложнікам, а добрага Бога спакушальнікам шлюбу, бо муж і жонка сваёй смерцю ўсё ж разлучаюцца”. – “Табе не здаецца, -- сказаў я ад лішняй жарсці і прыкрасці, а ён быў афіцэр, -- што гэтымі бязбожнымі словамі грэшыш больш, чым самым чужаложствам?” А ён адказаў: “Заткніся, гаўнюк, калі не хочаш па мордзе!” Думаю, што “хачу – не хачу”, а надаваў бы, калі б не баяўся майго пана. Я замоўк, але потым колькі разоў бачыў, што зусім не так рэдка бывала, як нежанатыя ляпіліся вачыма да замужніх, а замужнія да нежанатых і ахвотна папускалі лейцы сваім пажадам.
Яшчэ калі я ў свайго пустэльніка вучыўся шукаць дарогі да жыцця вечнага, здзіўляўся, чаму Бог забараніў свайму народу пад пагрозай страшных караў усялякае балвахвалства; бо я думаў, што калі хто хоць адзін раз спазнаў ісцінага вечнага Бога, той ужо ніколі не павернецца да іншага і не будзе яму маліцца, і забраў сабе ў дурную галаву, што гэтая запаведзь непатрэбная, лішняя. Але, на жаль, я быў дурны і не ведаў, што думаў; бо як толькі выправіўся ў свет, адразу заўважыў, што, нягледзячы на гэтую запаведзь, амаль кожны свецкі чалавек меў свайго адмысловага пабочнага бога, некаторыя нават больш чым у старых і новых язычнікаў і паганаў. У некаторых былі свае багі ў скрынках, на якія яны пакладалі ўсю сваю ўцеху і надзею; другі каторы меў яго пры двары, дзе ён агінаўся і ашываўся, а сам быў, зрэшты, толькі фаварытам, а часта проста распусным гультаём і трутнем, большым за свайго мольбіта, бо ўсё ягонае эфірнае божышча абапіралася на пераменлівую ласку прынца, як на красавіцкую пагоду. Зноў жа іншыя мелі свайго бога ў рэпутацыі і свецкім бляску і ўяўлялі сабе, што варта ім толькі падтрымаць такіх самых, як і яны стануць паўбагамі. Яшчэ іншыя насілі сваіх багоў у галаве, а менавіта тыя, якім сапраўдны Бог даў здаровы розум і кемнасць, і яны мелі задаткі адзіна да мастацтваў і навук. Гэтыя адсоўвалі ўбок добрага даўцу і больш налягалі на дары ў надзеі, што ён абдорыць іх мілатою сваёю. Былі яшчэ многія, у якіх за бога быў іхні жывот, якому яны штодня прыносілі ахвяры, як калісьці ў дачассі язычнікі ахвяравалі Бахусу і Цэрэры; і калі такі бог не вельмі спрыяў альбо ўточвалася яшчэ якая чалавечая ліхата, дык бедныя людзі рабілі сабе бога з доктара і шукалі жыцця вечнага ў аптэках, адкуль яны, праўда, на самай справе часта з крайнім нецярпеннем і зухваласцю выпраўляліся ў жыццё тамтэйшае. Многія дурні рабілі сабе багіняў з вулічных шлюх; іх яны называлі іншымі імёнамі, маліліся ім дзень і ноч, уздыхалі, спявалі ім песні, у якіх была толькі пахвала ім разам з крыўднай прыніжальнай просьбай, каб гэтыя багіні мелі разам з дурасцю яшчэ і спагаду ў сэрцы і таксама захацелі стаць дурніцамі, як і яны самыя былі дурні.
І, наадварот, былі такія бабы, якія сваю ж прыгажосць ахвяравалі свайму богу. Прыгажосць, лічылі яны, яна мяне ўмацуе. Гэты вось ідал таксама прымаў ахвяры, кожны дзень яго ўслаўлялі і падмазвалі шмінкай, мазямі, парфумамі парашкамі ды іншымі шмараваннямі. Я бачыў людзей, якія трымалі спецыяльныя дамы ў выгодных месцах гэтым сваім багам, бо яны казалі, што пакуль жывуць у іх, з імі шчасце і здароўе, а грошы самі сыпаліся ў вокны, -- і з гэтага глупства я дзіву даваўся, бо бачыў прычыну, чаму ўладальнікі гэтых дамоў мелі такі добры прыбытак. Я ведаў аднаго хлопца, які некалькі гадоў не мог спаць ад захаплення тытунёвым гандлем; замест каб Богу ён аддаў сваё сэрца, розум і думкі тытуню; дні і ночы ён маліўся толькі яму, бо толькі з яго ён і багацеў. А што сталася? Гэты прыдурак памёр і сам растаў, як тытунёвы дым. Я тады падумаў сабе: “О ты, гаротны чалавек, чалавек, што растаў, як нікчэмны дым! Калі б у тваім сэрцы святасць і пачцівасць да сапраўднага Бога была пастаўлена гэтак сама высока, як да ідала, што стаіць на тваім прылаўку ў выглядзе бразільца з рулонам тытуню падпахай і люлькаю ў зубах, я непахісна перакананы, ты заслужыўся б на права насіць цудоўны вяночак у тым свеце”. У другога хлопца былі яшчэ пусцейшыя ідалы, бо калі ў адной кампаніі расказвалі, якім спосабам кожны жывіўся і ратаваўся ў тыя дарагія часы страшэннага голаду, гэты сказаў ясна і проста, па-нямецку, што ягоны бог – слімакі і жабы, і калі б не яны, памёр бы з голаду. Я спытаўся ў яго, кім яму ў той час быў сам Бог, які пасылаў яму на ратунак жыцця такую нечысць; але ёлуп не меў чаго сказаць і здзівіў мяне яшчэ больш, бо я ж яшчэ нідзе не чытаў, што ні старадаўнія балвахвалы егіпцяне, ані няшчасныя амерыканцы не ўзвышалі ў божышчы такую брыдоту, як гэты дурны мэтлах.
Неяк зайшоў я з адным чалавекам у месца з наборам прыгожых рарытэтаў. Сярод карцін мне найбольш спадабалася “Ecce homo” сваёй вельмі далеглівай і літасцівай выявай, якая схіляла ўсіх гледачоў да спагады. Побач вісела папяровая карцінка намаляваная ў Кітаі; на ёй сядзелі кітайскія божышчы ва ўсёй сваёй кітайскай велічы, некаторыя былі намаляваны ў выглядзе д’яблаў. Гаспадар дома спытаўся ў мяне, якая рэч з ягонай куншткамеры ўпадабалася мне найбольш. Я паказаў на “Ecce homo”, але ён сказаў, што я памыляюся; кітайскі малюнак больш рэдкі, а таму і даражэйшы; ён не аддасць кітайцаў за дзесяць такіх “экцэгомаў”. Я адказаў: “Пане, няўжо ваша сэрца – як ваш рот?” Ён сказаў: “Значыцца, Бог у вашым сэрцы гэта той, пра чыё conterfait вашыя вусны сказалі, што ён даражэйшы. Бедачыска ты мой, -- сказаў ён далей, -- я ацэньваю іх рэдкаснасць!” Я адказаў: “Што больш рэдкае і вартае большага подзвігу, як не тое, што сам Сын Божы дзеля нас адпакутаваў, як паказана на гэтай карціне?"
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Сімпліцы не можадастасавацца да свету, і свет глядзіць коса на дурасць гэту І як толькі ж бо такіх ды яшчэ безліч іншых балванаў было ў пашанаванні, так, наадварот, была ў пагардзе сапраўдная Божая веліч; і як не бачыў я нікога, хто прагнуў бы трымацца свайго слова і Божага наказу, так многа бачыў тых, якія яму супярэчылі, працівіліся і сваёй зласлівасцю падбухторвалі мытнікаў, якія ў часы, калі Хрыстос яшчэ хадзіў па зямлі, былі адкрытыя грэшнікі.
Хрыстос кажа: ”Любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавіснікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці не гэтак тое самае робяць і язычнікі?” Але я не знайшоў нікога, хто прагнуў бы прыняць гэты наказ Хрыста, а кожны рабіў якраз наадварот, проста як усуперак; было вось што: брат брата на вілы падхвата; і нідзе не было столькі зайздрасці, хцівасці, нянавісці, недабрахоці і няласкі, звадаў і раздору, як між братамі, сёстрамі і іншымі блізкімі падлабузнікамі; асабліва калі ім прыпадала дзяліць спадчыну, тады яны грызліся гадамі так зацята, што ў злосці і шаленстве былі горшыя за туркаў і татараў. Ненавідзелі адзін аднаго рамеснікі розных мясцінаў, аж я мусіў зрабіць сабе такую выснову, што адкрытыя грэшнікі, якімі былі публіканцы* і мытнікі, якіх многія ненавідзелі за іхнюю злосць і бязбожнасць, перад намі, сённяшнімі хрысціянамі, з нашай браталюбнасцю былі як усё роўна святыя анёлы; бо нават сам Хрыстос сведчыць за іх, што яны ж яшчэ й любілі. Таму я лічыў, што калі мы не маем ніякай узнагароды за тое, што не любім ворагаў нашых, дык якая ж кара і асуда нам павінна быць угатавана за тое, што мы і сяброў нашых ненавідзім. Там, дзе мела быць вялікая любоў, ласка і вернасць, я знаходзіў вялікую здрадлівасць, самую гвалтоўную нянавісць, здраду, шаленства, варожасць і зацятасць. Многія паны скуру лупілі са сваіх верных слуг і падданых; і, наадварот, многія падданыя падводзілі сваіх пабожных і ласкавых паноў. Няспынную грызню заўважыў я паміж многімі сужэнцамі; той-іншы тыран так патрактуе законную жонку, што горш за сабаку, а тая-іншая (s.v.) курва свайго дабрамыснага мужа мае за дурня і асла. А колькі ссабачаных і сапселых паноў і майстроў ашуквалі сваіх руплівых і пільных слуг і таварышаў, урываючы ў іх заслужаную плату, абкрадваючы іх на ежы і пітве; і гэтак сама колькі нявернай чэлядзі пабачыў я, якая ўводзіла ў траты і шкоду сваіх паблажнікаў-паноў крадзяжом і нядбальствам. Крамнікі і рамеснікі навыперадкі насіліся з жыдамі і ўсякім махлярствам і шахермахерствам выціскалі з небаракі-селяніна салёны пот; а што звыш гэтага – тое ад ліхога.
Усё гэта і тое, што ўбачыў і пачуў, я ўзважыў і цвёрда пастанавіў сабе: гэтыя лайдакі ніякія не хрысціяне, і пашукаў сабе іншай кампаніі.
…Самым жудасным здалося мне, аднак, калі я пачуў некаторых прамоўцаў, якія хваліліся сваёй ліхасцю, грэшнасцю, ганебнасцю і псотамі, бо я чуў у самы розны час і пры розных нагодах, кожны дзень, як яны казалі: “Набраліся мы ўчора, як голыя сракі! Я за дзень тройчы нацвіртаваўся і тройчы збляваў. Халера чортава, як мы добра ўвалілі тым мужыкам! Скула ніцая мне ў задніцу, як добра мы з тымі бабамі-пупарэзніцамі паказыталіся!” Item: “Як даў яму, аж нагамі падла накрыўся. Пальнуў яму – і пайшоў да святых. Я так яго кінуў на дурніцу, што яму й ванцак не паможа. Кульнуў яго, што карак больш не зрасцецца, усе вязы скруціў. Змалаціў суку, аж крывёю рыгаў, юхай мыўся”. Такія і падобныя, ай, нехрысціянскія памоўкі кожан Божы дзень рвалі і тузалі мне вушы, а колькі-колькі я бачыў і чуў, як грашылі імем Госпада Бога, і гэта сапраўды жалю варта. Ваякі найбольш плявузгалі так: “Хадземце, прысянка Богу”** -- і гэта, калі дзерці, адбіраць, забіваць, гвалціць, нападаць, браць у палон, паліць. І чаго толькі яшчэ не было іх страшнай працай. Вось так і ліхвяры і спекулянты рабілі свае каншахты з імем Божым на вуснах, а ўсё гэта здзірства і абіранне ад д’ябальскага хціўства. Я бачыў двух такіх спанатраных зухаў на шыбеніцы; аднае ночы яны пайшлі на крадзеж, і ўжо як прыставілі драбіну і адзін з іх з імем Бога на вуснах паткнуўся нагой, чуйны гаспадар дома ў імя чорта шугануў яго з драбінай уніз, гэты, гупнуўшы, паламаў сабе нагу, а значыцца, быў схоплены і праз некалькі дзён разам са сваім хаўруснікам зашморгнуты вяроўкай. Калі я чуў нешта падобнае, бачыў і абмяркоўваў, як яно было маёй звычкай, спасылаючыся на Святое Пісанне і прыводзячы прыклады, людзі называлі мяне дурнем і фантазёрам, за мае думкі мяне так часта асвіствалі, высмейвалі і бэсцілі, што я нарэшце зняхоціўся і пастанавіў сабе лепш маўчаць, чаго, зрэшты, па сваёй хрысціянскай любові ніяк не мог вытрымаць. Я хацеў, каб кожны быў, як я, выхаваны ў майго пустэльніка, бо лічыў, што тады кожны ўбачыць сутнасць свету вачыма Сімпліцы, як бачыў я. Я не быў такі празорлівы, каб разумець, што і тады ўбачыў бы на свеце не менш брыдоты. Тым часам шчыра ясна, што свецкі, набраны пыхі чалавек, прывыклы да ўсякіх паскудстваў і дурасцяй, і сам у іх ублытаны, менш за ўсё можа адчуваць, на якіх жа ліхіх шляхах ён коўзаецца са сваімі спадарожнікамі. * Рымскія зборшчыкі падаткаў.
** Беларуская гутарковая бажба (ад польск. przysięga – прысяга)
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Сімпліцы пачуў ад простых жаўнераў, як вітацца хрысціянскім манерам Як толькі я падумаў, што маю падставы сумнявацца, сярод хрысціян я ці не, я пайшоў да святара і выліў яму ўсю сваю маркоту, усё, што чуў і бачыў, а таксама пра тыя свае думкі, што я лічу людзей толькі пакепнікамі з Хрыста і яго слова, а не хрысціянамі. Я папрасіў дапамагчы мне развеяць туман, у якім я жыў, каб ужо добра ведаць, за каго прымаць людзей вакол мяне. Святар адказаў: “Вядома, яны хрысціяне, і я не раю табе называць іх неяк інакш”. – “Божачкі! – сказаў я, -- Як такое можа быць? Бо калі я катораму ўказваю на яго памылку, якую ён робіць супраць Бога, і з самым добрым намерам папраўляю яго, з мяне кпяць і смяюцца”. – “А не здзіўляйся з таго, -- адказаў святар, -- я думаю, калі б нашы першыя пабожныя хрысціяне, якія жылі ў часы Хрыста, нават самі апосталы цяпер паўсталі і пайшлі ў свет, яны задалі б тваё пытанне і іх гэтак сама, як і цябе, усе лічылі б дурнямі. Усё, што ты дагэтуль пачуў і ўбачыў, гэта будзёншчына і дзіцячая забаўка ў параўнанні з тым, што тайна і яўна з поўным гвалтам чыніцца ў свеце супроць Бога і людзей. Але хай цябе гэта не пераймае; ты мала знойдзеш такіх хрысціян, як нябожчык пан Самуэль”.
Пакуль мы вось так сабе гутарылі, аж – вядуць па плошчы некалькі палонных, і гэта перапыніла нашу гутарку, бо нам абодвум хацелася паглядзець. І тут я пачуў такую бязглуздзіцу, якое і сасніць не мог. Гэта была новая мода вітацца і апытвацца; і вось адзін наш з гарнізона, які раней служыў у імператара, пазнае аднаго палоннага; ён падыходзіць да яго, падае яму руку, паціскае руку таму з радасцю і шчырым сэрцам і кажа: “Каб цябе пярун разнёс, ты ўсё яшчэ жывы, старое пудзіла? Чорт вазьмі, халеры на цябе няма, гэта ж трэба так сустрэцца! Я, каб мяне гром пабіў, даўно думаў, што цябе павесілі”. На гэта палонны адказвае: “Чорта лысага, браце, -- але ты гэта ці не ты? Каб цябе кадук за каўдун ушчаміў, як гэта ты ўшчаміўся сюды? Колькі жыву, не думаў, што зноў цябе пабачу, я ўжо быў падумаў, ванцак цябе задраў рагаты ці халера якая ўвалакла.” А калі яны разыходзіліся, сказалі адзін аднаму замест “барані цябе Божа": “Ну, у шворку, у шворку, можа, заўтрага пабачымся, а там-та ўжо наліжамся і пабавімся ўсмак!”
“Якое ж гэта прыгожае, богаспадобнае вітанне? – сказаў я святару. – Гэта што, цудоўныя хрысціянскія пажаданні? Хіба няма ў іх якіх іншых прыстойных намераў на заўтрае? Хто прызнае іх хрысціянамі, хто іх будзе слухаць без здзіўлення? Калі яны адзін з адным гавораць так з хрысціянскай любоўю, як жа тады яно будзе, калі пасварацца? Пане святару, калі гэтыя ягняткі – хрысціяне, а вы іх пастаўлены пастыр, дык вам належыць пасвіць на лепшым выгане”. – “Так, -- адказаў святар, -- мілае дзіця, у бязбожных жаўнераў усё так, ахіні іх літасцю, Госпадзе! Калі я што-небудзь ім казаў, дык гэта было так, нібы я прапаведаваў гнілым дубам, і я не меў з таго нічога, апрача небяспечнай нянавісці гэтых бязбожных дзецюкоў”.
Я здзівіўся, пагутарыў яшчэ крыху са святаром і пайшоў служыць губернатару, бо ў мяне быў пэўны дазволены час, каб выбрацца ў горад, схадзіць да святара; мой пан пацяшаўся з маёй прастадушнасці і лічыў, што я паразумнею, калі пахаджу па горадзе, падзіўлюся, паслухаю, павучуся ў людзей, ці, як той казаў, абатруся-абгаблююся.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Сімпліцы за адным свістам і махам увесь гандаль разам забабахаў Панава ласка да мяне набірала пяшчоты штодня, і чым далей, тым яе большала, бо я не толькі быў падобны на яго сястру, пустэльнікаву жонку, але чым далей, тым больш і на яго самога, бо добрая ежа і гультайства неўзабаве агладзілі мяне і далі добры выгляд. Гэтай ласкай я цешыўся ў кожнага, хто меў хоць якія стсункі з губернатарам, кожны стараўся выказаць сваю прыхільнасць і мне; асабліва ж туліўся і цёпла гарнуўся сакратар, які вучыў мяне лічыць і часта міла пацяшаўся з маёй наіўнай прастадушнасці і неабазнанасці. Ён якраз закончыў школу і яшчэ не адвык ад вучнёўскіх выбрыкаў і жартаў, таму часцей ягоныя пацехі выглядалі так, быццам яму не хапала клёпкі ў бочцы. Ён даказваў мне, што чорнае гэта белае, а белае – чорнае, а таму так яно выйшла, што я спачатку верыў яму, што б ён ні казаў, а ў канцы не верыў зусім. Аднаго разу я ўпікнуў яго за выпацканую чарніліцу, але ён спакойна адказаў, што яна ў яго самая лепшая рэч у канцылярыі, бо з яе ён дастае ўсё, чаго душа прагне: цудоўныя дукаты, вопратку, а ўвогуле ўсё, што мае на сабе і ў сабе і што хоча, вывуджвае з чарніліцы. Я вушам не верыў, што з такой нікчэмнай рэчы можна дастаць усё самае цудоўнае; наадварот, сказаў ён, такую сілу мае spiritus papyri (так ён называў атрамант – чарніла), таму чарніліцу – каламар – можна называць горшчыкам, не, не горш-чыкам, а лепш-чыкам, бо лепяцца ў ёй лепшыя рэчы нязгорш чым дзе яшчэ. Я спытаўся, як жа іх дастаць адтуль, калі ў яе нават два пальцы не ўсунеш. А ён толькі рагоча і будзе казаць, што мае руку ў галаве, якой гэта – не задача; ён нават спадзяецца, што бліжэйшым часам вывудзіць прыгожую багатую дзеўку, а калі пашанцуе, дык, думае яшчэ, і зямліцы з людзьмі, што зусім не такое ўжо дзіва, бо раней колькі хоч такога дабра бывала. Я зноў дзіву даўся з такога ўмельства і спытаў, ці многа яшчэ людзей, здатных на такія штукі, ці хоць якія змогуць зразумець яго. “Вядома, -- кажа ён, -- усе канцлеры, дактары, сакратары, пракуратары-адвакаты, камісарыі, натарыі, купцы і гандляры і яшчэ безліч усякага люду, якія звычайна, калі ўмеюць добра вудзіць і добра пільнуюцца свайго інтэрасу, дык і маюць гешэфт, з якога багацеюць”. Я сказаў: “Значыцца, сяляне і іншыя працавітыя людзі не маюць клёку і таму ў поце здабываюць свой хлеб надзённы і не могуць спасцігнуць гэтай тонкай навукі”. Ён адказаў: “Некаторыя не разумеюць выгодаў гэтага ўмення, а таму і не стараюцца навучыцца. Іншыя ж і хацелі б, але ім не хапае рукі ў галаве альбо іншых сродкаў. А тыя зноў жа і вучацца, і рукі доўгія маюць, але бракуе ім моцнай хваткі, патрэбнай у дадатак да гэтага ўмельства, калі ты хочаш разбагацець. А некаторыя і ведаюць, і ўмеюць, і маюць, што трэба ведаць, умець і мець, але сядзяць не на тым месцы, і таму ім проста не нагодзіцца, як мне скарыстацца сваім умельствам”.
Калі мы вось так гутарылі пра чарніліцу, якая мне вельмі нагадвала торбу Фартуны, пад рукі трапілася тытулярная кніга; у ёй я, як на мой тагачасны розум, знайшоў столькі ўсякага глупства, як ніколі раней не чуў і не бачыў. Я сказаў сакратару: “Усё гэта – дзеці Адама, і ўсе мы з аднае рошчыны, а менавіта з праху і попелу! Адкуль жа такая розніца паміж людзьмі? Найсвяцейшы, непераўзыдзены, найпачэснейшы, найпраасвяшчэннейшы? Хіба ж ад Бога гэтыя якасці? Вось глянь, адзін – “добрародны”, а тут – “высокародны”, а навошта тут гэтае “-родны”? Мы ж добра ведаем, што ніхто з неба не падае, ніхто не выходзіць з вады, ніхто, як качан капусты, не вырастае з зямлі, усе родзяцца аднолькава. Чаму ж тут гэтыя высока-, шмат-, вельмі-, найпаважнейшы, а не, скажам, -павАжаны, -памераны, -палічаны? І што гэта за ідыёцкае слова “прадбачлівы”? Чаму “прад-, перад-“, а не “зад-”, бо ні ў кога ззаду вачэй няма, а значыцца, ён толькі “перадам” і бачыць?” Сакратар пасмяяўся з мяне і ўзяў на сябе клопат патлумачыць мне гэтыя тытулы і словы, але я ўсё-такі калом асовым упёрся ў сваё, што тытулы падаюцца няправільна; было б куды лепей, каб чалавек тытулаваўся не “благародзіе”, а, скажам “кепскародзіе”, калі ўжо гэта аж такі благі чалавек, аж такое выроддзе. Item, калі слова “шляхта” само па сабе азначае не што іншае, як толькі ўсімі шанаваную цноту, дык чаму ж тады, калі высокароднымі, як гэта тытулуюцца князі і графы, не ўставіць і такога слова, якое б звужала княскі тытул? – скажам, -- сярэднеродны, нізкародны, пад-, над-, перадродны альбо не толькі першародны, але і друга-, трэце-, васьмі-, дзевяціродны? Слова “благародны” ўвогуле лухта пустая і няпраўда, бо напісана “блага”, а трэба разумець, што няма ладу як “добра”, а вы папытайцеся хоць бы ў тае баронавае маці, як у яе прайшлі роды – блага ці добра, а тады й пішэце і тытулуйце.
Стаю гэта я сабе так і пакепваю ды як зарагачу – аж тут і выхапіся з мяне той жудасны бабах, мы абодва, я і сакратар, аж спалохаліся. І гэты бабах адразу памеціўся ў нас у насах і ва ўсёй канцылярыі так сутна, так існа, нібы да таго не быў дастаткова “блага-родна” засведчаны гукам. “Ану, вымятайся, свіння, -- сказаў сакратар, -- у хлеў ідзі да свіней, з імі ты, бздзелю, хутчэй сталкуешся пра “благародства”, чым з людзьмі культурнымі”. Але і ён, як і я, мусіў выйсці з пакоя, пакуль выветрыцца гнюсны смурод.
Вось так я, як той казаў, адным махам увесь гандаль забабахаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Сімпліцы вучыцца прадказваць праўду і на гэты конт прымае параду Прыйшоў я да гэтага няшчасця вельмі нявінна; незвычайныя стравы і лекі, якія мне двалі штодня, каб прывесці ў парадак стрыножаны страўнік і зжабраваныя кішкі, спрычынілі ў маім жываце шалёную непагадзь і штармавыя вятры, якія моцна даймалі мяне, калі як кручаныя рваліся вонкі; і ўсё-такі я не думаю, што гэта так ужо й кепска, калі чалавек у маім веку аддаецца волі прыроды, асабліва калі супрацьстаяць гэтаму ўнутранаму напору доўга немагчыма, прынамсі, ні мой пустэльнік (гасціны ў нас з ім увогуле былі сціплыя) нічога ніколі не казаў мне на гэты самы конт, ні татусь не забараняў пускаць вятры, калі яны прасіліся і куды ім хацелася, і я не заступаў ім дарогі, а тут адразу страціў сакратаровую ласку. Без ягонай прыхілкі я абышоўся б неяк, калі б не ўбарохтаўся ў яшчэ горшае; нябось мне было несамавіта, як пачціваму чалавеку, які прыходзіць да двара, дзе адно падступства: змяя супроць Назіка, Галіяф супроць Давіда, Мінатаўр супроць Тэзея, Медуза супроць Менелая, Палюд супроць Карэба, Медэя супроць Пелія, Нэс супроць Геркулеса і, што яшчэ горш, Алтэя супроць свайго роднага сына Мелеагра.
У майго пана быў яшчэ адзін паж – такі пытляваны баглай і прасяваны, акышканы курдупель, які праслужаўся ўжо каторы год; я падарыў яму сваё сэрца, бо ён быў мне равеснік. Я думаў: “Ён Ёнатан, а ты Давід”. Але ён увесь час зацінаўся са мною за тую вялікую ласку, якою дарыў мяне мой пан, дзень у дзень шчадрэй і шчадрэй, -- відаць, баяўся, што я сапхну яго з каляіны, таму і глядзеў на мяне спадціха незычлівым, зайздрослівым вокам і засядаў мне дарогу, каб гэта тычку ўткнуць і абярнуць мае нягоды сабе на выгоды. А ў мяне на ўсё былі галубіныя вочы, і галава жыла іншаю мысленкай, ніж у яго, я, як той дзядзечка шчыранькі, давяраў яму ў зусім яшчэ дзіцячай прастаце і богабаязнасці ўсе мае тайноты, і ён ніяк і нічым не мог дастаць мяне. Аднаго разу, ужо лежачы ў ложках, мы доўга балабонілі абы пра што, а калі загаварылі пра звеставанне праўды, ён паабяцаўся навучыць мяне гэтаму. Ён сказаў мне накрыцца з галавою, і такім манерам, сказаў, ён далучыць мяне да высокага ўмельства. Я зрабіў, як ён сказаў, і падрыхтаваўся да прыходу духа вешчавання. А матачкі! Як бабахне мне ў нос, ды так моцна, што я не мог трываць пад коўдрай нясцрпнага смуроду і высунуў галаву. “Што гэта?” – сказаў мой настаўнік. Я адказаў: “Ты перднуў”, -- “А ты, -- сказаў ён, -- сказаў праўду, значыцца, спасціг мастацтва звеставаць праўду”. Я не бачыў у гэтым нічога брыдкага, бо тады яшчэ не ўмеў гневацца, але вельмі хацеў даведацца ў яго, як можна выпускаць пшыкі, каб як мага цішэй. Мой сябар адказаў: “Гэта мастацтва адмысловае, трэба толькі падняць левую нагу, як гэта робіць сабака, калі цыркае на сцяну, і пры гэтым нішкам сказаць сабе: шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі, шыкі-пшыкі, -- ды ўнатужыцца штосілы, як толькі зможаш, -- тут яны і пойдуць ціхенька і спраўненька, як злодзеі з хаты”. – “Гэта добра, -- сказаў я, -- а калі пасля смярдзецьме, можна зваліць на сабак, што гэта яны сапсавалі паветра, асабліва калі левую нагу падняць файненька і высока”. Ах, падумаў я, каб жа я ўсё гэта ведаў сёння ў канцылярыі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы згамтаў цялячае вока, і хоць бы што, не вылезла бокам На другі дзень мой пан даваў вялікую каралеўскую гасціну афіцэрам і іншым паважаным сябрам, бо ён атрымаў радасную вестку, што ягоныя войскі ўзялі моцную крэпасць Браўнсфэльд, не страціўшы ніводнага чалавека; і вось я мусіў, а такая ў мяне была пасада, як і ўсе іншыя стольнікі, выносіць і падаваць стравы, наліваць і чакаць з місай у руках. Першага ж дня мне ўручылі, каб я занёс на стол, вялікую тлустую цялячую галаву, пра якую звычайна кажуць, што такое ніякі жабрак есці не будзе; галава была добра і мякка ўпечана, і адно вока з усёй яго субстанцыяй свабодна звісала з вачніцы, і выглядала гэта даволі спакусліва-апетытна. І як што моцна казытаў нос свежы пах запечанага сала, пасыпанага імберцам, дык хацімую душу маю так разабрала, што аж сліна пабегла ў рот. Карацей, вока смяялася з маіх вачэй, з носа, з майго рота і разам з тым само прасілася, каб мае галодныя шлункі прыўлашчылі яго. Я не даў сябе доўга ўмаўляць, а паслухаўся поклічу маёй хоці; на хаду я спрытна выкалупнуў гэтае вока сваёй лыжкай, якую мне якраз таго самага дня выдалі, і адправіў яго хуценька, куды яму след было, так што аж ніводзін чалавек не змеціў, пакуль спахібленая галава не прыехала на стол і з галавою не выдала сябе і мяне. І калі яе пачалі разбіраць і не хапіла ў ёй аднаго з самых важных органаў, мой пан адразу заўважыў здзіўленне на твары ў таго, хто тую галаву якраз разбіраў. Ён зусім не хацеў, каб яму паролі ў вочы за тое, што нехта адважыўся паставіць на стол аднавокую галаву. Гукнулі да стала кухара, паставілі і падносчыкаў і ўчынілі ўсім дапытку, і нарэшце сляды прывялі да небаракі Сімпліцы, бо менавіта яму даверылі несці галаву з вачамі, не з вокам, а менавіта з вачамі; а што было пазней, ніхто не ведаў. Мой пан спытаўся – на маю думку, са страшным тварам – куды гэта падзелася цялячае вока? Я не даўся яго грознаму твару запалохаць мяне, а хуценька вышмаргнуў з кішэні лыжку, сунуў яе ў вачніцу і паказаў, чаго ад мяне хацелі, выкалупнуў другое вока і ўмомант яго праглынуў. “Par Dieu, -- сказаў мой пан, -- гэты акт смачнейшы за дзесяць цялят!” Прысутная разнапаншчына пахваліла гэта выказванне і назвала мой учынак, які быў ад прастаты душэўнай, надзіва дасціпным вынаходствам і азнакай будучай адвагі і непахіснай рэзалютнасці, аж урэшце паўторам толькі што ўчыненага я не толькі шчасліва пазбег заслужанай кары, але выбіўся на пахвалу ў радых на пацеху дасціпнікаў, падхалюзнікаў і падлыжных застольнікаў-радцаў, -- і я вельмі правільна зрабіў, што зноў звёў вочы разам, каб яны, як на гэтым, так і на тым свеце, маглі вадзіць кампанію разам, як гэта ім і наканавана прыродай з самага пачатку. Мой пан, аднак, сказаў, каб я так больш не рабіў.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
Сімпліцы ўбачыў, як людзі пілі і елі, і падумаў, што яны падурнелі На гэтай гасціне (я так мяркую, што і на іншых) прыступіліся да стала па-хрысціянску: казалі застольную малітву вельмі ціха, нішкам і, па ўсім відаць было, вельмі пабожна. Спакойны роздум у сэрцы доўжыўся пакуль не прынеслі – поліўку і першае, як бы ўсё роўна ў якім капуцынскім канвенце. Але ледзь толькі кожны тры-чатыры разы прамовіў: “Дабраславі, Божа, піціе і ясціе”, як тут і пайшло і паехала. Не магу апісаць, як спакваля голас кожнага застольніка ўбіраўся ў сілу, лепш параўнаю ўсю кампанію з прамоўцам, які пачынае задуменна-ацішана, а тады раптам выбухае громам. Прынеслі нешта, называнае – “разгонным”, моцна паперчанае, прадпісанае для разгону перад напоямі, каб гэта ўжо яны пайшлі добра, гладка і слізка, item, прыкорм, ужо каб сама-сама са смакам елася і запівалася, не кажучы пра ўсялякія французскія potages і гішпанскія olla potriden, якія дзякуючы мйстэрскаму прыгатаванню і тысячам розных прыправаў і таму што былі паперчаныя, пасоленыя, падпашаныя спецыямі, пасыпаныя, памяшаныя і пад пітво падведзеныя, аж усімі гэтымі дадаткамі цалкам мянялі сваю субстанцыю, якая ім была дадзена ад прыроды, і, бадай што, сам Кнэўс Манліюс, калі першага разу вярнуўся з Азіі і меў пры сабе найлепшых кухараў, не пазнаў бы, што тут з чаго зроблена і скялемзана. Я падумаў: “Няўжо не магла б такая ежа, а яшчэ калі яе так запіваць, дык вось ці не можа яна так і мазгі чалавеку перамяшаць, што ўжо і не пазнаць, дзе тут чалавек, а дзе жывёла? Хто яго там ведае, можа, Цырцэя якраз і заўжыла нечагась такога, каб ператварыць Адысеевых спадарожнікаў у свіней?”
Я бачыў, што госці акладаліся гэтым “ясціем”, як свінні, наброхваліся “піціем”, як каровы, строілі з сябе аслоў, а потым рыгалі і блявалі, як гарбаровыя сабакі. Высакародныя букеты “Гохгаймерскага”, “Бахарахскага”, “Клінгенбергскага” яны хлябталі і залівалі ў тэльбухі цабровымі куфлямі, і ўсё гэта хутка страляла ў галаву. І тут я на сваё вялікае здзіўленне, убачыў, як усё мянялася, як прыстойныя людзі, што яшчэ нейкую хвіліну назад былі ў здаровым розуме і вялі дужа дасціпныя гавэнды, як яны раптам на вачах дурнелі, вычваралі неверагодна што і плявузгалі немаведама якія пошласці. Глупствы, якія яны ўчынялі, новыя куфлі, якія яны спаражнялі раз за разам, рабіліся чым далей, тым паўнейшыя, аж здавалася, быццам першае і другое пабіліся на заклад, каторае з іх адужае; напаследак іхняе перасільванне пераходзіла ў агідную оргію без дна і берагоў. Сама пекнае ў тым было, што я не ведаў, чаму іх ногі не трымаюць роўна, бо ўздзеянне віна і само ап’яненне мне тады яшчэ былі зусім невядомыя, ці не таму ў маёй галаве мяшаліся ўсякія смешныя выцінкі і фантастычныя подумкі; я добра бачыў іх рассалавелыя твары, але не разумеў прычыны гэтага. Да гэтага ўсе дабрахоць спаражнялі свае міскі, усё ішло як след, жываты напаўняліся, і раптам іх прарывала, як рамізнікаў, калі каторы вядзе сваю падводу па роўным і пагігіквае – “но-но, каб табе дабро было!”, а на гару – “тпру-дзе, каб цябе воўк зарэзаў!”. А як пашалеюць, тут ужо яны як сабакі кручаныя – адзін куражыцца, што, бач, топіцца ў віне, той шчыруе і пануквае суседа паддаць яшчэ, трэці выдурніваецца ў германскай пачцівасці на рыцарскіх адказах. А пасля, калі ўжо, здаецца, далей няма куды, пачынае заклінаць другога імем Госпада, ці прыяцельскай любоўю, ці здароўем каханкі, каб той, другі, ужо трымаўся прыстойнай меры, а ў таго, другога, ужо вочы на лоб лезуць, сам халдодным потам мыецца, а піць далей ужо ў прыстойную меру мусіць-такі. Ба, зрэшты, і бубны, і пасвісцёлы, і струны рабілі свой гвалт і спрыялі гумору і як бы пад’юджвалі піць, не спыняцца, сіламоц напампоўваць вантробы віном. Мяне здзіўляла, як і куды яны маглі ўбухаць аж столькі віна, бо я яшчэ не ведаў таго, што не паспее яно ў іх як след адстояцца і нагрэцца, як яго з вялікімі рэзямі выпускалі адтуль, куды толькі што з вялікай небяспекай здароўю залівалі.
Мой святар таксама быў на гэтай гасціне; ён, як і ўсе іншыя, таксама ж чалавек, як і ўсе іншыя, мусіў рабіць супроць волі ўсё, як і ўсе іншыя, бегаў да малога ветру альбо падзівіцца, ці коням у яслі закладзена. Я пайшоў за ім і сказаў: “Пане мой святару, чаму людзі робяць так дзіўна? Адкуль яно тое, што яны хістаюцца, спатыкаюцца, не стаяць на нагах роўна, чаму? Мне здаецца, у іх рассохліся і рассыпаліся клёпкі. Яны ж усе дазяла наеліся і напіліся і божацца, і каб іх чорт забраў, што больш не могуць, а ўсё не перастаюць, а ўсё мурзаюцца, натоптваюцца! Альбо яны мусяць так рабіць, альбо ж насуперак Богу і па добрай волі спакушаюцца на благое?” – “Мілае дзіця, -- адказаў святар, -- віно ў рот, розум пад плот! Гэта нішто перад тым, што яшчэ будзе. Заўтра, як развіднее, у іх будзе цяжкі час пахмелу; пакуль жываты не параспірала, лічы, не елі і не пілі і не навесяліліся ўдосыць”. – “А не палопаюцца, -- сказаў я, -- у іх жываты, гэта ж трэба столькі ўбухаць, а жывот жа не прорва? Як могуць іхнія душы, якія падабенства Божае ёсць, спадзявацца на ратунак, седзячы ў такіх свіных тушах, у якіх яны, нібы злодзеі ў цямніцах і акішэлых паразітамі норах, і няма ў іх ніякіх богаспадобных парыванняў? Іх высакародныя душы, -- кажу я, -- як яны могуць трываць такую псоту?. Чаму яны замыкаюцца ў такіх смярдзючых клааках? Ці ж іхнія пачуцці і розум, якімі паслугуюцца душы, не пахаваныя ў вантробах неразумных жывёл?” – “Утні язык, -- сказаў святар, -- каб не дастаў па храпе; тут не час і не пара казані казаць, інакш я зрабіў бы гэта сам, лепей за цябе”. Пачуўшы гэта, я ўжо далей голядзеў моўчкі, як тут пераводзілі і глумілі ежу і пітво, тым часам як убогі Лазар, які мог бы тут добра падсілкавацца, у вобразе сотняў выгнаных вэтэраўскіх бежанцаў, у якіх голад выглядваў з вачэй, таміўся перад нашымі дзвярыма, макавай расінкі ў роце не меўшы.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы першы досвед з навукі здымае і на конскім карыце вынікі мае Калі я так стаяў і чакаў з місаю ў руцэ перад сталом з цяжкімі думкамі ў галаве, жывот мой узяўся за мяне і не даваў мне спакою; ён бурчаў, ён вурчаў бесперастанку, напамінаючы мне, што сабраліся ў ім духі і просяцца на свежае паветра; я падумаў, што пасоблю сабе ад гэтых пакутлівых курчаў і рэзяў, калі, скарыстаўшыся навукай майго прыяцеля, якую ён даў мне мінулае ночы, адчыню засланку. Па ўсіх правілах я падняў левую нагу на поўнае сцягно, як мага вышэй, напнуўся, націснуў на клямку і ўжо хацеў быў тройчы паўтарыць чароўны заклён “шыкі-пшыкі”, як уся тая кампанія вясёлых духаў, што шмарганула з маёй (s.v.) задніцы, насуперак майму спадзяванню нарабіла такога грому, бабахнула з такой сілай гідотным грукатам, што ад страху я аж забыўся, што раблю; я так перапалохаўся, як шыбенік на драбінцы, калі кат ужо накладвае на шыю шворку; ад страху я ўвесь здранцвеў і ўжо не мог далей кіраваць сваім целам, а тым часам і мой рот у гэтым раптоўным гвалце таксама ўзбунтаваўся і ніяк не хацеў ні забараніць, ні дазволіць задніцы, каб тая сама закончыла казань, і гэта рот, які дадзены на тое, каб ім гаварыць і крычаць, каб той рот ціха прамовіў усе патрэбныя заклёны. А таму праз гэты бунт словы, якія я меў сказаць нішчачкам, каб чула адна толькі задніца, словы прагучалі страшна, як калі б мне хацеў хто здушыць горла. Чым жахлівей страляў ніжні вецер, чым жудасней зверху гучалі заклёны “шыкі-пшыкі”, нібыта верхні і ніжні выхады са страўніка пабіліся ў заклад, каторы з іх здатнейшы грымнуць мацнейшым зыкам. Усё гэта разам дало палёгку маім гізунталам, але ж і ўвяло мяне ў няласку майго пана губернатара. Ягоныя госці ад гэтых нечаканых “шыкаў-пшыкаў, барабаннага перабору і ніжняй карцечы аж есці перасталі, аж працверазелі; а я, як ні намагаўся, як ні стараўся, ужо не мог прыпыніцца, бо ж такі прарвала. Я быў пакладзены на конскае карыта, і высцебаны, і патрактаваны пугамі, што па край жыцця свайго не забудуся.
Такая была мая першая лупцоўка, такая жыццёвая дойма, такое, браточкі, аблашчанне музы – (s.v.) лупу-цупу, лупу-цупу, то у сраку, то у дупу, раз, два, тры, больш не сяры! – якую я дастаў з часу, калі першы раз удыхнуў паветра, якое цяпер так ганебна сапсаваў, хоць, як вядома, у ім мы павінны жыць супольна, згодна і дыхаць на поўныя грудзі. Прынеслі ўсякія выкурвальні і свечкі, госці падаставалі нюхальныя пушачкі, розныя флакончыкі і пуздэрачкі з бальзамамі, нават нюхальны тытунь; але ўсе гэтыя пахошчы не маглі перабароць майго мацнейшага. А я як узнагароду пасля гэтага акту, адыгранага мною лепш за найлепшага камедыянта на свеце, атрымаў нарэшце спакой у жываце, сінякі на спіне і задніцы, госці – поўныя насы смуроду, а чэлядзь загад напоўніць памяшканне здаровым пахам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы бачыць, што адбыць гасціну гэта – ператварыцца ў скаціну Пасля ўсяго, што адбылося, я прыслужваў, як і раней. Мой святар быў яшчэ там, і, як і іншых, яго змушалі піць; ён вельмі не хацеў і бараніўся, кажучы, што не хоча жлукціць, як жывёла. Адзін добры выпівоха даказваў, што якраз ён, святар, п’е, як жывёла, а астатнія прысутныя п’юць, як людзі: “Бо, -- сказаў ён, -- жывёла п’е роўна столькі, колькі ёй усмак і колькі трэба ад смагі, бо яна не ведае, што добра, што не, і не ўмее піць віна; а нам, людзям, падабаецца, каб пітво ішло на карысць, і ўліваем у сябе высакародны сок, як гэта рабілі і нашыя продкі”. – “Так, -- адказаў святар, -- але ж мне след трымацца пэўнай меры”. – “Слушна, -- адказаў той, -- сумленны чалавек трымае слова”, -- і даў наліць вялікі келіх і падаў святару; але той прапусціў гэта міма і пакінуў выпівоху стаяць з налітым.
Калі ён адышоў, тут усе й завяліся і пачалі даводзіць, што гасціна павінна спраўляцца а пэўным часе, з пэўнай нагоды, каб людзі маглі ўзаемна паквітацца выпіўкай, даць адзін аднаму ганьбы ці яшчэ якую штуку ўрэзаць; а калі каторы ўпіваецца аж так, што не можа болей ні сядзець, ні хадзіць, ні стаяць, гэта называецца: “цяпер і ты свіння, і табе пірог адпечаны”, і так далей, etc. А хто трымаецца даўжэй і п’е ўмеючы, той – на вышыні, не выстаўляе сябе на смех і глум; але ўрэшце ўсе выспельваюцца і вычвараюцца, як усё роўна чмурнага зелля наеўшыся. Камедыя – глядзець на ўсё гэта, а няма ж чалавека, які здзіўляўся б, як я. Адзін спявае, гарлае, другі плача, скавыча; адзін рагоча-заліваецца, як з гары едучы, другі ўвесь у меланхоліі кволіцца, румзае; адзін лаецца, другі моліцца; адзін крычыць: “Ура!”, другі нешта языком замельвае, сказаць нічога не могучы; адзін сядзіць ціха і замірана, другому – хоць з чортам узачубкі брацца; той спіць і маўчыць, а той бурдоліць і балбоча, што на язык налезе, без упыну, без угамону. Той болбат нешта пляце пра свае мілосныя флірты і выправы, а той – пра неверагодныя ваенныя подзвігі; закідаюцца і пра царкву, пра матэрыі духоўныя, а то і пра ratione status, палітыку, дачыненні ўнутраныя і замежныя; а каторыя бегаюць, мітусяцца, шнуруюць туды-сюды, як ртутныя шарыкі, не могучы нідзе спыніцца, тым часам як назюзюканыя покатам качаюцца, пальцам варухнуць не могучы, не тое каб стаяць роўненька ці спаважна пахаджаць; а вунь жа тыя, бач, няло ім, усё яшчэ замалочваюць, усё яшчэ мурзаюць, мурзаюць, папускаюць папругі і зноў акладаюцца, быццам тыдзень расінкі макавай у роце не мелі, а натаптаўшыся, зараз пойдуць бляваць і рыгаць усім, чым аб’еліся за дзень. Часам усе іхнія ўхваткі і высцебкі такія смешныя і распацешныя, блазнівыя і дзіўныя, ну ж і такія грэшныя і пахібныя, што той мой нявінны пшык, які так знагулу выхапіўся з мяне і за які я быў так жорстка выперцаваны, -- проста мілы дзіцячы досціп, на які і зважаць добрым людзям не след было б. Нарэшце за сталамі ўсчынаецца страшэнны кавардак: пачынаюць шпурляцца шклянкамі, келіхамі, міскамі і талеркамі, садзіць адзін аднаму кулакамі, накладаць крэсламі, ножкамі з лавак, услонамі, шпагамі і ўсім, што пад руку навернецца; ужо юха дудкаю б’е, ужо… Але мой гаспадар сунімае гэты вэрхал.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы бачыць, як пан казла дзярэ, і яго ліхая агіда бярэ Калі зноў запанавалі мір і злагада людская, піткі пабралі музыкаў і баб і перайшлі ў другі дом, дзе была зала пад іншыя блазноты. А мой пан сеў на ложак, бо ці тое ад злосці, ці тое ад пераеду, але яму заблажэла. Я пакінуў яго, дзе ён лёг, хай, думаю, адпачне і выспіцца, але не паспеў я падысці да дзвярэй, як ён ужо спрабаваў свіснуць мне, ды не змог. Ён крыкнуў, але ў яго выйшла толькі: “Сімле!” Я падскочыў, а ў яго вочы закаціліся, як у недарэзанага цяляці. Я стаяў перад ім слупам і не ведаў, што рабіць; а ён паказаў на паліцу і замармытаў: “Пр-пр-прынясі ты, ллайдддак, ттта-азік, ббуду кка-аззла драць”. Я борздзенька прынёс тазік і калі падышоў да яго, ён надзьмуў шчокі, як сурмач, потым схапіў мяне за руку і паставіў перад сабою так, што я трымаў тазік у яго пад носам. І тут яго прарвала, з сутаргамі і балючымі курчамі ён рыгануў у падстаўлены тазік гідотную субстанцыю, аж я мала не самлеў ад невыноснага смуроду, тым больш што пырскі (sal. ven. – з дазволу сказаўшы) паляцелі мне ў твар. Я ледзь быў не далучыўся да яго за кампанію, але ўбачыўшы, як ён спалатнеў, стрымаўся на паўдарозе ад страху, што сама душа ў яго зараз спагоніць ахвоту і вывернецца ў той тазік разам з гідотай, бо вось ужо й халодны пот выступіў на лобе, і ўвесь твар зрабіўся як усё роўна ў нябожчыка. Калі ж ён праз колькі хвілін перастаў і крыху адчаўраў, дак сказаў мне прынесці свежай вады, каб прапаласкаць свае тэльбухі.
Пасля загадаў вынесці “казла”. Не бачыў я ў гэтым ніякай заганы, хоць перада мною ў срэбным тазіку ляжала, як мне здалося, едала на чатырох мужыкоў, якое не заслужылася, каб яго выкідалі ў памыйніцу. Да таго ж я ведаў, што мой пан не браў у рот нічога паскуднага, а толькі цудоўныя далікатэсныя паштэты і ўсякія розныя печывы, драбяціну і дзічыну, мяккія цялячыя выразкі, усё гэта яшчэ можна было ў тазіку выдатна пазнаць і адрозніць. І я панёс усе тыя лагодкі, не ведаючы, аднак, што з тым дабром рабіць, але і папытацца не мог. Я пайшоў да гофмайстра; паказаў яму ўсе панскія прысмакі і спытаўся, што рабіць з “казлом”. Ён адказаў: “Дурны, нясі і аддай кушнеру, хай скуры вырабляе”. Я спытаўся, дзе той кушнер. “Не, -- адказаў ён, убачыўшы маю прастадушнасць, -- затарабань доктару, хай паглядзіць-пабачыць, чаго там наш мілы панок нахрапаўся”. Такі жарт я скроіў бы, калі б гофмайстар не баяўся нарвацца на горшае; ён сказаў мне занесці гасцінца на кухню дзяўчатам, -- хай усё гэта паперчаць, пасыплюць перным зеллем і ашчадзяць да наступнага разу; я сур’ёзна выканаў ягоны загад, але тыя шлюндры на кухні толькі збэсцілі мяне.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы прыходзіць на панскія танцы, ды зноў упускае выдатныя шанцы
Калі я пазбавіўся ад тазіка, выйшаў і мой пан; я ішоў следам за ім да вялікага дома, дзе ў зале ўбачыў мужчын, жанчын і людзей нежанатых; усё там скакала, кішэла, грымела, падбрыквала і вішчала так, аж я падумаў быў, а ці не павар’яцелі яны ўсе, бо я ніяк не мог зразумець, навошта гэты гвалт і валтузня ўся. Глядзець на іх збоку – проста жудасць, шаленства і страхалюдства нейкае, у мяне валасы падраслі, пакуль глядзеў, у мяне скура сшэрхла, я не мог падумаць нічога, як толькі, што ўсе яны тут кручаныя шаляніцы, з глузду з’ехалі, з быка пападалі. Калі мы падышлі бліжэй, я пазнаў – гэта ж былі нашыя госці, якія яшчэ ад полудня былі ў добрым гуморы. “Божа мой, -- падумаў я, -- што тут робяць гэтыя няшчасныя? Ах! Іх і праўда, мусібыць, апантала”. А потым падумалася, што сюды пазбіралася ўсякая пякельная нечысць і цяпер тут такім вось чынам збыткуе і пацяшаецца з усяго чалавечага роду, зладзіўшы шабас і малпіна гамузаванне; я падумаў – калі б у іх былі чалавечыя душы і Божае падабенства, яны не паводзілі б сябе так не па-людску. Калі мой пан ступіў на парог і ўжо мерыўся ўвайсці ў залу, шалы прыпыніліся, хоць усе ўсё яшчэ патузвалі і торгалі галовамі, дрыгалі і шоргалі нагамі, аж мне здалося, што яны прыгладжваюць тыя калдобіны, якіх панавыбівалі ў глінянай падлозе. Па потных тварах і пыхценні я зразумеў, што яны добра-такі намардаваліся; але весялосць на тварах сведчыла, што намогі не былі ім горкія.
Вельмі хацелася ведаць, што азначала ўсё гэта безгалоўе, і таму я спытаўся ў свайго таварыша, таго самага шчырадушніка і даверанага сардэчнага брата, які нядаўна навучыў мяне вешчаваць праўду, чаму тут такі гвалт і гармідар і як мне глядзець на гэты шалёны разгірдзяш, гэтыя скокі, падскокі і выдыганні. Той сказаў мне чыстую праўду, што ўсе прысутныя згаварыліся ўтрамбаваць у зале падлогу. “Чаму, ты думаеш, -- сказаў ён, -- яны ўсе так рассупоніліся і раступаталіся? Ты ж бачыў, як яны павысаджвалі вокны? Так будзе і з гэтай падлогай”. – “Госпадзе Божа! – адказаў я. – Тады і мы правалімся разам з імі, і мы, падаючы, скруцім сабе вязы?” – “Ну, але ж, -- сказаў мой прыяцель, -- на тое яно ўсё і робіцца, каб чорту дагадзіць. Сам пабачыш, скора кожны, як толькі яго прыцісне смяротная небяспека, пачне хапаць хто прыгожую бабу, хто дзеўку, бо, як той казаў, абмінуць таго ўдары, хто падае ў пары”. На такіх развагах апанаваў мяне раптам такі страх і такі клопат прыхапіў, што я больш не ведаў, куды падзецца і што рабіць; а калі ўскварылі музыкі, якіх дагэтуль я проста не заўважаў, і мужчыны разбегліся па панях, як кананіры па гарматах, як пачулі яны трубы, як пахапалі яны тых паняў, мне здалося, што вось-вось ужо тая падлога і трэсне і я разам з усімі правалюся ў апраметную. Але што яны зноў загапатавалі, як дурныя, што аж сцены задрыжалі, бо музыкі якраз утнулі нейкую дужа бадзёранькую штуку, я й падумаў: “Ну вось і садухі табе, ну вось і канец настае – гэнна граюць. Гэтта скокі вырабляюць! Ну ж бо, Сімпліцы, хоць напаследак пабудзь чалавекам”. А падумаўшы, што зараз абваліцца ўвесь дом, я з вялікага перапуду падхапіў за руку нейкую кумпячыстую паню з высокае шляхты і выдатных цнотаў, з якою толькі што гутарыў мой пан, учапіўся ў яе, як мядзведзь, і трымаў, як абцугамі. Яна не ўцяміла, якія бзікі заскочылі мне ў галаву, а я ў поўнай роспачы і адчаі залямантаваў, як недарэзаны. Але мала таго, тут якраз і выкаўзнулася мне нешта ў штаны, і пайшоў такі смурод, якога нос мой даўно не чуў. Музыкі раптам сціхлі, танцоры і танцоркі сталі, а шаноўная пані, якую я трымаў за руку, была ў поўным адпадзе, думаючы, што гэта мой пан падгаварыў мяне падкласці ёй такую пігулку. Але мой пан распарадзіўся ўкінуць мне як след і замкнуць куды-небудзь, бо годзе з яго, сказаў, на сённяшні дзень такіх неспадзяванак. Стралкі, якія павінны былі выканаць гэта, умілажаліліся з мяне, але ад таго смуроду не маглі вытрываць, абышліся без лупцоўкі, а толькі завялі мяне ў гусіны катух і замкнулі там. Пасля я шмат разоў думаў над гэтай прыгодай і прыйшоў да высновы, што экскрэменты, якія выдушваюцца з чалавека ад пярэпалаху, смярдзяць куды горш, чым пры ачышчэнні ў спакайнаце.
|