|
ад
перакладчыка
Цікавае
пытаньне: што можа прымусіць чалавека на
пятым дзясятку свайго жыцьця заняцца
справай, якой ён дагэтуль ніколі не
займаўся?
У
маім выпадку гэтаму паспрыялі дзьве віны:
віна перад роднай мовай і віна перад
Уладзімірам Высоцкім.
Сваю
настаўніцкую дзейнасьць я пачынаў у
беларускай школе, выкладаючы матэматыку,
зразумела ж, на беларускай мове. Аднойчы
здарылася так, што адна з маіх лепшых
выпускніц атрымала «двойку» на ўступным
экзамене ў інстытут толькі з-за таго, што не
зразумела ў білеце, напісаным па-расейску,
аднаго (!) слова і пасаромелася спытаць у
экзаменатара. Гэта быў магутны ўдар па маіх
перакананьнях. Я пахіснуўся (і побач не
знайшлося таго, хто б мог падтрымаць) - і
далей арыентаваўся ў сваёй працы з вучнямі
больш на расейскую мову, адсоўваючы родную
на задворкі жыцьця. Дзякаваць Богу, сёньня я
маю магчымасьць вярнуць сабе родную мову,
але пачуцьцё віны перад ёю не зьнікае.
Другая
віна - перад Чалавекам, які доўга спрабаваў
дакрычацца-дастукацца да маёй зацуглянай
душы (як і да душ усіх насельнікаў СССР), а я пачуў
яго толькі тады, калі Чалавека ня стала.
Аднойчы мне захацелася адгукнуцца на яго
песьні цёплым словам, але сказаць гэтае
слова ўжо не было каму.
Дзьве
гэтыя віны леглі побач у маёй душы і, мабыць,
добра паладзілі адна з адной. Вынікам стала
тое, што летам 1991 года я зрабіў першую
спробу -
пераклад
«Паляваньня на ваўкоў». 3 таго й пайшло...
Мае
сябры, даведаўшыся, што я заняўся
вершаванымі перакладамі, успрынялі навіну
ў большасьці даволі скептычна. Адны казалі:
навошта перакладаць на беларускую мову тое,
што любы беларус можа чытаць і разумець у
арыгінале? Другія, знаходзячы карысьць у
такіх перакладах, іранізавалі зь іншага:
маўляў, выяўляць талент у пяцьдзесят год —
гэта несур'ёзна.
Наконт
таленту скажу так: калі ён ёсьць, то яго ня
сорамна выявіць і ў сто год (дарэчы, які б
гэта быў цудоўны падарунак сабе да векавога
юбілею!), а калі няма, то і ў дваццаць год
няма чаго пнуцца.
Што
ж адносна меркаваньня першых скептыкаў, то
трэба сказаць, што гадоў дзесяць таму і я
прытрымліваўся прыблізна такіх жа думак.
Цяпер жа, па волі лёсу акунуўшыся ў
перакладчыцкую дзейнасьць, убачыў тое, чаго
раней бачыць ня мог: пераклады з блізкай ці
далёкай мовы (тым больш пераклады
вершаваныя) зьяўляюцца цудоўным іспытам на сталасьць,
на магутнасьць мовы-рэцыпіэнта*, дазваляюць
параўнаўча ацаніць гнуткасьць і
варыятыўнасьць дзьвюх моваў, выявіць іх
глыбінныя магчымасьці. I
гэта - на карысьць абедзьвюм мовам, спрыяе
іх узаемаўзбагачэньню, і асабліва тады,
калі гэта мовы блізкія.
Зразумела,
што апошняя ўзьнёслая тырада адносіцца да
перакладаў увогуле, а не да канкрэтна маіх
перакладаў. Мой невялікі досьвед такой
творчасьці яшчэ не дазваляе мне заўсёды
знаходзіць безумоўна лепшыя струменьчыкі-адпаведнікі
з чыстай крыніцы роднай мовы. Ня ўсім з таго,
што ў мяне атрымалася, я задаволены. I
прапануючы вынікі сваіх творчых высілкаў
на суд чытачоў, спадзяюся атрымаць парады і
крытычныя заўвагі, якія, магчыма,
дапамогуць мне ўдасканаліць і зьмешчаныя
тут тэксты ў прыватнасьці, і маё
перакладчыцкае майстэрства наогул.
3 такіх
меркаваньняў я даю свае пераклады ў
паралелі з арыгіналамі. Пры гэтым я павінен
адзначыць, што тэкстаў, напісаных самім У.
Высоцкім, я ня бачыў. Арыгіналы, што
падаюцца тут, сьпісаныя з магнітастужак (мною
ці кімсьці іншым; нават зборнік, выдадзены ў
1993 годзе «Мастацкай літаратурай»,
складзены менавіта так, што відавочна), а
таму знакі прыпынку, форма разьмяшчэньня
вершаванага тэксту і, у большасьці, назвы -
гэта дадумка перакладчыка.
Зборнік
падрыхтаваны ў 1997 годзе і плянаваўся да
выданьня перад 60-мі ўгодкамі У. Высоцкага.
Але зрабіць гэта своечасова ў нашай
неўпарадкаванай дзяржаве, на жаль, не
атрымалася. I
ўсё ж зборнік выходзіць.
Хочацца
выказаць шчырую падзяку за дапамогу ў яго
выданьні польскаму інстытуту IDEE
і Магілёўскай асацыяцыі «Кола сяброў».
Міхась
Булавацкі
Задавальненьне
і незадавальненьне, парады, крытыку і
лаянку можна накіроўваць перакладчыку на
адрас:
212030 Магілёў, а.с. 3.
* Я ня
ведаю, наколькі ўдалым зьяўляецца тут
выкарыстаньне медыцынскай тэрміналёгіі
"мова-донар" і "мова-рэцыпіэнт",але
нічога больш прыдатнага мне не прыйшло да
галавы. - М. Б.
|