Лёк
Андрэа Сафі Януш
Уcім тым людзям,
якія дапамагалі мне выжыць,
пакуль я зноў усіх сабрала разам.
Аахен, студзень 2003
ПІРУЭТЫ
Мабыць, тоe было глыбокай скрушлівасцю, што зрабіла маю душу такою датклівай, калі я змагла пачуць яго пашчотны галасок, галасок маленькага нябеснага пасланца, які вярнуў усю каляровасць у апанаваны шэрасцю свет, куды баязліва ўцякла мая душа.
Аднаго разу паполудні, бадай што гэта было ў нядзелю, я, занураная ў самую сябе, сядзела на лаўцы каля маленькага садовага дамка і разважала, чаго ж мне больш хочацца: быць мёртвай ці жывой. Матылька, які сеў мне на калена, я заўважыла толькі таму, што ён мне сам глянуўся: яго вялікія крылы пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Матылёк быў і ў палоску, і ў крапачкі, і ў клетачку, і цельца яго было круглявае і крамянае.
-- Хэло, -- сказаў ён мяккім галаском. – Я –Лёк.
“Ну вось, мабыць, я ўжо зусім таго,” – падумала я сама сабе. Але галаве не было калі развіць гэтую подумку.
-- Я ведаю, што гляджуся крыху незвычайна. Хай цябе гэта не палохае. На тое свае прычыны. Калі хочаш, я раскажу табе пра іх. Ну так, я крыху таўсманы як на матылька, праўда ж бо? Але ведаеш, пры гэтым я ўсё-такі даволі рухавы і ўвішны. Глядзі!
Ён узляцеў, папырхаў налева, направа, апісаў кола, скруціў двайное сальта, увінуўся вакол сваёй восі ўгору, а пасля элегантна і лёгка апусціўся зноў на калена.
-- О, мне няёмка. Павер, я не хацеў нічога сказаць гэтым сваім пілатажам. Проста ад лішку пачуццяў, прарвала… Ведаеш, аднаго разу я таксама быў у бясконцай журбе. Гэта, калі я ўшчыкнуў за галоўку Марго, Маргарыту. Я быў нават падумаў, што забіў яе сваім настырным прыставаннем. Невыносным нават для маіх любасных суродзічаў. Прызнаюся, я быў дурань дурнем.
Ён задаволена заўсміхaўся.
-- Што табе сказаць. Я не хацеў больш нічога адчуваць. Пакончыць з усёй ганьбай, сорамам, напружанасцю, болем. Я ўзляцеў на барбарыс і зачапіўся лапкай за калючку. А пырхнуў жа высока, разгону набраў. І вось, растапырыўшы крылы, куляюся з лістка на лісток уніз, аж пакуль не плюхаюся маёю даражэнькаю на цвёрдую зямлю. Ды каб жа тое на зямлю, -- а то ж якраз на саменькую кучу гаў…, прабач, фізіялагічных выдзяленняў нейкай чатырногай жывёліны. Можаш сабе ўявіць карціну?
Цельца Лёка аж трэслася ад смеху.
Авалодаўшы нарэшце сабою, ён некалькі імгненняў выпрабавальна глядзеў на мяне, пасля пасур’ёзнеў:
-- Мне зноў крыху няёмка. Бо так во згопалу зваліўся на цябе са сваёй прыгодай. Ці не магла б ты паслухаць. Дык мо дасказаць?
-- Ну так, чаму ж не, ахвотна паслухаю, -- заікаючыся замармытала я. І было неяк дужа дзіўна на душы. Гэта ж трэба -- я гутарыла з матыльком!
А той піруэтамі падляцеў да майго носа, крыху паказытаў яго крылцамі:
-- Выдатна. Тады я прылячу заўтра ў такі самы час. Ты будзеш чакаць мяне?
Вядома, я магла і пачакаць. Зрэшты ж бо не было больш нічога такога, чым я магла б заняцца. Затое былі ўсе прычыны пачакаць да заўтрага, хай сабе нават проста дзеля таго, каб пераканацца, ці я канчаткова звар’яцела, ці так сабе крыху выдурніваюся.
ПАНЯДЗЕЛАК
Назаўтра ў той самы час матылёк сапраўды прыляцеў, падняў крыло на прывітанне і ўтульна прыстроіўся ў мяне на калене.
-- Хочаш паслухаць пра панядзелак?
-- Панядзелак? -- здзіўлена перапыталася я.
-- Так, уся гісторыя прабегла за тыдзень. Ведаеш, у нас, насякомых, дзень намно-о-о-ога даўжэйшы, чым у вас. -- Ён зрабіў шырокі жэст двума пярэднімі лапкамі. -- А тыдзень, гэта ў многіх з нас намнога даўжэй за цэлае жыццё.
-- Ну, тады я гатовая слухаць цэлы тыдзень.
Лёк аж падскочыў.
-- О, гэтага я заўсёды хацеў. Каб нехта выслухаў усю маю гісторыю да канца! – І яго шчочкі пачырванелі. -- Ну, дык вось. На чым гэта я быў спыніўся? Ага, на кучы, у якую я прызямліўся, і выбуху рогату, які адбіўся ў маіх вушах разам са словамі: “раз, два, тры – раз, два, тры – на тры чвэрці такту -- у гаўно!”
І сказаць не магу, як мне было брыдка. Калі пасля я адважыўся зірнуць, вачам не паверыў. Перад мною стаяў высокі дужы жук. Але стаяў неяк скасабочана. А можа, гэта я пазіраў скоса. Альбо зямля нахілілася, альбо ж сам жук.
Мабыць, я глядзеўся так дурнавата, што ён не мог стрымацца ад смеху. Аж пасля нават брыкнуўся на спіну і затрапятаў лапкамі.
Так, я быў смешны, аж проста такі, што хоць бяры ды памірай, так сказаць. Нічога, ну проста анічагуткі не мог зрабіць правільна. Слёзы паліліся ракою, я тхімкаў, я румзаў.
Магу сказаць, калі так па-сапраўднаму плачаш першы раз, уголас, вядома, дык не стрымаешся, няма на слёзы ўправы. Цэлыя патокі ліліся з вачэй маіх.Так, але на чым гэта я спыніўся?--
Ага, я мусіла нарэшце ўзяць сябе ў рукі, бо на маім калене стаяў жук і нейкае рады трэба было даць і яму. І тады я зразумела, што ў яго не ў парадку – у яго было толькі пяць лапак. Не было правай пярэдняй.
-- Зрэшты, яго завуць Скарбі, у яго шырокія плечы, вялікая галава і рагавое адзенне, такое бліскучае, сінявата-начное, што на ім аж як бы люструюцца зоркі. Яго смех развярэдлівы, заразлівы, як адзёр, а голас можа грымець, чыста гром. Часам ён нахіляе галаву і плячо на тое месца, дзе была лапка. Ён называе гэта “захінуць больку” і кажа, што гэта няма ладу якая палёгка. Але прабачце, я ўхіліўся.
Як толькі Скарбі падняўся на лапкі, ён нагнуў маю галаву злёгку ўніз, выцягнуў з-пад крыла лісток і выцер мне лоб, бесперастанку пры гэтым прыгаворваючы. “А дзеткі ж мае, а дзеткі ж мае, і як табе гэта аж так прыпала. Але будзем спадзявацца, загнаення не будзе”.
Нічога такога мілага ніко-о-олі ніхто мне не казаў і не рабіў. Я быў так замілаваны, што на вочы зноў набеглі слёзы.
“Што такое? Вельмі баліць?”
“Не, не”, -- мармытаў я.
“Гэта таму, што ты такі чуллівы. А я смеху варты, няўклюдзіна такі, увесь нейкі лішні. І наогул. Я не хацеў больш нічога адчуваць. А цяпер я толькі плачу і плачу, я больш не магу. Канечне, я проста ненармальны альбо зусім звар’яцеў, а што дзіўны, дык дзіўны і так і гэтак. Глянь толькі на мяне. Ах, лепш бы мне памерці.”
Скарбі наморшчыў лоб. Але ягоная рэакцыя ў пэўнай ступені агаломшыла мяне:
“Паслухай, ці не мог бы ты крыху пачакаць? Я добра скарыстаўся б з тваёй дапамогі. Ты ж бачыш, я пакалечаны. У мяне няма адной лапкі. Замест шароў я магу толькі паварочваць яйкі. Не магу іх качаць, не магу такім чынам зрабіць сабе запасаў на зіму. Думаю, калі ў цябе наўме няма нічога лепшага, ты мог бы дапамагчы мне ў фармаванні шарыкаў і перакочваць іх, а я пераносіў бы цябе на абеды з кветкі на кветку.”
Гэтага я не разумеў. “Як гэта ты мог бы падняць мяне на кветку?”
“Ну, вельмі проста, бо ты ж без вусікаў, дык і без арыентацыі. Скажу табе са свайго вопытку, без пеленгацыі нічога не выйдзе. Нуль інстынкту, скажу я табе. Любая птушка схопіць цябе злёту, ты і ўвінуцца як след не паспееш. Сёння гэта называецца “выжыць”.
Такім дурным я сябе яшчэ ніколі не адчуваў. Уяві сабе, я думаў, адарві мне вусік, і я не пачую болю. Зусім не разбіраўся ў гэтых рэчах. --
Лёк крыху памаўчаў, здавалася, усё яшчэ пад уладай апошняй думкі. Нарэшце дадаў:
-- І я застаўся са Скарбі, бо яму патрэбна была дапамога, -- а пасля спытаўся ў мяне:-- Ты зразумела?
Я паціснула плячыма:
-- Здаецца, зразумела. Але ўсё яшчэ далёка не ўпэўненая.
Замест тлумачэння паследавала развітанне:
-- Тады да заўтрага, добра? Мне цяпер пара па пільнай патрэбе. Значыцца, у гэта самы час?
Калі я гукнула яму наўздагон: “О’кей. Дык жа будзь асцярожны, пільнуйся!”, мне ўжо здавалася абсалютна нармальным гутарыць з матыльком.
АЎТОРАК
Лёку можна было даверыцца. Ён быў дакладны як і раней, і я аж уся перавялася, чакаючы працягу ягонай споведзі.
-- Дык вось. Аўторак выдаўся мокры. Як і дамовіліся , я дапамог Скарбі скачваць і транспартаваць ягоныя зімовыя запасы. Спачатку мяне крыху гідзіла, зрэшты ж, гной зусім не пахне нектарам кветак.
Але Скарбі толькі пасмяяўся з мяне: “Усё прырода. Чысцюткая прырода, даражэнькі”.
Я спрабаваў, наколькі мне гэта ўдавалася, адшкадаваць яму нечым яго лапку, якое ў яго не было, але калі давялося падымацца на грудок, я кульнуўся ўніз на мулкую зямлю, зачапіў Скарбі, ён сам страціў раўнавагу, і мы абодва на злом галавы пакаціліся ўніз. А за намі шарык. І мне зноў балела!
Я плюхнуўся пад самыя лапкі далікатнай паненкі, маленькай прусачыхі: “Ну, вам яшчэ трэба трошкі патрэніравацца,” -- cказала яна смеючыся.
Тут Скарбі разгневаўся. “Годзе з мяне, -- пачаў сварыцца ён, -- каб гэта рыхтык я даўся ў насмешкі нейкаму прусаку? Міленькая рэч! Га? Жыццё мурашынае! Нічога ў іх у генах, апрача як – выжыць, выжыць. Да ўсяго прыстасоўваюцца. Да ўсяго прывыкаюць. Прымаюць усё, як яно ёсць. Апошнія застаюцца, нават калі ўвесь свет коціцца к чортавай матары. Якая перспектыва!” Добрая ты мая, я спалохаўся. Такога Скарбі я яшчэ не бачыў. Я ад шчырага страху дрыжаў, як мімоза, нават больш.
Але прусак, здавалася, заставаўся зусім халодны, глыбока ўздыхнуў, кінуў позірк на натоўп дзяцей, што тлумам кленчылі вакол, і зладзіўся да сапраўднай прамовы:
“Гэта і праўда ж не першы раз, калі нам супроцьстаіць такога роду пагарда. Голае выжыванне, гэта вы нарэшце павінны зразумець ёсць cоnditio sine qua non усяго сутнага. І нічога, чаго мы мусілі б саромецца. Наадварот. Гэта хутчэй довад на карысць асаблівасці нашага спосабу выжывання.
У астатнім мы таму такія невынішчальныя, бо маем выразна азначаную сацыяльную кампетэнцыю і высокую меру альтруізму, а не таму што кормімся экскрэментамі, як некаторыя падобнага роду кузуркі!”
Цяпер ён з выклікам паглядзеў на Скарбі.
Ужо з cоnditio sine qua non, што, зрэшты так шмат значыць, як недапушчальная перадумова, Скарбі штурхнуў мяне ў бок. Здавалася, ён ужо забыўся на свою злосць, здавалася, ён пацяшаўся. Яго выскалянне ўвяло нашага наведніка ў сапраўдны запал:
“Менавіта ты хочаш падняцца над намі? Ха, я смяюся. Называецца мне Скарбі, успомні пра сваіх егіпецкіх продкаў. Жукі-скарабеі, носьбіты адраджэння і шчасця ў форме бога сонца. А чаму? А таму, што ўсякія ігнаранты ніколі не заўважалі, што гэтыя жукі толькі таму вылазяць з гнаявога шарыка, бо іхнія бацькі папярэдне адкладвалі ў яго яйкі. І ты ў кожным разе не што іншае як звычайны нямецкі жук-гнаявік!”
Гэтым разам ён зайшоў надта далёка, падумаў я, убачыўшы, што Скарбі падышоў да дамы. І сказаў прыветліва: “Глянь, які інтэлектуальны прусачок! Вітаю цябе, нават калі гнаявікі мае далёкія сваякі. Што ты тут вышукваеш?”
“Ну так, калі мяне называюць прусаком, я не крыўджуся,-- перапыніла яго прусачыха і злёгку пачырванела. -- Хоць мы і належым да роду blattodea. Але, уласна кажучы, мае дзеці і я – усе мы звычайныя нямецкія хатнія прусакі. Праўда, мы рашылі, што далей будзем называцца тараканамі. Мы пакінулі людскія жытлішчы і хацелі б тут дапасавацца да прыроднага жыцця. Па дарозе сюды адна шаранчыха параіла нам, каб мы звярнуліся да цябе. Яна сказала, што ты практычна дужа прыязны і напэўна ж дапамог бы нам на першым часе. Мяне завуць, зрэшты, Кая, а гэта мае дзеці – Кордула, Казімір, Канстанцін, Клара , а вось гэтага меншанькага завуць Кай-Увэ.“
І сямейства К. Блатодэа пасялілася ў нас. У першы вечар Кая расказала нам яшчэ пра сваё жыццё ў людской кладоўцы. Магу сказаць табе, чаго толькі людзі не панавыдумлялі, каб забіваць іх. У іх ёсць вялікія хлапушкі, часам яны шпурляюць чаравікамі, але найчасцей вялізнымі, тоўстымі вязкамі кардону, якія яны называюць кнігамі. Але самае горшае было – газавая атака, якую Карл, муж Каі, так і не перажыў. „Тады я рашыла напляваць на гены і стварыць базу пад новы від – лясных тараканаў!“
Дзеці, здавалася, ва ўсякім разе пачуваліся добра ў сваіх новых, нязвычных імшаных пасцельках і яшчэ доўга хіхікалі пакуль не пазасыналі. А я перад сном яшчэ, бывала, думаў: „Што я павінен улічваць. Выжыць. Cоnditio sine qua nоn; нічога такога, за што мне было б сорамна.”
Ты разумееш?
-- Так, ужо, -- адказала я. І ўжо намерылася была сказаць “але”, аднак Лёк зноў схамянуўся:
-- Мне вельмі шкада. Але ў мяне дамоўленасць. Ці магу я прыйсці заўтра?
-- Ну, вядома. Я загадзя радая, -- яшчэ паспела я кінуць яму наўздагон, перш чым ён знік з маіх вачэй.
СЕРАДА
У сераду я пачала нашу сустрэчу з пытання, якое ўжо каторы дзень даймала мяне:
-- Перш чым ты пачнеш, скажы мне, як ты прымаеш cваё такое чужамоўнае імя?
Лёк радасна заззяў:
-- Як добра, што ты спыталася. Якраз пра гэта я і збіраўся расказаць сёння.
Калі я быў коканам, кукалкай і нават маладым матыльком, у мяне не было імя. Ружы, напрыклад, яшчэ здалёку крычалі: “Вунь зноў ён сюды прэцца, бесталковы дурыла. Гэты асацыяльны тып зноў будзе калупацца ў нашых кветках, пакуль не зглуміць усю іх прыгажосць”. Там быў адзін маленькі званочак, які папярэджваў мяне перад налётам: “І не думай, і не спрабуй, няўклюда!”
Я думаў, што тут усе толькі і робяць, што падбіраюць мне імя. Так мяне звалі дурань, няўклюда, асацыяльны тып. Але аднаго разу мяне назвалі сябрам. Гучала вельмі прыгожа. Гэта была тысячаножка. Як я захапляўся ёю! Як спрытна і ўвішна яна рухалася, тым часам як я, няўклюдны вусень, прадзіраўся ў траве.
Яна казала пра мяне толькі вельмі мілыя словы, што я прыгожы, што я таленавіты, што я магу даверыцца ёй. А тады, а тады…
Пачакай хвілінку, я павінен перабрацца ў іншае месца, так, каб мне бачыць цябе, а ты каб не бачыла майго твару, інакш я памру ад сораму…--
Лёк падняўся, падляцеў мне пад падбародак і прыгрэўся на шыі:
--…тады яна пачала мяне ўсяго абмацваць, ці лепей сказаць – аблапваць, ціскаць і мяць. Спярша я падумаў, што гэта мне павінна было б падабацца, але пасля зрабілася так агідна, што я выдаў на яе увесь мой абед. Чула б ты, якім імем яна мяне пасля гэтага назвала. Але я не паўтару яе слоў.--
Лёк засмяяўся, пераляцеў зноў на маё калена, асцярожненька расплюшчыў вочы, паглядзеў мне ў твар, кіўнуў і крыху сарамяжліва ўсміхнуўся:
-- Але ўсё адно мне было вельмі сорамна.
Але ж бо на чым гэта я спыніўся? Ага, на маім імені. Можаш сабе думаць, што ў мяне былі нейкія там ваганні наконт таго, каб руляваць на якую-небудзь кветку ды выпіць з яе нектар. Але аднаго дня я пазнаёміўся са стакроткамі, іх яшчэ называюць маргарыткамі. Я ўжо чуў пра ружы, што на нашым лузе яны лічыліся хутчэй “звычайнымі” кветкамі. Але асабіста мне яны -- бліскуча прыгожыя, як сонца. Калі я асцярожна падляцеў да першай, яна радасна сказала: “Падзівіцеся толькі, які незвычайны госць.” Гэтага я, шчыра кажучы, не чакаў. З перапуду я не пацэліў правільна сесці. Але Марго і яе каляжанкі падбадзёрылі мяне, падахвоцілі вельмі патрэбнымі камандамі.
Ах, гэтая зручная, пляскатая паверхня сонечна-жоўтай трубачкі. Уласна, гэта была дзіцячая гульня. Калі я сеў, усе запляскалі мне. Белыя язычкі кветкі, здавалася, апраменьвалі мяне як вянком перамогі. Той сардэчны прыём так крануў, што я аж крышку прыплакнуў. Увогуле я даволі часта плачу, напрыклад, калі каму вельмі ўдзячны, калі журуся альбо надта шчаслівы, калі саромеюся, альбо шалею ад гневу, альбо калі нешта дужа вярэдзіць мне сэрца… Скарбі заўсёды кажа, што мае вочы на мокрым месцы.
Але, што ж гэта я меўся сказаць такога... Стакроткі зрабіліся мне сапраўднымі сяброўкамі. Калі я назаўтра наведаўся да іх, яны і спыталіся ў мяне, як мяне завуць. Я іх усе пералічыў, імёны свае, усе. Якія толькі чуў. Але стакроткі толькі скрушліва паківалі галоўкамі, а Марго сказала: “На кім такая вялікая адказнасць, той мусіць быць мацнейшы ў целе і не павінен дапускацца, каб яго зневажалі.”
“Адказнасць, я? Але ж я толькі паразіт, які корміцца пылком з вашых кветак!”
Усе яны дружна пасмяяліся з мяне: “Ці ж ты не ведаеш, што на тваіх плечыках пакоіцца плоднасць і плён тварэння? Калі ты кормішся, дык тым часам апыляеш і апладняеш нас. Што наступнага году не толькі я і нашыя сёстры народзімся зноў, але і нашы дзеткі і многа-многа пляменіц і пляменікаў, якраз гэтым мы заўдзячаемся табе.”
Як жа мала я тады ведаў!
Стакроткі навучылі мяне таксама, што ёсць яшчэ толькі два імені, на якія мы павінны зважаць сур’ёзна: тое, якое нам далі нашыя бацькі, альбо такія, якія мы выбіраем сабе самі. Як што я не ведаў сваіх бацькоў і нават не меў пра іх аніякага ўяўлення, Марго прапанавала назваць мяне Лёкам – канцоўкай назвы майго роду. Маты, сказала яна, ні так ні гэтак мне не ўпасавала б. Гучыць неяк груба. А вось Лёк – гэта як цёплы подых летняга ветрыку, адчувальна, але ж і ясна, светла.--
Галоўка Лёка пурпурова пачырванела. Ён крыху памаўчаў, на нейкі момант накрыў твар крылом, пасля загаварыў зноў.
-- Цяпер ты ведаеш гісторыю майго імя, якое, я так лічу, сам сабе выбраў. Разумееш?
Я моўчкі кіўнула. Здавалася, я і праўда пачала разумець гэтага мальца.
ЧАЦВЕР
У чацвер я ледзьве дачакалася, калі Лёк прыляціць зноў і раскажа сваю гісторыю далей.
-- Суцэльны плач і енк разбудзілі мяне ў чацвер. Каля мяне стаяў Скарбі, яшчэ больш касабока, чым звычайна. “Лёк, давай, кліч Атэлу. Я вывіхнуў плячо. Ах, ты, долечка мая! Як баліць! Пастукай там вунь палкай па камлі дрэва. Коратка, доўга, доўга, коратка. І ён выпаўзе. А тады насцялі яму дарожку з мокрага імху ад дрэва сюды, інакш ён не пройдзе.”
Я абсалютна не ўяўляў, які сэнс быў у гэтым заданні. Але зрабіў усё так, як сказаў мне Скарбі, і баязліва чакаў, што з гэтага выйдзе. Мне здалося, што прайшла цэлая вечнасць перш чым каля дрэва вырасла горка пяску і з яе выцерабіўся чарвяк-дажджавік. Ён выглядаў даволі буркліва ў сваёй чырвонай бейсбольнай шапачцы і адразу ж давай сварыцца: “Ну, канечне, яму, бач, мусова. Я ж табе ўжо тысячу разоў казаў – пакінь сваё глупства. Гэта караецца.”
На дзіва борздзенька дажджавік паслізгаў па мокрым імху. Успоўз Скарбі на спіну і сказаў далікатным галаском: “Патрывай. Зараз балецьме.” Ён абвіўся вакол грудзей Скарбі і напружыў сваё доўгае цела. Аж галава набухла і пачырванела. А тады я пачуў моцны хруст і адразу ж уздых палёгкі Скарбі – “Ах!” --
“Ну, зноў о’кей? Паслухай, мне тут занадта горача і суха. Я зноў скурчуся. І зрабі нарэшце нештачкі са сваім выглядам вечнай абыякавасці”. --
Атэла знік хучэй, чым быў выпаўз, а я неўразумела ўтаропіўся на Скарбі.
Скарбі адразу адгадаў, пра што я падумаў, засмяяўся і сказаў павучальна: “Не тлумі сабе галавы. Выпаўзаць з гною, канечне, гэта брыдка і кепска. І ўсё ж, здаецца, як усё роўна з неба зваліўся. Ну, у кожным разе, калі табе нясцерпна баліць. Атэла, о, ён сапраўдны віртуоз. Часцей за ўсё ў кіслым настроі, што праўда то праўда. Але ўяві сабе на хвілінку, што свет табе мілы толькі ў дождж? Гэта, хоч-не-хоч, а неяк паўплывае на твой настрой. Але пры ягонай працы ніхто яму гэтага ў дакор не ставіць.
Менавіта ж так, як і ты, за ім павінны былі прыглядваць ягоныя настаўнікі, калі ён явіўся на вывучку. Адзін нават пасмяяўся з яго. Ні рук, ні ног, а бач ты яго -- фізіотэрапеўтам надумаў зрабіцца!
Аднак Атэла ўмее быць упартым. Ён настояў, каб яму далі шанец. Вядома, было ўсё няпроста. Зрэшты бо ў яго сапраўды ні рук, ні ног. Значыцца, павінна ж было яму нешта ўбіцца ў галаву, і ён мусіў быў развіць нейкую ўласную методу. Нібыта нават як бы нехта з ягоных экзаменатараў увёў яму гэта ў галаву, бо Атэла якраз і не следаваў строга навучальнаму плану. Але ўрэшце мусіў прызнаць, што вынікі былі проста фантастычныя. І вось, у выніку Атэла сёння неаспрэчны спецыяліст тут у нашай мясцовасці.
Да таго ж ён адзіны, хто ўмее кантактавацца з жукамі-рагачамі. Гэтыя задавакі два разы на год ладзяць паказальныя баі на сваіх велізарных рагах. Усё гэта ў іх, канечне ж, з падвохам. О, ці раз бо каторы з іх псаваў нам нервы. Памагаць ім ніхто не адважваецца, бо якраз у той момант, калі ты папраўляеш яму панцыр ззаду, гэты хлапец рэфлекторна хапае цябе сваімі велізарнымі абцугамі. Хрась. І з цябе ўжо толькі дзве палавіны.
А вось Атэлу гэта не абыходзіць. Ён можа сабе жыць і распалавінены, э-э-э, толькі карацейшы. У мальца ёсць свая абарона. Які-небудзь шаранчук можа адкусіць з яго кавалак – і Атэлу хоць бы што!
Пасля Скарбі расказаў мне яшчэ сяго-таго з сваёй дружбы з Атэлам. Што ён часам крыху нервуецца, бо не можа дазволіць сабе даваць каму-небудзь пастаянна добрыя парады. “Але, зрэшты, ён мае рацыю. Толькі на жаль не мае здаровага глузду што да жыццёвых шалаў – адна пагардлівасць і неразумства”… Скарбі з асалодаю ўздыхнуў, перш чым змог расказваць далей: “…няма ў яго таго, што дае правільны зірк на жыццё. Але затое ён надзейны і заўсёды гатовы дапамагчы. Найперш, і ты павінен гэта зазначыць сабе, ён наогул не трывае, каб хтосьці занадта аддзячваўся перад ім. У госці ён ходзіць толькі ў дождж. Я заўсёды ў такім разе падаю яму лісцінку адной рэдкай расліны, каб запрасіць яго. Ён ведае, што гэтым самым я выказваю яму сваю павагу і чту”.
-- Мілая мая, ну вось, я зноў прачытаў табе цэлую лекцыю. А ты, чалавеча, ці зразумела?”
ПЯТНІЦА
-- Добра, што ты ўжо тут, -- прывітаў мяне Лёк у пятніцу, -- я прыйшоў крыху ранавата. Затое сёння гісторыя будзе даўжэйшая. І ты ведаеш, што зноў жа я мушу адляцець дакладна. Ну дык вось, пачынаю:
Сонца яшчэ спала, калі мяне разбудзіў светлы голас. “Даруй, што трывожу цябе. Ці можна мне тут крышачку адпачыць. І я выключу святло.”
“О, светлячок,” -- здзівіўся я.
“А ты мог бы называць мяне Лямпірай? Няўжо я падобная на чарвячка-светлячка? І чаго толькі людзі не панавыдумляюць! Адны сур’ёзна даводзяць, што мы, светлячкі, ня ўмеем лётаць. – Ах, прабач, ноч была такая напружлівая. А я ў такім разе бываю не зусім у гуморы.”
“Мяне завуць Лёк,”-- акуратненька сказаў я.
Але яна гэта даўно ведала. Яна ведала мяне з майго нараджэння і з таго часу кожнае ночы прыглядвала за мною. Я быў у яе самы любімы аб’ект вывучэння, казала яна і яшчэ, што дужа моцна ўражаная, як гэта я здолеў выжыць адзін.
Яна ведала ўсю маю біяграфію: “Ты паходзіш з першай кладкі яек тваёй маці. Яна была маладая і нявопытная, але самае галоўнае -- першы раз закаханая і вельмі нецярплівая, -- патлумачыла мне Лямпіра, і што я, уласна, як і мае браты і сёстры пабачыў святло свету на кветачцы кусціка чабору: -- Там ты ўпершыню знайшоў усё, што табе патрабавалася на жыццё – сапраўднага корму там хапала, брацікі і сястрычкі маглі бавіцца, а бацькі -- спакойна даваць усім разам патрэбныя жыццёвыя настаўленні. Але твая мама крыху паспяшалася расстацца з дзявоцтвам і занялася бавамі з тваім татам. І таму яна не здолела датрымацца патрэбнай пільнасці. Адно яечка выпала з кладкі і скацілася на другі бок грудка, на луг, які вунь ён – перад намі.
Калі ты вылупіўся, дык быў як і ўсе з твайго роду: зялёненькі ў белым пушку з міленькай карычневай палоскай на баку. Не дужа той час задоўжыўся, і вось ужо я згледзела на табе найдзівоснейшыя фарбы. Хутчэй за ўсё гэта залежала ад тваёй ежы. Замест таго, каб, як яно прадпісана прыродай, табе карміцца выключна з чабору, ты яўна прагрызаўся на лузе праз усе травы, кусты і кветкі без разбору і ад кожнае раслінкі нешта сабе прыўлашчыў. Здавалася, якраз у гэтым было тваё шчасце. Бо ніводная птушка, ніводная шаранча, ніводная яшчарка і ніводная жаба не дакранулася да цябе, усіх уводзіў у зман твой выгляд.”--
“Ты думаеш, усе яны хацелі з’есці мяне?” -- Я быў глыбока шакіраваны.
“А як жа! Дзіва, што ты гэтага не ведаў? – аж сумелася Лямпіра і мармытнула сабе: -- Ну, можна было і прадбачыць, што і там узнікаюць пэўныя дэфіцыты.”
Зусім так я не думаў, бо, уласна кажучы, ясна было толькі адно: я быў прапашчае дзіця ў сям’і. Лямпіра ведала таксама, што мая мама ўсё яшчэ жыла па той бок лугу: “Праўда, гэтым часам у яе быў ужо іншы партнёр. Кажуць, яна зрабіла выдатную партыю.”
Вядома, мне канечне хацелася па-сваяцку пабываць у яе.
Лямпіра спачатку крыху паўпіралася, але пасля паляцела са мной на сухі грудок. Уяві сабе, адлегласць была ўсяго на сто пяцьдзесят узмахаў крыла. Так недалёка я быў ад мамы і маіх братоў і сясцёр, а нават і не падазраваў. Ад хвалявання і радасці ўся гэтая адлегласць неяк слязьмі размылася.
Мы прыляцелі рана раніцай. Мая мама ўсё яшчэ сядзела на кветцы чабору і падсушвала на сонейку крылы пасля мокрае ночы. Я ляцеў маланкай, баязліва затармазіў і чакаў, калі мяне дагоніць Лямпіра. Мама здавалася халоднай і недаступнай і нават абыякава спыталася: “Магу я пацікавіцца, што вас прывяло сюды?”
Лямпіра позіркам падбадзёрыла мяне, і я, заікаючыся, сказаў: “Я прапашчы твой сынок, адзін з тваіх самых першых, мама.”
Яна ацэньвальна паглядзела на мяне: “Ну, гэта для мяне нешта новенькае. Па-першае, у мяне ніхто ніколі нікуды не прападаў. Па-другое, вы можаце кінуць вокам на маіх першародкаў, вунь яны таўкуцца там, на другой кветцы. Вы пераканаецеся, што ўсе мы належым да віду матылькоў-аргусаў, дакладней, да сямейства чорнаплямістых аргусаў. Кожнае з маіх дзетак выдатна мне ўдалося. На іх, бачыце, высакародная шэра-блакітнасць, якая цудоўна падкрэслена чорнымі крапачкамі на пярэдніх крылцах. Вы павінны таксама заўважыць вельмі сімпатычную разлётнасць іх крылаў і той факт, што станік у кожнага даўжманы з ужо выразна акрэсленымі клубамі.” -- Кажучы гэта, яна агледзела мяне зверху данізу і паградліва скрывілася: -- “Вы павінны былі прыдумаць лепшую гісторыю, каб уцерціся да нас у давер. Больш за тое -- я не бяру да сябе ніякіх прыёмышаў, ні за дзяку, ні за таку.”
І з гэтымі словамі яна пырхнула і паляцела.
Я застыў ад сораму, гневу і болю, я дыхнуць не мог і самлеў. Лямпіры давялося валачы мяне ўсю дарогу да нашага грудка на сабе.
Я прачнуўся увесь у слязах у ложку на ўзлессі, мае сківіцы трымцелі, усё маё цела калацілася ў дрыжыках.
“Хлопчыкі і дзяўчаткі, -- пачуў я здалёку голас Скарбі, -- тут дапаможа толькі версія de-luxe праграмы Будзі-духаў-жыцця.” --
Увесь гэты час Лёк расказваў вельмі сур’ёзным, рухавым, але цвёрдым голасам. Цяпер ён зноў выціснуў з сябе слязінку, каб тут жа і заўсміхацца:
-- Ведаеш, як яно было з гэтай праграмай Будзі-духаў-жыцця?
Натуральна, я – ані цяму.
-- Найперш Атэла ўспоўз мне на спіну, абвіў маё цела і мякка памасіраваў яго. А Скарбі тым часам расцёр мне лапкі, пакуль яны не разагрэліся, а Лямпіра люляла галаву. Блатоды назбіралі ў жалудовыя шапачкі пылку з кветак. Кожная скарміла мне па лыжачцы пылку і трошкі памазала пахучым мядком цела. Пры гэтым яны пяшчотна вялі мелодыю, якая, здавалася, сама сплывала з нябесных сфераў.
“Паслухай, спакваля мне ўжо гэта збрыдае. Табе ўвесь час нешта далягае, нечагась бракуе,” -- гневаўся Скарбі.
“Але ж… мне так сорамна,” -- енчыў я.
“Чаго б ты меў саромецца, калі нехта там шалёхае абы што? Падумаеш – перакладаюць языкамі, але ж гэта ж не твая віна!”
Ну, вось і палёгка прыйшла. Але тут жа зноў узгадалася, што такі ж я вінаваты. Маргарытка, я забіў яе, хоць яна заўсёды была мілая і прыветлівая, Ніякага ліхога намеру ў мяне не было. Але яе галоўка пад маім цяжкім целам проста адламалася. Так, мабыць, я не мог інакш, як толькі прагрызацца, праз сухатраўе, праз кусты і кветкі. І таму я залішне пацяжэў, каб нехта там яшчэ мог вытрымаць мяне.
Цяпер слова забрала Лямпіра: “Паслухай, малец, я ўсё гэта дакладна даследавала. Марга расказвала мне, што Марго цалюткі дзень здавалася злёгку прывялай. Яна гэта сама ўжо заўважыла і дзеля засцярогі на ўсякі раз да наступнага года развіталася са сваімі каляжанкамі. Яе час настаў. Гэта было ўсё. Ты не вінаваты.
“Ах, чаго ўжо там,-- прагучаў мой голас. -- Вы ж толькі хацелі супакоіць мяне. І наогул: ніхто мяне не любіў. Я ўсяго толькі каляровы няўдаліца!”
Скарбі зноў зарагатаў. Я злосна кінуў яму: “А ты, а ты прыняў мяне толькі таму, што я павінен быў патураць табе. Ты проста скарыстаў мяне!” --
‘Ты што? Сапраўды думаеш так?-- абурыўся той спакойным голасам і з хітрым тварам.-- Падзівіся добранька вось сюды.” -- Ён сігануў прэч, быццам тарантулам укушаны, сама мала на добрых пяцьдзесят узмахаў крылаў, крута павярнуўся і гэтак жа спрытна вярнуўся.
“Бачыш, мы, аптэкары, заўсёды стаім на зямлі адначасова толькі на трох нагах. Мне трэба было справіцца так хутка, як толькі я мог скаардынаваць ногі, каб з астатнімі пяццю можна было без праблемаў рвануць наперад. Хоць, Атэла лічыць, варта было б падумаць пра пратэз.”
Гэта здалося мне яшчэ страшнейшым: “Значыцца, ён патрэбен мне, каб толькі не памерці з голаду?” --
”Глупства. Ну, у кожным разе не так, як ты думаеш. Пакруці глуздамі яшчэ разок!”
Я не мог даць веры. Мае мацкі сапраўды паадрасталі. А я нават не заўважыў, настолькі апошнімі днямі быў заняты.
Нягледзячы на гэта, я ўсё яшчэ не мог паверыць.
“Але я буду вельмі прагны да жыцця. Я маю на ўвазе – без бацькоў, без сям,і і настаўлення?”
Тут усе заўсміхаліся мне і паглядзелі на Скарбі: “Ну, паслухай. Хлопча, зірні на мяне. Ці ж я не прагны да жыцця аптэкар? Там, куды я прыходжу, ведаеш, там усе мы вялікія. Адкладваем яйкі у гной, і гэта якраз тое, што мы атрымліваем сабе на дарогу. Але павер мне, не самае горшае нарадзіцца ў гаўне. Важна толькі -- як чыста ты жывеш. А вучыцца, вучыцца ты можаш кожны дзень ад любой іншай істоты і ад камянёў, ветру, дажджу, неба, воблакаў, зорак, месяца, сонца, кветак, кустоў, дрэў”…
Я не ведаю, колькі яшчэ магло доўжыцца тое ягонае пералічванне. Але ўжо апошнія яго словы патанулі ў агульным рогаце, да якога Скарбі, зразумела, шчыра і ахвотна далучыўся.
Я яшчэ доўга плакаў і смяяўся гэтай начы і ўпершыню не адчуў сябе бяздомным і самотным.
У-ух, гэта была доўгая гісторыя. Я ўвесь перавёўся. Спадзяюся, яна спадабалася табе?..
-- Я не магу цалкам задаволіцца ёю.
-- Добра. Тады я рады. Але мне праўда пара. Глядзі сябе. Да заўтра .
СУБОТА
Я не ведала, што наша суботняя сустрэча будзе апошняя, калі адважылася нарэшце распытацца ў Лёка, якія такія пільныя мусовасці былі ў яго, калі кожны дзень папалудні ён пакідаў мяне.
-- Ха! Акурат пра гэта я і хацеў расказаць табе сёння.
Лёк ледзь мог спакойна ўседзець. Ён ускокваў, круціў сальта і піруэты і бесперастанку паўтараў:
-- Я закаханы. Я закаханы. Я закаханы.
Колькі часу прайшло, пакуль ён супакоіўся і сеў:
-- Прабач. Але, ах, у мяне такі цудоўны настрой. Як толькі падумаю пра яе… Яе завуць Бланка, яна беленькая, як паветра на досвітку пагоднага дня.
Ледзь толькі зірнуўшы на яе, я сеў побач на свечку дзіванны. Я вельмі моцна спалохаўся. Але яна глядзела на мяне самаўпэўнена: “Якая сіла, якая энергія, якая паўната. Уся краса фарбаў і ўзораў паядналіся ў адной істоце!”
Я, канечне, моцна пачырванеў і так збянтэжыўся, што яна мусіла ўзяць на сябе ўсю гутарку. Тым не меней запрасіла мяне на другі дзень на сумесны паветраны шпацыр.
О, я быў такі шчаслівы і ў той жа час мяне апанаваў дзікі страх. Скарбі ж адразу натхніўся і з энтузіязмам павіншаваў мяне: “Скажу табе, няма нічога, але ж анічагуткі, што было б чысцей за каханне.”
А Лямпіра выглядала заклапочанай: “Ну, каб аж так, дык я не ўпэўненая, што яно прыходзіць так рана. Было б лепш, калі б можна было выключыць, што ты пакутуеш ад посттраўматычнага сіндрому перагрузкі.”
Але Скарбі быў цалкам іншай думкі: “Жыццё ёсць авантурная прыгода, якая так і гэтак канчаецца смерцю. Ты павінен яе пражыць альбо цалкам, альбо зусім не. І пры гэтым яшчэ трэба ісці на рызыку атрымаць шмат шнараў і драпін.”
Мы ўсе як па камандзе разам паглядзелі на Скарбі – на яго лапку, якое ў яго не было. А ён засмяяўся і голасна ўсклікнуў: “А я не каюся і не шкадую!”
Атэла раптам зноў зрабілася суха. Таму ён змог даць мне толькі кароценькую параду: “Паспрабуй расслабіцца, што б там далей ні было. Толькі не будзь такі атарапелы. Бо гэта вядзе да праяваў дэпрэсіі.”
Кая лічыла, што ў жыцці няма нічога больш вартаснага за стварэнне сям’і і клапату пра нашчадкаў. Нарэшце нават Лямпіра пачала развярэджвацца і пераймацца агульным клопатам: “Ну, чаго толькі не бывае. Але мы сабраліся тут, каб астудзіць і перасцерагчы цябе.
Такім чынам я быў падтрыманы ў маім першым рaндэву. І мая сарамяжлівая маўклівасць прападзе, як толькі я зноў пабачу Бланку.
Яна такая разумная і абазнаная. Такая вясёлая і жыццерадасная. Ах, каб жа толькі яна глядзела на мяне… Учора я першы раз адважыўся папрасіць у яе рукі і яна…
Лёк зноў узвіўся ўгору, каб скруціць пару віражоў, тады сеў мне на плячо і прыхіліўся да шыі.
-- Яна згадзілася! Сёння папалудні – вяселле! Я запрасіў бы цябе. Але матылькі бяруць шлюб у лёце.
Перасеўшы зноў на калена, ён бянтэжліва ўсміхнуўся.
-- Цяпер я вось паклаў свой дарунак табе, не пытаючыся, ці хочаш ты яго. Тут няшмат чаго, што я хацеў бы даць. Так, трошкі пылку з маіх крылаў табе на шыю. Не хвалюйся, збоку гэта выглядае на родзімкі. Але ў тваёй душы ён пакіне як бы подых усіх фарбаў вясёлкі.
Гэта табе на развітанне, і я б вельмі хацеў, каб у цябе што-небудзь засталося ад мяне. Мне патрэбен час на каханне, і неўзабаве ў нас пойдуць дзеткі, пра іх я павінен клапаціцца.
Вядома, неўзабаве ты будзеш сумнявацца, а ці быў я наогул. Тады паглядзі на свае родзімкі. На ўсякі раз я пакідаю табе незабыўны ўспамін.
Ён пераляцеў мне на лоб, на шчокі і на нос, паказытаў мяне трохі лапкамі, пагладзіў крылцамі.
-- А цяпер мне пара. Бо зноў расчулюся, заплачу. Мне будзе цябе вельмі і вельмі не хапаць.”
І яшчэ ціхенька шапнуў:
-- Будзь здаровая.
І паляцеў.
ПАЧАТАК
Хоць Лёк і развітаўся, я чакала яго і ў нядзелю. Калі нарэшце сонца села і я мусіла пакінуць надзею, што ён яшчэ прыляціць, ува мне зноў расцяклася гэтакая бясконца прывідная скрушлівасць. Але гэтым разам сталася нешта неспадзяванае. Боль як бы растаў ува мне і працёк праз мяне навылёт як бурлівы паток. Шлюзы адчыніліся, і я заплакала і праплакала цэлы вечар і цэлую ноч наскрозь. Але ніводнай хвіліначкі я не сумнявалася. Увесь час я адчувала на сваёй скуры лёгенькую казытку, пакінутую мне Лёкам на ўспамін, і адчувала, як ува мне спакваля расплываюцца яго фарбы.
Калі я ўстала рана ў панядзелак, раптам зразумела, што “ўсё маё зноў пры мне”. Але не зусім скеміла, што гэта павінна было азначаць. І ўсё ж такі я зноў сабралася ў дарогу ў жыццё. Я не забылася, што ў насякомых адзін тыдзень гэта ве-е-е-ельмі до-о-о-оўгі час. У чалавека, як я, час доўжыцца больш, можа, некалькі тыдняў, месяцаў, нават гады. Але зрэшты, пражыўшы дзень, я маю перад сабою яшчэ ўсё жыццё.
Дарэчы, я ніколі не сумнявалася, што Лёк сапраўды ёсць. На кожным шпацыры я выглядаю яго. І кожнага разу, калі мне хто-небудзь расказвае якую-колечы гісторыю, я лаўлю сябе на тым, што міжволі пагладжваю родзімкі на шыі і адчуваю прыемнае паказытванне на шчoках.
Пераклаў з нямецкамоўнага машынапісу Васіль Сёмуха